Скарані́ць ‘абняславіць’ (глыб., чэрв., карэліц., слонім., Сл. ПЗБ), скара́ніць ‘тс’ (карэліц., Весці АН БССР, 1969, 4, 131). Арашонкава і інш. (там жа) параўноўваюць з літ. ker̃noti ‘сварыцца, лаяць’, што не зусім добра дапасуецца фанетычна. У якасці крыніцы магло б разглядацца яшчэ ўсх.-літ. kìrinti ‘дражніць, гаварыць з’едліва’, лат. karinât ‘дражніць, злаваць’, роднасныя карыць (гл.), гл. Фрэнкель, 644. Сюды ж і скарані́шчыць ‘тс’, ‘аблаяць, зняславіць’ (Сцяшк. Сл.), якое было скантамінавана са знішчыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаўга́ніць ‘абгаварыць каго-небудзь’ (слонім., Жыв. сл.), ‘неахайна зрабіць што-небудзь’: каўган як зробіць ні так, ні сяк, дык кажуць скаўганіў (зэльв., Сл. ПЗБ). Ад каўга́ніць ‘рабіць кепска, абы-як’ (карэліц., там жа) або ко́ўган, *каўга́н ‘галава; аб круглай вялікай галаве’, гл. калган2. У рус. гаворках, апрача асноўнага значэння ‘гладыш’, ‘посуд рознай формы’, азначае яшчэ ‘тоўсты абрубак дрэва’, ‘цурбан’, адкуль па распаўсюджанай мадэлі ‘дурань, няўмека’. Гл. таксама каўган.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрэ́гаць ‘ліпець, хварэць, чуць жыць’ (караліц., Нар. словатв.). Гукапераймальнага паходжання, роднаснае скрыгаць (гл.), з семантычным пераносам ‘выць, ныць, скуголіць’ → ‘хварэць, ліпець’. Параўн. яшчэ скрыпе́ць ‘скрыпець’ і ‘быць чуць жывым, з цяжкасцю падтрымліваць свае сілы’ (швянч., Сл. ПЗБ). Праблематычна Пятлёва (Этимология–1986–1987, 68), якая ўзводзіць да *(s)kręgati, ад кораня *(s)kręg‑, параўн. *kręgnoti ‘згібацца’ (ЭССЯ, 12, 142 і наст.) < і.-е. (s)kreng‑, (s)krengh‑ < і.-е. *(s)ker‑ ‘моршчыцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слібізава́ць ‘чытаць па складах’, ‘вучыцца якому-небудзь рамяству’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр.), сьлібізава́ць ‘чытаць па складах’ (Байк. і Некр., Варл.), слібізава́ць, слябізава́ць ‘тс’ (Сл. ПЗБ), слі́бізам ‘па складах (чытаць)’ (брасл., Сл. ПЗБ). Кюнэ (Poln., 98) узводзіць беларускае слова да польск. sylabizować, народнае ślabizować, ślebizować ‘тс’, якія да с.-лац. syllabizare < лац. syllaba ‘склад’ (Брукнер, 528). Карскі (Белорусы, 163) мяркуе пра пасрэдніцтва ням. Sillabisieren ‘тс’. Гл. яшчэ Вярэніч, БЛ, 10, 61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сурвэ́та, сурвэ́тка ’кавалак тканіны або паперы для гігіенічных мэт’, ’абрус’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сурвэ́та, сарвэ́та ’абрус, настольнік’ (паст., швянч., брасл., Сл. ПЗБ), сурвэ́та ’сурвэтка’ (Сцяшк.), ’цырата’ (Гіл.), ’святочны абрус фабрычнай работы з узорамі’ (ДАБМ, камент., 925), сурвато́ўка ’фабрычнага вырабу хустка з узорамі’ (маладз., Гіл.), ст.-бел. сервета ’абрус, настольнік’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. serweta, якое ад франц. serviette < servir ’служыць’ (Кюнэ, Poln., 96; SWO, 679). Гл. яшчэ сарвэта.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талача́нін ’удзельнік талакі — калектыўнай дапамогі’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Тур.), талачані́н ’тс’ (Шымк. Собр., Касп.). Сюды ж талача́нка ’ўдзельніца талакі’ (Нас., Шымк. Собр.), талача́нік ’удзельнік талакі’ (Сл. ПЗБ), талача́не ’ўдзельнікі талакі’ (Касп.). Яшчэ Шымкевіч параўноўваў са славен. tlazhanin ’работнік’ (Шымк. Собр.), сучаснае tlačan ’прыгонны’, tlačanka ’прыгонная, нявольніца’, tłoczanie ’ўдзельнікі талакі’, што ад *tolka (гл. талака) з суф. ‑ěninъ/‑janinъ і ‑ěne/‑jane, параўн. Трубачоў, Этимология–1980, 11 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Танцо́ўка1 ’танцорка’ (Нас., Байк. і Некр.). Утворана ад танцаваць (гл.) па тыпу польск. tańcownica, tańcowniczka ’тс’ у пары з tańcownik ’танцор’. Ст.-бел. танцо́вница, тане́чница ’танцорка’ (пач. XVI ст., КГС) з’яўляюцца непасрэднымі запазычаннямі, параўн. яшчэ польск. tanecznica ’танцорка’.

