Рой1 ’сям’я пчол або інш. насякомых, якія ўтвараюць адасобленую групу на чале з маткай’, ’мноства, вялікая колькасць насякомых, птушак, якія носяцца ў паветры’, ро́ем ’чарадой, гуртам, у вялікай колькасці’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., ТС, Сцяшк., Сл. ПЗБ; воран., ашм., віл., З нар. сл.). Укр. рі́й, рус. рой, польск. rój, н.-луж. roj, в.-луж. rój, чэш., славац. roj, славен. rȍj, серб. ро̑ј, харв. rȏj, чак. rọ̑j, макед. рој, балг. рой, ро́ят ’рой’, ц.-слав. рои ’замяшанне, мітусня, беганіна, узбуджэнне, непарадак’; ’бунт, сварка’; ’натоўп’; ’чарада, куча’. Сюды далучаюць славац. zdrój, польск. zdrój ’крыніца’. Прасл. *rojь — першапачаткова ’плынь, струмень, паток’, потым — ’вылятанне пчол з мацярынскай сям’і’, — якому адпавядае ст.-інд. ráyas ’плынь, імкненне, бег, паспешнасць, раз’юшанасць’, riṇā́ti ’выпускае на волю’, лац. rīvus ’паток’ < і.-е. *h​3roi̯Ho‑ ’цячэнне, струмень, плынь; бег, ход’ (Траўтман, 243; Уленбек, 245; Фасмер, 3, 496; Брукнер, 461; Махэк₂, 515; Шустар-Шэўц, 2, 1232; Скок, 155–156; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 627–628; БЕР, 6, 311–312; ESJSt, 13, 775–776). Роднаснымі да прасл. *rojь з’яўляюцца прасл. *rějati ’цячы’, *rěka ’рака’, *ristati ’спаборнічаць’, *riskati ’бегчы, імкнуцца хутка’, ’шныраць’, ’гойсаць’, *rinǫti ’рынуцца’. Сюды ж: ро́йніца, раёўня, ро́йнік ’посуд, у які збіраюць рой пчол’, ройі́льня, ройны́ця ’тс’ (Жыв. НС, Сл. Брэс., З нар. сл., Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Гл. таксама райнік.

Рой2 ’запаленне малочнай залозы’ (шальч., Сл. ПЗБ). Няясна.

Рой3 ’гайня ваўкоў’ (глыб., ЛА, 1; астрав., лельч., ЛА, 5) — пад уплывам народнай этымалогіі нібыта адносіцца да рой1 ’мноства, стада, стая’, таму і знешняе падабенства. Аднак лексема ўзыходзіць да руя́ ’тс’, ’зграя, стада ваўкоў у перыяд цечкі’ (Сл. ПЗБ), гл., магчыма, з польск. ruja ’цечка, гон’ < ст.-чэш. řújě, říjě ’перыяд цечкі ў аленяў’, суч. říje < прасл. *reuti/*rou‑ti ’раўці, рыкаць’ > бел. раўці (гл.). Параўн. лат. raunas laiks ’марцаванне катоў’. Не выключаецца ад’ідэацыя лексем юр, юра́ ’гайня ваўкоў’ (ЛА, 5).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тапта́ць несов.

1. топта́ть; (делать мятым — ещё) мять;

т. траву́ — топта́ть (мять) траву́;

ко́ннікі ~та́лі нато́ўп — вса́дники топта́ли толпу́;

2. (снашивать обувь) топта́ть;

т. бо́ты — топта́ть сапоги́;

3. перен. топта́ть; попира́ть;

не т. во́рагу на́шай зямлі́ — не топта́ть врагу́ на́шей земли́;

т. правы́ — попира́ть права́;

4. (плотно уминать, топча ногами) ута́птывать; (воз сена, соломы — ещё) навива́ть;

т. снег — ута́птывать снег;

5. разг. (небрежно складывать, укладывать) пиха́ть, напи́хивать;

6. (што) разг. ходи́ть (по чему), ха́живать (по чему); броди́ть (по чему); топта́ть; прота́птывать;

т. даро́гі — ходи́ть (ха́живать) по доро́гам; топта́ть доро́ги;

т. сце́жку — прота́птывать тропи́нку;

т. сце́жкі — (чые) идти́ по стопа́м (чьим)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

шы́цца 1, шыюся, шыешся, шыецца; незак.

Разм.

