праўдзі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які любіць праўду, схільны гаварыць праўду. Семіпалаў аказаўся сумленным і праўдзівым чалавекам. Колас. Добры, успаміналі суседзі Андрэя, чалавек быў, праўдзівы, разумны. Васілевіч. // Які выражае праўдзівасць як уласцівасць характару. Твар быў даўгаваты, лоб шырокі і маршчыністы, вочы шчырыя і праўдзівыя. Чарнышэвіч.
2. Які адпавядае праўдзе, заснаваны на праўдзе. Праўдзівая аповесць. □ Калгаснікі выказалі вялікую ўдзячнасць [пісьменнікам] за праўдзівы наказ іх працоўнага жыцця. Хведаровіч.
3. Разм. Сапраўдны. Якуб Цімохавіч Кубраковіч, як было яго праўдзівае імя, быў раней настаўнікам у нашай Шамаўскай воласці, так што ведалі тут усю яго нешчаслівую гісторыю. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
1. Зрабіць, вырабіць што‑н. Прыгатаваць лякарства. Прыгатаваць цэментны раствор. // Зварыўшы або апрацаваўшы якім‑н. чынам, зрабіць годным для спажывання, яды; згатаваць. Прыгатаваць вячэру. □ — Пайшлі! Адпачнеш, паснедаеш, — вось радыскі са смятанай прыгатую. Кулакоўскі. Каву Алесь прыгатаваў духмяную, густую. Шыцік.
2. Прывесці ў стан годнасці для ўжытку; падрыхтаваць. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Колас. [Вэня:] — Прыгатуй мне ў дарогу сані, пакладзі пад салому ачышчаныя тушы. Чорны. // і чаго. Падрыхтаваць загадзя; нарыхтаваць. Трэба было прыгатаваць корму свінням нанач. Колас. [Іван:] — Табе маці мяшэчак прыгатавала — возьмеш з сабою. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Прышрубаваць; закруціць. Прыкруціць гайку. // Прымацаваць да чаго‑н. з дапамогай шрубы, балта і пад. Клін патрэбна было пазам пакінуць на правую па ходу цягніка рэйку і прыкруціць балтамі. Краўчанка.
2. Закручваючы, прымацаваць; прывязаць. Прыладзіў [Зіновій Цімафеевіч] пучок мачалы, дротам прыкруціў да кія. Важнецкі квач атрымаўся. Нядзведскі.
3. Закруціць трохі або тужэй; падкруціць. Прыкруціць кран. // Круцячы, пакручваючы (рычажок, ручку), зменшыць што‑н., збавіць сілу, моц чаго‑н. Прыкруціць кнот у лямпе. □ Андрэй запаліў вялікі калгасны ліхтар.., прыкруціў агонь — меншы не так патушыць вецер — і пайшоў на ферму. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыраўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што да каго-чаго.
Зрабіць роўным каму‑, чаму‑н.; прыпадобніць да каго‑, чаго‑н. Другі, шпаркі, як барабан, голас даводзіў, што плуга да плуга не прыраўнуеш. Чорны. Вядома, што нельга было прыраўнаваць .. [майстэрню] да старой бляхарні. Мурашка.
прыраўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго і без дап.
Адчуць рэўнасць да каго‑н. Я табе цяпер проста скажу: тады на свяце я нават крыху прыраўнаваў да цябе. Броўка. — А я люблю людзей, якія могуць вось так захапляцца, — адказала Валянціна Андрэеўна, не зводзячы вачэй з Яраша. — О, я прыраўную, Валя. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прырэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.
1. каго. Перарэзаўшы горла, дабіць, паскорыць смерць. Каб скаціна доўга не мучылася, маці збегала па суседа дзядзьку Марку, і той прырэзаў яе. Лось. // Забіць на мяса (пра некаторых свойскіх жывёл). Было два выпадкі, калі Антось лічыў справу ўладжанай і нават збіраўся прырэзаць цялё на вясельную закуску. Нядзведскі.
