да́ча 1, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. даць (у 8 знач.). Дача паказанняў. □ Густы траскучы залп з тылу, а потым з правага фланга перарваў дачу гэтых загадаў. Колас.

2. Порцыя, якая даецца на адзін прыём ці на пэўны перыяд. Дзве дачы аўса. Сутачная дача сена.

да́ча 2, ‑ы, ж.

Загарадны дом для летняга адпачынку гараджан. Пабудаваць дачу. Зняць дачу. □ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо некуды ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак.

да́ча 3, ‑ы, ж.

Частка лясніцтва, вылучаная ў самастойную гаспадарку; участак зямлі пад лесам. Лясная дача.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіку́н, ‑а, м.

1. Чалавек з племені, якое знаходзіцца на ступені першабытнай культуры; нецывілізаваны чалавек. // Пра некультурнага, неразвітага, грубага чалавека. — Тупагаловыя дзікуны! Яны не разумеюць, што няма той сілы, якая знішчыла б народ. Шамякін. Я баяўся, што стычынскія хлапчукі зловяць мяне на вуліцы і адлупцуюць. Такія дзікуны могуць! Чарнышэвіч.

2. Разм. Нелюдзімы, дзікаваты чалавек. [Панне] Людміле цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які яшчэ аж дасюль не быў у Завітанках. Колас.

3. Разм. Пра чалавека, які адпачывае ў курортным месцы без пуцёўкі. — Люблю ездзіць адпачываць «дзікуном», — гаварыў.. Аляксей Пятровіч. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дру́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны дружбай, узаемнай згодай. Дружная сям’я. Дружны калектыў. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Пальчэўскі. Слаўна правялі .. [рыбакі] дзень у дружнай кампаніі на беразе рэчкі! Якімовіч. / у знач. наз. дру́жныя, ‑ых. Толькі дружныя ніякіх Не баяцца перашкод. Кірэенка.

2. Які адбываецца адначасова, узгоднена; аднадушны. Дружная работа. Дружны рогат. □ Такога дружнага сходу яшчэ ні разу ў калгасе не было. Дуброўскі. Камандзіры прайшлі ўздоўж строю. Атрады сустракалі іх дружным «ура!». Шамякін. // Які бурна, хутка адбываецца; спорны. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. Апоўначы наліўся дружны цёплы дождж. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. ад каго-чаго і з інф. Страціць якую‑н. звычку; адвучыцца ад чаго‑н. У хаце.. яшчэ стаяў тытунёвы дым, ад якога .. [Акіліна] даўно адвыкла. Вітка. Непрыемна было і тое, што прыйдзецца прасіць ласкі, а.. [Максім Сцяпанавіч] даўно ўжо адвык што-небудзь прасіць. Карпаў. Леапольд Гушка за гэты час адвык думаць пра гэтага чалавека [колішняга пана]. Чорны.

2. ад каго-чаго. Стаць далёкім, чужым каму‑н., забыць каго‑, што‑н. Пятро Пятровіч адвык за дваццаць год на ўсходзе ад палос, і ад парадку такога, як тут [у Забалоцці]. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак. і аднакр.

1. Махнуўшы чым‑н., адагнаць ад сябе, не дапусціць да сябе каго‑н. Адмахнуцца ад камара. // Махнуць рукой (рукамі) у знак пратэсту, нязгоды, незадаволенасці чым‑н. — Калі варта, дык і палаяць не пашкодзіць, — нецярпліва адмахнулася ад мужа рукою Вера Васільеўна. Паслядовіч.

2. перан. Разм. Адмовіцца рабіць што‑н., не паспрабаваўшы разабрацца, не ўдзяліць увагі чаму‑н.; несур’ёзна аднесціся да якой‑н. справы. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў. Шамякін. А швагер мой — нібы зусім цвярозы, нібы назаўсёды хочучы адмахнуцца ад таго, што было — апусціў вочы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адплаці́цца, ‑плачуся, ‑плацішся, ‑плаціцца; зак.

