душа́, ‑ы; мн. душы, душ; ж.

1. Паняцце, якое выражала гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл (у дыялектычным матэрыялізме слова «душа» ужываецца толькі як сінонім паняцця «псіхіка»). Сама старая ніяк не магла заснуць. Збунтаваў ёй усю душу гэты хлопец. Брыль. Недзе ў глыбіні душы успыхнулі крыўда і рэўнасць. Шамякін. // У ідэалістычнай філасофіі — нематэрыяльная аснова жыцця чалавека, носьбіт псіхічных працэсаў. // У рэлігійных уяўленнях — бессмяротная нематэрыяльная першааснова ў чалавеку, якая адрознівае яго ад жывёл.

2. Сукупнасць характэрных рыс, уласцівых асобе; чалавек з тымі ці іншымі ўласцівасцямі. Чалавек добрай душы. Сціплая душа. // Пра сардэчнага, добразычлівага чалавека. Душа-чалавек. // Пачуццё, натхненне; тэмперамент. Іграць з душой. □ Урэзалі музыкі мяцеліцу, і ўсе закруціліся па хаце, у каго душа была. Гарэцкі.

3. Разм. Чалавек. Ні адна душа ведаць не будзе. □ На лузе — ні душы. Брыль. // Пра чалавека як адзінку насельніцтва. Сям’я з трох душ.

4. перан. Натхніцель, арганізатар чаго‑н. Душа ўсёй разведкі — Маруся. Брыль.

5. (звычайна са словам «мая»). Разм. Сяброўскі фамільярны зварот да каго‑н. — Паглядзі, душа мая, што гэта робіцца ў нашым царстве... Якімовіч.

6. Тое, што і дух (у 2 знач.). Слабым душой здавалася ў той год, Што і змагацца больш ужо не варта. З. Астапенка.

•••

Адвесці душу гл. адвесці.

Аддаць богу душу гл. аддаць.

Адзін (адна, адно) душою гл. адзін.

Адкрытая душа — пра адкрытага, чэснага, прамога чалавека.

Адкрыць (раскрыць) душу гл. адкрыць.

Адпусціць душу на пакаянне гл. адпусціць.

Ад (усёй) душы — шчыра, усім сэрцам.

Браць (узяць) грэх на душу гл. браць.

Браць (узяць) за душу гл. браць.

Выматаць усю душу гл. выматаць.

Выняць душу гл. выняць.

Вытрасці душу гл. вытрасці.

Да глыбіні душы гл. глыбіня.

Для душы — для задавальнення ўнутраных, духоўных патрэб.

Душа апала — тое, што і сэрца апала (гл. сэрца).

Душа (сэрца) баліць (ные) — а) чыя, у каго хто‑н. перажывае, зведвае душэўныя мукі. Як успомніш былое, душа баліць; б) за каго-што непакоіцца, перажываць за каго‑, што‑н. Душа баліць за сына.

Душа наросхрыст — пра адкрытага, шчырага чалавека.

Душа (сэрца) не ляжыць да каго-чаго — няма цікавасці, прыхільнасць сімпатый да каго‑, чаго‑н.

Душа не на месцы — пра пачуццё трывогі, непакою.

Душа ў душу — дружна, у поўнай згодзе (жыць, дзейнічаць і пад.).

Душа ў пятках (у пяткі) — хто‑н. адчувае моцны страх.

Душой і целам — цалкам, поўнасцю.

Загавець душой гл. загавець.

З адкрытай душой — шчыра, нічога не тоячы.

Закінуць іскру ў душу гл. закінуць.

Залезці (улезці) у душу гл. залезці.

За мілую душу — з задавальненнем.

Заячая (зайчыная) душа — пра палахлівага чалавека.

З дарагой душой — ахвотна.

З душы верне гл. вярнуць.

З лёгкай душой — тое, што і з лёгкім сэрцам (гл. сэрца).

Крывая душа — пра няшчырага, крывадушнага, хітрага чалавека.

Крывіць душой гл. крывіць.

Лезці ў душу чыю гл. лезці.

Мёртвыя душы — пра людзей, якія толькі фіктыўна лічацца дзе‑н.

Напляваць у душу гл. напляваць.

(Не) мець за душою гл. мець.

Ні адной жывой душы — нікога, ні аднаго чалавека.

Ні капейкі за душой гл. капейка.

Няма за душой гл. няма.

Па душы каму (у знач. вык.) — па густу, падабаецца.

Па чыю душу (жарт.) — па каго‑н.

Стаяць над душой у каго гл. стаяць.

У глыбіні душы гл. глыбіня.

У душы — у думках, унутры.

Хварэць душой гл. хварэць.

(Хоць) душа вон — нягледзячы ні на што, абавязкова.

Цягнуць за душу каго гл. цягнуць.

Чарнільная душа (уст.) — пра канцылярскага чыноўніка-фармаліста.

Чортава душа — пра каго‑н. упартага, непаслухмянага, шкадлівага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адпраўляючыся куды‑н., не ўзяць з сабой. У воласці пакінулі мы цэлую звязку кніг і газет. Чорны. Жаль.. [Марыны Паўлаўны] змяніўся на турботнае ваганне, ці пакінуць тут д[а]ччыну картку, ці ўзяць з сабой. Зарэцкі. // Часова змясціць куды‑н. [Марыся:] — Ідзём адгэтуль... Я пакінула ў сенцах свае рэчы і хачу без сведак пагаварыць з бацькам. Бажко.

2. Адпраўляючыся куды‑н., аддаць, перадаць каму‑н. Ад’язджаючы зноў у Данбас, брат пакінуў Васілю гармонік. Кавалёў. // Перадаць у спадчыну. — Тата, калі паміраў, то пакінуў усё мне, — сказаў Андрэй як мага спакайней.. — Я цяпер гаспадар у хаце. Чарнышэвіч.

3. Прыберагчы, адкласці, схаваць для каго‑, чаго‑н., з якой‑н. мэтай. Пакінуць агурок на насенне. □ Дзяўчаты трошкі паелі і пакінулі яшчэ на раз. Няхай. Грошы .. [Марына Паўлаўна] падзяліла на дзве роўныя часткі і адну пакінула сабе, а другую паслала дачцэ. Зарэцкі.

4. Выйсці, пайсці адкуль‑н. (часова або назаўсёды). У канцы сакавіка, калі сонца пачало прыграваць і снег паступова сышоў, мядзведзіца пакінула сваю бярлогу. В. Вольскі. // Адказацца ад чаго‑н., звольніцца, пайсці з якой‑н. работы, пасады і пад. Казлоўскі паходзіў з прыгонных сялян. Пасля паўстання пакінуў духоўны сан і стаў настаўнікам. Г. Кісялёў. За тыдзень да заняткаў.. Аляксей пакінуў працу ў МТС. Шамякін. // Перастаць удзяляць увагу каму‑, чаму‑н. Пакінуць чалавека аднаго з яго невясёлымі думамі.. [хлопцы] не маглі. Шахавец. Міхал Шарупіч якраз браў пробу і не мог пакінуць электрапечы. Карпаў. // Пайсці ад каго‑, чаго‑н., расстацца з кім‑, чым‑н. Прыйшла дачка. Пакінуў муж — Свавольніца яна. Непачаловіч. // перан. Перастаць існаваць у кім‑н., знікнуць (пра думкі, пачуцці і пад.). Сышоўшы на перон, Рыта разгубілася. Рашучасць пакінула яе. Навуменка. Таго ніколі не пакіне Юнацкі, Вечна весні ўздым, — Хто аддае, Як дар краіне, Жыццё дарэшты — маладым! Гілевіч.

