камі́сія, ‑і, ж.

1. Група асоб як орган, што ўтвараецца напастаянна або часова для выканання пэўных задач. Выбарчая камісія. Следчая камісія. Прыемная камісія. □ Трывожыліся не на жарты члены рэвізійнай камісіі, спяшаліся да кааператыва, правяралі замкі, накладвалі пячаці. Лынькоў. Ад імя камісіі Іван Паўлавіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч.

2. Орган дзяржаўнага кіравання, які выконвае пэўныя функцыі. Дзяржаўная планавая камісія.

3. Дагавор, паводле якога адзін бок абавязваецца за ўзнагароду зрабіць пэўныя здзелкі ад свайго імя па даручэнню і за кошт другога боку.

•••

Канфліктная камісія — камісія, якая вырашае спрэчкі і канфлікты паміж адміністрацыяй і работнікамі прадпрыемства, паміж прадпрыемствамі і інш.

На камісію — для продажу за пэўную ўзнагароду (здаць, прыняць).

[Ад лац. commissio — даручэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́муж,

1. прысл. У выразах: пайсці (выйсці, зайсці) замуж за каго — стаць чыёй‑н. жонкай. [Марына] друга мілага знайшла І выйшла замуж за Данілу. Колас; пайсці (выйсці, зайсці) замуж куды — пажаніўшыся, пераехаць у тую мясцовасць, дзе жыве жаніх. — Жыве .. [бабка Мар’яна] ў суседнім сельсавеце, у Забалоцці: выйшла некалі туды замуж. Якімовіч; выдаць (аддаць) замуж за кагозрабіць чыёй‑н. жонкай, садзейнічаць уступленню ў шлюб жанчыны. Са старою паняй жыла адзіная дачка, якую з-за ваеннага ліхалецця і нецікавага выгляду не ўдалося выдаць замуж. Брыль; браць (узяць) замуж — жаніцца з кім‑н.

2. у знач. наз. за́муж, ‑а, м. Замужжа, шлюб. І Марфа — не маленькая. Сам чуў — яна прыходзіла да Кляновіча і з яго жонкай гутарыла. Няўдалы замуж, гаворыць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здушы́ць, здушу, здушыш, здушыць; зак., каго-што.

1. Абхапіўшы, з сілаю сціснуць. І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нейчае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы. Колас. // Акружыўшы, абступіўшы з усіх бакоў, заціснуць. Здушылі ў натоўпе. □ Усё цела ў [Шуры] ныла. Мусіць, ад таго, што каля варот моцна здушылі. Арабей. // перан. Пазбавіць свабоды; заняволіць. О вы, што век цэлы адзеты і сыты, .. Вы рады б і песню здушыць, апляваць. Купала.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуць (горла, грудзі), перашкодзіўшы дыханню. Спазмы здушылі Вялічкава горла. Чорны. // перан. Выклікаць пачуццё прыгнечанасці, душэўнага болю (у грудзях, сэрцы). Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Лоўка прыладзіцца або выбраць зручны момант, каб зрабіць што‑н. [Сенька], гад, неяк злаўчыўся, крутануўся, вырваў руку і ўдарыў... Краўчанка. Я зняў з пляча сваё ружжо, злаўчыўся і скокнуў у лодку, зусім не турбуючыся, што яна можа перавярнуцца: варты ў лодцы былі высокія і дно — шырокае, ледзь не круглае. Чыгрынаў. // перан. Умела выкарыстаць якія‑н. абставіны; дасягнуць якой‑н. мэты з дапамогай хітрасці, хітрыкаў. А Ліс праз тыдзень змыўся З граш[а]мі, што ў банку атрымаў. Праверылі — дык як жа ён злаўчыўся? — І ўбачылі: Мядзведзь два чэкі падпісаў. Корбан.

2. Набыць навыкі выканання якой‑н. работы; налаўчыцца. Ён злаўчыўся пісаць левай рукой. □ — Пасля сам, як злаўчышся, будзеш знаходзіць, пра што пісаць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло, ‑а, н.

1. Усё нядобрае, шкоднае, благое; проціл. дабро. [Закон] паказвае рабіць дабро і пазбягаць зла, імкнуцца да мірнага жыцця, не парушаючы спакою другіх. Алексютовіч. Уладзімір Ільіч папярэджваў аб небяспецы шавінізму, нястомна заклікаў да самай рашучай барацьбы з гэтым злом. «Полымя». // Бяда, няшчасце. Знайсці забойцу, гада-звера, Што прычыніў такое зло. Колас.

2. Разм. Пачуццё незадавальнення; злосць, гнеў. Зло ўзяло.

•••

На зло (злосць) каму — так, каб даняць, раззлаваць каго‑н., зрабіць непрыемнасць каму‑н. [Анісся] на зло [брату].. пайшла за Сяргея. Лынькоў.

Непраціўленне злу насіллем гл. непраціўленне.

