хаду́лі, ‑яў; адз. хадуля, ‑і, ж.
1. Два шасты з высока прыбітымі прыступкамі, стаўшы на якія можна хадзіць вялікімі крокамі. Хлопцы навучылі мяне хадзіць на высокіх хадулях. Бядуля.
2. перан. Пра што‑н. напышлівае, высакамернае, ненатуральнае. Ты гаварыў як роўны з роўнымі, не ўздымаўся перад намі, пачаткоўцамі ў літаратуры, на алімпійскія хадулі. С. Александровіч. Амаль у кожным з.. [вершаў] можна знайсці пэўную «жывінку», настрой, трапную дэталь, але яны губляюцца ў мностве збітых, пастаўленых на хадулі прыёмаў. Грахоўскі.
3. перан. Разм. Доўгія ногі. — Далекавата, — паморшчыўся.. [Васіль]. — А ісці такою гарачынёю... Міхась засмяяўся: — Каму далекавата, а табе з тваімі хадулямі... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халу́й, ‑я, м.
Пагард.
1. Назва слугі, лакея. Халую важна было дагаджаць толькі свайму пану. Машара. Міхал, селянін па натуры, па выхаванню, пры гэтых, няхай сабе нячастых, наездах паноў «на глушцовыя токі» найбольш яскрава выступае ў ролі халуя, папіхача, і такая роля для яго глыбока абразлівая. Навуменка.
2. перан. Занадта паслужлівы, угодлівы чалавек; падхалім. Ад цяжкай не стагнаў работы, А халуём быць не магу. Валасевіч. Фашысты давяралі сваім халуям не толькі прымаць перадачы для зняволеных, але і гаспадарыць у камерах, тэрарызаваць непаслухмяных. Мяжэвіч. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаго́ 1, прысл.
1. пытальнае. З якой прычыны?, чаму?, навошта? Але чаго яна [Мальвіна] марудзіць? Чаму не выйдзе да стала? Колас. Чаго хмурыцца неба сіняе? Купала. [Міколу] рабілася млосна і ён злаваўся: чаго.. [Зося] маўчыць ды сумуе? Гартны.
2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучнікавага слова ў даданых дапаўняльных сказах і адпавядае словам: а) з якой прычыны, чаму. Стаіць дзед і на іх [Міколку з бацькам] глядзіць, дзівуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далі. Лынькоў. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я такі худы. Маляўка; б) навошта, з якой мэтай. Расказаў.. [Андрэй] сонцу, чаго прыйшоў. Якімовіч.
чаго́ 2,
гл. што 1 (у 1, 6, 8, 9 і 13 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чужані́ца, ‑ы, м. і ж.
1. Чужы, нетутэйшы чалавек. [Арцём:] — Я — нетутэйшы. Я, можна сказаць, чужаніца гэтаму сялу. Бажко. // Іншаземны захопнік, вораг. Чужаніцы з далёкай ішлі стараны То крыжовым паходам, то лютай вайною. Грахоўскі. Але не, не тая гэта Хата з смольнай сталяніцай, Тую хату грозным летам Падпалілі чужаніцы. Кірэенка.
2. Не родны, не сваяк. [Цыпруян:] — Ты мне чужая-чужаніца, а лепш за родную дачку. Калюга. Так і жыў Мацей чужаніцай у хаце: ні госць, ні гаспадар. Пальчэўскі.
3. Чалавек, які па духу, поглядах і пад. чужы якому‑н. асяроддзю. Ён [Цімох] быў у калгасе гультай, Калгасу заўжды чужаніца. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Чухаць, скрэбці сваё цела ці якую‑н. частку яго. Седзячы на ложку, [Маня] доўга сапла, пазяхала ўголас, чухалася, — ніяк не магла прачнуцца. Мележ. Дзядзька Мікалай зноў пачынае драмаць, але хутка ўсхопліваецца — не даюць спакою паразіты, чухаецца, і зноў нікне галавою. Ставер. // перан. Разм. Быць вымушаным ліквідоўваць вынікі якой‑н. дзейнасці. [Аляксандр Дзям’янавіч:] — Работкі лётчыкам хапіла. Фашысты і цяпер яшчэ чухаюцца, мост усё ладзяць. Лынькоў.
2. перан. Разм. Марудна, няўмела, без жадання што‑н. рабіць. [Бог:] — Ды нячыстай рознай твары Па адной вазьмі ты пары, А ўсіх чыстых па сем пар. Ну, не чухайся, а жар! Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыта́цца, ‑аецца; незак.
