рэвізо́р, ‑а, м.
1. Службовая асоба, упаўнаважаная рабіць рэвізію (у 1 знач.). — Мы парушаем самыя элементарныя правілы касавай дысцыпліны і любы талковы рэвізор нам можа здорава ўсыпаць. Скрыган.
2. Кантралёр у асобных галінах чыгуначнай справы. Рэвізор спрытна шчоўкнуў кампосцерам, вярнуў білет і гэтак жа спрытна і моўчкі працягнуў зноў руку. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
струк, ‑а, м.
Доўгі і вузкі плод некаторых раслін, які складаецца з дзвюх палавінак, да якіх прымацавана насенне. Струк гароху. □ Пракопава жонка на ўслончыку каля прыпечка лузгала ў вялікае рэшата сухія струкі фасолі. Грахоўскі. Мы [Міхасёва група] сабраліся ўсе гуртам, выскубваючы з сярэдзіны жмені вікі. Камячылі яе ў руках, нюхалі, раскалупвалі струкі. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эх, выкл.
Ужываецца пры выражэнні захаплення, раптоўнага здзіўлення, папроку, шкадавання, прыкрасці. — Эх, дакука на маю галаву, — думала .. [Волька], аднак жа пад вечар скарэй пайшла дахаты. Скрыган. Эх, як слаўна, як прыгожа, Хораша, прыстойна! Колас. [Лена:] — Лепш памаўчы. Колькі разоў абяцаў кінуць піць, а ўсё не кідаеш. Эх, Алесь, Алесь. Яшчэ сватаўся... Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дамы́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Разважыўшы, прыдумаць дадаткова, дадумаць да канца. Аднак і пры наяўнасці самых дбайных адносін да канкрэтнага факта пісьменнік павінен нешта дадумаць, дамысліць і абагульніць. «ЛіМ». [Азгур] перш пачаў сам мне паказваць і тлумачыць замыслы, кампазіцыі, але ўгледзеў, што гэта мяне скоўвае, не дае дамысліць і пашукаць рашэння самому. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лайда́к, ‑а, м.
Разм. неадабр. Бяздзейны, варты пагарды чалавек; лодар, гультай. — Лёс .. [Гузоўскай] склаўся не зусім удала: муж — п’яніца, лайдак і дармаед. Скрыган. [Кустрэй:] — Ты глядзі, лайдак, калі яшчэ пусціш быка ў мой авёс, то я з цябе юху спушчу! Колас. — Ах ты, лайдак! Ах, вуж печаны! — на ўсю загарадзь грозіць баба Алімпа. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падрабіць — падрабляць.
2. Тое, што падроблена; падробленая рэч. Невялічкую падробку пад Пушкіна я заўважаў і раней, але глядзеў на яе як на маладое дзівацтва. Скрыган. Адсутнасць арыгінала і іншыя акалічнасці паводзілі некаторых пісьменнікаў і вучоных на думку, што твор гэты [«Слова аб палку Ігаравым»] — падробка. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыдзі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Папрок, заўвага, абвінавачанне, зробленае без дастатковых падстаў. Аднак і гэтую рахманую газету царскія чыноўнікі заціскалі рознымі прыдзіркамі, прыгняталі штрафамі. Колас. — А я думаю, таварыш Собіч, што гэта проста прыдзірка. Няма ў нас зладзеяў! Скрыган. // Крытычныя адносіны да чаго‑н. Чытаць раман з прыдзіркай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схо́дны, ‑ая, ‑ае.
Прымальны, падыходзячы; выгадны. Купіць па сходнай цане. □ Гаспадар, талковы і ветлівы дзядзька, ахвотна даў нам за сходную плату маторнай лодкі, паслаў з намі хлопца, загарэлага дзевяцікласніка. Брыль. Тут стаяла гамонка больш вясёлая, бо ў кірмашовыя дні, пасля сходнага продажу якога свінчаці, на возе мужчыны збіраліся каля пляшкі гарэлкі. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бардзю́р, ‑а, м.
Шлячок, які абрамляе край тканіны, вырабаў з тканіны, шпалераў. Бардзюр для шпалераў. // Паласа дэкаратыўных раслін, якая абрамляе плошчы, пляцоўкі, тратуары; скульптурныя аздабленні сцен і інш. У прагалінах між кустоўя бэзу, нізкіх падстрыжаных бардзюраў з язміну нам відна нізіна колішняга прыгараду, забудаваная новымі дамамі з чырвонымі дахамі, з антэнамі на іх. Скрыган.
[Фр. bordure.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ахво́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які выказвае ахвоту, жаданне на што‑н., да чаго‑н. і пад. Малодшы Марцін да гаспадаркі не быў ахвочы. Карпюк. Каму з вас не цікава І хто з вас не ахвочы Прылегчы спаць на травы Пад зорны полаг ночы. Аўрамчык.
2. Руплівы, старанны. Валя Арэшка была чалавек пакладзісты, ахвочы. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)