бесклапо́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не праяўляе клопату, турботы пра свае справы, паводзіны і пад. Ледзь не з першага дня Зіну акружыла самая гарачая хлапечая ўвага. Гэта часам рабіла яе бесклапотнай, легкадумнай. Шыцік. Толькі сляпы не ўбачыць, што .. [Дзіна] бесклапотная аж залішне. Навуменка. [Дамброўскі:] — Пан капітан залішне бесклапотны: У вас пад бокам тоіцца атрад... А вы спакойна седзіце ў палацах. Глебка. // Поўнасцю свабодны ад турбот. Бесклапотнае жыццё. □ Эх вы, бесклапотныя дні дзяцінства, што адляцелі сном так рана. Мележ. // Які выражае бесклапотнасць, бестурботнасць. Бесклапотны смех. Бесклапотная гамонка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насы́ціцца, ‑сычуся, ‑сыцішся, ‑сыціцца; зак.

1. Наесціся ўволю, дасыта. [Дзямід:] — Алень паваліўся на зямлю, а рысь пачала кавалкамі рваць яго мяса, аж пакуль не насыцілася так, што і паварушыцца ёй цяжка было. В. Вольскі. // перан. Разм. Поўнасцю задаволіць свае патрэбы, жаданні і пад. Глядзіш і не можаш наглядзецца, не можаш насыціцца белай радасцю, што апанавала ўсё наваколле, што адна непадзельна ўладарыць зараз над прыродай. Кандрусевіч.

2. Прасякнуцца, набрыняць якім‑н. рэчывам; увабраць у сябе што‑н. у дастатку. Глеба насыцілася вадой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пло́скасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць плоскага.

2. Роўная, гладкая паверхня. // У геаметрыі — паверхня, якая мае толькі два вымярэнні і характарызуецца тым, што прамая лінія, праведзеная паміж любымі дзвюма кропкамі яе, поўнасцю сальецца з гэтай паверхняй.

3. перан. Пэўны погляд на рэчы, адносіны; пункт погляду, падыходу. Пытанне, па сутнасці, магло ставіцца ў дзвюх розных плоскасцях: ёсць ці няма наогул пралетарскай літаратуры. Перкін.

4. Спец. Крыло самалёта. [Ярохін] залез пад самалёт і, хаваючыся ад дажджу пад яго плоскасцямі, пачаў капаць нажом зямлю. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і без дап.

Улажыць, злажыць рэчы ў якую‑н. тару; спакаваць. Кожны хоча даць сваю параду: як і што лепш упакаваць, што пакласці на дно, а што зверху, каб не пацерлася. Шыловіч. — Як добра, што ты нідзе не затрымалася, — сустрэла Кацю Аўдоцця Сямёнаўна. Яна старанна забівала скрынку цвікамі. — Вось упакую і раскажу, што і да чаго. Гаўрылкін. // Умясціць поўнасцю што‑н. Усе.. рэчы я акуратна ўпакаваў у дарожную пляцёнку і ў поўдзень сеў на цягнік. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кро́пля, -і, мн. -і, -пель, ж.

1. Маленькая акруглая часцінка якой-н. вадкасці.

К. вады.

Кроплі дажджу.

2. мн. Разведзенае на чым-н. лякарства, якое прымаецца па пэўнай колькасці такіх часцінак.

Вочныя кроплі.

К. ў нос.

3. адз., перан., чаго. Самая нязначная колькасць чаго-н. (разм.).

Малака ў бляшанцы к.

Да (апошняй) кроплі — усё без астатку выпіць, расходаваць, аддаць і пад.

Да апошняй кроплі крыві — ахвяруючы жыццём, змагацца, біцца, абараняцца.

Кропля за кропляй — паступова, патрошку.

Кропля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым-н. вялікім.

Ні кроплі — ніколькі, ані.

Ні кроплі ў рот не браць — зусім не піць алкагольных напіткаў.

Як дзве кроплі вады — абсалютна, поўнасцю падобны, супадае.

|| прым. кро́пельны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

завалі́ць, -валю́, -ва́ліш, -ва́ліць; -ва́лены; зак.

1. каго-што. Накідаўшы, наклаўшы чаго-н., напоўніць, загрувасціць.

З. яму каменнем.

З. двор дрывамі.

