разга́р, ‑у, м.

1. Пара самага высокага развіцця, самага моцнага праяўлення чаго‑н.; момант найвышэйшага напружання чаго‑н. Вясна ў разгары. Ціха і цёпла. Гаўрылкін. Вяселле было ў самым разгары, калі Фёдар Цімафеевіч раптам падняўся з-за стала і сказаў: — Вы тут, дарагія госцейкі, гуляйце, гуляйце, весяліцеся, а я пайду.. Васілёнак. — Калона бронемашын! — у самы разгар бою далажылі нашы разведчыкі, і камандзір выпусціў зялёную ракету — сігнал да агульнага адступлення. Карпюк.

2. Спец. Акісленне ўнутранай паверхні ствала гарматы ад прарыву парахавых газаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Зрабіць роўным, згладзіўшы складкі, згібы, няроўнасці. [Штаны] моршчацца гармонікамі, і ніякай сілай іх не разраўняеш. Адцягне Пецька рукамі штаніну ўніз — роўна, толькі за другую возьмецца, а першая — пстрык! — і зноў гармонікам. Сяркоў. У Глыбаве разраўнялі палетак вакол клуба, абнеслі прыгожым парканам. Кірэйчык. // Зняць, расправіць (складкі, няроўнасці і пад.). Разраўняць зморшчкі на спадніцы. // Зрабіць раўнамерным, аднолькавым слой чаго‑н. Верка перакінула салому цераз перагародку, перагнулася, каб яе там разраўняць. Гаўрылкін. Трэба было разраўняць грунт, утрамбаваць, падвесці пад ровень. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распаго́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Стаць ясным, лагодным. Раніца распагодзілася. □ Часам, як вецер не свішча і распагодзіцца дзень, бель паву[ці]ння на ржышча бабскае лета кладзе. Машара. // перан. Перастаць быць хмурным, невясёлым; прасвятлець. [Рэктар] нешта запісаў, і твар яго, перад гэтым насцярожаны, распагодзіўся. Пестрак. У бежанкі, як у мадонны, аж распагодзіўся твар, Калі Лысуха [карова] з далоні захрумстала шэры сухар. В. Макарэвіч.

2. безас. Пра наступленне яснага, пагоднага надвор’я. Было зусім ціха. Распагодзілася. Колас. Пакуль я ляжаў, распагодзілася, і ў акно зазіраў нізкі і круглы месяц. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Вызваліць ад упакоўкі. — Ці не лепш было б усё ж распакаваць .. [прыёмнік] загадзя і .. пусціць у эксплуатацыю на вечары? Якімовіч. // Расклаўшы, выняўшы што‑н. спакаванае, апаражніць (чамадан, сумку і пад.); вызваліць ад упакоўкі. Пакуль Іра сядзела на дзяжы, я распакаваў чамадан і пачаў раздаваць падарункі. Сабаленка. [Вадзім Іванавіч] распакаваў свой рукзак і на здзіўленне ўсім дастаў адтуль не турысцкую амуніцыю, а паходную радыёстанцыю. Шыловіч. Урэшце [зямляк] устаў, распакаваў свой пак, дастаў раманаўскі кажух, зімовую шапку — ды на сябе. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распасцёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распасцерці.

2. у знач. прым. Шырока разведзены ў бакі. Раптам адзін з .. [невядомых] кінуўся да яго з радасна распасцёртымі рукамі: — Васіль Іванавіч! Родненькі! Лынькоў. Нездарма распасцёртыя крыл[ы].. [альбатросаў] маюць два з палавінай метры ўшыркі. Маўр. // З раскінутымі рукамі або нагамі (часцей пра ляжачага). Даша не азвалася. Яна ляжала нерухома, шырока раскінуўшы [апухлыя] ногі. Было балюча глядзець на яе, распасцёртую, бездапаможную. Асіпенка. І канец. І.. [леў] ляжыць, горды, распасцёрты, крутабокі і грывасты. Караткевіч.

