ры́фма, ‑ы, ж.
Сугучнасць у канцы вершаваных радкоў. Быў .. [Юстын] надзіва вясёлы — .. песні спяваў, падскакваў, жартаваў, смяяўся, гаварыў пагаворкамі ды яшчэ ў рыфму. Бядуля.
•••
Дактылічная рыфма — рыфма з націскам на трэцім ад канца складзе.
Дзеяслоўная рыфма — рыфма, якая ўтвараецца двума дзеясловамі аднолькавай формы, напрыклад: касіць — насіць.
Жаночая рыфма — рыфма з націскам на перадапошнім складзе верша.
Мужчынская рыфма — рыфма з націскам на апошнім складзе верша.
Перакрыжаваная рыфма — рыфма, якая папераменна звязвае радкі вершаў (першы з трэцім, другі з чацвёртым).
[Ад грэч. rhytnmós — суразмернасць, узгодненасць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бра́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Утвараць кароткія звонкія гукі, удараючы чым‑н. па металічных, шкляных і інш. прадметах. За плячыма ў Даражкова была скрынка з інструментам; там бразгалі адно аб адно гаечныя ключы, балты, кастылі. Васілёнак. // чым. Рабіць, выклікаць шум, гукі ўдарамі металічных або шкляных і інш. прадметаў аб што‑н. Нехта ідзе да дзвярэй хаты Рудзінскіх і бразгае клямкаю. Скрыган. У кухні засталася адна маці — яна яшчэ доўга там бразгала посудам. Хадкевіч.
•••
Бразгаць зброяй — пагражаць вайною.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бра́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да брата (у 2 знач.). Брацкая сям’я народаў. Брацкі саюз. □ Яшчэ мацнейшымі сталі маральна-палітычнае адзінства савецкага грамадства, брацкая дружба ўсіх народаў нашай краіны. Брэжнеў. Дарагая Прыбалтыка, Землі родныя, брацкія! Годы лепшыя бацькавы Там палеглі за працаю. Панчанка.
2. Шчыры, таварыскі, сяброўскі. Брацкія адносіны. Брацкія поціскі рук. Брацкае прывітанне.
3. Які адносіцца да брацтва (у 2 знач.). Брацкія школы.
•••
Брацкая магіла — агульная магіла воінаў, змагароў, загінуўшых за якую‑н. адзіную справу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
брыда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Разм.
1. Што‑н. непрыемнае, брыдкае, паскуднае; дрэнь, гадасць. [Янка:] — Ведаеш, брат, такая прыснілася брыда, што і цяпер яшчэ праціўна ў роце. Колас. А кпіны слухаць там і розную брыду — Ды ну іх, кажа [заяц], к ліху! Крапіва.
2. Разм. Аб кім‑н. брыдкім, паскудным, агідным. Усе адчувалі, што недалёка той дзень, калі рушыць наперад слаўная Савецкая Армія і дачыста змяце з зямлі фашысцкую брыду. Шчарбатаў. — Вон з хаты, брыда! — закрычала.. [Параска] і ўсхапілася. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жаўце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Вылучацца сваім жоўтым колерам, віднецца (пра што‑н. жоўтае). На дрэвах у садзе золата жаўцелі адны толькі антонаўкі. Сабаленка. Убаку, дзе дарога падступала к зарасніку, нібы падфарбаваны, жаўцеў яшчэ новы масток. Мележ.
2. Станавіцца жоўтым, набываць жоўты колер. Жаўцець ад часу. // Паспяваць (пра плады, злакі). Лён на ўчастку пачаў жаўцець. // Вянуць, адміраць (пра лісце раслін). Стала восень, толькі пачыналі жаўцець і ападаць лісты. Скрыган. // Набываць нездаровы колер твару, цела. Жаўцець ад хваробы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зага́на, ‑ы, ж.
1. Недасканаласць, недахоп, які выклікае асуджэнне. Заганы капіталістычнага ладу. □ — Абыякавасць — такая загана, якой я не дарую, — Булай і зараз не мог устрымацца, каб не павучаць. Шыцік. Ні адзін трактар не павінен быў сысці з канвеера з заганай, хоць бы самай нязначнай. Хадкевіч.
2. Фізічны недахоп арганізма, прыроджаны або набыты пасля хваробы ці траўмы. Была ў .. [Саханюка] яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а .. скрадваў яго і казаў «й». Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак., каго-што.
1. Вынесці прыгавор, назначыць якое‑н. пакаранне. Прыгаварыць да расстрэлу. □ Марціна судзілі ў лютым. Прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўлення волі. Чарнышэвіч.
2. з інф. Разм. Рашыць, вырашыць.
3. Разм. Дамовіцца з кім‑н. аб чым‑н.; угаварыць каго‑н. зрабіць што‑н. Галена дзве гадзіны стаяла на вялікай дарозе, кіламетраў за два ад Пераброддзя. І такі прыгаварыла падарожнага шафёра, што якраз гнаў машыну яшчэ далей за Перавоз. Чорны.
4. Уст. Прываражыць, прывярнуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыме́рацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Вызначыць сваю адпаведнасць з кім‑, чым‑н. (па якіх‑н. якасцях, асаблівасцях). Затым .. [Фішар] прымераўся да глыбіні — бруствер яшчэ не дасягаў і грудзей. Быкаў. [Архіп Спірыдонавіч] парашыў паглядзець, як .. [сыны] жывуць, нават неяк прымерацца да іх жыцця. «Маладосць».
2. Разм. Прыстасавацца, прызвычаіцца да чаго‑н. Да крокаў тваіх я імкнуўся прымерацца, Наперад не лезучы гвалтам. Панчанка. [Кручанюк] патроху звыкся са сваёю славаю, добра прымераўся да розных трыбун і пачынаў ужо адчуваць сябе незаменным чалавекам для грамадства. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпра́ва, ‑ы, ж.
Тое, што дадаецца ў страву для паляпшэння яе смаку, паху. Цыбуля, перчык, ліст бабкоў Ды сальца некалькі брускоў, Мука і квас — і ўся прыправа. Колас. [Вера] разам з дзедам-рыбаловам і яшчэ двума студэнтамі пайшла ў вёску па чыгун і розную прыправу для юшкі. Асіпенка. // перан. Разм. Тое, што суправаджае што‑н., служыць дадаткам да чаго‑н. Да суровай праўды амаль заўсёды дадаецца ў .. [пісьменніка] прыправа з чулліва-ўзнёслых учынкаў героя, а таксама напеўнай мовы. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыўзня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца; зак.
1. Трохі ўзняцца, перамясціцца ўгару. Матор напружана ўзвыў, вал пад’ёмніка закруціўся, кузаў прыўзняўся. Вышынскі. Шырокія бровы прыўзнялася, а вейкі ледзь прыкметна ўздрыгнулі. Васілёнак.
2. Трохі прыўстаць, падняцца. Угледзеўшы настаўніка на парозе канцылярыі, пісар прыўзняўся ў крэсле, працягнуў суседу руку, як добры знаёмы, як прыяцель. Колас. Георгій напружана прыўзняўся, абапіраючыся на мыліцы, твар яго пабялеў. Мележ.
3. перан. Стаць лепшым, радасна-ажыўленым. Настрой яшчэ больш прыўзняўся, калі вечарам мы сышліся ўсе разам. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)