5. Прымусіць або прапанаваць застацца дзе‑н., працягваць знаходзіцца ў якім‑н. месцы. Цяпер толькі зразумеў хлапчук, навошта яго пакінулі дома. Пальчэўскі. Тарас здаў дзяржаўныя экзамены на выдатна, яго пакінулі ў аспірантуры. Гурскі.

6. Захаваць у якім‑н. стане, не змяніць чыйго‑н. стану, становішча. Дворнік пакінуў браму адпёртаю і пайшоў спачываць пасля бяссоннай ночы. Гартны. Платон разгарнуў пакунак і так пакінуў. Чарнышэвіч.

7. Прызначыць кім‑н., у якасці каго‑н. Купрыянчыка пакінуў дзед Талаш за правадніка, каб паказаць дарогу вартавым чырвонаармейцам. Колас. Карла парашылі пакінуць тут за гаспадара. Маўр.

8. (ужываецца з адмоўем). Абмінуць, абысці, не крануць. [Максім:] — Ні хаты, ні кусціка, ні дрэўца не пакінула ў.. [сяле] вайна. Кудравец. Сілівону Лагуцьку было больш за семдзесят, але здавалася, што гады прайшлі пад ім, не пакінуўшы ні следу, ні знаку. Лынькоў.

9. з інф. Спыніць якое‑н. дзеянне, занятак. Пабліжэнне восені ўжо адчувалася ў прыродзе. Зніклі жаўранкі, пакінулі стракатаць конікі. Чарнышэвіч. Гадоў васемнаццаці.. [Лешак] пакінуў вучыцца і ўзяўся за гаспадарку. Брыль. [Леў Раманавіч:] — Пакінем пра гэта гаварыць. Усё ў свой час... Асіпенка.

10. Выклікаць што‑н. пасля сябе, паслужыць прычынай з’яўлення чаго‑н. Першая паездка па возеры пакінула непрыемнае ўражанне. Самусенка.

11. Не даць чаго‑н., пазбавіць чаго‑н. Пакінуць ліст без адказу. Пакінуць без абеду. □ [Зыгмусь:] — Ніяк няможна пакінуць нашу зямлю без вільгаці. В. Вольскі.

12. заг. пакі́нь(це). Ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н., патрабавання спыніць размову пра што‑н. [Мікола:] — Э, пакінь! Нашла каго ўгаворваць. Гэта ж яшчэ дзіця... Гартны. // Ужываецца для выражэння просьбы, патрабавання не чапаць каго‑, чаго‑н., не турбаваць каго‑н. — Пакінь кпіць, — перапыніў.. [Надзю] Вошкін і на хвілінку насупіўся. М. Ткачоў.

•••

Каменя на камені не пакінуць — а) ушчэнт разбурыць; б) бязлітасна раскрытыкаваць.

Пакінуць гэты свет — памерці.

Пакінуць з носам — абдурыць, падмануць каго‑н.

Пакінуць у дурнях — падмануць, паставіць у смешнае, няёмкае становішча каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скруці́ць, скручу, скруціш, скруціць; зак., каго-што.

1. Круцячы, туга звіць што‑н. Скруціць вяроўку. // Зрабіць што‑н. шляхам скручвання, згортвання. Ігнат Андрэевіч адчыніў скрыначку, адарваў ражок газеты і скруціў цыгарку. Шамякін. [Валодзя] заўважыў, як Геня Шыдлоўскі ў час урока фізікі скруціў з паперы галку і закінуў за каўнер Аліку Рагачэўскаму. Якімовіч. З пяску пугі не скруціш. Прыказка. // Скачаць трубкай; скласці, загінаючы ўсярэдзіну краі чаго‑н. Маці ўзяла блін, скруціла, памачыла ў смятану ды .. Эдзіку проста ў рот. Дубоўка. — Падумаю, — сказала .. [Ева]. Хуценька скруціла малюнак і паклала яго на палічку над сталом. Маеўская. Грыбоўскі скруціў і запхнуў у кішэню пустую торбу, устаў. Курто.

2. Зматаць, навіць на што‑н. Скруціць вуду. Скруціць спінінг.

3. Згінаючы, заломваючы што‑н., пераблытаць, сплесці. Навальніца з градам Каласы скруціла, Ветрам паламала, Дожджыкам прыбіла. Колас. // Моцным павевам сарваць. Нечакана вырваўся з поўначы халодны вецер, скруціў не апаўшае яшчэ з дрэў лісце. Васілевіч. / у паэт. ужыв. Скруціла бура дубу чуб, Гняздо зімой сарвала ветрам. Свірка.

4. Звязаць, пазбавіўшы каго‑н. мажлівасці прымяняць фізічную сілу. Камсамольцы-дружыннікі адабралі зброю, скруцілі забіяку і перадалі ў міліцыю. Дуброўскі.

5. перан. Перамагчы, скарыць. [Якуб Колас:] — Я проста быў упэўнены, што мы скруцім Гітлеру рогі, і дачакаўся гэтага. Рамановіч. // Прымусіць падпарадкавацца, узяць верх над кім‑н. Скруцілі нашага старшыню з яго характарам у дзве столкі. Навуменка. // Паставіць каго‑н. у цяжкія ўмовы. Жыццё цябе часам так скруціць, што не думаеш нават, як і навошта жывеш. Асіпенка.

6. перан. Адолець, прыкаваць да пасцелі (пра хваробу). Есіф Голанд не спаў: яго скруціла задышка. Кашаль падымаў яго ноччу з пасцелі многа-многа разоў. Чарнышэвіч. Скруціў старую маці раматус, зароблены на працы ў чужых гаспадарках. Корбан. / у безас. ужыв. [Бабуля:] — А я от тут нядаўна чуць не памерла. Як ўзяло мяне, як скруціла, насілу і вылузнулася. Палтаран.

7. перан. Не выплаціць грашовы доўг, не аддаць належнае. Сухавеі не толькі скруцілі і не аддалі ім грошы, што пазычалі на зямлю, але і на кожным кроку стараліся ашукаць Раманоўскіх. С. Александровіч. [Андрэй:] — Сёмы год [Хвядос] газеты носіць і яшчэ ніводнай не скруціў. Скрыпка. // Паабяцаць, а потым не выканаць абяцанага (пра вяселле, уваходзіны і пад.). [Жанчына:] — Напэўна абодва хочаце вяселле скруціць... Васілевіч. Сямён .. пажартаваў: — Пагуляем на ўлазінах, таварыш старшыня? Ён нас запэўніў: — Ды ўжо ж, не скручу, не бойся. Савіцкі. // Змахляваць; недадаць, аблічыць. [Радзівоніха:] — Падлетка не пашлеш у мястэчка, бо там яго кругом ашукаюць: і налічаць больш чым трэба, і на вазе скруцяць... Чарнышэвіч. [Максім:] — Праўда, пры канчатковым разліку ўсё ж скруціў той скупеча залатовак пяцьдзесят. Машара.