2. што і чаго. Прыбавіць зямлі, зямельны ўчастак шляхам межавання, дадатковага размеркавання. Людзі ведалі, што каля дрэў збожжа расце меншае і радзейшае і згадзіліся прырэзаць на цень. Пальчэўскі. [Анісіму] прырэзалі зямлі, і цяпер ён адчувае сябе як бы і не прымаком. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыце́рціся, прытруся, прытрэшся, прытрэцца; прытромся, прытрацеся; пр. прыцёрся, ‑церлася; заг. прытрыся; зак.
1. Трохі, няпоўнасцю сцерціся, зацерціся. У кожным разе рысунак быў старадаўні, гэта відно было з таго, што некаторыя рысы яго даволі-такі прыцерліся. Чорны.
2. Шчыльна падагнацца да чаго‑н. у выніку спецыяльнай апрацоўкі. Дэталі машыны добра прыцерліся. // перан. Прыстасавацца, прыладзіцца. Цяпер Назар прыцёрся ўжо каля зяця, і, здаецца, яму і на свеце больш нічога не трэба. Сабаленка. Трэба пароўну, па-чэснаму. Каб не атрымлівалася так, што хто скарэй прыцёрся к новаму старшыні, той і наверсе. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папе́рад,
Разм.
1. прысл. Уперад. Выехаць наперад. □ Узваліў [Мітрафан] бочку на плечы і панёс. [Эрна] пайшла паперад — паказаць, дзе паставіць. Ракітны.
2. прысл. Спачатку, раней. Паперад умыйся, а потым садзіся есці. □ Паперад пасівее, пакуль Іван яе возьме. Ермаловіч.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперад» выражае часавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, раней за якія кім‑, чым‑н. было ўтворана якое‑н. дзеянне. Мікіта не даў сябе ўпрошваць — адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку і, кусаючы на хаду.. хлеб, спехам падаўся да парога. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́іць, ‑раю, ‑раіш, ‑раіць; зак., каго-што.
Даць параду, падказаць, як дзейнічаць; парадзіць. Людзі чакалі парад, а параіць Шалюта нічога не мог, бо сам не меў нічога за душою. Дуброўскі. [Міколка] перайшоў вуліцу, зайшоў на двор дзеда Нупрэя. То ж стары чалавек, яму год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. — Бацька благога табе не параіць. Савіцкі. // Даўшы добры водзыў, прапанаваць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Сяргей пачаў прыкідваць, каго можна было б параіць на яго цяперашнюю пасаду. Шахавец. Зубру патрэбен быў памочнік дзелавіты. І вось на гэты пост яму параілі Каня. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад параніць.
2. у знач. прым. Які атрымаў раненне, мае рану. Праходзілі групамі і па адным параненыя чырвонаармейцы. Чорны. Кожны дзень праз вёску везлі фурманкамі пакалечаных, параненых людзей. Галавач. // Пашкоджаны пры раненні (пра якую‑н. частку цела). Міколку, аднак, было не да смеху,.. вельмі садніла параненая шчака. Лынькоў. Параненая рука пачала пухнуць, рана загнаілася. Ставер.
3. у знач. наз. пара́нены, ‑ага, м.; пара́неная, ‑ай, ж. Чалавек, які атрымаў раненне. Тадора Міронаўна працавала на кухні, даглядала параненых. Брыль. [Санітарка] спяшаецца, каб у час дапамагчы параненаму. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
параскіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Раскідаць усё, многае або ўсіх, многіх; раскінуць усё, многае. Цяпер гэтыя лістоўкі трэба было параскідаць нам па горадзе. Карпюк. Чарнявы сын Параскідае цацкі, На рукі просіцца, Ну, і пайшла гульня. Чарот. [Маці:] — Вайна нямногім так мінулася. І ў кожнага сваё гора. Можа, і яго гняздо параскідала. Чыгрынаў. [Міхаіл Фёдаравіч:] — Калі братоў лёс параскідаў па свеце — адзін служыў на Сахаліне, другі быў у ссылцы, трэці ўцёк у Турцыю, то ў іх была яшчэ сястра... «Полымя». Дрэвы выраслі, параскідалі ўбакі голле, закрылі дарогу пад сабою. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)