1. Лезці, ісці і пад. у якое‑н. вузкае месца; туды, дзе цесна, шчытна. — Лявон крайні, — выгуквае сіпла гаспадар шапкі-кучомкі і .. шыецца ў натоўп. Кухараў. Адбіваючыся ад сабакі, Гамыра шыўся глыбей у хмыз. Колас. Дзед Трахім, які нешта рабіў у гумне і забавіўся, выйшаў, калі хлапчукі сама шыліся пад снапы. Паўлаў. // Хавацца куды‑н. Капрал наш, забыўшыся на думку пра Берлін, шыецца тварам у траву і, час ад часу, наслепа крычыць: «Агонь!» Брыль. Маланкі ў поўнач рассякалі хмары, І шыліся ў падстрэшша кажаны. Грахоўскі. Рабіў ён [шпачок] гэта смешна: шыўся ў траву галавой, не вельмі, аднак, дбаючы пра свой куртаты, карычняваты хвост. Асіпенка. // Ісці, рухацца, перамяшчацца куды‑н. Стары надзяе шапку і шыецца да дзвярэй. Мурашка. // Залазіць, забівацца, пранікаць куды‑н. [Снег] шыўся ў рукавы і за каўнер. Алешка. Золь зябка хапае за плечы, прабіраецца праз дзіравыя боты, шыецца ва ўсе складкі пацёртага шыняля. Лынькоў. / у перан. ужыв. Галасы.. [паравозаў], напоўненыя трывогай і адчаем, плавалі па-над горадам, запаўнялі вуліцы, і завулкі, і двары, шыліся ў шчыліны [акон]. Галавач. // Пралягаць, праходзіць праз што‑н. шчыльнае. Сцежка шылася праз крапіву і лопух. Адамчык.

2. перан. Старацца быць падобным на каго‑н., прыкідвацца кім‑н. [Драздовіч:] — Прыеліся ўжо «конскія партрэты» ды «саўкі», што шыюцца ў дурні. Машара.

шы́цца 2, шыецца; незак.

1. Вырабляцца шыццём. Каця хадзіла ў шараварах і шырокай, як звычайна шыюцца начныя сарочкі, мешкаватай сукенцы. Васілевіч. Ватнікі, праўда, былі караткаватыя, а гімнасцёрка шылася як бы на волата. Навуменка.

2. безас. Разм. Пра жаданне або магчымасць шыць. Мне сёння не шыецца.

3. Зал. да шыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Талака́1 ’калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ’; ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (Нас., Шымк., ТСБМ, Некр. і Байк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’грамадская дапамога ў працы’ (Сцяшк:, Бяльк.), ’дадатковая праца па жаданні ў часы прыгону’ (Федар. 4), ’грамадская дапамога аднаму чалавеку нешта перавозіць’ (Варл.), ’пасьба коней ноччу’ (Мат. Гом.), талака́ і тало́ка ’дапамога ў працы гуртам’ (Ласт.), тала́ка ’праца грамадой за пачастунак’ (Ян.), ’дапамога’ (Касп.), то́лака ’паншчына’ (капыл., ЛА, 3), то́лока ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (ТС), толо́ка ’тс’ (Вруб.), талако́ю ’гуртам’ (калінк., З нар. сл.). Укр. толо́ка́ ’праца гуртам для хуткага выканання вялікай па аб’ёме справы, на якую клічуць суседзяў, сваякоў, сяброў (без платы, за пачастунак’)’, рус. дыял. толо́ка ’тс’, польск. tłoka, каш. otłoka ’ўзаемная суседская дапамога на жніве’, славен. tláka, серб.-харв. тла́ка, балг. тлака́, макед. тлака ’тс’. З прасл. *tolka ’тс’, звязанае з *tolkti ’таўчы’. Адносна матывацыі параўн. талакня́ ’таўкатня’ (Жд. 2), тало́кнатоўп’ (Сл. Брэс.). Сярод індаеўрапейскіх адпаведнікаў літ. talka ’талака’, лат. tàlka ’тс’, з іншым вакалізмам літ. telkti ’збіраць на талаку’, гэта, паводле Мартынава (Лекс. балтызмы, 25), дае падставы лічыць слова пранікненнем з балтыйскіх моў (гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 24), што, аднак, немагчыма давесці (гл. Анікін, Опыт, 287 з літ-рай), як і адваротнае (Брукнер, 571–572). Старажытнае значэнне слова, відаць, звязана з архаічным спосабам калектыўнай малацьбы пры дапамозе жывёлы, гл. Мяркулава, Этимология–1974, 72. Агляд версій — Янышкава, Studia Etym. Brun., 6, 139–141. Параўн. талок, гл.