8. Зняць што‑н., пакручваючы. Скруціць з пальца пярсцёнак. □ Дзед з ахвотаю даў Язэпку ножык. І нават сам зацікавіўся дудкаю, даваў парады, як лепш скруціць кару. Якімовіч. // Сашрубаваць. Скруціць гайку з шрубы.

9. Сапсаваць, неасцярожна ці доўга круцячы. [Прыбіральшчыца:] — Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй. Пальчэўскі. Дзед .. даверыў мне заводзіць грамафон і даглядаць яго, а да гэтага ён нікога не падпускаў і блізка, каб не скруцілі спружыну. Рамановіч. // перан. Зглуміць, сапсаваць (жыццё і пад.). [Дарота:] Адну дачку я маю і скруціць жыццё ёй не дазволю. Клімковіч. // перан. Перайначыць былы парадак, арганізацыю працы. Тыя гады ўзімку ўжо кожны трактарыст ведаў сваё месца. А гэта зламалі ўсё, скруцілі. Ермаловіч.

10. Выкруціўшы стрыжань, з тонкага ствала вярбы, лазы і пад. зрабіць дудку, свісток. Скруціць свісток. □ [Лявонка:] І дудку скруцім, іграць будзем!.. Чарот.

•••

Скруціць дулю (кукіш, фігу) — зрабіць жэст, склаўшы тры пальцы ў выглядзе кукіша, у знак пагардлівай адмовы.

Скруціць (зламаць) сабе галаву (шыю) — загінуць; пакалечыцца.

Скруціць у бараноў (казіны) рог — тое, што і сагнуць у бараноў (казіны) рог (гл. сагнуць).

Скруціць чорту рогі — аказацца надзвычай дасціпным, спрытным, дужым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сці, трасу, трасеш, трасе; трасём, трасяце; пр. трос, трэсла; незак.

1. каго-што. Тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз. Была вайна. Была бяда. За грудзі маці часта трэсла І пагражала: — Бацька дасць Табе, хай толькі прыйдзе, неслух... Ляпёшкін. // Ціснуць, паціскаць руку, рукі каму‑н. у знак прывітання, падзякі, віншавання і пад. Камандзір зразумеў, усміхнуўся, падбег да высокага чалавека, схапіў яго за руку і пачаў трэсці. Чорны. — Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. Васілевіч. // Выклікаць дрыжанне чаго‑н. (моцным ударам, выбухам і пад.). [Насця:] — У нас тут дома неспакойна — Падходзіць фронт, бягуць усе, Гарматны гук зямлю трасе. Колас. І раптам адзін, другі, трэці выбух трасе сцены тэатра і срабрыстыя калоны падаюць, трушчачыся, на гледачоў. Мікуліч. // Калоцячы дрэва, прымушаць падаць плады. Чутно, непадалёку ходзіць лівень — Гром мячыкі качае па страсе. А тут такі сухмень, што жнівень Зялёныя антонаўкі трасе. Чэрня. / Пра вецер, буру і пад. Парывісты вецер трос прысады ля хаты, гнаў перад сабой пыл. Паўлаў. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

2. (звычайна безас.), каго-што і без дап. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе). [Янкель:] — А вы, жанчынкі, прагуляліся б да хвойнічку, пашукалі б грыбкоў!.. А то дарога калдобістая, будзе трэсці, без прыпынку аж да вёскі Касачы паедзем! Гурскі. Алеся вязе Рыгора з сабою — сена мяккае, духмянае, поўны воз наклаў яго ў дарогу сябра Лявон, каб не трэсла. Скрыган.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым‑н. Трэсці нагою. Трэсці кулаком. □ — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З унукам пастараліся. Не будзе больш шастаць дзе не след. Даніленка. Коні, і тыя трасуць галовамі, прынюхваюцца і падаюцца бліжэй да вогнішча. Васілевіч. // Размахваць чым‑н. Бачыць лётчык — там унізе Нехта шапкаю трасе, Просіць помачы на крызе, А вада яго нясе... А. Александровіч.

4. што. Перамешваючы, прыгатоўваць што‑н. [Гвардыян:] — Як прыйдзе Папас — хай ідзе [трушанку] трэсці. Зарэцкі.

5. што. Разм. Іграць, танцаваць з элементамі патрэсвання. Трасе «трасуху» на старой скрыпцы дзядзька Цімох. Гарэцкі.

6. каго-што і без дап. Разм. Рабіць вобыск. [Бабка Наста] расказала і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас. У Вілюгі на другі дзень пасля арышту Сяргея быў вобыск. Трэслі ў хаце, у хляве. Навуменка. Жаўнеры шукалі зброю, трэслі вазы, забіралі жывёлу, пускалі ў ход шомпалы і бізуны. С. Александровіч. // перан. Дасканала, дэталёва вывучаць што‑н. Трэслі пільна мы навук законы і трактаты розных мудрацоў, скідвалі паэтаў ненадзённых і часамі ўзносілі іх зноў. Русецкі.

7. каго. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Крыху раней, дні за чатыры, цяжка захварэў .. намеснік [Маскаленкі], якога пачала трэсці малярыя. Мележ. — Скрыдлаўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго, — ціха засмяяўся Мітрафан, — завіхаюцца і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе. Бажко. // безас. Пра дрыжыкі, зведаныя кім‑н. Усяго .. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў.

8. перан.; каго-што. Выклікаць змены, пазбаўляць ранейшага спакою. Не для гэтага бура Імперыю трэсла, Каб змяніць рэвалюцыю Мірненькім маршам Ад прастола цара Да прэм’ерскага крэсла. Глебка. // Разм. Часта турбаваць каго‑н., не даваць спакою. Тут і пачалі нашага старшыню з усіх бакоў трэсці. У газетах аб ім пішуць, па радыё гавораць, на розныя сходы запрашаюць. «Вожык».

9. што. Разм. Узмахваючы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. [Маці:] — Лён трэсці будзем. М. Ткачоў.

•••

Латамі трэсці — а) бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы; б) наўмысна паказваць беднасць.

Трэсці (калаціць) кішэні — выдаткоўваць грошы, выдаткоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, ад якога нічога не аддзелена; не падзелены, не раздробнены. Узяць цэлым кавалкам. □ Зарачанскай бабе за тое, што паказала брод праз раку, далі ў аддзяку цэлы сувой ангельскага сукна. Каваленка. Дзеці вестку пра дажынкі сустрэлі па-свойму. — Ну, увесь дзень не буду нічога есці, — гаварыў Уладзік. — Тады цэлы пірог з’ем... С. Александровіч. // Напоўнены да краёў, запоўнены поўнасцю; поўны. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў [Міколка з бацькам] дасталі. Лынькоў. Летась на ёй ужо больш яблык было, цэлы кошык. Кулакоўскі. // Увесь ад пачатку да канца (пра адрэзак часу). Кожныя шэсць дзён [Зося] чакала сёмага, нядзелі, а тады з самага рання старалася пайсці на цэлы дзень дадому. Чорны. Пра гэта мне сказалі не толькі Арцюк, Павел Адамавіч, камбрыг, але і маёр, які прылятаў з Вялікай зямлі і цэлы тыдзень вучыў нас, партызанскіх разведчыкаў і сувязных. Шамякін. Цэлы дзень у гушчары Чутны крыкі дзетвары. Гілевіч. Цэлы дзень у пошуках дзічыны я блукаў аднойчы па тайзе. А. Вольскі. Стары Нічыпар, бывае, цэлы вечар .. прасядзіць над рэчкаю. Баранавых. // На ўсёй адлегласці; на ўсю адлегласць (пра месца, прастору). [Зелянюк:] — Мы зробім так, што гэта будзе ўзорны калгас на цэлы раён. Зарэцкі. На цэлыя вёрсты і мілі Разносіла пах сенажаць. Колас. Да паўдня калона расцягнулася, можа, на цэлую вярсту. Навуменка.

