наво́чнік, ‑а, м.

1. Шчыток або павязка для аховы вачэй ад чаго‑н. [Аржанец:] — Глядзі на жыццё зблізку, без акуляраў ды навочнікаў, вывучай яго не зверху, а з сярэдзіны, слухай, што добрыя людзі гавораць. Брыль.

2. Шчыток на вуздэчцы, які не дае пужліваму каню глядзець па баках. Едуць сяляне на пары коней у рагатых хамутах і аброцях з вялікімі навочнікамі. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насе́вак, ‑сеўку, м.

Разм. Тое, што прызначана для пасеву; насенне. Як толькі снег з узгоркаў знік, Вазіць насевак-яравое Прыйшоў шматтонны грузавік. Танк. // Наогул тое, што сеецца, ляціць, падае зверху. Насевак з клёну. Насевак з хваёвых шышак. □ Алесь тужыў па свежай баразне, калі яна вясной .. крышыцца тлустымі, цёплымі камякамі, гатовая і прагная прыняць і залацісты дождж зярнят, і насевак са шчодрага неба. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́сып, ‑у, м.

1. Узвышэнне, зробленае шляхам насыпкі зямлі, грунту і пад. На некаторых магілах пачала прабівацца трава, на ёй блішчалі скупыя кроплі расы, а большасць насыпаў яшчэ жаўцела зверху глыбінныж жвірам. Кулакоўскі. Дарожны насып з двух канцоў моста быў вельмі высокі. Ставер.

2. у знач. прысл. на́сыпам. Спец. У рассыпаным стане (пра спосаб захавання і перавозкі). Дробныя радыёдэталі ўпакоўваюць насыпам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камізэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Кароткая адзежына без рукавоў і каўняра, якую надзяваюць на сарочку або блузку. Янаш быў у святочным адзенні. У камашах, новай кашулі і камізэльцы. Няхай. Бабка мая, калі добра прыгледзецца, зусім падобная на маму, толькі маршчын на твары шмат ды адзета не так: яна носіць спадніцу і зверху сарочкі нейкую камізэльку, якую заве кабатам. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звысо́ку, прысл.

1. Зверху, з вышыні. У гэты ранні час сонца яшчэ не відно было, толькі адны жаўранкі бачылі яго звысоку. Чорны. Бляск месяца бледны, што ззяе звысоку, І сонца, што дорыць жыццёвасць, цяпло... Усё гэта радніцца з жыццём чалавека. Гурло.

2. З пагардай, фанабэрыста. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі і звысоку пазіраў на ўсіх тутэйшых кавалераў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саскаўзну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгануўшы, спусціцца, з’ехаць зверху ўніз. [Лёнька] ўжо быў на другім баку стога, саскаўзнуў уніз па жэрдцы. Місько. // Хутка рухаючыся, спусціцца, сысці з чаго‑н. Саскаўзнуць з ложка.

2. Коўзаючыся, саскочыць, зваліцца з чаго‑н. Бярвенні лёгка саскаўзнулі па жардзінах уніз.

3. перан. Разм. Будучы няўстойлівым, ухіліцца ад чаго‑н. Саскаўзнуць з правільнай дарогі. Саскаўзнуць на абывацельшчыну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спапяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Ператварыць у попел; сатлець, згарэць. Здавалася, што ўсё спапялее, згарыць ад гэтакай гарачыні. Сабаленка. // перан. Набыць колер попелу. Твар .. [Кідалы], звычайна чырвоны, задаволены, спапялеў. Шамякін. Зоры на небе спапялелі, дзённае святло цадзілася зверху. Чорны.

2. Тлеючы, ператварыцца ў попел, парахню; згніць. Іржа згрызе жалеза, струхлеюць каменныя сцены, косці ворагаў яго спапялеюць у зямлі, а .. [Захар] будзе жыць. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адрэ́зак, ‑зка, м.

1. Невялікі адрэзаны кавалак чаго‑н. [Васіль] адрэзаў з братам некалькі дошак на столь. Паставіў адрэзкі пры сцяне на козлы, каб можна было браць зверху. Мележ.

2. Абмежаваная частка чаго‑н. Адрэзак часу. Адрэзак шляху. □ Застава лейтэнанта Усава ў няроўнай барацьбе.. трымала давераны ёй адрэзак граніцы. Брыль.

3. пераважна мн. (адрэ́зкі, ‑аў). Землі, адрэзаныя ад сялянскіх надзелаў у часе рэформы 1861 г. ў Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мачы́ць, мачу, мочыш, мочыць; незак., каго-што.

1. Рабіць мокрым, вільготным. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. [Чалавек] быў па пояс мокры: з ног мачыла збажына, а зверху адзежына правяла. Чорны.

2. Трымаць што‑н. у чым‑н. вадкім, прамочваць, насычаць вадкасцю, каб надаць адпаведныя якасці, уласцівасці. Ля дзвярэй — лаўка, а побач з ёю — цэбар. У ім мачылі дубцы. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мэ́ндлік, ‑а, м.

Пяць снапоў ячменю, аўса, пастаўленых у кучкі для прасушкі і накрытых распасцёртым снапом зверху. Перад.. [Сцёпкам] раскрываюцца ўсё новыя і новыя рысункі дарогі: лясы, лужкі, мосцікі, пажоўклыя гоні палёў, дзе пападаюцца сям-там яшчэ непрыбраныя мэндлікі аўсоў. Колас. // Тое, што і бабка ​2 (у 6 знач.). Досвіткам.. [Густаў] дайшоў да поля, дзе стаялі мэндлікі нязвезенага жыта. Чорны. За лесам жытні палетак, устаўлены мэндлікамі без шапак. Мурашка.

[Ням. Mandel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)