здань, ‑і, ж.

Вобраз нябожчыка, які ўзнікае ва ўяўленні містычна настроеных або псіхічна хворых людзей; прывід. // Створаны ва ўяўленні вобраз таго, чаго ў сапраўднасці няма. Чароўная здань расплылася, мары спалохана зніклі, асталася горкая ява праўды. Скрыган. Цвярозыя думкі перамешваліся з абрыўкамі ўспамінаў, сапраўднае, перажытае чаргавалася з нейкімі зданямі, страшэннымі пачварамі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кавяла́, ы́; мн. кавёлы (з ліч. 2, 3, 4 кавялы́), кавёл; ж.

Разм. Самаробны драўляны пратэз для нагі. Мыліцы Уладысь паставіў дома за ложкам — гэта больш святочнае прыладдзе, — а для работы змайстраваў кавялу: хоць не так і хораша, а — зручна. Скрыган. Дзядзька быў інвалід, на кавяле, і з аднастволкай. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́пукліцца, ‑ліцца; зак.

Разм.

1. Выдацца наперад; выпучыцца; набыць сферычную форму з вонкавага боку. Выпукліліся рэбры. Выпукліліся сіняватыя жылы на скронях. □ Вялікі рыначны пляц выпукліўся .. пакатым узгоркам сярод нізкіх драўляных хат ускраіны. Галавач.

2. перан. Вылучыцца, стаць выразным. Яўсеенка схаваўся ў людзях. Калі змоўк яго голас, — выпуклілася шчырасць яго гаворкі. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абша́стаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм., каго.

1. Усё забраць, апустошыць, абрабаваць. [Бабка:] — Сын у мяне, дзеткі, нелюдзь такі. З’ехаў з дому, пакінуў калгас, і не тое, каб мне, старой, памагаць, дык яшчэ мяне ўсю абшастаў. Скрыган.

2. Абшукаць. [Немцы] перавярнулі ўсе хаты, пуні абшасталі, стагі развярнулі, а мужчын — аніводнага няма. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

Разм. Пайсці напрасткі, прама. Калі чалавек пайшоў нацянькі, нягледзячы на дарогу, кажуць «папраставаў». Скрыган. — Ну, я пайду, — сказала Прузына і папраставала цераз гасцінец у поле да ветрака. Каліна. Трое спакойна павярнулі і папраставалі па плошчы да шчодра асветленага помніка цяжкай вайне і вялікай перамозе. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кампаньён, ‑а, м.

1. Той, хто складае кампанію каму‑н., разам з кім‑н. удзельнічае ў чым‑н. Фёдар Міхайлавіч Мешчаракоў спяшаўся на аб’ект, і я папрасіўся да яго ў кампаньёны. Дадзіёмаў. Міхась іграць перастаў, а за ім змоўклі галасы і яго кампаньёнаў. Скрыган.

2. Член прамысловай або гандлёвай кампаніі.

[Фр. compagnon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натамі́цца, ‑тамлюся, ‑томішся, ‑томіцца; зак.

Утаміцца, змарыцца; змучыцца. Доктар так натаміўся за гэты дзень, што ледзь дабрыў дадому. Шамякін. За дзень мы натаміліся страшэнна, але гэта была прыемная стома. Скрыган. Да вечара працавалі ў рове, секлі апошнія.. елкі. Потым выцягвалі іх на вяроўках наверх. Натаміліся ўсе, але ніхто не скардзіўся. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да наехаць.

2. Час ад часу прыязджаць. Старыя яшчэ і цяпер памятаюць, як [сын] часам улетку наязджаў у Гарнастаеўку. Сабаленка.

3. Рабіць наезды, нападаць. [Цімох Будзік:] — Узброеныя польскія шайкі наязджаюць з кулямётамі. Колас. [Карнікі] звычайна наязджалі і распраўляліся ў сёлах, дзе сустракалі сабатаж або сляды партызанскай дзейнасці. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыта́чны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Вельмі зручны, выгадны для чаго‑н. (пра месца). — Мне здаецца, дзядзька Кірыла, у вас тут вельмі прытачнае месца, — сказаў Красуцкі, паказаўшы рукою на наваколле. Скрыган. [Я. Колас] піша П. Глебку ў маі 1937 года, што нагледзеў хату ў вельмі прытачным месцы: шмат жоўтага пяску і маладога хваёвага лесу. Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пухна́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Пушысты, мяккі, быццам з пуху. Узбоч пыльных гасцінцаў цвілі рамонкі, сям-там ківалі пухнатымі галоўкамі, бы кланяліся зямлі, васількі. Сачанка. [Хлопчык] бег, мякка махаў ручкамі — калашмаценькі ў шырокіх сваіх веснавых штоніках і ў пухнатай шапачцы. Скрыган.

2. Поўны, пухлы. [Віця] радасна смяяўся, зморшчыўшы свой пухнаты тварык. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)