2. Ужываецца пры абазначэнні вялікай колькасці чаго‑н., вялікіх памераў, аб’ёму чаго‑н. Накапаць цэлую гару зямлі. □ У раёне дзеду пашанцавала: ён прывёз аж цэлых дзесяць новых вулляў. Якімовіч. — Людзі ёсць. Цэлы полк, — прыцішана і неяк сухавата адказаў Пішчыкаў. Алешка. Да сянец дабудавалі яшчэ цэлую хату. Гаўрылкін. // Які па значнасці, складанасці нагадвае сабой што‑н.; сапраўдны. Цэлая гісторыя. □ Пра падпольшчыка, якога называлі Жан, хадзілі па горадзе і яго ваколіцах цэлыя легенды. «Звязда».

3. Не пашкоджаны, не сапсаваны, не разбураны. Мы агледзелі аленя. Гэта быў малады самец. Частка яго тулава, галоўным чынам пярэдняя, была з’едзена рыссю, але ўся задняя палова і ногі былі зусім цэлыя. В. Вольскі. Расхлябаныя вокны і дзверы Антоніо залатаў і замацаваў планкамі і жалезкамі, а потым паступова дробныя кавалкі шкла замяніў цэлымі шыбамі. Маўр. // Не зношаны, не парваны (пра адзенне, абутак). Куплю яшчэ кажух белы Дый армяк суконны цэлы. Цётка. // Які не прапаў, збярогся. — Усё [начынне] цэлае. Ніхто не лазіў, — заключыў Воўка. Няхай.

4. Не паранены, здаровы. Цяпер-то ён [Грэчка] хоць ведае, што будзе цэлы... Аднаму, як ні кажы, лягчэй уратавацца, на сябе можна паспадзявацца. Мележ. Андрэй падумаў быў, што трэба вярнуцца дамоў, пакуль цэлы. Збягуцца ваўкі з усяго лесу — у лазню не схаваешся. Пташнікаў. [Вісарыён:] — Ты не стагні, ты цэлы, толькі гузоў пэўна багата набраў! Самуйлёнак. І козы цэлыя і воўк сыты. Прымаўка.

5. Якому ўласціва адзінства, цэльнасць. Горад шумеў, як дзень, так ноч, тысячамі галасоў.. Усё гэта збівалася ў нешта адно цэлае, і ўся гэтая стракатасць грамады біла ў вочы... Колас. // у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Сукупнасць чаго‑н., што ўспрымаецца як нешта адзінае. Насельніцтва гарадоў не з’яўлялася аднародным цэлым. Алексютовіч. Пры ўсёй ідэйна-тэматычнай разнастайнасці цыкл [Я. Купалы «На заходнебеларускія матывы»] ўспрымаецца як адзінае мастацкае цэлае. Гіст. бел. сав. літ.

6. Які не мае дробу (пра лік, велічыню). Цэлыя лікі.

7. у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Не сшытае, без швоў месца ў адзежы. Разарваць па цэламу. □ Гаворыць па беламу, а ломіць па цэламу. З нар. // Не падраны. Хто цэлага не бачыў, той і латанаму рад. Прыказка.

•••

Век цэлы гл. век.

У цэлым — а) ва ўсёй сукупнасці, цалкам. Рэдактар адказвае за ўвесь нумар газеты ў цэлым; б) увогуле, без падрабязнасцей. У цэлым гэта бясспрэчна так. Ліс.

Цэлая гадзіна гл. гадзіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калодзеж1 ’вузкая, глыбокая яма, звычайна ўмацаваная ад абвалаў зрубам, трубамі для здабывання вады з ваданосных слаёў зямлі’, ’студня з калаўротам або асверам для чэрпання пітной вады’ (БРС, ТСБМ; рэч., Маш.; Нас.), калодзезь ’тс’ (БРС, ТСБМ, Бір., Шушк., Яруш.), калодзейзь ’тс’ (ДАБМ), калодзезь ’тс’ (Касп., Сержп., Сцяшк.), калодзец ’тс’ (Нік., Оч.?; лаг., тур., Яшк.), калодзёдзь ’тс’ (жытк., Яшк.), калодзіж ’тс’ (Бяльк.; сак., Федар.; Шат.; гор., Яруш.), калодзісь ’тс’ (Бяльк., Сержп. Прымхі, Сцяц.), калодзядзь ’тс’ (малар., Нар. лекс.), колодзяж ’тс’ (Маш.), калодзясь ’тс’ (чырв., ваўк., Бір. Працы ІМ, 6, Сцяшк.), далей, магчыма, колодзезь ’крыніца’, параўн. у Радчанкі, 111: «A в лузе, в лузе, красна калина, Под тою калинкою колодезь тече», таксама калодзеж ’крыніца на ўзвышшы ў выглядзе азярыны з мноствам пульсуючых струменяў, паверхня вады ў якой мае блакітны колер’, ’вельмі глыбокае прыроднае возера з цёмнай паверхняй вады’ (слаўг., Яшк.), ’невялікая мінеральная крыніца на высокім месцы’ (жытк., Яшк.), сюды ж і празрысты перанос колодзязь ’зруб хаты’ (жытк., Нар. сл.), калодзезь, калодзясь, колодэзь ’студня’ (Сл. паўн.-зах.), калодзісь ’укладка дроў квадратнай формы’ (кар.); калодзезь і колодзедзь ’студня’ і ’зруб’ (ТС). Аб размеркаванні лексем гл. яшчэ ДАБМ, к. 241, а таксама Камент., 806–807, дзе агляд канкрэтных форм. Укр. колодзязь ’студня’, бойк. колодʼац ’крыніца’, рус. колодец ’студня’, алан. колодез, курск. колодезь, смал., кур., разан., тамб. колодесь, калодезь ’зліццё многіх крыніц у адзін ручай, які ўпадае ў раку’, сарат., тульск., вяц., паўдн.-уральск. колодец ’крыніца’, арханг. колодцы ’крыніцы, якія зліваюцца разам і даюць пачатак рацэ’, арханг., маск., ’незарослы травой правал у балоце’, разан. ’зруб’. Дакладны адпаведнік таксама ст.-слав. кладѧзь, у слоўніках звычайна прыводзяць серб.-харв. кла̏денац ’калодзеж’ і ’крыніца’, макед. кладенец, балг. кладенец ’крыніца, студня’ а таксама славен. kladénec. Апошняе, паводле Безлая, 2, 35, новакніжнае з серб.-харв., а форма kladez, якая таксама згадваецца ў некаторых слоўніках, узнікла пад уплывам ст.-слав. лексемы. У серб.-харв. адзначана яшчэ форма хладенац ’студня’, а ў балг. гладенец і гладнец. Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць слова ў заходніх славян (і фактычна ў славенцаў), што хутчэй за ўсё сведчыць аб даўняй дыялектнай асаблівасці (яшчэ праславянскага перыяду). Гэта назва студні ў слав. мовах аналізавалася ў шматлікай літаратуры. Гіпотэза аб запазычанні слова з герм. моў (з гоцкай) падтрымлівалася і падтрымліваецца шэрагам этымолагаў. Аргументацыя пабудавана галоўным чынам на словаўтваральным крытэрыі (суфікс у прасл. koldęzъ не з’яўляецца тыповым) і пашыранай у герм. мове і іншых мадэлі, паводле якой суадносяцца семемы ’калодзеж’ і ’холад’. Параўн. агляд літ-ры ў Фасмера, 2, 293. Аднак і «германская» крыніца не з’яўляецца бездакорнай. Так, Кіпарскі (Gemeinslav. 38) адзначаў, што ў германскай мове не знойдзена ніякіх слядоў мяркуемай праформы *kaldingaz, kaldingiz, параўн. Мартынаў, Лекс. взаим., 65–68. Па сутнасці, рэальныя факты (дац. kilde ’крыніца’ і нек. інш.) хутчэй з’яўляюцца магчымымі семантычнымі адпаведнікамі, а не словаўтваральнымі. Словаўтваральную варыятыўнасць слова (параўн. нашы прыклады) нельга вытлумачыць, зыходзячы толькі з адзначанай герм. праформы. Славянская этымалогія будуецца на празрыстай сувязі з kolda ’бервяно і да т. п.’ Пры гэтым, напрыклад, Буга (1, 582) спасылаецца на такую семантычную паралель, як літ. šulinỹs ’студня з жураўлём’ пры šùlas ’стоўп і да т. п.’ Аб сувязі з kolda меркавалі таксама Брукнер (ZfslPh, 6, 65), Кіпарскі (ВЯ, 1956, 5, 134 і ў іншых працах), Скок (2, 87). Разам з тым нельга не адзначыць, што ў любым выпадку неабходна лічыцца з існаваннем іншай семантычнай мадэлі для назвы студні. Тут і верагодныя герм. назвы з семантыкай «холаду», літ. šaltìnis ’крыніца’ пры šàltas ’халодны’, магчыма, серб.-харв. хладенац (паводле Скока, 2, 87), балг. студенец, польск. studnia, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studně, славац. studňa. Адносна апошніх можна дабавіць яшчэ і рус. студенец, укр. студениця. Ёсць усе падставы лічыць іх, па-першае, праславянскімі, а па-другое, больш даўнімі ў параўнанні з koldęzь.