Талака́2 ’ялавіна’ (Мат. Гом.), толока́ ’выган’ (Сл. Брэс.), тала́ка ’поле пад папарам’ (Ян.), тало́ка ’абложная зямля’ (б.-каш., добр., ЛА, 5), ’папар’ (гом., ЛА, 2), ’паша’ (паст., там жа), толо́ка ’папар’ (рэч., там жа), сюды ж талако́уе (tałakóŭja) ’патаптаныя логвы ў збожжы ці ў вялікай траве’ (Варл.), талакава́ць ’пуставаць некалькі гадоў (пра зямлю)’ (Ян.), толокова́ць ’таўчыся; бубнець’ (ТС). Укр. то́ло́ка ’пакінутае пад папар поле, на якім пасуць скаціну; вольная дзялянка каля сяла, дзе моладзь збіралася гуляць’, толо́ка ’горная раўніна, паша’, толокува́ти ’быць пад папарам (пра поле)’. З прасл. *tolk‑ ’таўчы, мяць, таптаць’, гл. папярэдняе слова (ЕСУМ, 5, 594; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 571–572; Голуб-Ліер, 386; Махэк₂, 644).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

валі́ць I несов.

1. вали́ть, опроки́дывать;

в. лес — вали́ть лес;

2. разг. (об эпидемии) вали́ть;

3. (беспорядочно сбрасывать в кучу) вали́ть;

4. разг. (перелагать ответственность, вину на кого-л.) вали́ть; сва́ливать;

в. з хво́рай галавы́ на здаро́вую — вали́ть (сва́ливать) с больно́й головы́ на здоро́вую;

в. (усё) у адну́ ку́чу — вали́ть (всё) в одну́ ку́чу;

в. це́раз пень кало́ду — вали́ть че́рез пень коло́ду;

в. з ног — вали́ть с ног

валі́ць II несов., разг. (двигаться массой) вали́ть; (толпой — ещё) ломи́ть;

нато́ўп ва́ліць — толпа́ вали́т (ломи́т);

снег ва́ліць — снег вали́т;

дым ва́ліць — дым вали́т;

ва́лам в. — ва́лом (вало́м) вали́ть

валі́ць III несов.

1. (сукно) валя́ть;

2. (валенки, войлок и т.п.) валя́ть, бить, ката́ть

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

адне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. аднёс, ‑несла; заг. аднясі; зак., каго-што.

1. Аддаць, вярнуць пазычанае ці узятае на часовае карыстанне. Аднесці кнігу ў бібліятэку.

2. Тое, што і занесці (у 1 знач.). Жанчыны ўзялі на рукі і аднеслі ў хату Міронаву жонку. Галавач. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, рашылі аднесці іх.. да маці. Лынькоў. // Адвесці ад чаго‑н. руку ці тое, што знаходзіцца ў руцэ. — Гэта? — Юрка аднёс малюнак на выцягнутую руку. — Гэта нашы Руднічы, Коля. Курто. Зблізку зусім не відаць. Толькі калі выцягнуць па ўсю руку ды аднесці кнігу ад вачэй, тады можна што разабраць. Крапіва.

3. Падхапіўшы сваёй плынню, перамясціць што‑н. (пра вецер, ваду, натоўп і пад.). У ніве Тоня бачыла сігнальныя партызанскія агні і баялася, што вецер можа далёка аднесці яе ад пасадачнай пляцоўкі. Шчарбатаў. Празрыста-быстраю ракой плыву, І хвалям у затоку Не аднесці, Хоць час пасыпаў снегам галаву, І мне яго не змесці, не атрэсці. Пушча. / у безас. перан. ужыв. Прайшло нямала дзён За працай, Нямала сноў аднесла ў дым. Маракоў.

4. Аддаліць што‑н. ад чаго‑н.; перасунуць, перамясціць. Аднесці будынкі ад берага ракі. Аднесці плот ад дарогі.

5. перан. На аснове падабенства ўключыць прадмет ці з’яву ў склад якіх‑н. прадметаў ці з’яў; залічыць у пэўную групу; класіфікаваць. Лабановіч прыглядаецца да.. [Вольгі Віктараўны], мяркуе, да якой катэгорыі жанчын аднесці. Яна нагадвае яму тургенеўскую нігілістку. Колас. // Дастасаваць да пэўнага часу, звязаць з пэўным перыядам. // Перадаць у чыё‑н. распараджэнне, залічыць на чый‑н. рахунак. Аднесці да ведання саюзных рэспублік заканадаўства аб будове судоў саюзных рэспублік.

6. Перанесці на далей; адкласці. Аднесці экзамены на восень.

•••

Аднесці на чый рахунак — палічыць вінаватым каго‑н. у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́нь, ‑я, м.