Танцо́ўка2 ’апенька лугавая, жывунец падарожны’ (ваўк., Расл. св., Сярж.–Яшк.). Відаць, да папярэдняга слова, што звязана з размяшчэннем (“утварае карагод”) або са знешнім выглядам (іншая назва сухано́жка, мае часам выгнутую ножку).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапча́н ’нізкі ложак з дошак на козлах’, ’пакаёвая шырокая лаўка са спінкай’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт.), ’шырокая лава’ (Касп., Гарэц., Сержп. Прымхі), ’простая шырокая лава для качання бялізны’ (Нас., Байк. і Некр.), ’канапа’ (Сцяшк., Вруб., Сл. ПЗБ), топча́н ’тс’ (ТС). Укр. тапча́н, топча́н, рус. топча́н, польск. tapczan ’тс’. Цюркізм, з тат. tapčan ’узвышэнне, трон; ляжанка’. Анікін (554) мяркуе, што значэнне ’канапа’ сведчыць пра польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 517.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адкі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Адхіліцца, адваліцца назад (пра чалавека, пра часткі яго цела). Ільіч весела засмяяўся, аж неяк адкінуўся назад, а потым пасуравеў і нахмурыў бровы, якія сышліся на пераноссі. Гурскі. Максім сядзеў спіной да акна, адкінуўшыся назад, на пачарнелы дубовы падаконнік. Кудравец. // Адваліцца, легчы на спіну. Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы. Чорны. // Хутка перамясціцца, аддаліцца ад чаго‑н. Інстынктыўна, як сядзеў, [Ігнат] адкінуўся яшчэ далей у глыб вагона. Галавач. [Сцяпан:] — Добра, што ў.. [чалавека] якраз граблі на возе былі, то ён стаўпцом.. [сабаку] па лбе стукнуў, дык той адкінуўся, а то парваў бы, з воза б сцягнуў. Крапіва.

2. Раптоўна адчыніцца, адваліцца, адпасці. Рэзка адкінуліся брызентавыя дзверцы ў кузаве. У вочы ўдарыў свет дня. Арабей. // Падняцца, апусціцца, адсунуцца ўбок (пра тое, што закрывае, захінае). Адкінуліся шторы — і ў акне з’явілася постаць.

3. Вярнуцца зноў, аднавіцца (пра хваробу). [Маці:] — З хваробай не жартуй: яшчэ другім наваратам адкінецца. Якімовіч.

4. перан. Перастаць цікавіцца, аддаліцца. І вось Тоня датанцавалася: адкінуўся Косцік, адкінуўся ў найвялікшым сумненні. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёмкі, ‑ая, ‑ае.

1. Якім добра і лёгка карыстацца; зручны. Ёмкі кій. □ Пасля працоўнага дня гэтак прыемна бывае праехаць у ёмкіх санках, на добрым кані! Шамякін.

2. Зграбны, спрытны. На пні прымасціўся Гарвада, Сярэдняга росту, худы, Касцісты і ёмкага складу І з віду яшчэ малады. Колас. Зінчанка — ёмкі хлопец і ўмее даглядаць машыну. Шынклер. // Моцны; лоўкі, меткі. Ёмкі ўдар. □ Ёмкі стрэл, ад якога шумела ў ельніку рэха, агонь, што вырываўся з гільзы, прадавалі нам смеласці. Пташнікаў.

3. Вялікі, ладны. — Папраўляйся, галубок, — разгладжваючы вусы, гаварыў дзед Мікалай. Ён любаваўся, як апетытна Сашка ўплятаў ёмкую лусту хлеба. Даніленка. То была рэчка Вітлянка, з якой я, прыязджаючы сюды ўлетку, не раз цягаў гарбатых ёмкіх акунёў. Хадкевіч. // Моцнага целаскладу; дзябёлы. Андрэй выглядаў ёмкім, прысадзістым, якраз да танка, а мінамётчык — цыбаты, няскладны. Грамовіч. За салдатам у дзвярах паказаліся яшчэ двое, адзін рослы, худы, другі нізкарослы, ёмкі. Дуброўскі.

4. Тое, што і ёмісты; умяшчальны. — Даць больш ёмкія на груз вагоны і мацнейшыя паравозы! Шынклер. — Я вельмі рада, што маю чым падлячыць вас. — [Вольга Віктараўна] налівае ёмкую чарку. — Піце, Андрэй Пятровіч: гэта першы спосаб усцерагчыся ад прастуды. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)