наве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., што.

1. Павесіць, прымацаваўшы да чаго‑н. або надзеўшы на што‑н. Навесіць шторы. Павесіць замок. □ У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, навесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю. Лынькоў. Цесляры нібы знарок у першую чаргу падагналі падаконнікі, вушакі, уставілі новенькія рамы, павесілі дзверы. Шамякін.

2. У спартыўных гульнях — накіраваць мяч у бок варот або падняць над сеткай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спружы́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Са спружынамі, зроблены на спружынах. [Ігнась] ляжаў на мяккай спружыністай канапе. Мурашка.

2. Пругкі, як спружына; здольны спружыніць. З гадзіну паваляліся [шафёры] па спружыністым цёплым дзірване. І зноў у дарогу. Б. Стральцоў. // Моцны, пругкі (пра рухі). Уся .. ладна збітая постаць [Куранёва] у цёмнай куртцы на «маланках» і запраўленых у боты чорных штанах была спружыністая, імклівая. Хадкевіч. Адным кароткім спружыністым рухам .. [вугор], як змяя, выслізне з вашых рук — і толькі яго і бачылі. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набра́кнуць, ‑не; пр. набрак, ‑ла; зак.

1. Набрыняўшы, павялічыцца ў аб’ёме; набухнуць. Бурыя і цяжкія кірзавыя боты набраклі. Ісці было вельмі цяжка. Лукша. Другі валёнак не злазіў з нагі — набрак. Пташнікаў. Тарфянікі набраклі, нібы губка, а потым пачалі хавацца ў верхаводдзі. Новікаў.

2. Тое, што і набухнуць (у 1, 3 знач.). Ужо набраклі і покаліся ад веснавога соку пупышкі на дрэвах. Паслядовіч. Ад напружанасці і злосці ў Кузняцова набраклі на скронях вены: кроў хлынула ў галаву. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суко́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Абрэзак сукна або іншай шарсцяной тканіны, які ўжываецца для чысткі, націрання чаго‑н. Свідзерскі знайшоў на кватэры начальніка станцыі шчотку і доўга шоргаў ёю па чаравіках, потым драіў яшчэ і суконнай. Хомчанка. Калі блешня пасля таго, як яна пабывала ў вадзе, страціла бляск, яе трэба працерці суконкай. Матрунёнак.

2. Суконная ануча. [Пракоп] рашуча падымаецца з пасцелі, запальвае газоўку. Абуваецца. Накручвае на ногі суконкі, надзяе лепшыя боты. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урабі́ць сов., разг.

1. (землю) обрабо́тать, возде́лать;

2. вы́пачкать, испа́чкать, изма́зать;

у. бо́ты ў гразь — вы́пачкать (испа́чкать, изма́зать) сапоги́ в грязи́;

3. (вставить внутрь) вде́лать;

у. замо́к у дзве́ры — вде́лать замо́к в дверь;

4. (вплести вязкой) ввяза́ть

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

шыць несов.

1. шить; (крупными стежками — ещё) мета́ть; (с ватой — ещё) стега́ть; (сквозной строчкой — ещё) тача́ть;

ш. суке́нку — шить пла́тье;

ш. бо́ты — шить (тача́ть) сапоги́;

2. шить; вышива́ть;

ш. шо́ўкам — шить шёлком;

ш. нападро́ст — шить на вы́рост

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

перазме́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Прадугледжаная графікам работы прадпрыемства замена рабочых адной змены рабочымі наступнай змены. Гарэў зялёны агеньчык спераду машыны, але таксі не спынялася, і я злаваў, пакуль не здагадаўся, што недзе тут блізка таксапарк і што машыны, мусіць, ідуць на перазменку. М. Стральцоў. Пры такім спосабе значна менш траціцца часу на перазменкі, на здачу-прыёмку інструментаў. «ЛіМ».

2. Разм. Тое, што і змена (у 5 знач.). [Антон:] — Трэба купляць новыя боты — на перазменку. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; ‑шчым, ‑шчыце; незак.

1. Свяціцца роўным слабым святлом. Воўчым вокам акно ў цемры ночы блішчыць. Колас. // Адсвечваць роўным, слабым светам (пра гладкую, роўную або нацёртую, начышчаную паверхню). Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч. Блішчаць на сонцы наваксаваныя боты. Колас.

2. Свяціцца, часта ад якога‑н. пачуцця (пра вочы). Па-асабліваму.. блішчаць яго [хворага] вочы. Бядуля. Чорныя вочы Цыганка шчасліва блішчалі, смуглявы твар яго ўвесь свяціўся радасцю. Шчарбатаў.

•••

Блішчаць вачамі — маўкліва прасіць, выказваць просьбу, жаданне позіркам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нама́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак.

1. каго-што. Пакрыць слоем чаго‑н. ліпучага, вадкага, густога. Намазаць хлеб маслам. □ Алік намазаў мёдам лусту хлеба, узяў касу і кошык і выйшаў са двара. Шашкоў. Увечары [Іван] намазаў дзёгцем юхт[о]выя боты, апрануў паддзёўку і пайшоў. Быкаў.

2. каго-што. Разм. Пакрыць слоем касметычных сродкаў. Намазаць губы. Намазаць шчокі.

3. Разм. Напэцкаць на чым‑н. Намазаць на стале.

4. што і без дап. Разм. Дрэнна, няўмела напісаць, намаляваць і пад.

5. што. Падмазаць чым‑н. Тлуста, не шкадуючы, [Рахмілька] намазаў калёсы. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.

1. Таптаць некаторы час. Патаптаць сена. □ Гюнтэр сашчапіў кулак і, узмахнуўшы рукою, з сілай бразнуў крыж аб падлогу. Не ўстаючы з крэсла, патаптаў яго абцасам свайго абшытага скурай валёнка. Дамашэвіч.

2. Топчучы, змяць, знішчыць, падушыць. Патаптаць траву. □ Патаптаў арол пракляты Сакаліных птушанят. Грахоўскі. Калі бегчы па градах, старая закрычыць, бо Сцёпка патопча ўвесь агурочнік. Хомчанка. Пасля агарадзіў [Лабановіч] гэту грушку.., каб не патаптала і не паламала яе жывёла. Колас.

3. Знасіць, парваць, стаптаць (пра абутак). Патаптаць боты. Патаптаць валёнкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)