грані́ца, ‑ы, ж.

1. Прыродная або ўмоўная лінія, якая раздзяляе два сумежныя ўчасткі зямлі, дзве адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі і пад.; мяжа. Рэчка паўставала перада мной не толькі як граніца сенажацей двух калгасаў, а як нейкая своеасаблівая мяжа паміж двума светамі: цяжкім мінулым і шчаслівым сённяшнім днём. Шуцько. // Лінія, якая раздзяляе тэрыторыі дзвюх дзяржаў. Дзяржаўная граніца. □ Цяпер мяне кліча Радзіма, І я на граніцу іду. Панчанка.

2. Мера дазволенага; край, рубеж. Аўгіння жартаваць жартавала, але граніц у сваіх дурасцях не пераступала. Колас.

•••

За граніцай — у замежных дзяржавах.

За граніцу — у замежныя дзяржавы.

З-за граніцы — з замежных дзяржаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прышпілі́ць, ‑шпілю, ‑шпіліш, ‑шпіліць; зак., што.

1. Прымацаваць шпількай; прыкалоць. Прышпіліць паперу кнопкамі. □ Галя хуценька, похапкам надзела сукенку, прышпіліла як папала косы і выйшла ў першы пакой. Сабаленка. Рыбаку каля самага сэрца Прышпіліў я значок з Ільічом. Панчанка.

2. перан. Разм. Дадаць, далучыць (звычайна без патрэбы, не да месца). Аўтар «прышпіліў» да персанажаў лірычныя матывы, але нідзе не развіў іх і не паставіў у дзейсную і вобразную залежнасць ад канфлікту і ідэі. «Полымя». // Даўшы, замацаваць за кім‑н. (мянушку, празванне і пад.). Можа з дому яе [мянушку Свярдзёлак] прывёз, з-пад Валожына, а можа тут ужо нашы хлопцы прышпілілі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассялі́цца, ‑селіцца; ‑селімся, ‑селіцеся, ‑селяцца; зак.

1. Пасяліцца, размясціцца дзе‑н. або на якой‑н. прасторы. Рассяліўся род шчаслівы На ўсю шостую зямлі! Гілевіч. У хуткім часе ўсе мы рассяліліся па кватэрах. Я атрымаў пакой у службовым сутарэнным памяшканні на двары тэатра. Сяргейчык. // Распаўсюдзіцца на якой‑н. тэрыторыі (пра раслін, жывёл). І бур’ян парос. Як хутка ён рассяліўся, рассеяўся па ўсім двары, па ўсёй вёсцы... Сачанка. Патомства гэтых баброў рассялілася па рэчцы Варонеж і перабралася на раку Усманку. В. Вольскі.

2. Пасяліцца асобна адзін ад аднаго. Хоць і вялізная матчына хата, Покуль расселяцца, ў ёй цеснавата. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́стань 1, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставацца — расстацца; расставанне. Пры ростані не гаварылі, дзе сустрэнуцца, бо ведалі — заўтра абавязкова ўбачацца на гэтым жа самым месцы. Адамчык.

2. Час, праведзены далёка ад блізкіх. І ростань доўгая здаецца хвіляю. Каму сказаць мне слова, што табе бярог? Барадулін. Толькі ў прыгодніцкіх раманах праз дзесяць год ростані маці не пазнае роднага сына, брат — брата. Шамякін.

ро́стань 2, ‑і, ж.

Месца перакрыжавання дзвюх або некалькіх дарог. А ўнук яго з вінтоўкаю залёг За вадакачкаю, на ростані дарог. Панчанка.

•••

На ростанях — у стане вагання, няўпэўненасці пры выбары далейшага шляху.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць рык, рыканне (пра хатніх і лясных жывёл). На дварэ працяжна рыкала карова, чуўся клапатлівы гаспадынін голас. Мележ. Чуваць было, як у суседняй вёсцы рыкаў бугай. Дайліда. І хадзіў, хадзіў, каламі хадзіў вакол лясной хаткі леапард. Зрэдку рыкаў. Караткевіч. // перан. Утвараць моцныя, адрывістыя гукі, якія нагадваюць рык жывёл. А гром рыкаў ужо раз’юшана За кожнай елкай і сасной. Панчанка.