1. Гучаць, перадавацца пры чытанні (пра літары). У польскай мове спалучэнні літар «sz» чытаецца як «ш».
2. безас. Пра наяўнасць жадання ці магчымасці чытаць. [Шура] абы што гаварыла з Зосяю, гартала газету, нібы прабавала чытаць, але ёй не чыталася. Крапіва.
3. Паддавацца чытанню; быць чытабельным. З цікавасцю чытаюцца старонкі і аб арганізацыі і ўмовах працы «Звязды» ў падполлі. «Полымя».
4. перан. Распазнавацца, угадвацца па якіх‑н. прыкметах. У .. [карцінах] чыталася эпоха і лёс народа, як у Рэпіна, Сурыкава ці Сярова; або хвалявала да болю знаёмая і толькі цяпер убачаная спрадвечная краса нашай прыроды, як у Левітана. Скрыган.
5. Зал. да чытаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шарава́ць 1, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.
Правесці (праводзіць) рыхленне міжрадкоўяў прапашных культур.
шарава́ць 2, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. каго-што. Чысцячы, церці, вадзіць чым‑н. узад і ўперад па якой‑н. паверхні. Шараваць падлогу. □ Коней і кароў шаравалі скрабніцамі і шчоткамі. Бядуля. Аднойчы .. [Эрна] мыла і шаравала ля павеці бочку. Бочка высокая, дубовая. Ракітны.
2. што аб што, па чым і чым. Церці паверхняй аднаго прадмета аб паверхню другога. Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Але тут цесна, вады мала, І дно аб землю шаравала. Колас. Не страшыдла там, а сом Дно шаруе жыватом. Дзеружынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шквал, ‑у, м.
1. Раптоўны моцны парыў ветру (часам з дажджом). І раптам парывы магутнага шквалу На чорныя камні абрушылі пырскі. Звонак. Дождж мацнее. Заходні вецер наганяе цяжкія хмары і б’е па машыне вадзяным шквалам. Мяжэвіч.
2. перан.; чаго або які. Пра што‑н. раптоўнае, імгненнае, што праяўляецца з вялікай сілай, у значнай колькасці. Любіны думкі захліснуў шквал дзявочага смеху і гоману. Васілевіч. І кадр палкоўніцкі радзее, Змывае ўсё салдацкі шквал. Колас. // Моцная масіраваная стрэльба (з гармат, кулямётаў і пад.). На ўскраіне гарадка мітусіліся стракатыя постаці, але лезці пад шквал кулямётнага агню не адважваліся. Грахоўскі. Шрапнельны шквал быццам бы прыцішаўся, радзеў. Кулакоўскі.
[Англ. squall.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шматава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.
Разм.
1. Рваць на шматы, кавалкі; шкуматаць. Вецер хапаў за полы, засыпаў сухім калючым снегам вочы, кідаўся ўбок і шматаваў палотнішчы афіш. Васілевіч. Гэтак было і са мною: колькі разоў я пачынаў пісаць, і кожны раз напісанае шматаваў на кавалачкі і кідаў у кошык. Сабаленка. То там, то тут наваколле ўздрыгвала ад моцных абвальных выбухаў бомб, якія шматавалі паркую веснавую зямлю. Мележ.
2. перан. Бязлітасна прыгнятаць каго‑н., здзекавацца над кім‑н. [Война:] — Гарнастай — подлы і хцівы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, і яе гаспадар чамусьці атрымлівае правы шматаваць свой народ і процьму другіх. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шны́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Разм.
1. Заходзіць, забягаць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы, высочваючы каго‑, што‑н. Толькі там, на востраве, і адседжваліся падпольшчыкі, пакуль карнікі шныпарылі па лесе. Новікаў. Дыспетчар у цемры, дыспетчар шныпарыць па кладоўках, шукае газавай лямпы. Шынклер.
2. Хадзіць, бегаць, рухацца сюды-туды, у розных напрамках. Каця ўздыхнула і села на лаўцы перад домам, але хутка змушана была ўстаць: міма шныпарылі хлапчукі і з цікаўнасцю пазіралі на яе. Лось. [У вадзе], як прывіды, плаваюць водарасці, мільгаюць маляўкі, варушацца на дне ракавінкі, шныпараць жукі. Асіпенка.
•••
Шныпарыць вачамі — хутка пераводзіць позірк з аднаго прадмета на другі, выглядваць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)