Калодзеж2, калодзеш ’ямачка каля пупавіны, па якой вызначаюць малочнасць каровы’ (рас., Шатал.). Рус. дыял. колодези ’ямка над рэбрамі, па якой вызначаюць малочнасць каровы’ (у Бурнашова без геаграфіі), паўдн.-урал. колодцы ’малочныя пратокі ў вымі каровы’: «Как‑то выбирают её по колодцам. Как палец‑то лезет в этот колодец, то молоко хорошее» (СРНГ, 14, 156). Фармальная сувязь з калодзеж1 і матывацыя назвы празрыстая. Што датычыць геаграфічнага і храналагічнага статусу лексемы, вызначыць яго не вельмі лёгка. Нельга выключыць таго, што адзначаныя факты — толькі рэшткі ўсх.-слав. (а магчыма, паводле геаграфіі рускага?) даўняга ўяўлення і адпаведнай лексемы. Іншы варыянт — лакальная інавацыя, пры гэтым, улічваючы відавочную розніцу ў словаўтварэнні і семантыку прыведзеных лексем, нельга выключыць і такую думку, што гэта наогул незалежныя ўтварэнні, прычым як на базе калодзеж ’студня’ (параўн. асабліва калодзеж у тэхнічных значэннях), так і на базе ’яма з вадой, паглыбленне і да т. п.’ Параўн. рус. дыял. колодезь, колодесь ’ямка для масла ў кашы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́тка1 ’невялікія дзверы для праходу ў варотах, плоце, агароджы; фортка’ (БРС, ТСБМ, Касп.; гарад., Сл. паўн.-зах.). Суадносіцца з рус. калитка ’тс’, якое зафіксавана ў пісьмовых помніках параўнальна позна — з другой палавіны XVII ст. У гаворках адзначаецца таксама калін. ’вароты’, цвяр. ’пярэднія вароты для ўваходу на ганак’, ярасл., кастр., маск. ’дзверы сялянскай хаты, якія вядуць з ганку ў сені’, тульск. ’драўляная крышка, якая зачыняе ўваход у падполле’, ’навес’. Характар сувязі бел. і рус. лексем няясны — на поўначы гэта, магчыма, спрадвечнае слова, на іншай бел. тэрыторыі — культурнае запазычанне з рус. мовы. Калитка як быццам выключна рус. слова, этымалогіі фактычна няма. Бернекер (1, 474) уводзіць слова ў артыкул kalita ’кашалёк’, паводле Праабражэнскага, 1, 286, рус. калита суадносіцца з коло, колесо. Паводле Фасмера, 2, 168, абедзве версіі памылковыя; неабходна рэканструяваць архетып колита ’дзверы’ ад колъ. Словаўтваральны тып, аднак, застаецца незразумелым. Не выключана, што бліжэй да ісціны быў Бернекер. На жаль, у нас няма непасрэдных доказаў таго, што каліта ’фортка’ і калита, калітка ’кашалёк’ непасрэдна суадносяцца ў выніку падабенства. Можна толькі меркаваць, што немалую ролю тут магла адыграць не столькі чатырохвугольная форма, колькі падобнасць упрыгожанага чатырохвугольніка кашалька да дзвярэй, форткі, верагодна, замацаваных перакрыжаванымі рэйкамі. Нашы меркаванні заснаваны, галоўным чынам, на ўскосных доказах. Так, параўн. каліта2, дзе назіраецца імаверны перанос па форме. Можна прывесці і полац. у калітачку скласці (хустку) ’скласці роўненька, квадрацікам’, якое, на нашу думку, непасрэдна суадносіцца з шырока засведчаным на рус. моўн. тэрыторыі калитка ’пірог, піражок з начынкай, звычайна адкрыты’. Цікава адзначыць, што на магчымую першасную сувязь указвае яўная адідэацыя ў рус. дыял. калитка ’піражок з узорам з гарызантальных палосак (у выглядзе «калитки»). Відаць, няма патрэбы ў пераносе назвы з каліткі ’кашалёк’ на іншыя рэаліі, не выключана, што тут рэалізуецца разгалінаваная семантыка запазычанага слова. Што датычыць лінгвагеаграфіі, то рус. калитка ’фортка’ ў значнай меры супадае з арэалам адпаведнай назвы для кашалька, аднак на бел. тэрыторыі гэта русізм.

