пераспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

1. што. Перабыць які‑н. час у стане сну. Мядзведзі пераспалі зіму ў бярлозе. // і без дап. Пераначаваць, правесці ноч дзе‑н. — Ну вось, пераспім сённяшнюю ноч і заўтра — у дарогу, — нарэшце сказала маці. Ус. [Валодзя:] — Што ж, пойдзем у Дубраўку, пераспім, а заўтра накіруем разведку ў Слабаду. Федасеенка.

2. Разм. Праспаць больш, чым трэба. Ці не выспаўся добра, ці пераспаў трохі? Ваданосаў. // каго. Праспаць даўжэй за каго‑н. Пераспаць усіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плю́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Упасці з шумам у ваду або іншую вадкасць; шлёпнуцца. Салдат спатыкнуўся ды плюхнуўся ў брудную лужыну. Якімовіч. Потым штосьці цяжкае плюхнулася ў ваду, і ўсё сціхла... Ваданосаў. // Грузна сесці на што‑н. — Паехалі! — крыкнуў генерал і плюхнуўся на сядзенне. Асіпенка. Яраш плюхнуўся, аж застагналі спружыны, у тое крэсла, дзе толькі што сядзеў Кірыла. Шамякін.

2. Скалыхнуцца з пляскам (пра ваду і інш. вадкасці) ад удару і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Падрыхтаваць глебу для пасеву, пасадкі, старанна апрацаваць. Дзед, каб атрымаць большы надзел, пераехаў на зарослыя хмызнякамі дзірваны ды пасекі, якія думаў з часам распрацаваць. Танк.

2. Стварыць што‑н. на аснове абагульнення пэўных звестак, вопыту, вывучэння і пад. Лёня паклікаў сяброў убок і распрацаваў план дзеянняў. Ваданосаў. // Усебакова вывучыць, даследаваць; апісаць; выпрацаваць. Распрацаваць тэрміналогію. □ За нейкіх дзесяць месяцаў Шчакаціхін распрацаваў самастойны курс гісторыі беларускага мастацтва. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спарты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да спорту, звязаны з ім. Спартыўнае спаборніцтва. Спартыўныя гульні. □ Сёння мы слухалі пытанне аб пастаноўцы спартыўнай работы ў калгасах раёна. Пянкрат. // Прызначаны для заняткаў спортам. Спартыўная пляцоўка. Спартыўная форма. □ Скуратаў быў ужо не ў белым гарнітуры, а ў шэрым спартыўным касцюме. Шашкоў. Пры клубе павінна быць і спартыўная зала. Лыжы, гарнітуры, валейбольная сетка, мячы. Ваданосаў.

2. Разм. Які мае якасці, знешні выгляд спартсмена. Спартыўны хлопец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́дак, ‑дка, м.

Невялікая талерка з паднятымі берагамі, на якую ставіцца кубак або шклянка. — Распранайцеся ж ды сядайце за стол, — звярнулася гаспадыня да госця, а сама расстаўляла шклянкі і сподкі, увіхаючыся каля стала. Колас. — Мы зробім яму з гэтых дошак будку і будзем карміць кожны дзень, — гаварыў Андрэй, тыцкаючы сабачку носам у сподак з малаком. Ваданосаў. Неўзабаве Ганна Карпаўна прынесла з кухні патэльню з яечняй, бохан хлеба і сунічнае варэнне на сподку. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́злы, ‑ая, ‑ае.

1. Які слаба расце, хілы (пра расліны). За рэчкаю слаўся голы куп’істы выган, на якім віднелася толькі некалькі чэзлых кусточкаў. Мележ. Неўзабаве пачалося балота, парослае чэзлымі бярозкамі ды лазняком. Ваданосаў. // З беднай расліннасцю. Жыццё красавала на Поўдні, а на Поўначы былі холад і пустэча, мёртвая зямля і чэзлая расліннасць. М. Стральцоў.

2. Хваравіты, слабы, кволы. У дзверы стукае вартаўніца — чэзлая, апранутая ў мужчынскі, да пят, кажух кабецінка — яна ўносіць запаленую лямпу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зме́ншыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.

1. Зрабіць меншым па аб’ёму, колькасці, велічыні. Зменшыць крок. □ Прыехаў новы гаспадар, пачаў наводзіць у фальварку новыя парадкі, зменшыў і без таго мізэрную плату парабкам, і бацька забраў Андрэя дахаты. Хадкевіч. [Жанчына] зменшыла агонь, каб не выкіпела ў кацялку страва, узяла граблі і пайшла насустрач незнаёмаму. Гурскі.

2. Зрабіць меншым па ступені, сіле, інтэнсіўнасці праяўлення. Кравец павёў пяц[ь] чалавек пад пільню, стараючыся загаварыць, каб зменшыць сваё хваляванне. Чорны. Алесь зменшыў імклівы бег машыны. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куро́дым і курады́м, ‑у, м.

Густы едкі дым пры тленні, гарэнні без полымя. Дол на грудку штогод засеян шышкамі. Іх хапае будачніку, каб па вясне капціць кумпякі, а ў чэрвеньскія вечары бараніцца ад камароў, заедзі куродымам. Навуменка. Ён мог сказаць, якім агнём гарыць дрэва: сіняватым — алешына, спачатку чырвоным з курадымам, а потым медным — бяроза, светлым і лёгкім — елка. Карпаў. // Асадак ад дыму; копаць, сажа. Агонь наш ужо нават не дыміўся. Пасярэдзіне вуголля стаяла чорная ад куродыму каструля. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лы́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае лысіну, з лысінай. У пакой увайшоў лектар, нізенькі чалавек у чорным і, здавалася, цесным касцюме. Ваданосаў.

2. Які мае белую пляму на лбе (пра жывёл). Лысае цяля. Лысая кабыла.

3. перан. Разм. Пазбаўлены расліннасці, покрыва; голы. Наперадзе тырчаў лысы курган, за якім пачынаўся папар. Гартны.

•••

І не лыс (лысы) — хоць бы што, нішто не дзейнічае на каго‑н.

Чорта лысага гл. чорт.

Чорту лысаму (аддаць, пакінуць і пад.) гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Зрабіць гладкім, роўным, ліквідаваўшы няроўнасці. Убілі .. [дарогу] і згладзілі мужыкі, возячы ў маёнтак бульбу. Чарнышэвіч. // перан. Прывесці да аднастайнасці, зрабіць аднолькавым ва ўсіх частках. Згладзіць стыль.

2. Ліквідаваць, разгладжваючы якія‑н. няроўнасці. Згладзіць маршчыны.

3. перан. Зрабіць што‑н. менш прыкметным, менш адчувальным; змякчыць. Згладзіць супярэчнасці. □ Анатоль, каб згладзіць няёмкасць, кінуўся да Іны, узяў з яе рук сумачку і летняе паліто, пацалаваў у руку. Ваданосаў.

•••

Згладзіць вострыя вуглы — змякчыць вастрыню рознагалоссяў, супярэчнасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)