З. работай каго-н. (перан.: абцяжарыць). Магазін завалены таварамі (перапоўнены).

2. каго-што. Засыпаць зверху, пакрыць.

Дарогу заваліла (безас.) снегам.

3. што. Закрыць на завалу (у 1 знач.).

З. дзверы на нач.

4. перан., што. Поўнасцю праваліць (разм.).

З. экзамен.

З. справу.

5. безас. Пра боль у горле (разм.).

Горла заваліла.

|| незак. зава́льваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. зава́льванне, -я, н. і зава́лка, -і, ДМ -лцы, ж. (да 1 знач.; спец.).

|| прым. зава́льны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.; спец.) і зава́лачны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

Завальная траншэя.

Завалачная машына.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

стрыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; стры́маны; зак.

1. каго-што. Спыніць, запыніць на хаду; затрымаць, запаволіць (рух, ход, дзеянне); стаць перашкодай на шляху.

Коней не с.

С. за руку.

С. крызіс.

С. націск ворага.

2. што. Абмежаваць, зменшыць ступень, сілу праяўлення чаго-н.

С. свой запал.

С. гнеўны тон.

3. перан., каго-што. Не даць праявіцца поўнасцю.

С. смех.

С. сябе (стрымацца).

Стрымаць слова (абяцанне, клятву) — выканаць што-н. абяцанае — паводле значэння наступнага назоўніка.

|| незак. стры́мліваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. стрыма́нне, -я, н. і стры́мліванне, -я, н.

Мера стрымання — прымусовая мера, якая прымяняецца следчымі і судовымі органамі да абвінавачанага з мэтай перашкодзіць злачыннай дзейнасці, ухіленню ад следства, суда і пад.

Меры стрымлівання агрэсара.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

засяро́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад засяродзіць.

2. у знач. прым. Накіраваны, звернуты поўнасцю на што‑н. адно. Засяроджаныя думкі. Засяроджаны погляд. // Які займае, захапляе чалавека цалкам (пра пачуцці, настрой і пад.).

3. у знач. прым. Цалкам паглыблены ў свае думкі, справу (пра чалавека). Сама Аксана была ўжо не тая — вясёлая, гуллівая, а задумлівая, засяроджаная. Сачанка. Міхась быў засяроджаны і пануры: у лесе ён пасварыўся з аб’ездчыкам. Савіцкі. // Які выражае паглыбленасць у свае думкі, справу. Засяроджаны выгляд. □ Бялявы твар .. [дзяўчыны] засяроджаны, яна слухае сяброўку. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непаразуме́нне, ‑я, н.

1. Няправільнае або недастатковае разуменне чаго‑н., выпадковая памылка. Усе, зразумеўшы сутнасць справы, заўсміхаліся. Непаразуменне, здавалася, было поўнасцю вырашана. Кавалёў. Чалавек змаўкаў, бялеў і тросся ўвесь, як у ліхаманцы. Гэта быў, трапіўшы сюды [у склеп] па непаразуменню, царкоўны стараста суседняга сяла. Лынькоў.

2. Адсутнасць узаемнага разумення. [Андрэй Гаўрылавіч:] — Калі бацькі ясна ведаюць, што яны хочуць ад сваіх дзяцей, а дзеці — што ад іх хочуць бацькі, то тады ніякага непаразумення між імі не будзе. Грамовіч. Непаразуменне паміж сяброўкамі, як раптоўна ўспыхнула, так раптоўна і пагасла. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўтары́ць, ‑тару, ‑торыш, ‑торыць; зак., што.

1. Сказаць або зрабіць яшчэ раз тое ж самае. Паўтарыць просьбу. Паўтарыць загад. Паўтарыць паездку. □ — Цётка, чаго вы? — Старая прыціхла.. — Цётка, што з вамі? — паўтарыў .. [начлежнік] пытанне. Брыль. // Перадаць якія‑н. гукі (пра рэха, водгук і пад.). І толькі паўтарылі лозы Перадвясельнай песні гук, Як дзесь аклікнуўся з пагрозай Чырванабровы цецярук. Танк. // Аднавіць яшчэ раз у памяці раней завучанае. Заўтра экзамены, але ўсё, што трэба, Лёдзя і Кіра паўтарылі. Карпаў.

2. Поўнасцю ўзнавіць што‑н. Кожны крок наш легенда паўторыць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)