Калі́тка2, звычайна мн. ліку, ’чатырохвугольныя ласкуты ў безрукаўцы’ (лун. Малч.). Паралелі да бел. слова ў польск. мове: kalita, kalitka (у мн. ліку) ’ласкуты ў кафтанах’, ’«зубы», прышытыя да нізу гарсэту’ і да т. п. Этымалагічна суадносіцца з каліта як ’чатырохвугольнае (скураное?) упрыгожанне на вопратцы’. Шырока прадстаўлена ў польск. гаворках, што, магчыма, сведчыць аб запазычанні бел. слова з польск. мовы.

Калі́тка3 ’лагчына, зарослая кустамі’ (Касп.). Адпаведнікаў у бел. мове да гэтага слова няма. Ілюстрацыя ў слоўніку не выключае магчымасці, што тут зафіксаваны мікратапонім: «Зьвядзі каня ў калітку пасьціць» (Касп., с. 151). Рус. наўг. калита ’частка ворыўнага поля’, валаг. ’лес, які знаходзіцца блізка ад вёскі’, арханг. калитка, паводле СРНГ, 12, 359: «Небольшой земельный участок, выгороженный особо среди одного обода — земельного владения, принадлежащего нескольким хозяевам». Гэтыя факты таксама няпэўныя (мікратапанімія?), але дастаткова аднародны арэал, дзе адзначана слова, сведчыць, магчыма, пра агульную інавацыю. Няясна, на базе якой лексемы ўтвораны слова, паколькі магчымая ідэя «чатырохвугольнасці» адносіцца і да каліта і да калітка. Можна думаць пра сувязь слова з праслав. kalъ; дэрыват у такім выпадку павінен быў азначаць спачатку ’вільготнае, балоцістае месца’. Пярэчаць гэтаму відавочныя рус. паралелі (семантычныя цяжкасці) і словаўтваральны крытэрый.

Калі́тка4 расліна гарлачык, Nuphar luteum; Nymphaea alba’ (лельч., стол., лун., Бсил.). Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю неабходна аднесці сюды і каліты, адзначанае ў Сержпутоўскага, 63: «Падплыла дошка к берагу, заплуталася паміж калітак і стала». Далей сюды ж калітнік ’гарлачыкі жоўтыя’ (саліг., Нар. словатв.). Бейліна (Лекс. Пол., 422) як адпаведнік прыводзіць укр. калитник ’расліна Capsella bursa pastoris’, што наўрад ці правамерна. Укр. назва — празрыстае ўтварэнне ад калита ’кашалёк, сумка’, тое ж і ст.-польск. kaleta pasterska, kaletki, літ. kolytä ’расліна Thlaspi arvense’. матывацыя зразумелая, паколькі насенныя каробачкі вельмі нагадваюць сумкі рознага тыпу, параўн. лац. назву і рус. кальку пастушья сумка. Семантыка тэрмінаў для Nuphar, Nymphaea з’яўляецца іншай, параўн. бел. сінонімы: глечыкі, кушынкі. жбанкі, палес. банка, гладышечки, укр. кубишка, збанок, банька і інш. Думаецца, што ўкр. назву для Capsella можна разглядаць асобна ад бел. Апошнія ў такім выпадку — відавочна беларуская рэгіянальная інавацыя. Фармальная сувязь з вышэй прыведзенай лексікай відавочная; цяжка, аднак, аддаць перавагу збліжэнню з каліта. паколькі нельга цалкам выключыць магчымай сувязі з каліт‑ ксч. Думаем, што слова неабходна ўсё ж такі лічыць роднасным да каліта, аднак не ’кашалёк чатырохвугольнай формы і да т. п.’, а ў значэнні ’мяшочак, капшук і інш.’ Падставы для такога меркавання ёсць, паколькі шэраг слав. сінонімаў для Nuphar, Nymphaea сведчыць аб тым, што кветкі або насенныя органы параўноўваліся з галоўкамі маку і называліся тэрмінамі з семантыкай «выпукласці». Параўн. бел. булдоўка для Nuphar, макаўка, макоўка ’Nymphaea’, палес. болбуткі, бубенчики ’Nuphar’, болбутки ’Nymphaea’, магчыма, укр. бабка ’Nuphar’, мак. водяний бамбулька ’плод гарлачыка’ і інш. Не выкліочана таксама, што бел. назва — вынік канкрэтнай рэалізацыі больш шырокавядомай мадэлі, паводле якой утвораны і ўкр. і інш. назвы; у такім выпадку можна думаць аб існаванні універсаліі ў межах народнай тэрміналагічнай сістэмы намінацыя. У любым выпадку інавацыйны характар назвы відавочны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н.; адны́, ‑ы́х; ліч. кольк.

1. Лік. Адзін плюс два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай «1». Адзін метр. Адзін кілаграм. Адна кніга. □ У хаце быў я адзін, бацька і маці пайшлі на радзіны да Нічыпара, у яго нарадзіўся сын. Кулакоўскі. Сем раз адмерай, адзін — адрэж. Прыказка. / у знач. наз. адзі́н, аднаго, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж. Пра чалавека. Сямёра аднаго не чакаюць. Прыказка. Адзін і пры месяцы робіць, а другі і пры сонцы спіць. Прыказка.

2. у знач. прым. Без іншых, асобна ад іншых, у адзіноце. Распусціўшы сучча У глухім прыволлі, Сам адзін расце ён [дуб] На далёкім полі. Купала. Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Колас. Даспявае маліна У зялёным садку; Ходзіць красна-дзяўчына Адна па цяньку. Куляшоў. [Славіку] сапраўды ў той міг нясцерпна хацелася падхапіць.. [Машу] на рукі і панесці ў невядомую даль, ад людскіх вачэй, дзе б яны маглі застацца адны. Шамякін. // Пусты, пакінуты, адзінокі. Думаў дзед і пра сваю хату, што праз колькі дзён застанецца адна без гаспадароў. Колас. [Прамоўца:] — Вы будзеце не адны: шмат, кажу, такіх ёсць. Маўр. // Тое, што ёсць, без наяўнасці чаго‑н. другога. Аб адной вадзе сыт не будзеш. Прыказка.

3. у знач. прым. Ніхто іншы або нішто іншае, акрамя названага тут. Не спадабаўся балет адной пані Вашамірскай. Бядуля. / У спалучэнні з выдзяляльна-абмежавальнай часціцай «толькі». Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. // Ужываецца для выдзялення і ўзмацнення значэння таго слова, да якога адносіцца. Зямля мая савецкая, нідзе я Такой красы і велічы не бачыў. Ты ў нас адна, адна такая ў свеце. Панчанка. У бацькі твар зрабіўся дробны, высах і пажаўцеў. Пальцы тонкія і вострыя — адны косці. Бядуля. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Пра яго мы ведаем адно: ён быў студэнтам.

4. у знач. прым. Той самы, тоесны; аднолькавы. Стаяць на адным месцы. □ І песня нейкая жывая У дружны тон адзін спявае І з гэтым небам і зямлёй. Колас. Коні розных масцей, Стрэльбы розных гатункаў, Толькі людзі па веры І гарту адны. Броўка. / У спалучэнні са словамі «і той», «і тая», «і тое», «і тыя». Адзін і той чалавек. Адна і тая песня. Адно і тое пытанне. Адны і тыя падзеі. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Гаворыць адно і тое. □ Куды ні глянь — адно і тое: Усюды стрэльбы і «шнуры» — Стаяць па пары і па трое На скрыжаваннях «каўняры». Колас.