1. Вузкі паток вады або якой‑н. вадкасці. А снег над белым полем заіскрыцца, у студзені ўдараць халады — булькоча нестрыманая крыніца струменямі празрыстае вады. Грахоўскі. Насупраць Бунтароўкі .. [рэчка Альхавянка] разбівалася на некалькі струменяў, гублялася ў балотнай твані вузенькімі рукавамі. Дуброўскі. // Рух вады ў рэках і пад.; цячэнне. Трымаецца .. [вусач], як правіла, далёка ад берагоў, на галоўным струмені. Матрунёнак. // Вузкі паток вады, якой‑н. вадкасці, які сцякае, цячэ ўніз; цурок. Дождж не спыняўся. Ён, здаецца, яшчэ болей узмацніўся, ліў суцэльнымі струменямі. Навуменка. Пад каштан падлога фарбавана, Сцены, столь — бялейшыя за снег; Ледзь рукою дакрануўся крана — З-пад яго струмень вады пабег. Непачаловіч. // перан.; чаго або які. Нешырокая паласа святла, дыму, агню, паху і пад. Улетку бываюць такія дзіўныя вечары, калі нагрэтае за дзень паветра не вее, а цячэ гарачымі струменямі. Чарнышэвіч. Непадалёку, пускаючы струмені пары, стаяў паравоз. «Звязда». Праз кожны міг бесперастанку Струмень агню рос удвая. Смагаровіч. Прыпаўшы да зямлі,.. [Арцём] ужо дзьмуў пад кучу вільготнага лісця, над якім цягучым струменем валіў бела-жоўты дым, як на шляху, за валам, пачуўся матацыкл. Ракітны. // Пра паток сыпкіх рэчываў. Струмень пяску. □ Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Цэлыя струмені перасечанай саломы сыпаліся на ток. Колас.

2. перан. Вялікая колькасць людзей, што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы, нарэшце збіўся ў натоўп. Гартны. У гэтым жывым чалавечым струмені давялося і рушыць наперад. Чорны.

3. перан.; чаго або які. Напрамак, рыса ў чым‑н. Струмень вынаходніцтва. □ Адметнаю рысаю мастацкай манеры К. Крапівы з’яўляецца наяўнасць у яго творчасці гумарыстычна-сатырычнага струменя. «ЛіМ».

•••

Бабровы струмень — сакрэт мускусных залоз рачнога бабра.

Кабарговы струмень — мускус.

Унесці свежы струмень у што гл. унесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пятля́, і́; мн. пе́тлі (з ліч. 2, 3, 4 пятлі́), пе́тляў; ж.

1. Частка вяроўкі, шнура, ніткі і пад., складзеная кальцом і завязаная так, што канцы яе можна зацягнуць. Кат ускочыў на табурэтку сам і накінуў асуджанаму пятлю на шыю. Машара. Я адразу ўспомніў, што ў мяне дзяга на паясніцы. Зрабіў пятлю, зачапіў за крук.. бараку. Пташнікаў. // Аб смерці праз павешанне. — Песня твая прапета, Пятлю ці кулю сам выбірай!.. Танк. І апошняю куляй, што да ўласнага сэрца прымерана, Я фашыста яшчэ аднаго у зямлю заганю, І, стрымаўшы салдацкую клятву на вернасць, Сваё цела аддам і пятлі, і свінцу, і агню. Панчанка.

2. Лінія, крутавы рух у выглядзе замкнутай або паўзамкнутай крывой. [Маша] кружыла, рабіла петлі, хутка траціла ўсялякі кірунак і блудзіла. Шамякін. Вакол лямпы, апісваючы імклівыя петлі, носіцца матыль. Навуменка. За ўрочышчам «Вокны» рака Будзянка робіць вялікую, амаль закончаную пятлю. В. Вольскі. // звычайна мн. Пра сляды звера (пераважна зайца), якія ўтвараюць замкнутыя крывыя. Першых заячых слядоў глухія петлі забялелі. Танк. // Рух лятальнага апарата па замкнутай крывой лініі, у час якога лётчык у пэўны момант аказваецца ўніз галавой. Натоўп замёр: самалёт падаў.. Гэта была пятля, зрабіць якую лёгка можа спрактыкаваны лётчык. Краўчанка. Пасля левага развароту самалёт пайшоў на пятлю. Мільганула зямля, паплыло неба, потым зноў паказалася зямля... Алешка.

3. Кальцо з нітак, якое ўтвараецца пры вязанні. Вольга спрытна запрацавала шпількамі, нанізваючы на іх петлі пражы. Пестрак.

