бяссі́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае фізічных сіл; вельмі слабы. Хлопец кінуўся падымаць таварыша. Але бяссільнае цела інжынера хілілася долу, і тут толькі хлопец заўважыў вялікую лужыну крыві на месцы, дзе ляжаў таварыш. Лынькоў. [Мікола] разгортвае.. сшытак і, палажыўшы на яго левыя старонкі сваю бяссільную руку, правай рукой нешта піша. Брыль.
2. Няздольны што‑н. зрабіць, што‑н. пераадолець; бездапаможны. [Мікола:] — Загаіць гэту рану Мы бяссільны, ўрачы. Бачыла. // Пазбаўлены магчымасці задаволіцца (пра пачуцці). Бяссільная злосць [Мікіты] вылілася на Матку, яго безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэта злосць, горкая, дзікая і дурная. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ло́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.
1. Навука аб законах і формах мыслення. Фармальная логіка. Дыялектычная логіка. Матэматычная логіка.
2. Ход разважанняў, вывадаў. У выступленні Тамары менш было запалу і рашучасці, затое логіка якая! Ермаловіч. // Правільнасць, разумнасць мыслення. [Міхал] ніколі не вызначаўся асаблівай выдатнасцю логікі ў думках. Чорны. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім захацелася пачуць у гэтых выбухах грукат сваёй артылерыі. Карпюк.
3. Унутраная заканамернасць. Логіка рэчаў. □ Дзіўныя справы .. захапляюць мяне сваёй навізной, такім незвычайным для нашага жыцця паваротам падзей і логікай з’яў. Быкаў.
[Грэч. logikē.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засцяро́га, ‑рогі, ДМ ‑розе, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. засцерагаць — засцерагчы.
2. Тое, што засцерагае ад чаго‑н. — Прызнацца, дагэтуль я крыху баяўся, што хто-небудзь прачытае мой дзённік. Праўда, ад гэтага засцерагалі неразборлівы почырк і беларуская, мова, якую ведаў адзін Чарняк. Але засцярога гэта не такая ўжо надзейная. Шамякін.
3. Мера, якая прымаецца для аховы, засцеражэння ад чаго‑н.; надзвычай асцярожныя адносіны да чаго‑н. Да войтавых вушэй даходзяць чуткі: па лясах бадзяюцца цёмныя людзі, змаўляюцца.. і на нешта наважваюцца. Засцярога тут не пашкодзіць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звяць, звяну, звянеш, звяне; зак.
1. Стаць вялым, бляклым; завяць. Кветкі звялі ад спякоты. Трава звяла. // перан. Страціць свежасць; змарнець. Хоць Барташэвічу і было больш за шэсцьдзесят год, усё ж ён яшчэ быў пругкім чалавекам, а жонка ў зорак пяць год звяла, як кветка ў спёку. Гурскі.
2. перан. Зрабіцца вялым, млявым. Цягавіты стары, каб прыйшлося, перамог бы яшчэ сваю ўтому пасля цяжкай дарогі і прайшоў бы яшчэ адным махам з пяцьдзесят кіламетраў, але тут задушыла яго трывога: ён зусім звяў. Чорны. І ногі і рукі ў Івана звялі. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згла́дзіцца, ‑дзіцца; зак.
1. Стаць роўным, гладкім, пазбавіўшыся няроўнасцей. Жарнавыя камяні згладзіліся.
2. Знікнуць (пра якія‑н. няроўнасці). [Таня] ўбачыла, як згладзілася ўпартая маршчынка над пераноссем у гэтага чалавека, а позірк яго вачэй ужо не быў такі безуважлівы і цяжкі. Даніленка.
3. перан. Стаць менш прыметным, адчувальным; паступова знікнуць. Скончыўся сход — і ўражанне можа згладзіцца, а ў кнізе — гэта застаецца надоўга. Чорны. Сустрэча і размова з .. дзяком трохі папсавала настаўніку яго добры гумор... Але ўсё гэта хутка згладзілася, сцерлася з памяці, і ён з вялікаю зацікаўленасцю разглядаў двары тутэйшых сялян. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маста́к, ‑а, м.
