плі́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Памянш. да пліта (у 1 знач.). Падлога з керамічных плітак. // Невялікі плоскі чатырохвугольны кавалак чаго‑н. Плітка шакаладу.
2. Памянш. да пліта (у 2 знач.); невялікая пліта. Кватэра яе парадавала. Даволі прасторны пакой, маленькая, але ўтульная кухня, дзе ўсё пад рукой: газавая плітка, беленькая ракавіна, бліскучы кран, павярнулі — палілася вада. Шамякін.
3. Электрычны награвальны прыбор для прыгатавання ежы. Святлана ўключыла плітку, паставіла грэць чай. Шахавец.
•••
Мятлахская плітка — керамічная плітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сашчамі́ць, ‑шчамлю, ‑шчэміш, ‑шчэміць; зак., што.
Разм.
1. Шчыльна злучыць, самкнуць (зубы, пальцы і пад.). Цяпер.. [Мікола] калаціўся, як асінавы ліст, і мусіў сашчаміць зубы, каб не ляскалі. Колас. Сашчаміла [Марыся] пальцы, муха была ў жмені. Баранавых. Кася заплакала. Потым яна сашчаміла рот, зірнула на маці і пайшла, стукнуўшы дзвярыма. Карпюк.
2. перан. Выклікаць адчуванне душэўнай прыгнечанасці, болю і пад. Ламко прыгледзеўся да Замасточча, і нейкая туга сашчаміла яго сэрца. Шахавец. Нейкі жаль агарнуў яго [Салаўя] сэрца, сашчаміў яго. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уздо́ўж, прысл. і прыназ.
1. прысл. Тое, што і удоўж. Урач — высокі і худы — усхвалявана прайшоў уздоўж пакойчык, шпарка павярнуўся. Мележ. / З прыназ. «па» утварае спалучэнне з М. Кірмашны гандаль ішоў уздоўж па Нямізе. Чорны.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «уздоўж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання напрамку дзеяння па даўжыні чаго‑н. Сонца схілілася на захад, і цені ад будынкаў падалі ўздоўж вуліцы. Шахавец. Уздоўж дарогі чынна з краю Слупы стаяць у два рады. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аднаві́цца, ‑наўлюся, ‑новішся, ‑новіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вярнуцца да ранейшага стану, выгляду; адрадзіцца, узнавіцца. Аднавілася зямля. □ У вёсцы Якава, як і ўсюды на вызваленай зямлі, аднавіўся калгас. Марціновіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Зноў узнікнуць у памяці; прыпомніцца. [Святлане] самой часта прыходзілася брацца за падручнік, каб тое-сёе аднавілася ў памяці. Шахавец.
3. Вярнуцца ў ранейшае службовае ці грамадскае становішча. Аднавіцца ў правах. Аднавіцца на працы.
4. Пачацца зноў пасля пэўнага перапынку. Заняткі ў школе аднавіліся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адшчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.
1. Адкалоць, аддзяліць (трэску, лучыну). Толькі ў Мажэйкі куля адшчапіла ў аўтамаце кавалак прыклада, а ў Салаўёва быў прастрэлены рукаў. Шахавец. Маланка адшчапіла .. ніжнюю галіну, і яна павісла ўздоўж камля. Шамякін.
2. Адкрыць, адкінуць (кручок, зашчапку). [Мужчына] адшчапіў кручкі, піхнуў на двор абедзве рамы акна і высадзіў, ледзь не пад дождж, сваю лысіну. Брыль. Ігнась адшчапіў і ўважна агледзеў цёмныя сенцы без столі. Мурашка.
3. Адшпіліць, зняць прышчэпленае. Дзямід Сыч падышоў да Шайтана і адшчапіў карабін. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апаяса́ць, апаяшу, апаяшаш, апаяша; зак., каго-што.
1. Надзець на каго‑н. пояс, падперазаць каго‑, што‑н.
2. перан. Працягнуцца вакол чаго‑н., абкружыць, ахапіць сабой што‑н. Праз агнявую заслону, што апаясала аэрадром, здавалася, нельга было прабіцца ні жалезу, ні сталі. Шахавец. Праходзячы ў той дом [маўзалей] бясконцаю чаргою, яго [Ільіча] не стужкай мы жалобнай абвілі, Апаясалі мы яго жывой ракою, Жывы людскі вянок навек яму сплялі. Куляшоў. Сто вежаў Прагі залатой, Каменных дзіў яго [Яна Жыжкі] радзімы, Апаясаў фабрычны строй З узвіхранай чупрынай дыму. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лёгкасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць лёгкага (у 1–5 знач.). Светлая абліцоўка надавала .. [дому] лёгкасць. Шахавец. Я ведаю вашу [пілотаў] паходку: Разлічаны крок і размах І лёгкасць у жэстах кароткіх, Якой не ўладае і птах. Глебка. Са здзіўляючай лёгкасцю Ірына магла спакойна круціцца цэлы вечар на танцульках, хоць заўтра трэба было ісці здаваць чарговы залік. Краўчанка.
2. Пра стан унутранай свабоды, радасці, спакою. Таццяна слухала маладога чалавека, і незвычайная лёгкасць апаноўвала яе. Васілёнак. Даўно не адчуваў Пракоп такой лёгкасці, такога спакою душы, як цяпер. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́сцік, ‑а, м.
1. Памянш. да мост (у 1 знач.); невялічкі мост. Пад нагамі заскрыпелі дошкі маленькага мосціка праз раўчук. Шамякін. І неяк міжвольна перакідаецца мосцік паміж учарашнім днём і заўтрашнім. Шахавец.
2. Тое, што і мост (у 2, 4 знач.).
3. Высокая пляцоўка, узвышэнне на караблях, некаторых машынах для назірання за чым‑н., камандавання. Капітанскі мосцік. □ Марына адной рукой ухапілася за поручань, а другой ускінула кошык на паравозны мосцік. Кавалёў. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў і тоўсты Амархан. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нажы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.
1. Быць набытым, купленым. Вопыт з гадамі нажывецца. □ [Маці:] — Людзі жывуць [і на дзвюх дзесяцінах.] — А гэта — што папродаем увесь свой абыходак — дык яно, жывучы, нажывецца зноў... Чорны.
2. Атрымаць прыбытак, абагаціцца. Сенатар куплены, ліхвяр, банкір Нажыцца хочуць на крыві і смерці. Зарыцкі.
3. Разм. Пражыць нейкі час; доўга, многа пажыць. [Марына:] — Хопіць, нажылася я з табой. Нікому не пажадала б такога шчасця. Шахавец. — От і жыццё: якіх дваццаць гадоў жанчыне, не нажылася, а ўжо ўдава, сын — сірата, — самотна закончыла маці. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наста́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да настаўніка (у 1 знач.). Настаўніцкі калектыў. Настаўніцкія кадры. □ Цяпер у Лабановіча ўжо трохі ёсць настаўніцкая практыка. Колас. // Прызначаны для настаўніка. Настаўніцкая газета. □ Я сядзеў на першай парце, якраз насупраць настаўніцкага століка. Хведаровіч.
2. у знач. наз. наста́ўніцкая, ‑ай, ж. Пакой у школе, дзе збіраюцца настаўнікі. Настаўнікі разышліся па класах, .. і Святлана засталася ў настаўніцкай адна. Шахавец.
3. Павучальны. Выціраючы хустачкай пот з твару, [Качура] гаварыў ужо салідным настаўніцкім тонам, выстукваючы алоўкам па стале. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)