уме́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Сярэдні паміж гарачым і халодным (пра клімат і месца з такім кліматам). Умераныя шыроты.

2. Невялікі па размеру, колькасці і пад., не вышэй сярэдняга ўзроўню, нормы. Умераная вільготнасць. Умеранае цячэнне. □ Умераная скорасць — асноўная ўмова бяспекі руху ў час дажджу. «Звязда». // Які не вызначаецца вялікай сілай, інтэнсіўнасцю. Адносна ўмераным было пранікненне паланізмаў у беларускую мову і на працягу першай палавіны 16 ст. Жураўскі.

3. Які трымаецца сярэдняй палітычнай лініі, схільны да кампрамісу, згодніцтва. Умеранае крыло рэфарматараў. // у знач. наз. уме́раныя, ‑ых. Пра людзей такіх поглядаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упрэ́гчыся 1, упрагуся, упражэшся, упражэцца; упражомся, упражацеся, упрагуцца; пр. упрогся, упрэглася; заг. упражыся; зак.

1. Запрэгчы сябе ў павозку, воз і пад. Узлажыўшы хамут з дугою на калёсы, Сяргей упрогся і пацягнуў у гай. Нікановіч.

2. перан. Разм. Уключыцца ў работу, многа і цяжка працаваць. Па духу пісьма можна было зразумець, што.. [Кудзельскі] на новым месцы ўжо абжыўся як след і па-сапраўднаму ўпрогся ў работу. Алешка. [Андрэй] вярнуўся перад жнівом дахаты і зноў упрогся ў ярмо на бацькавай гаспадарцы. Машара.

упрэ́гчыся 2, упражэцца; пр. упрогся, упрэглася; зак.

Тое, што і упражыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упэ́ўненасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць упэўненага. Упэўненасць рухаў. Упэўненасць паходкі.

2. Перакананасць у чым‑н. У кожнага з’явілася цвёрдая ўпэўненасць, што калі на другім ствале, дасталі калійную соль, то дастануць яе і па астатніх. Кулакоўскі. Хаця хлопчык у глыбіні душы і адчуваў, што, запрасіўшы Рыгорку ўдзельнічаць у канцэрце, ён зрабіў правільна, але цвёрдай упэўненасці ў гэтым не было. Курто.

3. Усведамленне сваёй сілы, магчымасцей, рашучасць у дзеяннях. [Максім:] — У каго больш вытрымкі, розуму, самакантролю, упэўненасці, той перамагае. Няхай. Алеся [Пракоп] вабіў сілай і ўпэўненасцю, што ішла ад ягоных няспешлівых і разважлівых рухаў. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хало́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць халоднага (у 10, 11 знач.).

2. Адсутнасць запалу, страснасці, жывасці, эмацыянальнасці. [Андрэй:] — Канечне, змяніўся... Такое дарам не праходзіць. Але мая халоднасць і жорсткасць — не табе. Арабей. Хоць хуткі ад’езд Марынкі і яе незразумелая халоднасць пры расстанні пакінулі смутак і гаркоту ў сэрцы Паходні, раздумваць аб гэтым, перажываць і пакутаваць проста не было часу. Хадкевіч.

3. Раўнадушша, нядобразычлівасць. Васіль ненавідзеў Алесю, хоць адкрыта і не выказваў гэтага. Затое Аўгіня кампенсавала ёй бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. Колас. Хлопчык адчуў халоднасць у .. словах [Азаркевіча] і, зажмурыўшыся, адышоўся да сваёй калясачкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хараство́, ‑а, н.

1. Сукупнасць якасцей, якія прыносяць задавальненне, асалоду зроку, слыху; усё прыгожае і прыемнае. Хараство беларускай прыроды. Хараство мора. □ Здаецца, дзеля таго толькі і сходзяць.. [летнія ночы] на зямлю, каб паказаць, што ў цёмнай цішыні ёсць і паэзія і хараство. Колас. Жніво для.. [Зіны] — гэта нават і не работа, а толькі асалода, не той занятак, ад якога баліць і ные спіна, а суцэльнае хараство і ўцеха. Кулакоўскі.

