прыво́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прыводзіць — прывесці (у 1 знач.).
2. Спец. Прымусовая дастаўка каго‑н. (абвінавачанага, сведкі і пад.) у выпадку адмаўлення прыйсці добраахвотна. // Арышт, затрыманне з дастаўкай у органы міліцыі або ў месца папярэдняга зняволення. Хуліган меў некалькі прыводаў.
прыво́д 2, ‑а, М ‑дзе, м.
Прылада для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма і пад. Электрычны прывод. Конны прывод. // Частка такой прылады ў выглядзе суцэльнага раменнага паса, які злучае машыну, механізм, станок і пад. з крыніцай энергіі. Дрэвы спілоўвалі і ручным спосабам і піламі з прыводам ад невялічкага маторчыка. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сашні́к, ‑а, м.
1. Рабочая частка сахі, культыватара, сеялкі — востры жалезны нарог, які падразае пласт зямлі знізу. Ён [Вяль] для сахі зрабіў стальныя сашнікі, Каб у палях глыбейшымі былі барозны, І меч стальны для мужнае рукі, Каб бараніць свой край, Як час надыдзе грозны. Зарыцкі.
2. Рабочы орган сеялкі, які праводзіць у глебе баразёнку, высявае насенне і засыпае яго зямлёй. Да цямна будуць бегаць за трактарам дзве сеялкі, кладучы ў зямлю радкамі праз віхлястыя сашнікі зерне за зернем. Ермаловіч.
3. Металічная пласціна ў лафета гарматы, якая не дазваляе гармаце адкочвацца пасля выстралу.
4. Вертыкальная перагародка, якая падзяляе нос на дзве часткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
серабры́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Серабрысты іней. □ Вярнуўся з космасу Гагарын на серабрыстым караблі. Машара. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Вялізны саган, пабліскваючы серабрыстай луской, пляснуўся ў кош. Асіпенка. // З сівымі валасамі, з сівізной. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай. Нікановіч.
2. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (пра смех, голас і пад.). Хай звініць серабрыстым смехам Залатога маленства пара. Глебка. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім паветры жаўранак. Мурашка.
3. Як складаная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Серабрыстая таполя. Серабрыстая ліса. Серабрысты трус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́ты 1, ‑аў; адз. няма.
Ячэйкі з воску, якія робяць пчолы і восы для захоўвання мёду і адкладвання яец. Рупная пчала Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. Багдановіч. [Чалавек] наглядаў.., як напаўняюцца янтарным мёдам тысячы васковых каморак-сотаў. Паслядовіч.
со́ты 2, ‑ая, ‑ае.
1. Ліч. парадк. да сто. Соты дзень. Соты вылет. // Шматлікі, незлічона. «І што яно будзе?» — у соты, у тысячны раз пытае сябе Пракоп і не знаходзіць адказу. Колас.
2. Які атрымліваецца пры дзяленні на сто. Сотая частка кіламетра. // Малы, нязначны. Не зроблена і сотай долі... А сіл ужо бракуе... крыўдна, горка! Гарбук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
том, ‑а; мн. тамы, ‑оў; м.
Частка якога‑н. збору твораў, што складае асобную кніжку, а таксама асобная кніжка якога‑н. выдання. Раман у трох тамах. Том энцыклапедыі. □ Паўспіраўшыся локцямі на маленькі столік, штосьці як бы разглядалі на ім чатыры дзяўчыны .. Антон Несцяровіч пайшоў проста к сталу і ўбачыў там разгорнуты том Маркса. Чорны. // Асобная кніжка ў якім‑н. зборы кніг, бібліятэчным фондзе. У калекцыі прадстаўлена каля 1000 тамоў, выдадзеных пачынаючы з X да першай чвэрці XVIII стагоддзя. «Звязда». // Кніга (звычайна тоўстая). Падвярнуўся мне на пазіцыі Абшарпаны старэнькі том Пра іспанскую інквізіцыю, Пра мадрыдскі таемны дом. Панчанка.
[Грэч. tomos — аддзел.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уда́рнік 1, ‑а, м.
Перадавы работнік сацыялістычнай вытворчасці, які перавыконвае нормы. Ударнікі калгасных палёў. □ Ударнік.., як на барыкаду, Вядзе на штурм прарываў Ударную брыгаду. Купала. Ударнік той, хто заўсёды і пры ўсякіх умовах паказвае іншым прыклад у рабоце, сам ідучы наперадзе. Арабей. // Пра перадавое прадпрыемства. Калійны камбінат з’яўляецца ўдарнікам будоўлі сямігодкі. «Звязда».
уда́рнік 2, ‑а, м.
