Зато́рычвыраз, паз, у які ўстаўляецца дно бочкі’ (Мат. Гом.). Параўн. утора ’тс’, рус., укр. утор, польск. wątor, чэш. útor і г. д. Прасл. ǫtorъ. Чэш. дыял. zátor ’падмыты бераг’. Форма заторыч пацвярджае корань тор‑ у слове утора (гл.); тор‑ суадносяць з церці < ter‑//tьr‑ (Фасмер, 4, 175), прычым Махэк., (672) указвае, што ён меў значэнне ’рэзаць’ (ст.-чэш. tříti). Заторыч утворана з суф. ‑ыч < ‑ičь, які далучаўся да аддзеяслоўнай з чаргаваннем галоснага асновы *zator‑. Час утварэння слова няясны. Параўн. зачыр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сказ1 ‘фраза, выказванне, выраз’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Байк. і Некр.), ‘аповяд пра падзеі мінулага або сучаснасці’, ‘расказ, апавяданне’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб.), ‘вымаўленне, гаворка’ (ТС). Нулявы дэрыват ад сказаць (гл. казаць); параўн. рус. сказ ‘паданне, апавяданне’. Як граматычны тэрмін лічыцца арыгінальным утварэннем без семантычных паралеляў у іншых мовах (Бідэр, Зб. Мальдзісу, 331), калі не лічыць семантычнай паралеллю чэш. věta ‘сказ’ ад старога кораня ‑větiti ‘гаварыць’ (Голуб-Ліер, 506).

Сказ2, сказік ‘бяльмо на воку’ (навагр., Жыв. сл.). Гл. каз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ёмісты, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны змясціць у сабе вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Ёмісты рэчавы мяшок. Ёмістая сталовая. □ Ёмістая пашча [экскаватара] .. ўзнімала і абвальвала на грузавік ледзь не цэлую тону жоўтага пяску. Паслядовіч. Двор поўніўся людскіх гоманам; рыпелі колы ёмістых драбін, бразгала жалеза. Хадкевіч.

2. перан. З багатым зместам, з вялікім унутраным сэнсам. Ёмісты вобраз. Ёмісты выраз. □ Але ў Купалы разам з песеннасцю прысутнічаў, як вядома, і надзвычай выразная мова вобразнай сімволікі, сімволікі ёмістай, па-філасофску значнай і народна-каларытнай. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантаміна́цыя, ‑і, ж.

1. Змешванне дзвюх або некалькіх з’яў, падзей пры іх апісанні. У прадмове М. Федароўскі звярнуў увагу чытача і на вельмі характэрную з’яву ў фальклоры — кантамінацыю, г. зн. на пераход сюжэтаў і матываў з адной казкі ці песні ў другую, зліццё іх і перапляценне. Саламевіч.

2. Узнікненне новага слова або словазлучэння ў выніку збліжэння, аб’яднання двух розных слоў або выразаў, блізкіх па значэнню ці гучанню (напрыклад, няправільны выраз «іграць значэнне» ўтвараецца шляхам кантамінацыі двух выразаў: іграць ролю і мець значэнне.).

[Ад лац. contaminatio — сутыкненне, змешванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сму́так, ‑тку, м.

Пачуццё суму, маркоты, жалю. Я за труной тваёй іду з жалобнай песняй. Глыбока ў сэрцы смутак свой нясу. А. Александровіч. Сяброўскае слова і жарты Адгоняць і смутак і жаль. Хведаровіч. Ідзеш па вуліцы, заходзіш у хаты, гутарыш з людзьмі і бачыш, як цячэ мірнае, працавітае жыццё, з поспехамі і няўдачамі, з радасцямі і часінамі смутку. Хадкевіч. // Журботны, сумны выраз (вачэй, твару, губ і пад.). Прыкметны смутак стаіўся ў .. карых вачах [Алесі]. Шамякін. На поўны твар .. [Зімчука] лёг смутак. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тае́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Скрыты, невядомы, непрыкметны для іншых. Таемнае жаданне. □ А цёплымі вечарамі ля Ручайкі [назва рэчкі] шмат таемных мясцін для закаханых. Марціновіч.