•••

З распасцёртымі абдымкамі гл. абдымкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэа́льнасць, ‑і, ж.

1. Аб’ектыўная рэчаіснасць; з’явы, факты, рэчы аб’ектыўнай рэчаіснасці. Жыццёвы матэрыял заўсёды праходзіў адпаведную творчую апрацоўку і набываў новыя якасці, станавіўся арганічным сплавам рэальнасці і мастацкага домыслу. С. Александровіч. Штохвіліны думка ўспыхвае трывожнай іскрай, шукае апоры ў навакольнай рэальнасці — цішыні лесу, цёмных начных дрэвах. Навуменка. Адно, што было некатораю рэальнасцю, гэта — запіска ад рэдактара Уласюка на імя інжынера Блока. Колас.

2. Уласцівасць рэальнага. Рэальнасць планаў.

•••

Аб’ектыўная рэальнасць — усё тое, што існуе па-за свядомасцю і незалежна ад яе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэко́рд, ‑а, М ‑дзе, м.

Найлепшы вынік, дасягнуты ў спорце, у працы і пад. Асаблівы поспех выпаў на долю юнака ў чырвонай майцы.. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў новы рэкорд рэспублікі. Шыцік. У класе спрачаліся на тэму: што такое гераізм і ці з’яўляецца гераізмам рэкорд Алёшы Касцянка на камбайне? Шамякін. На кончыках пальцаў трэба было падымацца і апускацца дванаццаць разоў. Гэта лічылася рэкордам. Колас. // перан. Разм. Вышэйшая ступень праяўлення чаго‑н.

•••

Пабіць рэкорд гл. пабіць.

Ставіць рэкорд гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

садо́к 1, ‑дка, м.

Памянш.-ласк. да сад (у 1 знач.); невялікі сад. Ззаду .. [доміка] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.

садо́к 2, ‑дка, м.

1. Штучны вадаём для развядзення рыбы. // Прыстасаванне для трымання злоўленай жывой рыбы.

2. Памяшканне для трымання, гадоўлі і адкорму жывёлы. Гусіны садок.

3. Пастка на звяроў і птушак. Паставіў Левановіч садок, — гаварыў.. [Фарафонаў]. — Прыйшоў назаўтра раніцай, у калядніцу было, — а там повен садок ваўкоў. Як забег адзін, дык за ім усе, галодныя. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саладжа́вы, ‑ая, ‑ае.

1. З прысмакам салодкага; саладкаваты. Саладжавы кісель. □ Вёска, наскрозь прапахлая саладжавым водарам жытнёвых снапоў, жыла рэдкімі галасамі, рыпеннем веснічак і колаў фурманак, нейкімі ўздыхамі і шапаценнем. Б. Стральцоў. Піва не ішло, нібы яно было нейкім гаркавым, ні то задужа саладжавым. Лынькоў.

2. перан. Празмерна ветлівы, да прыкрасці ласкавы. Не! Ты не той саладжавы сват, Што суліць да скону ціш ды лагоду. Барадулін. // Які вызначаецца фальшывай пяшчотнасцю. Паліне зрабілася непрыемна ад яго саладжавай усмешкі, яна заспяшалася і развіталася суха. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скру́ха, ‑і, ДМ скрусе, ж.

Туга, маркота. Радасць чалавечая ўсё ж такі мацней за скруху і беспатольнае гора. Сабаленка. — Глыбокае мора, шырокае мора, — Старая запеў павяла, — Ды толькі, глыбейшым было маё гора, Шырэйшаю скруха была. Бялевіч. // Жаль, шкадаванне. — Марына!.. Га, Марына!.. Ты яшчэ жывеш? Не памерла?.. — і са скрухай уздыхнуў: — Ну і жывучыя людзі! Ракітны. Затое, калі ішлі з Сяргеем дадому і адзінай сведкай іх быў серпік месяца, .. [Антон] са скрухай сказаў: — Пацягнула ж мяне за язык сказаць пра гэты буксір. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)