5. у знач. прым. Суцэльны, непадзельны, адзіны. Пераблытаны галіны У адзін [ш]алаш жывы. Колас. [Кулямётчык] ляжаў.. і здаваўся адным целам з кулямётам. Лынькоў. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. [Коркія:] — Вы ведаеце, што азначае сіла ўсяго працоўнага народа, з’яднаная ў адно?! Самуйлёнак.

6. у знач. займ. З прыназоўнікам «з» ужываецца для выдзялення асобы, прадмета, з’явы і пад. або некалькіх асоб, прадметаў з якой‑н. катэгорыі, асяроддзя, раду. Адзін з гасцей параіў быў праз суд спагнаць з Грамабойчыка ўтратнае. Крапіва. Спачатку Лясніцкі меркаваў, што здраднік — адзін з гэтых шаснаццаці. Шамякін.

7. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры пералічэнні, проціпастаўленні шэрагу прадметаў, з’яў, асоб. Праходзіць момант, адзін і другі, праходзяць хвіліны нясцерпнай цішыні. Колас. Адзін чалавек — высокі, з густой барадой, другі — зусім яшчэ малады хлопец. Чорны. / у знач. наз. адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н. Гаварыць адно, а думаць другое. Адно другому не замінае. // у знач. ліч. парадк. Першы з пералічаных прадметаў, з’яў, асоб і пад. Адзін жаўнер сядзеў на санях і таптаў сена, другі падаваў яго бярэмямі, а трэці разбіраў стажок. Колас. Адзін пень гарэў, а другі спіну грэў. Прыказка.

8. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры супастаўленні якіх‑н. якасцей, уласцівасцей, дзеянняў і пад., якія, мяняючыся, робяць прадмет, асобу, з’яву і пад. іншымі. Адна справа — паэзія, другая — проза.

9. у знач. неазн. займ. Якісьці, нейкі. [Дзядзька:] — На вайне гэта было.. Фарсіравалі мы адну раку на Палессі. Корбан. Адзін багаты пан вельмі любіў слухаць казкі. Якімовіч. [Гарлахвацкі:] Што ж гэта за выкапень? [Туляга:] Гэта далёкі продак аднае нашай хатняй жывёліны. Крапіва.

•••

Адзін-адзінокі — які жыве ў адзіноце, не знаючыся ні з кім.

Адзін-адзінюткі — абсалютна адзін. Яшчэ ў пачатку ліпеня бывае зжаўцее адзін-адзінюткі лісток на бярозе. Чорны.

Адзін-адным (адна-адною, адно-адным) — зусім адзін (адна, адно). Хіба ўсе павыміралі, а ён адзін-адным астаўся. Бядуля.

(Адзін) бог ведае гл. бог.

Адзін другога варты — пра людзей, якія ў аднолькавай ступені маюць адмоўныя якасці, рысы.

Адзін душою — толькі адзін, больш нікога; без блізкіх. [Пракоп] адзін душою, што ён будзе рабіць, калі не прыйдзе сын? Баранавых.

Адзін за адным; адзін за другім — услед, па чарзе, паслядоўна. Паказаліся адзін за адным, з брызентавымі кузавамі і акенечкамі ў іх, два грузавікі. Янкоўскі.

Адзін канец гл. канец.

Адзін крок гл. крок.

Адзін на адзін — а) тое, што і з вока на вока; сам-насам; б) без удзелу іншых. Вечар быў позні, партызаны разышліся па зямлянках, і яны [Цярэшка і Уладзік] засталіся адзін на адзін. Краўчанка. У кабінеце яны былі адзін на адзін. Гроднеў.

Адзін пад адзін (адна пад адну, адно пад адно) — усе роўныя па росту, па сіле.

Адзін пад адным — адзін за другога меншы (пра дзяцей).

Адзін перад адным (адна перад адной, адно перад адным) — не адстаючы, спаборнічаючы. Салому цяпер скідалі проста на ток, рабіць было лёгка, усе трое як бы хваліліся адзін перад адным. Мележ.

Адзін пры адным (адна пры адной, адно пры адным) — вельмі блізка, побач, шчыльна, густа. Бязвусыя чатырохкантовыя каласы ў паўтары далоні велічынёй стаялі адзін пры адным. Краўчанка.

Адзін у адзін (адна ў адну, адно ў адно) — адборныя, падабраныя па аднолькавая велічыні, якасці. Кідаліся ў вочы, распальвалі апетыт белыя грыбкі, адзін у адзін, маленькія, цвёрдыя. Шамякін.

Адзін час гл. час.

Адзін чорт гл. чорт.

Адзін як кол; адзін як колас; адзін як палец; адзін як пень — адзінокі, зусім адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Адна (толькі) назва гл. назва.

Адна трасца гл. трасца.

Адна, як былінка ў полі — толькі адна, больш нікога; без блізкіх.

Аднаго поля ягадкі гл. ягадка.

Аднаго разу гл. раз.

Адно за адным — пра шэраг падзей, непрыемнасцей і пад., якія ідуць адна за другой.

Адно што — толькі. Не вераць сябрукі, чаму ён з сіняком, — На довады — адно што рагаталі. Корбан.

Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.

Адны гады; у адных гадах гл. год.

Адны косці гл. косць.

Адным вокам (глянуць, паглядзець, зірнуць і пад.) гл. вока.

Адным вухам чуць гл. чуць.

Адным дыхам (духам) гл. дых.

Адным заходам гл. заход.

Адным махам; за адным махам гл. мах.

Адным мірам мазаны гл. мазаны.

Адным словам гл. слова.

За адным — за адным разам.

За адным скрыпам гл. скрып.

Іграць у адну дудку гл. іграць.

На адзін зуб гл. зуб.

На адзін капыл гл. капыл.

На адзін лад гл. лад.

На адзін манер гл. манер.

На адзін твар гл. твар.

На адной назе гл. нага.

Па адным — не ўсе разам, адзін за адным.

Пад адным дахам гл. дах.

Ставіць на адну дошку гл. ставіць.

Стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень гл. стрыгчы.

У адзін голас гл. голас.

У адзін міг (момант, імгненне) гл. міг.

У адно слова гл. слова.

У адной меры гл. мера.

У адну дарогу гл. дарога.

У адных гадах гл. год.

Усе да аднаго — абсалютна усе.

(Усе) як адзін — усе аднадушна; усе да аднаго. Возьмуць стрэльбы самі, як адзін паўстануць на ворагаў. Купала.

Усё адно — ніякай розніцы, аднолькава.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Як адну капейку гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «да» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, да якіх скіравана дзеянне, рух. Падысці да акна. Плысці да берага. □ Да хаты падымчаўся жарабок, запрэжаны ў маляваныя драбіны. Чорны. Наталька павярнулася да бацькі, азарыла яго светлай усмешкай. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры абазначэнні мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад. Падкасаць штаны да каленяў. Давесці справу да канца. □ Канцы башлыка, якімі хлопец абвязаны ледзь не да носа, запацелі і падмярзаюць на ветры. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні меры, велічыні чаго‑н. Шынель да пят. Вады ў рацэ да пояса.

