зва́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. звальваць — зваліць 1 (у 3, 5 знач.).
2. Беспарадкава накіданая куча чаго‑н. Аднаго разу Міхальчук ішоў каля РТС і ў звалцы старога жалеза заўважыў тры іржавыя карпусы ад жняярак. Карпюк.
3. Месца, куды звозяць, выкідваюць смецце, непрыгодныя рэчы. Гарадская звалка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакаёвы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пакоя. У сэрца папросіш парады — Яно да паслугі гатова: Вядзе з пакаёвай засады Пад лівень, на вецер жыццёвы. Прануза.
2. Які знаходзіцца, жыве, расце ў пакоі. Служанкі вывелі на прагулку пакаёвых сабачак. Карпюк. Толькі ведай: да пары квітнеюць Кветкі пакаёвыя ў цяпле. Ставер.
•••
Пакаёвая тэмпература гл. тэмпература.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пісклі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі тонкі, вісклівы (пра голас, гукі). Тоненькім, пісклівым, як у птушкі, галаском .. [дзед Мірон] апавядаў майму бацьку былі. Бядуля. // Аб тым, хто мае такі голас. Пісклівы чалавек. // Які пішчыць (аб прадметах).
2. Які многа пішчыць, схільны да піску. — [Малыя] ўсе такія пісклівыя. Карпюк. Хто гнёзды ўе, хто ловіць мошак, — Сваіх пісклівых корміць крошак. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Свяціцца праменямі. Ясна зоры твае [Масква] прамянеюць, Поўна дум пра цябе галава. Броўка. // перан. Блішчаць, ззяць (пра вочы). Па .. [Люсіным] твары палалі падобныя на вяснянкі крапінкі, вочы прамянелі ціхім сарамлівым шчасцем. Карпюк. // перан. Выяўляць сваім знешнім выглядам задавальненне, радасць, шчасце (пра чалавека). [Пецька] увесь прамянеў ад радасці, што сядзіць.. разам з усімі. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прэмія́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прэміі. Прэміяльная сістэма заахвочвання. Прэміяльны фонд. // Які з’яўляецца прэміяй. Прэміяльныя грошы. □ З дому выйшаў дзед Аўсей З прэміяльным патэфонам. Калачынскі. // у знач. наз. прэмія́льныя, ‑ых. Грошы, якія выплачваюцца ў якасці прэміі. Бухгалтэрыя калгаса імя Дзяржынскага выдала Гецольдам адных прэміяльных трыццаць тысяч рублёў і дзвесце кілаграмаў цукру! Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стабіліза́тар, ‑а, м.
1. Прыстасаванне або прыбор для надання целу ўстойлівасці ў час руху. Стабілізатар самалёта. □ Чацвёртай [міне] — нямецкая разрыўная куля папала ў стабілізатар. Карпюк. З зямлі вытыркаўся зялёны пагнуты стабілізатар [бомбы]. Асіпенка.
2. Прыстасаванне для падтрымання пастаянства якой‑н. велічыні. Стабілізатар напружання.
3. Рэчыва, якое затрымлівае працэс змянення якога‑н. іншага рэчыва, саставу. Стабілізатар калоідаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уза́д, прысл.
Назад; у процілеглы бок. [Васіль] пацягнуў гармату ўзад да таго дома, з якога ад куляў сыпалася тынкоўка. Карпюк.
•••
Ні ўзад ні ўперад — ні сюды ні туды.
Узад і ўперад; узад-уперад (з дзеясловамі руху) — з аднаго канца ў другі, сюды і туды. Штурхаючыся, збіваючы людзей з ног, Толя бегаў ўзад і ўперад. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усвядо́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., што.
Поўнасцю, да канца зразумець што‑н.; уразумець. Юнацтва планеты ўсвядоміла, што сёння ствараецца будучыня і для яго. «Маладосць». Адна справа ўсвядоміць з’яву, другая справа пазбыцца схільнасцей і звычак, якія ты ўвабраў з малаком маці. Карпюк. [Стасюню] падвялі да Кісялёва, і толькі цяпер яна поўнасцю ўсвядоміла ўсё, што адбылося. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
давалачы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся, ‑лакуцца; пр. давалокся, ‑лаклася, ‑лося; заг. давалачыся; зак.
Разм. З цяжкасцю дайсці, дабрацца да якога‑н. месца. Абарваны, галодны і стомлены, я з тэхнікума давалокся дахаты: у той час родны дом здаваўся адзінай крэпасцю, дзе нічога не пагражае! Карпюк. Цюлень давалокся да берага, плюхнуўся ў ваду, і толькі мы яго і бачылі. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кле́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Станавіцца на калені. Пад вечар у покуце Болесь з жонкай кленчылі, спалохана маліліся, не адважваліся падняць уверх вачэй. Карпюк.
2. перан. Настойліва прасіць, клянчыць. Уся сям’я.. сядзела ўжо на возе і кленчыла-ўпрошвала дзеда сесці з імі. Бядуля. Не прасілі нічога ў дарослых, не кленчылі, Гордыя і незалежныя змалку. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)