2. Разм. Груба, раздражнёна і адрывіста крычаць на каго‑н. — Ну, ты памалу, не рыкай, — бурчыць спакойна Іван. Лынькоў. — Не рыкаць на мяне! — яшчэ больш, гнеўна скарагаворкай агрызнуўся Вілюевіч. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сябро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Дзяўчынка, дзяўчына або жанчына, якая сябруе з кім‑н. [Пятро:] — Сёння скардзілася мне [Вольга], што вы [Лена] хоць і сяброўка ёй, але робіце нешта такое не па-сяброўску. Што вы не падзялілі? Ваданосаў. Дзяўчаты былі сяброўкамі, хаця вучыліся па розных факультэтах і не былі падобны адна на адну сваімі характарамі. Шахавец. Абкружыў яе [Кацярыну] жаданы круг сябровак дарагіх... Броўка. / у перан. ужыв. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Ноч — сяброўка партызан, Друг іх верны — лес густы. Крапіва. // Пра каханую жанчыну. Каханнем першым І шчырым, і непаўторным Цябе я, сяброўка, кахаў. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

том, ‑а; мн. тамы, ‑оў; м.

Частка якога‑н. збору твораў, што складае асобную кніжку, а таксама асобная кніжка якога‑н. выдання. Раман у трох тамах. Том энцыклапедыі. □ Паўспіраўшыся локцямі на маленькі столік, штосьці як бы разглядалі на ім чатыры дзяўчыны .. Антон Несцяровіч пайшоў проста к сталу і ўбачыў там разгорнуты том Маркса. Чорны. // Асобная кніжка ў якім‑н. зборы кніг, бібліятэчным фондзе. У калекцыі прадстаўлена каля 1000 тамоў, выдадзеных пачынаючы з X да першай чвэрці XVIII стагоддзя. «Звязда». // Кніга (звычайна тоўстая). Падвярнуўся мне на пазіцыі Абшарпаны старэнькі том Пра іспанскую інквізіцыю, Пра мадрыдскі таемны дом. Панчанка.

[Грэч. tomos — аддзел.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траскатня́, ‑і, ж.

1. Працяжны трэск, шум, стук чаго‑н. Затым пачулася траскатня матацыкла. Брыль. Усю ноч не змаўкае ў прыбярэжных зарасніках траскатня чарацянак. Самусенка.

2. перан. Бясконцая балбатня, размовы. Я ўжо ведаў — звалі яе Раісай Пятроўнай, а дасціпныя жыхары дома, за яе лёгкі язык і траскатню, далі мянушку — Райка-балалайка. Ракітны. // Пустаслоўе. [Сітнік:] — Я не прыхільнік вершаў, бо часам у іх многа фальшу і траскатні, але адзін з іх неяк сам мне ў душу ўлез. Ермаловіч. Век жыві спакойна ды разумна. Не, не так. На сэрцы — неспакой: Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узмужне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які дасягнуў поўнага фізічнага развіцця, стаў дарослым, сталым. Вярнуўся .. [Дзяніс] у Сяргееўку вясной сорак восьмага года. Узмужнелы, стройны, па-салдацку падцягнуты. Гроднеў. Сур’ёзнасць і заклапочанасць рабілі .. [Вольгу] ўзмужнелай, сталай. Пестрак. / Пра расліны. Перайначылі мясціны Працавітыя гады: Горда высяцца яліны, Узмужнелыя дубы. Матэвушаў. // У якім праяўляецца поўнае фізічнае развіццё. Узмужнелы голас. Узмужнелая постаць. // Загартаваны ў баях, працы і пад. Вучань мой, як і я, прайшоў вайну і вярнуўся ўзмужнелым. Кавалёў.

2. перан. Які дасягнуў высокай ступені ў сваім развіцці. Такім чынам, можна сказаць, што ўжо ў зборніку «Прысяга» талент Панчанка паўстае ідэйна ўзмужнелым, узбагачаным новымі каштоўнымі якасцямі. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлуслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які гаворыць няпраўду, хлусню. У .. [Веры Андрэеўны] ўжо быў складаўся вобраз Тамары — хлуслівай круцёлкі, якая хоча ашукаць яе сына. Арабей. / у знач. наз. хлуслі́вы, ‑ага, м. Хлуслівага лягчэй злавіць, як кульгавага. Прымаўка. // Які выражае хлусню, няшчыры, прытворны. Маё малое сэрца абмывае Крывёй гарачай мужныя пачуцці Нянавісці пякучай і любві. Нянавісці, што думкі праясняе, Стаіць на варце чыстай маладосці І, убачыўшы пагляд вачэй хлуслівых, Трывожным звонам голас падае. Панчанка. Іна сарвала апошні пялёстак і ў злосці кінула кветку на зямлю.. — каму патрэбны яго [Артура] хлуслівыя словы. Ваданосаў.

2. Фальшывы, няправільны. Хлуслівае абвінавачанне. Хлуслівыя данясенні. □ [Шпіёны і дыверсанты] разносілі хлуслівыя чуткі, што Чырвоная Армія знішчана немцамі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)