зму́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Зведаўшы многа мук, знемагчыся, стаміцца. — Бацька мой змучыўся ў той рабоце, апух з голаду і памёр. Галавач. Пад гарою ў селяніна Конь прыстаў дарэшты: Бедны змучыўся, ні з месца, Хоць яго зарэж ты! Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упо́тайкі, прысл.
Тое, што і употай. А на развітанне бацька, употайкі выцершы скупую мужчынскую слязу, дадаў: «Толькі жыві праўдай. Ведай: праўда святлей за сонца». Гурскі. Толькі сёмага лістапада Саша зразумела значэнне сцягоў, якія ўпотайкі пашыла і перадала Даніку. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фе́рмер, ‑а, м.
Уладальнік або арандатар фермы 1 (у 2 знач.). [Чалавек] вычытаў, што ў нейкім з амерыканскіх штатаў урад абмежаваў фермераў сяўбою пшаніцы. Чорны. Яе [Крысціны] бацька — дробны фермер — памёр тады, калі ёй не было яшчэ і дзесяці гадоў. Васілевіч.
[Англ. farmer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жадо́ба, ‑ы.
Разм.
1. ж. Моцнае жаданне чаго‑н. Жадоба подзвігу. □ Як ні стараўся бацька, усё роўна ў нас у жадобу была крошка хлеба. «Беларусь».
2. м. і ж. Скупы чалавек, скнара. [Віцька:] — Ого, спытацца! Скулу ты з яго возьмеш: жадоба. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак.
1. Захапіўшыся размовай, доўга прагаварыць. — Нешта бацька ў хату не ідзе, — сказаў .. [хлопец]. — Ці не загаварыўся з кім. Галавач. — Частуйцеся, частуйцеся, а то загаварыліся, — перабіла размову мужчын гаспадыня. Арабей.
2. Зак. да загаворвацца (у 2 знач.)
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адыхо́длівы, ‑ая, ‑ае.
Здольны хутка забываць крыўду, супакойвацца пасля гневу, злосці. Адыходлівае сэрца. □ Бацька ў злосці быў чалавек не зацяты — наадварот, вельмі адыходлівы. Сабаленка. Працаваць трэба было разам, ды Шаліма і не ўмеў доўга трымаць злосці, быў на дзіва адыходлівы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́ця, ‑і, м.
Разм.
1. Бацька. — Ведаю, баця, вайсковую службу, — усміхаючыся, адказаў Іван, — варон страляць не буду. Колас.
2. Фам. Бацюшка, поп. У папа ды быў сабака, Поп яго любіў. Ён не краў у баці сала, — Поп яго не біў. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
безгало́ссе, ‑я, н.
Адсутнасць гукаў, цішыня. І бацька твой пайшоў на дно. І човен згніў, згнілі і вёслы: і берагоў маіх радно яго адпела безгалоссем. Дудар. Пустэча, глухасць, безгалоссе. Нічога больш не засталося З таго, чым жыў, што так бярог. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палу́кашак, ‑шка, м.
1. Тое, што і палукаш. Бацька яшчэ на досвітку ўстаў, доўга ладзіў воз, паклаў палукашак, укінуў саломы, заслаў посцілкаю. Гурскі.
2. Палавіна палукаша (задняя або пярэдняя частка). Сівы конь у аглоблях паволі хрупаў канюшыну з пярэдняга палукашка. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Дрэнна чуць, быць глухаватым. Стары.. адкашляўся. — Здароў, здароў, дачка. Сядай.. бліжэй да мяне, а то я ўжо недачуваю. Шамякін. Мікіта, як некалі і бацька яго, недачуваў на адно вуха. Чыгрынаў.
2. Незак. да недачуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)