1. Частка затвора агнястрэльнай зброі, прызначаная для ўдару па капсулі патрона.
2. Дэталь, прыстасаванне ў якім‑н. механізме, інструменце для атрымання гуку ўдарамі.
3. Разм. Музыкант, які іграе на ўдарных інструментах. Джазавы ўдарнік. □ [Яругіна] цягнула ў рэстараны, дзе джазавыя ўдарнікі выбівалі модныя рытмы. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узабра́цца, узбяруся, узбярэшся, узбярэцца; узбяромся, узберацеся; зак.
Намагаючыся, узысці, падняцца на што‑н., узлезці куды‑н., на верх чаго‑н.; ускарабкацца. Хто б ні прыехаў у горад, ён абавязкова ўзбярэцца на вал — адсюль відаць большая частка горада. Хадкевіч. Вось і дно яра, вось і яго правы адхон. Узабрацца на гэты адхон, і — адразу лес. Курто. Машына Сяргея ўзабралася на цвёрдую камяністую градку. Весялей запрацавалі колы. Астрэйка. / у перан. ужыв. Бывала, як выйдзе [Патапавіч] з хаты на досвітку, не снедаўшы, дык сонейка на поўдзень узбярэцца, пакуль прыйдзе. Кулакоўскі. // Абвіваючыся вакол чаго‑н., узняцца (пра расліны). І на сцяну Ужо ўзабраўся дзікі хмель. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фрыз 1, ‑а, м.
1. У архітэктуры — верхняя частка збудавання ў выглядзе паласы паміж галоўнай бэлькай і карнізам, звычайна ўпрыгожаная малюнкам. Дарычны фрыз. Арнаментальны фрыз.
2. У дэкаратыўнай скульптуры і жывапісе — выяўленчая ці дэкаратыўная кампазіцыя ў выглядзе гарызантальнай паласы, размешчанай на верхняй частцы сцяны ўсярэдзіне ці звонку будынка. А на сценах доўгі, .. і шырокі фрыз, на якім намаляваны высокія, у рост дзіцяці, казачна-бардовыя мухаморы. Караткевіч.
3. Аблямовачная арнаментальная паласа дывана, падлогі ці прадмета прыкладнога мастацтва.
[Фр. frise.]
фрыз 2, ‑у, м.
Уст. Грубая варсістая шарсцяная тканіна, падобная да байкі 2. Пакрывала з тоўстага зялёнага фрызу.
[Фр. frise.]
фрыз 3,
гл. фрызы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́зы, ‑ая, ‑ае.
1. Цёмна-шэры з сіняватым адлівам; шэра-блакітны. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў. На змярканні з-за лесу папаўзлі шызыя, змрочныя хмары. Быкаў. Сонна пакружыўшы над шызым кустом вярбы на лузе,.. [вароны] таксама моўчкі разляцеліся ў розныя бакі. Ігнаценка. // З сіняватым адлівам (пра колер скуры). Чырвоны твар Пачулія стаў шызым. Самуйлёнак. Сашунчык ці «Казлянятка» — гэта Аляксандр Пятровіч Казлоў — франт перадпенсійнага ўзросту з шызым носам. Вірня. Першы ўкаціўся ў кабінет Гамбіцкі, нізкі, тоўсты, з галавой-шарам, бліскучым, аж шызым ад частага галення. Шамякін.
2. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Шызы голуб. Шызая чайка. Шызая плесень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экспазі́цыя, ‑і, ж.
1. Уступная частка літаратурнага твора, у якой апісваюцца абставіны, што папярэднічаюць пачатку дзеі, развіццю сюжэта. Экспазіцыя рамана. // Першы раздзел музычнага твора (санаты, фугі), дзе выкладаюцца асноўныя тэмы.
2. Размяшчэнне ў пэўнай сістэме якіх‑н. прадметаў, экспанатаў для агляду. Новая экспазіцыя выстаўкі. Экспазіцыя спектакля. // Самі прадметы, часткі, размешчаныя ў пэўным парадку, у пэўнай сістэме, а таксама месца, дзе яны размешчаны. Пашырыць экспазіцыю музея. □ Домік [Э. Ажэшка] ў Гродне цудам ацалеў у час вайны, але экспазіцыю музея фашысты разрабавалі дашчэнту. «Помнікі».
3. Спец. Колькасць асвятлення, якую атрымлівае святлоадчувальны матэрыял у час фатаграфавання. // Час, на працягу якога аб’ектыў фотаапарата застаецца адкрытым. Кароткая экспазіцыя. Час экспазіцыі.
[Лац. expositio — выкладанне, наказ.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)