4. Тое, што і сіло. Наш сусед Коберац дык налаўчыўся сіліць зайцаў петлямі. Дайліда.

5. Праразная адтуліна ў адзежы для зашпільвання (гузіка, запінкі і пад.). Праразаць петлі. // Дужка з нітак, шнурка або дроту для зашпільвання гапліка, гузіка і пад.

6. Дзве металічныя планкі на шарніры, якія служаць для прымацавання дзвярэй, вокнаў і пад. На двары ўсё раскідана абы-як, вароты скасабочыліся, вісяць на адной пятлі. Мележ. Тоненька-тоненька віснулі петлі дзвярэй, І хтосьці зайшоў у хату. Паўлаў.

•••

Мёртвая пятля — а) пятля з вузлом, які пасля зацягвання нельга развязаць; б) фігура вышэйшага пілатажу — палёт па замкнутай крывой у вертыкальнай плоскасці.

Лезці ў пятлю гл. лезці.

Усунуць галаву ў пятлю гл. усунуць.

Хоць у пятлю лезь гл. лезці.

Шукаць пятлі на шыю гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассы́пацца, ‑плюся, ‑плешся, ‑плецца; заг. рассыпся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Высыпацца адкуль‑н., раскідацца ў розныя бакі, рассеяцца. Цукар рассыпаўся. □ Ліпавы кошык ціха ўдарыўся аб зямлю, бязгучна рассыпаліся грыбы. Лынькоў. Яблыкі рассыпаліся — пакаціліся ў бульбоўнік. Даніленка. // Свабодна легчы (пра валасы). [Валасы], густыя і чорныя, рассыпаліся па плячах. Вітка. // перан. Размясціцца, раскідацца на якой‑н. прасторы. Вакол, куды ні глянеш, рассыпаліся хутары. «Маладосць». Між градамі флоксаў рассыпаліся рознакаляровыя астры. Дуброўскі. Мой горад па завулках Рассыпаўся ў бакі. Іверс.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распасціся, разваліцца на дробныя часткі. — Будынкі старыя. На месцы яны стаяць, а крані — рассыплюцца. Галавач. Качка з сілай стукнулася ў акно, шыба зазвінела і рассыпалася на дробныя частачкі. Ляўданскі. // перан. Перастаць існаваць; распасціся. Рухнулі старыя Міхалавы ідэалы, рассыпаліся былыя надзеі, згінулі ранейшыя мары, пакінуўшы пасля сябе прыкрую памяць. Кудраўцаў. І раптам усё маё маленькае шчасце рассыпалася. Пянкрат.

3. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Разысціся, разбегчыся ў розныя бакі. Натоўп рассыпаўся. □ З вясёлым шумам і крыкам выбеглі дзеці на вуліцу .. і рассыпаліся па хатах. Колас. // Разышоўшыся, размясціцца на адлегласці адзін ад аднаго. Перакур зацягнуўся гадзіны на тры. Нарэшце доўгачаканая каманда: — Рассыпацца ў ланцуг!.. Інтэрвал — два метры... Навуменка. // Разм. Перастаць жыць разам; раз’ехацца (пра ўсіх, многіх). Старая яго ўжо гадоў дзесяць як памерла, а дзеці, як.. [дзед Анупрэй] кажа, рассыпаліся па ўсім свеце. Якімовіч.

4. Абазвацца частымі перарывістымі гукамі. Як бы хочучы пацвердзіць свае апошнія словы, .. [Юркевіч] рассыпаўся дробным ненатуральным рогатам. Мурашка. // Разнесціся, раздацца (пра частыя, перарывістыя гукі). Якраз у гэтую хвіліну артылерыйская кананада сунялася, і ў цішы, што настала, рассыпалася кароткая імклівая чарга кулямёта. Мележ. Стрыманы смех рассыпаўся сям-там у зале і прыціх. Хадкевіч.

5. Разм. Лісліва і шматслоўна выказаць што‑н., звычайна прыемнае для слухача (кампліменты, падзяку і пад.). Неўзабаве вярнуўся вусач і, забіраючы ад салдата вінтоўку, рассыпаўся ў падзяках. Машара.

6. Разм. Радзіць. [Язэпу] стала шкада Дашы. — Праз тыдзень я вярнуся. Ты ж сама казала, што яшчэ не хутка рассыплешся... Асіпенка.

рассыпа́цца 1, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да рассы́пацца.

2. Зал. да рассыпа́ць.

•••

Рассыпацца дробным макам — лісліва дагаджаць, наравіць каму‑н., паддобрывацца да каго‑н.

рассыпа́цца 2, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.

Незак. да разаспацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)