Базла́ць ’моцна крычаць’ (Сцяшк. МГ). Параўн. рус. дыял. базла́ть ’ілгаць’, базли́ть, базла́нить, база́нить ’крычаць’, базло́ ’горла’. Слова няяснага паходжання. Агляд розных версій гл. Бернекер, 47; Фасмер, 1, 106. Магчыма, гукапераймальнага паходжання, як і грэч. βάζω ’гавару, базікаю’ (аб грэч. слове гл. Фрыск, 1, 206–208). Сюды ж можа адносіцца і базі́каць ’гаварыць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бараба́ншчык. Рус. бараба́нщик. Натуральна гэта слова можна лічыць вытворным ад бараба́н (гл.). Але ёсць думка, што гэта запазычанне з цюрк. *darabančy (ад daraban ’барабан’). Так Залеман (аб гэтым гл. ИОРЯС, 10, 2, 76). Сумняваецца Шанскі, 1, Б, 37 (лічыць, што тут утварэнне суфіксам ‑щик ад бараба́н). Цюрк. версію можа падтрымліваць укр. бараба́нчик ’барабаншчык’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барка́на́ ’морква’ (Касп.). Рус. борка́н, барка́н, бурка́н ’тс’. Слова няяснага паходжання. Некаторыя версіі (напр., прыбалт.-ням. крыніцу: Burkan, Burkane і г. д.) прыводзіць Фасмер, 1, 194. Іначай Буга, Rinkt., III, 771, які лічыць, што *bъrk‑аnъ і *mъrky ’морква’ аднаго паходжання (з невядомай сёння прыбалтыйскай мовы, у якой была змена mb).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бек ’князь’. Рус. бек, укр. бек і г. д. (балг. бег, серб.-харв. бе̏г, алб. beg, венг. bég). Запазычанне з цюрк. моў. Цюрк. слова — роднаснае тур. bey. Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 20; Шанскі, 1, Б, 82. Параўн. тур. (старое) beg, уйг. bäg, чагат. bäk і г. д. Гл. яшчэ Локач, 24; MESz, 1, 267.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бето́н. Рус. бето́н (з першай палавіны XIX ст.), укр. бето́н. Запазычанне з ням. Beton (або прама з франц. béton, якое з’яўляецца крыніцай і для ням., гл. Клюге, 71). Фасмер, 1, 162; Шанскі, 1, Б, 112, гл. яшчэ MESz, 1, 290–291. Франц. béton < лац. bitumen ’бітум’. Бел. слова запазычана, відаць, праз рус. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мартапля́сы ’махры, ніткі, абрыўкі ў падранай вопратцы, мяшку, абрусе’ (карэліц., Янк. Мат., Жыв. сл., Сл. ПЗБ), стаўбц. мартыпля́сы ’тс’ (Жыв. сл.), ’упрыгожанні, карункі’ (дзятл., Сцяшк. Сл.), ’выкрунтасы’ (Нар. Гом.). Укр. мартопляс ’фігляр, вертапрах’. Складанае слова. Першая частка з морх‑ (параўн. ст.-рус. морхъ ’махры, абрыўкі тканіны’, а другое — з хлясь!, хлясцік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мусоліцца ’забруджвацца ад неахайнага карыстання, зашмальцоўвацца’, мусоліць ’часта дакранацца насліненымі або бруднымі пальцамі’ (ТСБМ). Не зусім яснае слова. Рус. муслить, мусолить, муслякать ’тс’. Магчыма, генетычна звязаны са ст.-грэч. μύδος ’вільгаць, гніллё’, μύζω, μυζάω ’смакчу’, ст.-інд. mudirás ’хмара’, с.-ірл. muad ’тс’, новав.-ням. Schmutz ’гразь, бруд’ (Фасмер, 3, 16–17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аванту́ра (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Гарэц.), авантурнік (Бяльк., Касп., КЭС), авантурыць (Бяльк.). Словаўтваральныя тыпы і фанетыка сведчаць аб запазычанні з польскай (XVII–XVIII стст.), у польскай мове з франц. avanture, якое ў сваю чаргу з с.-лац. adventura (< advenire ’адбывацца’), а, магчыма, польскае слова непасрэдна з лацінскай мовы. Шанскі, 1, А, 26.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дуча́й ’адтуліна ў верхнім камені жорнаў’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дуча́й ’тс’. Запазычанне з польск. duczaj ’тс’ (а гэта з італ. doccia ’водаправодная труба, жолаб’). Падрабязны агляд форм і семантыкі гл. у Фасмера, 1, 556; вельмі дэталёва Слаўскі, 1, 176. Іначай аб паходжанні польск. слова Брукнер, 102 (лічыць слав. словам; непераканаўча). Параўн. ду́чка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабя́лак ’скрутак’ (зэльв., Жыв. сл.). Запазычанне з польск. kobiałka (аб распаўсюджанні і значэннях гл. Mały atłas gwar polskich, т. III, к. 123). Не выключана, што ў якасці непасрэднай крыніцы была гутарковая форма тыпу kobiałek ’тс’. Польск. слова — памянш. ад kobieł ’кашолка і інш.’, аб некаторых цяжкасцях у тлумачэнні словаўтварэння гл. Слаўскі, 2, 295.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)