агрэ́бці, аграбу, аграбеш, аграбе; аграбём, аграбяце; пр. агроб, агрэбла і аграбла; зак., што.

1. Тое, што і абгрэбці.

2. Разм. Згрэбці ўсё з якой‑н. плошчы. [Дзядзька:] — Агрэблі мы так свае соткі, зірнулі, і страх нас узяў — было поле зялёнае, а стала чорнае, толькі вяршочкі зялёныя з зямлі вытыкаюцца. Палтаран.

3. перан. Атрымаць, здабыць, захапіць што‑н. у вялікай колькасці. [Ціток:] — Каб нам з вамі папалам дзесятую долю таго, што агроб наш Іван, то мы б з вамі, пане мой, азалаціліся б. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць; зак.

1. што. Доўга або ў нязручнай паставе седзячы, давесці да здранцвення якую‑н. частку цела. Адседзець нагу.

2. Прабыць, праседзець нейкі час дзесьці. [Эма] скардзілася, што ёй цяжка, што.. [Іван] не памагае ў хатняй рабоце. А яму хіба лёгка было? Яна ж адседзіць, адбалбоча .. восем гадзін, і ўсё, які там цяжар. Марціновіч.

3. Адбываючы пакаранне, прабыць які‑н. тэрмін у турме. Я. Колас за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і рэвалюцыйныя творы адседзеў тры гады ў ліпскім астрозе. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засто́лле, ‑я, н.

1. Разм. Месца за сталом, вакол стала. Чачык кіўнуў ад парога ў знак прывітання, накіраваўся да застолля і сеў на другі край лавы, на якой сядзеў і Нетра. Пташнікаў. Гаспадыня падняла на ногі ўсіх сваіх кватарантаў. Людзей набралася поўнае застолле. Гаўрылкін. // Усе тыя, хто сядзіць за сталом. Агрыпіна, седзячы побач з Малашкіным, адчувала настроі свайго застолля. Пестрак. Гамоніць застолле, Мацнее гаворка. Гілевіч.

2. Святочнае частаванне, бяседа. Застолле было не вельмі раскошнае, але шчырае, па-сапраўднаму вясёлае. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; зак., каго-што.

Разм.

1. Цягнучы, зняць з чаго‑н., адкуль‑н. Звалачы мяшок з воза.

2. Цягнучы, перамясціць куды‑н. [Пятрусь] звалок драбіны з дарогі і, апусціўшы галаву, пайшоў дадому. Колас.

3. Сабраць, сцягнуць у адно месца. Звалачы галлё ў кучу.

4. Угаварыць, прымусіць пайсці куды‑н. — На рыбу .. [бацьку] Яўхім звалок. Кажа, у дождж ловіцца добра. Савіцкі.

5. Украсці, сцягнуць. Андрэю нельга было адыходзіць далёка, сабакі маглі пранюхаць і звалачы мяса, а ліхі чалавек — украсці аглоблі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́сціся, звядуся, звядзешся, звядзецца; звядзёмся, зведзяцеся; зак.

1. Перастаць існаваць; знікнуць. Раней тут коз было багата... Ды тая плойма ўся звялася, Так перадохла яна марна. Колас.

2. Страціць сілы, пахудзець. Звёўся чалавек. Не толькі якой працы, і пашпарта яму не давалі, цураліся яго, дурным празвалі. Гарэцкі.

3. да чаго. Абмежавацца, скараціцца; выразіцца ў чым‑н. нязначным, малым і пад. Звялася работа следчага, па сутнасці, да выканання чыста фармальных працэдур — збору прадугледжаных судаводствам дакументаў. Мехаў.

•••

Звесціся на нішто — страціць усякі сэнс, значэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вербава́ць, вярбую, вярбуеш, вярбуе; незак., каго.

Набіраць, наймаць людзей на якую‑н. працу, схіляць да ўступлення ў якую‑н. арганізацыю. Вербаваць рабочых на лесараспрацоўкі. □ Школа існавала ўжо некаторы час, але карысці з яе не было, бо людзі, якія ў ёй вучыліся, кідалі гэтую нязвыклую ім справу, ледзьве пабыўшы ў ёй тыдзень або найбольш два. Вербавалі тады новых «вучняў». Чорны. Прысуду і кары яшчэ патрабуем Злачынцам праклятым, што ночы і дні Разбой ухваляюць, забойцаў вярбуюць Да новай крывавай сусветнай вайны. Танк.

[Ад ням. werben — шукаць, дамагацца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыча́л, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прычаліць.

2. ‑а. Частка прыстані, забяспечаная неабходнымі прыстасаваннямі для прычальвання суднаў. Хлопцы хадзілі па набярэжнай, пазіралі на мора, дзе было поўна катэраў, барж, яхтаў, а ля прычалаў пагойдваліся велізарныя караблі. Хомчанка. // Слуп, кол каля прыстані, да якога прымацоўваюць лодку, судна і пад. Увішныя шафёры.. кінуліся дапамагаць Сілівону адвязваць канцы вяровак, якімі была прывязана пасудзіна да прычала.. Паром плаўна падаўся ад берага. Лынькоў.

3. ‑а. Вяроўка або канат, якімі прычальваюць судны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́бінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Маршчынка на воднай паверхні ад лёгкага ветру. Ветру зусім не было, і вада ў возеры стаяла спакойнай, без ніводнай рабінкі. Галавач.

рабі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да рабіна; маладая невялічкая рабіна. На маладзенькай рабінцы перад вокнамі чырванела пучкоў тры ягад — першы ўраджай на маладым дрэўцы. Чорны.

2. Адна ягада рабін.

3. Народная назва піжмы. У дробным альшэўніку, дзе стаяла карова, цвіла трава-рабінка. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́дыё, нескл., н.

1. Спосаб перадачы і прыёму без правадоў электрамагнітных хваль для ўстанаўлення сувязі, вяшчання, тэлебачання і пад. Вынаходца радыё. Звязацца па радыё.

2. Тое, што і радыёперадача (у 2 знач.). Слухаць радыё.

3. Разм. Тое, што і радыёпрыёмнік; рэпрадуктар. Уключыць радыё. □ У маленькім пакойчыку, на самаробным століку было.. радыё. Чорны.

4. Ужываецца замест некаторых складаных слоў, першай састаўной часткай якіх з’яўляецца «радыё...» (радыёвяшчанне, радыёкропка, радыёсувязь, радыётэхніка і пад.). Працаваць на радыё. □ У радыё [Валодзя] таксама не надта разбіраецца. Шамякін.

[Ад лац. radio — выпраменьваю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагна́цца, разганюся, разгонішся, разгоніцца; зак.

1. Павялічваючы скорасць свайго руху, давесці яе да найбольшай велічыні. Вось.. [бусел] трошкі разагнаўся, узмахнуў разы тры крыламі, і паволі падняўся ў паветра. Васілевіч. [Вадзімку] тут не было дзе і пабегаць. Толькі разгоніцца, а перад ім лава, ці ўслон, ці палаці. Сабаленка.

2. Захапіцца сваім заняткам, увайсці ў азарт. Гледзячы на гэтую Бабейкаву сядзібу, Ваўчок не любаваўся яе раскошай, а з трывогай думаў: «Ох і разагнаўся чалавек!» Хадкевіч.

•••

Не разгонішся — пра немагчымасць зрабіць што-небудзь у існуючых абставінах, умовах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)