2. Краса, прыгажосць, чароўнасць. Хараства такога ў свеце Не было, не будзе; Аб ёй [Бандароўне] людзі гаварылі, Як аб нейкім цудзе. Купала.

•••

Не з хараства ваду піць гл. піць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цалі́к, ‑у, м.

1. Няезджаная, няходжаная прастора, звычайна снежная. За ноч наваліла столькі снегу, што нідзе не было ні сцежкі, ні дарогі, спрэс цалік. Чарнышэвіч. Зімовыя дарогі. Усе вы пракладаецеся па цаліку такім вось першым следам. Машара. Аднак Міхед, каб не трапляцца людзям на вочы, сышоў з дарогі і пасігаў па цаліку. Сабаленка.

2. у знач. прысл. цаліко́м. Без дарогі, напрасткі. Усе лясныя жыхары неахвотна ходзяць цаліком, трымаюцца ўезджаных дарог і сцежак. Ігнаценка. Землепраходцы і хадакі Не шукалі сушэйшага беражка, Яны цаліком, яны напрасткі Праклалі пеша сцяжыны першыя. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чаю (у 1 знач.). Чайны ліст. Чайная заварка. □ Па пясках былых мы рыс пасеем, Выгадуем чайныя кусты. Панчанка. [Нор] доўга жыў з маці на чайнай плантацыі, дзе акрамя іх было многа іншых неграў. Шамякін. // Звязаны з вытворчасцю, апрацоўкай, захоўваннем, продажам чаю. Чайная справа. Чайная фабрыка.

2. Які служыць для піцця чаю (у 2 знач.). Чайная лыжка. Чайны сервіз. □ Па маленькім круглым століку .. быў пастаўлены чайны прыбор, на сподачку ляжаў цукар і пячэнне. Ваданосаў.

•••

Чайная ружа гл. ружа.

Чайны грыб гл. грыб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чака́н 1, ‑а, м.

1. Штэмпель для выбівання відарысаў на паверхні металічных вырабаў (манет, медалёў і пад.).

2. Адбітак відарыса на паверхні металічнага вырабу; чаканка (у 2 знач.).

3. Інструмент у выглядзе зубіла з тупым ці закругленым канцом, якім робяць чаканку (у 1 знач.).

4. Старажытная зброя ў выглядзе доўгага дзяржання з насаджаным на яго завостраным з абуха малатком. У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі. Караткевіч.

чака́н 2, ‑а, м.

Птушка сямейства драздовых з чорным або чорна-бурым апярэннем галавы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з чараўніцтвам; які мае магічную сілу. Каб я ведаў чароўнае слова — перакінуўся б у зязюльку. Бядуля. Ніхто не знайшоў у купальскую ноч Чароўную кветку — прываблівы скарб. Панчанка. // Незвычайны, казачны. З залы несліся чароўныя меладычныя гукі музыкі. Мікуліч. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі.

2. Незвычайнай, казачнай прыгажосці; які зачароўвае, захапляе. Дзяўчына была чароўнай у гэты час на холадзе асенняга ранку. Пташнікаў. Сцяпан доўга любуецца чароўным хараством ночы над морам, потым спускаецца ўніз. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарэ́нь, ‑і, ж.

1. Ляжанка на рускай печы. Часам так хацелася ўзлезці на цёплую чарэнь бацькавай печы і моцна заснуць пад спеў цвыркуна і гоман ветру. Грахоўскі. Ну і смеху было з гэтым дзедам нядаўна! Мала таго, што ён цэлую зіму, дык і летам не злазіць з печы. І да таго ўжо даседзеўся, што праваліўся разам з чарэнню на чыгуны і гаршкі якраз тады, як палілася ў печы. Васілевіч.

2. Гарызантальная паверхня ўнутры рускай печы; под. Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. На чарэні сіпіць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)