2. Загадкавы, невядомы, акружаны тайнаю. Ніяк не мог зразумець .. [Міколка], што гэта за такая таемная асоба, якой баяцца людзі, якой баіцца маці. Лынькоў.

3. Які сведчыць пра наяўнасць якой‑н. тайны. На твары .. [Кастуся] ляжаў таемны выраз вялікага змоўшчыка. Чорны. Сяргей паслухаўся гэтага таемнага голасу, азірнуўся. Тое, што ён убачыў, яго вельмі здзівіла. На просецы мільгалі агеньчыкі: адзін, другі, трэці... Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фізіяно́мія, ‑і, ж.

1. Твар чалавека. Наташа ўбачыла, як з Шуставай фізіяноміі спаўзла ўсякая фанабэрыстасць. Шчарбатаў. [Чыбук:] — А як.. [жонка] з сябе? Ну, з фізіяноміі, з цела? [Дзяцел:] — Нічога. Спраўная. Мележ. // Выраз твару, грымаса. Потым Максім сустрэў Пуцыну год з пяць назад. У таго была кіслая фізіяномія, нібы ён праглынуў якога слімака. Дзятлаў. // Разм. Чалавек, асоба. У хату ўвайшлі тры заспаныя фізіяноміі.

2. перан. Індывідуальны знешні выгляд каго‑, чаго‑н., чые‑н. адметныя рысы. [Буднік:] — Сацыяльная міміка ў такіх людзей багатая, а фізіяноміі няма. Галавач.

[Фр. phisionomie.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпі́тэт, ‑а, М ‑тэце, м.

Паэтычнае азначэнне, якое выражае эмацыянальную ацэнку або дае вобразную характарыстыку прадмету, з’яве, напрыклад: «жалезны нарком», «свінцовыя хмары». З мэтай надаць сваім апавяданням гумарыстычную афарбоўку Якуб Колас, апрача параўнанняў, ужывае і другія стылістычныя спосабы — эпітэты, метафары, гіпербалы, якія нясуць у сабе пэўную долю гумару. «Полымя». // Слова, выраз, якім характарызуюць, называюць каго‑, што‑н. — Вас трэба павіншаваць. Вы дамагліся свайго — сталі спявачкай. Я з захапленнем слухаў ваш... — Андрэй падбіраў эпітэты, каб даць азначэнне яе голасу, але Ірына перапыніла яго. Сапрыка.

[Грэч. epítheton — прыдатак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Дубальто́ўка1 ’дубальтоўка, паляўнічая стрэльба’ (БРС, Сцяшк., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. dubeltówka ’тс’ (ад dubeltowy ’падвойны’ < ням. dupel; гл. Брукнер, 101).

Дубальто́ўка2. Гэта назва азначае розныя рэаліі: ’вялікая суконная хустка’ (Сцяшк., Сцяц.), ’падвойнае акно’ (Сцяшк.). У аснове ляжыць запазычаны з польск. мовы прыметнік дубальто́вы ’падвойны’ (гл.). Назвы для ’хусткі’ і ’падвойнага акна’ могуць быць утворанымі ўжо на бел. глебе (параўн., напр., выраз дубальто́выя ра́мы ’падвойныя рамы’, БРС). Але не выключаецца, што дубальто́ўка ў адзначаных вышэй значэннях — запазычанне з польск. дыялектаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нераўну́ючы ’надта падобны, але не можна параўнаць’ (Варл.). Засцерагальны выраз, які адлюстроўвае рэшткі ахоўнай магіі: непажаданае прыроўніванне каго-небудзь ці чаго-небудзь добрага да горшага магло прынесці шкоду першаму. Да ро́ўны ’аднолькавы’, раўня́ць ’параўноўваць’ (гл.), параўн. нероўны ’няроўны, неаднолькавы’ (ТС), нера́ўны ’неаднолькавы’ (Сл. ПЗБ) і пад. Гл. таксама нераўнава́ць ’не приравнивать’, нераўну́ючы (неровнуючи) ’не параўноўваючы, не прымяняючы’: «Неровнуючи часу, говорится в предосторожностях худых последствий от воспоминания о каком-либо несчастном случае: Неровнуючи часу, перегнувся так, да й ўпавъ у калодзезь» (Нас.). Параўн. рус. неровен час ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)