3. Ужываецца пры абазначэнні мяжы той адлегласці, прасторы, якая аддзяляе адзін пункт ад другога. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры чатыры. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, з’ява і пад. Ад бурнай Віслы да Урала — Чырвоных ведалі ваяк. Чарот. Што ні скажа — Маслам мажа з плеч да лытак. Вось дык крытык! Крапіва.

Часавыя адносіны

4. У спалучэнні з назоўнікам служыць для абазначэння моманту, да якога працягваецца дзеянне, стан і пад. А цяпер, глядзі, зіма якая І якія на шляхах вятры, Што ледзь чутна, як гармонік грае У калгасным клубе да зары. Танк. Да сярэдзіны мая Рыгорава жыццё кацілася новай каляінай. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, з’ява і пад. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы. З вясны да восені — даволі-такі часу. Крапіва.

5. Ужываецца пры абазначэнні падзеі, з’явы, якім папярэднічала пэўнае дзеянне; адпавядае па значэнню словам: перад чым небудзь, раней чаго-небудзь. Выканаць план да ўстаноўленага тэрміну. □ За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.

Колькасныя адносіны

6. У спалучэнні з лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы чаго‑н. Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на магчымасць якой‑н. колькасці, меры; адпавядае па значэнню словам: каля, прыблізна. У аўтобусе змяшчаецца да сямідзесяці пасажыраў. □ Прамінуўшы да дзесяці падвод, .. [Сідар] апамятаўся і спыніўся. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» і другім лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні велічынь, якія абмяжоўваюць што‑н. Дзеці ад трох да пяці год.

Аб’ектныя адносіны

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы і пад., да якіх што‑н. далучаецца, дабаўляецца. Да пяці прыбавілі два. □ Рыгор прыстаў да першага рада і з асаблівым захапленнем убіваў у рыхлую зямлю востры жалязняк. Гартны. / У выразе: да таго ж. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Колас.

8. Ужываецца пры абазначэнні групы або катэгорыі людзей, з’яў, прадметаў і пад., да якіх належыць, адносіцца хто‑, што‑н. Былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга. Колас. [Чарнавус:] Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду вы адносіце сваю знаходку? Крапіва.

9. Ужываецца пры абазначэнні матыву, мэты якога‑н. дзеяння. Імкнуцца да новых поспехаў. Рыхтавацца да экзаменаў. □ Голіцца .. [Ян] штодня, пакідаючы толькі адны вусы, каб паказаць сваім дочкам прыклад ахайнасці і прывучыць іх да парадку. Лынькоў.

10. Ужываецца пасля назоўніка пры абазначэнні асаблівасцей або прызначэння прадмета, з’явы і пад. Пісьмо да запатрабавання. □ Сігнал да працы ўмомант падняў на ногі рабочых. Гартны.

11. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі звязана якое‑н. дзеянне, стан, прымета, якасць. Шапка .. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас. Стары ўжо, відаць, прывык да такіх кампрэсаў і адчуваў сябе больш-менш зручна. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., да якіх праяўляюцца якія‑н. адносіны, пачуцці. Любоў да радзімы. Схільнасць да разважанняў. □ У Віцькавым голасе замілаванне і шчырая любоў да маці. Асіпенка. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю гэту навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў. Колас.

12. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, у дачыненні да якіх выяўляецца прыгоднасць, прыдатнасць каго‑, чаго‑н. Галена Прыбыткоўская была і рухавая, і спрытная да ўсяго. Чорны. Яська — майстар на ўсе рукі: Як да сярпа, так і да кнігі. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, да якіх ёсць або адсутнічае патрэба, зацікаўленасць. Прыйшло да ахвоты пагаварыць. Маю да цябе справу. □ Колькі дзён не да рыбы было Сілівону. Лынькоў. Грамадзе было не да смеху над спалоханай кабетай. Бядуля.

13. (у спалучэнні са словамі «падобны», «мець падабенства»). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, з якімі параўноўваецца хто‑, што‑н. За сталом сядзяць Таня і хлопчык год трох, вельмі падобны да самога Лясніцкага. Шамякін. Азірніся, падзівіся — Мірты, лаўры, кіпарысы Не падобны да сябе. Панчанка. Вялікае селішча мела падабенства да сабраных разам хутар[оў] ці да зборных выселак. Чорны.

14. Ужываецца ў загалоўках пры абазначэнні тэмы твора або падзеі, з’явы, з якімі звязан змест твора. Да пытання аб развіцці маністычнага погляду па гісторыю. Да пытання аб правапісе назоўнікаў.

15. Ужываецца пры абазначэнні таго, да чаго заклікаюць, пабуджаюць. Наперад, да новых перамог! □ Рэй вядзе Рыжы. — Да зброі! — ціха камандуе ён. Колас. Жыві ж, красуйся, горад стольны, З руін да славы ўставай! Глебка.

16. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы і пад., да якіх скіравана дзеянне. Прыступіць да работы. Прыслухоўвацца да голасу народных мас. □ Цяпер разгорнем часаў шаты, Бліжэй прыгледзімся да хаты, Да Міхася і да Антося, Як там вялося, як жылося. Колас. Ці ты, мілы, спіш, не чуеш, Што да мяне не гаворыш? З нар. песні. // Ужываецца пры абазначэнні выніку дзеяння. Прыйсці да згоды. Сеавольства да дабра не даводзіць.

17. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, з якімі сутыкаецца хто‑н., змацоўваецца што‑н. Прывязаць каня да плота. Прымацаваць партрэт да сцяны. □ Кавалачак дроту быў моцна прыпаяны да ланцужка. Лынькоў. Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. // Пры паўтораным назоўніку служыць для ўтварэння прыслоўных спалучэнняў, якія абазначаюць, што асобы ці прадметы узаемна сутыкаюцца, судакранаюцца. Хлопцы са страху прытуліліся адзін да аднаго. С. Александровіч. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой. Асіпенка.

Акалічнасныя адносіны

18. Ужываецца пры ўказанні на ступень, якой дасягае дзеянне, стан. Працаваць да поту. Начысціць да бляску. Кранаць да душы. □ Раптам паляцела грузавая машына і, рэзка, ажно да піску, затармазіўшы, спынілася. Броўка. Пах хвоі рабіўся яшчэ больш густым, ядраным, ён цадзіўся ў грудзі, распінаў іх да салодкай стомы. Лынькоў. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для абазначэння найвышэйшай ступені якога‑н. дзеяння, стану. Прамокнуць да ніткі. Стаміцца да смерці. □ Рэзкі сівер падыхае, Да касцей праймае. Крапіва. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для ўказання на паўнату колькаснага ахопу; адпавядае па значэнню словам: усё, цалкам, поўнасцю. Разведаць усё да драбніц. □ Анцыпік са здзіўленнем глядзеў, як Лабановіч узяў поўную шклянку і, не адрываючыся, выпіў да дна. Колас. — Я табе сплачу доўг, Сімон. На будучую восень я разлічуся да капейкі. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп якіх‑н. прадметаў, якасцей і пад. Зацікавіць усіх — ад малога да старога.

•••

Ад дошкі да дошкі гл. дошка.

Ад слова да слова гл. слова.

Ад часу да часу гл. час.

Давесці да ручкі гл. давесці.

Да пабачэння гл. пабачэнне.

Да пары да часу гл. пара.

Да часу гл. час.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Што да каго-чаго гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)