схадзі́ць, схаджу́, схо́дзіш, схо́дзіць; зак.

1. Пайсці куды‑н. і, пабыўшы там, вярнуцца назад. У лес .. [дзед Талаш] не пойдзе, вось толькі сходзіць на сяло ды паслухае, што гавораць людзі. Колас. Яня схадзіла ў гастраном, і калі вярнулася, Настачка, прыбраная, стаяла перад люстрам. Ракітны. [Чарнавус Аўдзею:] — Ты вось што, ты мо схадзіў бы ў брыгаду Глінскага ды паглядзеў, як там што, га? Кулакоўскі.

2. Разм. Зрабіць ход (пры гульні ў шахматы, карты і пад.). Схадзіць сланом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцю́жа, ‑ы, ж.

Разм. Моцны холад, мароз. Нават зімой у лютую сцюжу .. [Сарокін] праз палонку апускаецца на дно ракі і працуе. Данілевіч. / Пра завею, мяцеліцу. Не хадзіў я з табой па сцяжынцы адной, Калі сцюжа мяла. Прыходзька. // перан. Жыццёвыя нягоды, цяжкасці. Шчасце наша прайшло праз сувеі і сцюжы, Многім з нас давялося пабялець без пары. Вітка. Твая песня стыхіяю мора Адбівалася ў сэрцы лапцюжных, Разлівалася ў цёмным прасторы, Дзе спявалі мінулага сцюжы. Трус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сюды́-туды́, прысл.

1. У той і другі бок; у розныя бакі. [Міхал] выпраг каня.., жуючы хлеб, прайшоў сюды-туды паміж .. кустоў. Чорны. І чалавек бегае сюды-туды з самага цямна з потным ілбом. Кулакоўскі. Трымаючыся на задніх нагах,.. [вусень] вадзіў сюды-туды сваёй чорнай бліскучай галавой. Гарбук.

2. У некаторыя месцы. Трэба сюды-туды схадзіць.

3. Нішто сабе, ніштавата, дапушчальна. Калі днём яшчэ сюды-туды, то ў гэты вячэрні змрок адчуваеш сябе нібы ў магіле. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які сядзіць. Страляць у сядзячую птушку. / у знач. наз. сядзя́чы, ‑ага, м. // Разм. Пра хворага, раненага, які можа сядзець. Сядзячы ранены. // Такі, які бывае, калі сядзяць. Сядзячая поза. Заснуць у сядзячым становішчы. // Разм. Прызначаны для сядзення. Сядзячыя месцы ў вагоне.

2. Звязаны са знаходжаннем на адным месцы; маларухомы. Сядзячае жыццё. □ — Давай падсілкуемся, — запрасіў да сябе Алеся дзядзька Язэп. — Дарма, што работа ў нас сядзячая, апетыт і яна наганяе. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траі́ць, траю, троіш, троіць; незак., што.

1. Разм. Дзяліць на тры часткі. Траіць бервяно.

2. Злучаць у адно з трох. Траіць ніткі. Траіць рады.

3. Спец. Тройчы пераворваць зямлю. Неяк пад восень, калі Аркадзь траіў папар у сваім калгасе, да яго на матацыкле пад’ехаў гэтакі ж малады, як і ён сам, хлопец. Сабаленка. Хто поле троіць, той хлеб кроіць. Прыказка.

4. Страляць, удараць і пад. па трох адначасова. Траіць з ружжа. Траіць на більярдзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́скацца, ‑аецца; незак.

Утвараць, даваць трэшчыну, расколвацца. У сухмень, калі доўга не было дажджу, зямля на .. [сцяжыне] трэскалася, а ў непагадзь размоклы ад вільгаці глей угінаўся пад нагамі, злёгку падрыгваў. Навуменка. Зіма асцярожна пакіне белую байкавую коўдру на жытнюю рунь — не вымярзай, жытцо, не трэскайся, зямля. Ермаловіч. / Пра скуру рук, губ і пад. Ад .. [сонца] гарэла галава і смылелі шчокі, трэскаліся сухія вусны і сох у роце язык. Пташнікаў. // Разрывацца, лопацца. Пупышкі ліпы трэскаліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэатра́льнасць, ‑і, ж.

1. Спец. Сукупнасць характэрных уласцівасцей і прыёмаў сцэнічнага майстэрства.

2. перан. Дзеянні, учынкі, разлічаныя на знешні эфект; найгрыш, натуральнасць у дзеяннях, паводзінах і пад. І прытым тэатральнасць у .. паводзінах [Арэшкіна] Лемяшэвіч заўважыў пры сустрэчы. А тут Арэшкін трымаўся значна больш проста і шчыра. Шамякін. А чалавек ужо гаварыў, калі можна было так назваць хрыплы і глухі, як падземнае рэха, голас, у якім усё ж чулася, я б сказаў, нейкая падкрэсленая тэатральнасць. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убра́цца, убяруся, убярэшся, убярэцца; убяромся, уберацеся, убяруцца; зак.

1. Набыць прыгожы выгляд, стаць прыгожым. Убраліся ў чырвань праспекты і плошчы І ў [к]вецень вясновую — дрэвы садоў. Хведаровіч. // Прыгожа адзецца, прыбрацца, разадзецца; выстраіцца. Убрацца ў святочны касцюм. □ [Міхаліна:] — А калі адчыніла шафу, каб адзецца, то адчула, што знікла маё жаданне ўбрацца па-святочнаму. Шамякін.

2. Разм. Управіцца з уборкай ураджаю. [Ганна:] — Напішы, Алеська, што ўбраліся са збажыною. Скрыган.

•••

Убрацца ў пер’е — абжыцца, палепшыць матэрыяльнае становішча, пачаць жыць самастойна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уду́шлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае ўдушша. Удушлівыя газы. // Які спірае дыханне, робіць яго цяжкім. Удушлівае паветра. □ Ахуталі ўсе бастыёны Агонь і ўдушлівы дым. Бачыла. Па густым і ўдушлівым паху канапель Багдан адчуў, што падыходзіць да Гугелевага агарода. Кулакоўскі. // перан. Які гняце, прыгнятае. Час, калі Мікалай Шчакаціхін пераступіў парог Маскоўскага універсітэта, быў навальнічна ўдушлівы. Ліс.

2. Такі, як пры ўдушшы. Усю зіму ледзь не ўсе палітвязні мелі хранічную прастуду і ўдушлівы кашаль. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узва́р, ‑у, м.

Адвар з ягад, траў і пад. Часам заходзіць да іх суседка, Вальчына матка, прынясе матцы якога ўзвару з зёлкаў, забярэ малых, накарміць. Арабей. На Мішку ж стрэл падзейнічаў задужа,.. калі казаць па сакрэту, дык нават жыватом захварэў, і доўга адпойваў яго доктар чарнічным узварам. Лынькоў. // Кампот з сушаных фруктаў ці ягад. — А ў нас, у вёсцы, больш аладкі ды ўзвар з груш-дзічак прыносілі, — зажурылася на хвілінку Арына. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)