1. Творчы работнік у галіне выяўленчага мастацтва (жывапісец, графік, скульптар). Мастак-дэкаратар. Мастак-карыкатурыст. □ Пакуль мастак піша партрэт Роліча, я размаўляю з старым рыбаком. В. Вольскі.
2. Чалавек, які творыць у галіне мастацтва, літаратуры. Мастак слова. □ Чорны — раманіст-эпік, мастак-мысліцель, мастак-інтэлектуаліст. Для яго адным з важнейшых прынцыпаў быў прынцып гістарызму. Дзюбайла.
3. Пра таго, хто дасягнуў высокай дасканаласці ў якой‑н. справе. [Сушылаў] не толькі ўмеў паляваць і рыбачыць, але і гатаваць быў мастак. Шамякін. [Глеб:] — Гаварыць ты не мастак, гэта я ведаю, а думаць над сваім жыцыём кожны павінен. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даўне́йшы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. даўні.
2. Які меў месца, адбыўся некалі, даўней, задоўга да цяперашняга моманту; мінулы. Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча, нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду. Чарот. Усе даўнейшыя сваркі забыліся. Скрыган. // Які існуе здаўна, з даўняй пары. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай, .. але ў вачах захавалася тая ж глыбокая, даўнейшая туга. Нікановіч.
3. у знач. наз. даўне́йшае, ‑ага, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Я часта ўспамінаў цябе, даўнейшае, і як гулялі разам. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзіва́цтва, ‑а, н.
1. Незвычайнасць у схільнасцях, звычках, паводзінах. — Ха-ха! Дзіўна! І не пратэставаць і не маўчаць! Ха-ха. Вось гэта і ёсць дзівацтва. Галавач. [А. Гурло] быў чалавек надзвычай сціплы, і гэта сціпласць даходзіла часам да дзівацтва. Хведаровіч.
2. Дзівацкі ўчынак, жаданне; капрыз. Раман Дзянісавіч расказваў пра навіны на трактарным заводзе, куды ён перайшоў гады два назад са станкабудаўнічага. Пераход гэты Марынка лічыла проста дзівацтвам: станкабудаўнічы завод быў амаль побач, бацька працаваў на ім майстрам-слесарам. Хадкевіч. Невялічкую падробку пад Пушкіна я заўважаў і раней, але глядзеў на яе, як на маладое дзівацтва. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каха́нне, ‑я, н.
Вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы другога полу. Першае каханне. Прызнацца ў каханні. □ — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё. Краўчанка. Аб Таццяне.. [Жэнька] думаў часта, але баяўся свае незразумелыя пачуцці да яе назваць каханнем. Шамякін. // Пра чалавека, які выклікае такое пачуццё. Я сам у трывозе: таксама ў дарозе згубілася дзесьці, сюды не бяжыць, не едзе здалёку маё, у вяснушках, каханне. Вялюгін. Пабудзь жа, маё каханне, Пакуль усход разгарыцца. Нядзведскі. // Любоўныя адносіны. Пара кахання. □ Рана магло б і каханне пачацца, ды Валя нікога з знаёмых хлопцаў не любіла. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жы́лісты, ‑ая, ‑ае.
1. З выпнутымі жыламі, венамі. Выцяг[нуў]шы з каўняра абавераную жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд. Быкаў. [Сцепаніда] села на крэсле, злажыўшы свае смуглыя жылістыя рукі на грудзях. Ермаловіч. // З вялікай колькасцю сухажылля (пра мяса).
2. Сухарлявы, мускулісты (пра чалавека, часткі яго цела). Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік.. гахаў молатам. Даніленка.
3. Разм. Моцны, дужы, вынослівы. — Трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную сілу, урадлівасць. Палітая крывёю, яна высмакча і поту нямала... Але нічога, мы народ жылісты. Выцягнем. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)