наперако́с, прысл.

Разм.

1. Коса ў адносінах да чаго‑н. Дзверы пайшлі наперакос.

2. перан. Не так, як трэба, як заўсёды. Прыгожа і ў дастатку жыў Глінчакоў. А пасля вайны ўсё пайшло ў яго неяк наперакос. Ракітны. Дзяўчына была сумная, думала аб тым, што яе жыццё пайшло наперакос. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пітво́, ‑а, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. піць.

2. Тое, што п’юць, напітак. Перад .. [людзьмі] стаялі розныя стравы і пітво. Маўр. Потым усе замітусіліся. Вынеслі на двор пад распукнутую яблыню стол, разаслалі на ім белы ў складках абрус і, увіхаючыся адна перад адной, пачалі расстаўляць пітво і закуску. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пралама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., што.

1. Зрабіць дзірку, пралом; прабіць. [Гіль:] — Масток разбураны. Бачыце, цяжкая машына ішла, праламала. Гамолка. Як мне хацелася схапіць.. [камень] і праламаць ім паганы той чэрап!.. Ракітны.

2. Спец. Адхіліць, змяніць кірунак (радыёхваль, светлавых, гукавых і інш. хваль) пры пераходзе з аднаго асяроддзя ў другое.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм. Страляць; кідаць чым‑н. у каго‑, што‑н. — А скажы мне, хлопча: у які бок [стрэльба] пуляе? У зайца ці ў таго, хто па зайцу?.. Ракітны. — Бог з ёй, з такой Амерыкай, калі ў цябе пуляюць тут ні за што ні пра што. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распу́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца маральнай разбэшчанасцю, амаральнымі паводзінамі. [У пісьме] апісвалася, як Паходня .. бярэ пры ўсякім зручным выпадку хабар, п’е, часта начуе ў вядомай у Старыцы самагоншчыцы, распуснай жанчыны, па мянушцы — Прыхіляха. Хадкевіч.

2. Разм. Свавольны. Ладны такі хлапчучок [Валодзька], толькі .. распусны, вельмі распусны. З дзецьмі так і задзіраецца. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак., чым і без дап.

Разм. Моцна стукнуцца, ударыцца. Той [швед] трэснуўся ў калідоры галавой аб сценку ды неўзабаве пасля гэтага кінуў хадзіць у школу. Кулакоўскі. [Мужчына] падчапіў нагой тачку і з сілай, разлічана шпурнуў яе ў дуб, аб які яна трэснулася і развалілася на часткі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэць, ‑і; Р мн. трацей; ж.

Адна з трох роўных частак, на якія дзеліцца што‑н. Трэць года. □ Пад Рагачовам у .. палку [Аляксея] заставалася не больш трэці байцоў і каля дзесятка танкаў. Мележ. Недзе на першай трэці дарогі шаша прападае, і аўтобусік ужо бяжыць, куляецца па прасёлкавых дарогах. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

факстро́т, ‑а, М ‑роце, м.

Хуткі рытмічны танец чатырохдольнага размеру, а таксама музыка да гэтага танца. [Люба] закружылася па пакойчыку не то ў нейкім вальсе, не то ў факстроце. Лынькоў. У пасаджанай набок новенькай шапцы, з залацістай эмблемкай чыгуначнікаў. [Вася] бадзёра наігрываў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны.

[Англ. fox — ліс і trot — хуткі крок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хло́пец, ‑пца, м.

Малады чалавек, юнак. Дэмабілізаваўся хлопец з арміі, прыехаў у родную вёску. Хадкевіч. За сталом старшыні ён убачыў такога ж, як сам, маладога хлопца. Дуброўскі. // Нежанаты мужчына. У Сцяпана Лісоўчыка — усё дочкі. Вясёлы, гаманкі быў, калі ў хлопцах хадзіў. Ракітны.

•••

Свой хлопец — просты, вясёлы, кампанейскі чалавек (мужчына).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дро́цік 1, ‑а, м.

Памянш. да дрот; невялікі кавалак тонкага дроту. Застаўшыся адзін, я адразу ж садзіўся за стол і да позняй ночы выбіраў, разводзіў і зноў зводзіў у адно шматлікія арміі лічбаў, ціха перакідваючы іх на дроціках лічыльнікаў. Ракітны.

дро́цік 2, ‑а, м.

Старадаўняя кідальная зброя ў выглядзе невялікага кап’я.

[Грэч. doration — маленькае кап’ё.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)