Як на зло (злосць) — не ў час, не к месцу, не тады, калі трэба. Раптам зверху на яго Шухнула салома. Як на зло, сама сабой З’ехала ахапкам. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зма́заць, змажу, змажаш, змажа; зак., каго-што.

1. Пакрыць слоем чаго‑н. тлустага, вадкага; памазаць. Змазаць лыжы. Змазаць пісталет. □ Медсястра таропка змазала ёдам скуру навокал раны. М. Ткачоў.

2. Сцерці, размазаць (пра што‑н. намаляванае, напісанае і пад.). Змазаць фарбу рукой. // Зрабіць некантрастным, расплывістым (пераважна пры фатаграфаванні).

3. і без дап. Разм. груб. Моцна стукнуць (па твары, вуху і пад.). — Вось я ўжо калі-небудзь ды змажу,.. месца жывога на табе не пакіну. Лынькоў.

4. Разм. Запэцкаць, вымазаць што‑н. Змазаць сукенку.

5. Зрасходаваць на змазку, змазванне. Змазаць увесь дзёгаць.

6. перан. Разм. Пазбавіць эфекту; сапсаваць, звесці на нішто. [Міхась] думаў, што ўсе пачнуць хваліць хараство верша, захапляцца трапнасцю дэталей... Ажно гэты дзядзька Лявон змазаў усё. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі намерам, колькасцю, сілай і пад. Значная частка. У значнай ступені. □ Малыя варожыя заслоны, якія трапляліся на шляху, — знішчалі [байцы]. Ад сустрэчы са значнымі сіламі ворага ўхілялася, заходзілі глыбей у лясы. Шамякін. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, .. тым болей, што для гэтага трэба зрабіць значны крук. Колас.

2. Важны па значэнню; істотны. Значныя падзеі. Значная роля. □ Астаючыся верным сабе, Кашын не прапускаў ніводнага больш-менш значнага сходу. Карпаў. // Разм. Які займае высокае становішча ў грамадстве; уплывовы. Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.

3. Разм. Бачны, прыметны. Вусны дзедавы складаліся ў ледзь значную ўсмешку. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Прызначыць на якую‑н. пасаду, працу. Назначыць дзяжурных. □ [Пан:] — Хітры ты чалавек, Палуян. Недарма цябе солтысам назначылі. Брыль.

2. Вызначыць загадзя тэрмін, час чаго‑н. Назначыць спатканне. □ Кангрэс назначылі на нядзелю, ён павінен быў пачацца пасля паўдня. Чорны.

3. Намеціць што‑н. зрабіць. Ніякай работы на гэты дзень.. [Раман] яшчэ не назначыў сабе. Колас.

4. Устанавіць (пенсію, утрыманне, прэмію і пад.). У канцы пісьма штаб палка прапанаваў.. назначыць сям’і памёршага пенсію. Чорны. // Устанавіць памеры платы. Назначыць цану.

5. Прадпісаць, рэкамендаваць выкананне чаго‑н. Назначыць лякарства. Назначыць вапны.

6. Прысудзіць (у якой‑н. гульні). Назначыць штрафны ўдар.

7. Паставіць знак, метку на чым‑н.; абазначыць. Назначыць меткай качанят. Назначыць дрэвы на высечку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Крэслячы, правесці шмат ліній; закрэсліць у многіх месцах.

2. Зрабіць накід (плана, схемы і пад.). [Кібальчыч:] Я тут не спаў, забыўшы страх, Спяшаўся жыць, пакуль не змог чарцёж накрэсліць на лістках. Вялюгін.

3. Разм. Напісаць. Мікалай Пятровіч паклаў гэты адзіны дакумент у папку, а ў кнізе, куды запісвалі выхаванцаў, размашыстым почыркам накрэсліў: Рыбкін Ілья... Падумаў і дапісаў — Іванавіч. Нядзведскі. Я адчуваў — і бачыў на сцяне, Як папярэднікі мае, Таварышы, раней мяне Крывёй накрэслілі свае імёны, Праклёны катам. Васілёк.

4. перан. Намеціць, вызначыць на будучае; прадказаць. Накрэсліць шлях развіцця. □ Ужо ў першы дзень знаёмства Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. А далей? Што лёс далей накрэсліў? Вёсны. Шчасце... Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насто́яць 1, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., што і чаго.

Зрабіць настойку або настой. Настояць чай. Настояць вішні. Настояць ягад на спірце.

насто́яць 2, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., на чым і без дап.

Тое, што і настаяць ​1. Як бы ні пярэчылі ў «Новым свеце», а аб’яднацца са старыцкім калгасам усё роўна давядзецца, настояць на гэтым — ясна. Хадкевіч. У Пасадцы былі свае добрыя краўцы, але Самуіл настояў везці шыць гарнітур няйначай, як у Даўгінава. С. Александровіч.

насто́яць 3, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., што і чаго.

Разм. Тое, што і настаяць ​2. [Юрка:] — То які, пане Халуста, гной улетку! У лесе ён увесь і астаецца. А свае ў мяне колькі тае худобы! Ці многа яна настоіць за зіму... Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)