1. Разм. Заплаціць належнае за працу, доўг; разлічыцца. [Каменка:] — Баяцца [сяляне], што як дадуць рамантаваць рабочым [інвентар], дык не адплацяцца потым. Галавач. [Марына:] — Возім пану — нельга адплаціцца. Хоць ідзі ўжо з торбай за парог. Бялевіч. // Аддзякаваць за клопат, дбанне. І ўсё шчыра табе [хлеб] паслугоўвалі так, Каб на воку нас, бедных, ты меў... А ты што нам зрабіў, адплаціўся ты як? Купала.

2. перан. Панесці якое‑н. пакаранне за свае ўчынкі, дзеянні. [Рыгор:] — Разбурыла паліцыя і забастовачны камітэт і арганізацыйны камітэт.. Колькі было арыштаў ды высылак! Яшчэ, можна сказаць, я лёгка адплаціўся. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адце́рці, адатру, адатрэш, адатрэ; адатром, адатраце, адатруць; пр. адцёр, ‑церла; заг. адатры; зак., што.

1. Трэннем выдаліць што‑н. прыстаўшае, прысохлае. Адцерці пляму.

2. Расціраючы, вярнуць адчувальнасць каму‑, чаму‑н. Адцерці рукі.

3. Разм. Моцна напіраючы, адсунуць; выцесніць. [Назарэўскі:] — Такім парадкам мяне адцерлі ад маці і я астаўся адзін сярод натоўпу. Чорны. // перан. Прымусіць пакінуць каго‑, што‑н. Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Колас.

4. Разм. Прыціснуўшы, прычыніць боль, пашкодзіць; адціснуць, адцяць. Адцёр дзвярамі пальцы. / у безас. ужыв. Адцерла нагу колам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрато́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Пакласці, падзець невядома куды. — У вас, гаспадыні, заўсёды так: як дзе што запраторыце, дык са свечкай не знойдзеш. Сабаленка. // Схаваць, прыбраць куды‑н. так, каб цяжка было знайсці. — Пашанцавала мне тады ў аднаго чалавека выменяць на сала аж чатыры пуды солі. Схаваў я яе, як сцямнела, — два пуды ў дровах, а два пад сена запраторыў. Паслядовіч. // перан. Заслаць, выслаць, пасадзіць куды‑н., адкуль цяжка выбрацца. Абуджаў калісь местачковых абывацеляў саматужны рэдактар Бухберг, але яго запраторылі ў вар’яцкі дом, хоць ён вар’ятам, можа, і не быў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.

1. Тое, што і запытанне (у 2 знач.). Паслаць запыт. □ — Галуза зрабіў запыт.., а праз тыдзень адтуль прыслалі выпіску: сапраўды, мне яшчэ не было шаснаццаці. Чыгрынаў.

2. Попыт, запатрабаванне. І сапраўды, тавары ў краме былі розныя, ад солі і газы да пудры і духоў, — усё, на што быў запыт. Галавач.

3. Пытанне, звернутае да каго‑н.; запытанне. Стук у дзверы і запыт, якім гэты стук падмацаваўся, былі для Рыгора раптоўнымі. Гартны. Хоць бы ў сне на запыт нечаканы Грэшнай праўды той не расказаць. Камейша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́шша, ‑а, н.

1. Часовае спыненне шуму, ветру. Зацішша перад навальніцай. □ Калі наверсе па густым хваёвым покрыве каціўся глухі шум ветру, тут, унізе, стаяла прыемнае зацішша, было па-хатняму ўтульна. Новікаў. // перан. Спыненне, аслабленне дзейнасці, руху і пад. На пероне зацішша — ні цягнікоў, ні пасажыраў. Навуменка. Адгрымела блакада і ў атрадным баявым жыцці настаў нейкі момант зацішша. Брыль.

2. Ціхае, зацішнае месца; зацішак. «Не даеду...» — трывожна падумаў Цімох і, сабраўшыся з сілай, звярнуў у зацішша, за лазняк. Ваданосаў. У пячурцы — калматы, вялікі, Нешта муркае У зацішшы кот. Лявонны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)