некрану́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога не краналі, да якога не дакраналіся. Некрануты абед. □ У маім некранутым куфлі апала пена, і піва зрабілася светлае, празрыстае. Васілёнак. Жыта зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. // Цэлы, не разбураны. У Магілёў калона прыехала па світанні. Горад быў цэлы, нават мост цераз Дняпро некрануты. Сабаленка.

2. Які не падпадаў пад уздзеянне чалавека; першабытны. Перада мной стаяў некрануты дрымучы лес. Чарнышэвіч. Тут [на будаўніцтве] — гарманічнае спалучэнне некрапутай прыроды і самай дасканалай тэхнікі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прарэ́х, ‑а, м.

1. Разадранае ці разрэзанае месца ў адзенні; дзірка. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот. Колас. // Адтуліна, дзірка ў чым‑н. Пакрыўленае гуменца свяціла прарэхамі ў страсе, праз якія відно было, як дрыжэлі зоры на сінім пагодным небе. Пестрак. // перан. Недахоп, недагляд. — Непаладак і прарэхаў у рабоце ў нас яшчэ шмат, — прамовіў .. [Дубовік] з неахвотай. Сіўцоў. [Сакратар:] — Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велізарнай рабоце, якую вядзём у апошнія гады, і пры пэўных поспехах хапае і прарэхаў. Шамякін.

2. Пярэдні разрэз у штанах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Сыграць што‑н. паўторна, яшчэ раз. Перайграць нанава эцюд.

2. Сыграць усё, многае. Баяніст, чарнавокі хлопец, слесар суседняй МТС, перайграў бадай усе любімыя песні і танцы. Паслядовіч. Мы перайгралі амаль усе вадэвілі А. П. Чэхава: «Юбілей», «Мядзведзь», «Прапанова», «Хірургія». Сяргейчык.

3. без дап. Разм. Сыграць ненатуральна якую‑н. ролю на сцэне, у кіно і пад. Артыст страціў пачуццё меры і перайграў.

4. Разм. Памяняць якое‑н. рашэнне, пастанову; зрабіць інакш, па-свойму. [Гаруноў:] — Ладна, Аксён, перайграйце план асушэння — на кароўнік. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перастро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

1. Змяніць свой строй, размясціцца ў страі іначай. Перастроіліся роты. □ Самалёты парамі пабеглі на старт і цесным строем ірванулі ў паветра .. Яшчэ на развароце заднія падцягнуліся, перастроіліся, і група лягла на курс. Алешка.

2. Пераключыцца на прыём іншых радыёхваль.

3. Змяніць намеры, планы, арганізацыю свайго жыцця, працы і пад. Як .. [Лясніцкі] хутка перастроіўся! Колькі прайшло таго часу, як ён з такім вось энтузіязмам сеяў і будаваў. А сёння — такі салдат. Нібы ўсё жыццё толькі і займаўся тым, што ваяваў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пані́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Схілены, прыгнуты. Высокія травы, звялыя і паніклыя ўдзень ад гарачыні, цяпер узнімаліся ў вільготным дыханні.. зямлі. Самуйлёнак. Спякота... І пад сонцам залатым Паніклыя, задумлівыя лозы Яшчэ ніжэй прыпалі да вады. Чарняўскі.

2. перан. Прыгнечаны, засмучаны; разбіты духоўна. Адчуў бяду. Стаяў паніклы: Даруе мілая ці не? Бялевіч. Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.

3. Абл. Падслепаваты. Пасля таго як Шэмета не ўзялі на вайну, Халуста інакш не зваў яго, як паніклы або сляпы чорт. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паска́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Пажаліцца, выказаць сваё гора, незадавальненне. Расла .. [Ніна] ціхая, не смеючы слова адказаць сварлівай мачысе, баючыся паскардзіцца бацьку на крыўды. Галавач. Прося паскардзілася, што кепска бачыць, папрасіла прачытаць пісьмо. Паўлаў.

2. Звярнуцца да афіцыйнай асобы са скаргай. Хлопцы зашумелі, але ніхто не адважваўся сказаць брыгадзіру, паскардзішся — яшчэ большай бяды нажывеш. Дуброўскі. Некалькі старшынь калгасаў паскардзіліся ў райком партыі на недабраякасную работу некаторых трактарыстаў. Хадкевіч. // Нагаварыць, напаклёпнічаць, данесці. А ўвечары, калі прыйшоў Загурскі і маці паскардзілася яму на мяне, усё перамянілася. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сле́дства, ‑а, н.

Высвятленне органамі юстыцыі абставін, звязаных са злачынствам. Весці следства. Знаходзіцца пад следствам. □ Стары цікава расказваў, як яны калісьці арганізоўвалі забастоўкі рабочых Лібава-Роменскай чыгункі, як яго, тады яшчэ маладога чалавека, запраторылі ў астрог і ён прасядзеў аж цэлы год, пакуль вялося следства. Сабаленка. У сцэнах допыту, следства, самога судовага працэсу паэт выявіў сябе бліскучым майстрам сатыры. Навуменка. // зб. Разм. Асобы, якія вядуць судовае расследаванне якой‑н. справы. Назаўтра пасля забойства паручніка знайшлі пасярод дарогі, і следства пачало трэсці кожную хату. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стог, ‑а, м.

1. Вялікая капа сена, саломы. Вось збяром мы травы Сонечнымі днямі І лугі заставім Свежымі стагамі. Астрэйка. На .. [сенажаці] там-сям стаялі ўжо стагі, густа былі раскіданы копы і ляжала яшчэ не згрэбенае, але ўжо парыжэлае сена. Чарнышэвіч. Нібыта шлем зялёны волата, За рэчкай адзінокі стог. Смагаровіч. [Косцік] зрабіў пару ў стозе сена на Белай градзе і там начуе. Баранавых.

2. Разм. Тое, што і стос (у 2 знач.). Стог бліноў стаяў пасярод стала, як асэсар. Бядуля.

•••

Як іголка ў стозе сена гл. іголка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стык, ‑у, м.

1. Месца злучэння, сутыкнення двух канцоў, дзвюх частак чаго‑н. Стык трубаправода. □ Пранёсся на поўнай хуткасці доўгі састаў, цяжка гружаныя вагоны не ляскочуць на стыках, а глуха грукаюць. Навуменка. // Лінія сутыкнення, мяжа. На стыку дзвюх дарог. Стык дзвюх дывізій. □ На стыку пакошы з травой, дзе мы [касцы] пачынаем новую дзялянку, дзяўчаты сустракаюцца з намі. Брыль. На стыку Нёмана і Лошы Цагляны млын стаяў здаўна. Астрэйка.

2. Спец. Тое, што і стыкаванне. Кароткі тэрмін заставаўся да прызначанага дня стыку ўкладак, шмат рабіць трэ’ было яшчэ. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцярпе́ць, сцярплю, сцярпіш, сцярпіць; сцярпім, сцерпіце, сцярпяць; зак., што.

Вынесці, вытрымаць (што‑н. цяжкае, непрыемнае). Сцярпець абразу. □ Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. Сэрца бацькоў не магло сцярпець такога дзіцячага гора. Маўр. // без дап. (звычайна з адмоўем «не»). Стрымацца, утрымацца (ад якіх‑н. дзеянняў, слоў). [Міхась:] — Натура ўжо гэткая: ніколі не сцярплю, па вачах праўдай хвастану. Савіцкі. // каму. Змаўчаць, саступіць каму‑н. Гэты ножык у Піліпкавага бацькі, можа, яшчэ ў партызанах быў. Таму Піліпка і не сцярпеў Алесю. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)