зямля́цтва, ‑а, н.
1. Прыналежнасць па нараджэнню, жыхарству да адной мясцовасці (вобласці, сяла і пад.). Як і часта бывае між людзьмі, зямляцтва яшчэ больш зблізіла нас, гаворка пайшла шчыра і непасрэдна. Кулакоўскі.
2. Аб’яднанне землякоў, адарваных ад радзімы, для ўзаемнай дапамогі. Ліскоўскія.. гаварылі многа. Не абмінулі таксама і Кракаўскага універсітэта, дзе вучыцца не адна толькі [А]лаіза Пашкевіч (Цётка), але і шмат іншых беларусаў. Ім дапамагае беларуская грамада, беларускае зямляцтва. Колас. Дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Заспець поезд на станцыі. □ Як я ні спяшаўся, цёткі Агапы на вуліцы ўжо не заспеў. Сачанка. Грай не дайшоў да хаты, чырвонаармеец заспеў яго ля самага ганка. Мікуліч.
2. Застаць, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч заспела падарожнікаў у лесе. □ Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звы́чай, ‑ю, м.
1. Агульнапрыняты парадак, правіла, якое здаўна ўкаранілася ў быце народа або пэўнай грамадскай групы. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Сіпакоў. Ёй зусім не хацелася хаваць сваёй радасці, але такі ўжо быў звычай: маладой непрыгожа быць на вяселлі празмерна вясёлай... Васілевіч.
2. Прывычны спосаб дзеяння; прывычка. Дубравіна мела звычай неяк нібы нядбала пакідаць на сябе касынку ці шалік. Карпюк. — А я маю звычай пасля абеду шпацыраваць і сядзець не хачу, — і, заклаўшы рукі назад, пачала шпацыраваць па зале. Мядзёлка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заняме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць адчувальнасць; адзеравянець. Войт з кожным ударам пугі ўсё больш звярэў.., і правая рука, якая трымала пугу, занямела ад працы. Бядуля. Лена.. выскачыла з машыны і пацягнулася, распраўляючы суставы, якія занямелі ад доўгага сядзення ў машыне. Корбан. // перан. Замерці, абамлець. У Марыны ўсё занямела ў сярэдзіне, але з выгляду яна была спакойная. Шарахоўскі.
2. Замаўчаць, страціць здольнасць гаварыць пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця; анямець. У хаце на адзін момант усе занямелі, а потым сталі бедаваць-гараваць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
Разм.
1. Вырвацца, зайсці далёка наперад (у час атакі, наступлення і пад.). [Зімін:] Не вытрымалі, халеры, пяткі паказалі! Пагнаў.. [немцаў] Марасян, але боязна, каб не зарваўся. Губарэвіч. // перан. Зайсці далёка ў чым‑н., перайсці ўсякія межы. — Мала што я магу сказаць! Хіба ты ўсё павінен слухаць? Ты ж павінен паправіць мяне, калі я дзе зарваўся! Лобан.
2. Абарвацца ўнутры чаго‑н. (пра нітку). Нітка зарвалася ў клубку.
3. Раптоўна спыніцца, абарвацца. Мар’яна нібы атупела, Зарваліся голас і слёзы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўтары́ць, ‑тару, ‑торыш, ‑торыць; зак., што.
1. Сказаць або зрабіць яшчэ раз тое ж самае. Паўтарыць просьбу. Паўтарыць загад. Паўтарыць паездку. □ — Цётка, чаго вы? — Старая прыціхла.. — Цётка, што з вамі? — паўтарыў .. [начлежнік] пытанне. Брыль. // Перадаць якія‑н. гукі (пра рэха, водгук і пад.). І толькі паўтарылі лозы Перадвясельнай песні гук, Як дзесь аклікнуўся з пагрозай Чырванабровы цецярук. Танк. // Аднавіць яшчэ раз у памяці раней завучанае. Заўтра экзамены, але ўсё, што трэба, Лёдзя і Кіра паўтарылі. Карпаў.
2. Поўнасцю ўзнавіць што‑н. Кожны крок наш легенда паўторыць. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перашко́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
З’явіцца перашкодай для каго‑, чаго‑н.; не даць магчымасці здзейсніць што‑н.; не дапусціць чаго‑н. Скончыць інстытут перашкодзіла вайна. □ Цяжкая рана, атрыманая ў баях пад Керчу, перашкодзіла жанчыне застацца ў марскім флоце пасля вайны. Кулакоўскі. Хто перашкодзіць нам прабіць камення грань І долю казачную выткаць? Танк. [Насця:] — У вас тут гамонка, здаецца, вельмі душэўная была. Прабачце, калі перашкодзіла. Мележ. Андрэй Шыбянкоў, цяжка аддыхваючыся, вярнуўся назад з пахмурным выглядам чалавека, якому перашкодзілі зрабіць хоць і жорсткі, але высокасправядлівы ўчынак. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́йгрыш, ‑у, м.
1. Страта ў гульні; становішча, якое склалася ў выніку няўдачнага канца гульні. Пройгрыш у шахматнай гульні. // Няўдачны вынік, паражэнне (у якой‑н. справе, спрэчцы і пад.). Злосць забірае Аксёна. Перад яго вачамі ўстаюць суды, доўгая цяганіна з панам Скірмунтам і пройгрыш справы па ўсіх інстанцыях. Колас.
2. Тое, што прайграна. Вялікі грашовы пройгрыш.
3. Няўдача, нявыгада. Апынуцца ў пройгрышы. □ [Сцёпка:] — Правільна кажаш, Атрымалі б выйгрыш у часе, але пройгрыш у сіле... Гамолка. Адзіны пройгрыш мой, і немалы — не здолеў я прываражыць Ірыну. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́ткі, ‑ая, ‑ае.
1. Скоры, хуткі, імклівы. Дзяўчына ішла прыткай хадой, як бы і не чуючы таго маленькага чамаданчыка, які яна несла ў руках. Краўчанка. // Вёрткі, спрытны. — Чаго гарланіш! У баі быў бы такі прыткі — не лямантаваў бы цяпер. М. Ткачоў. — А тут за сцяною куры. Хадзем, але каб толькі не павыскаквалі, яны ў нас прыткія. Галавач.
2. перан. Які прагне хутчэй дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н. Да навукі прыткі [дзед], З тэхнікай дружыў. Зуёнак. — Ого, які прыткі! Можа праліцца кроў! Лепш не пачынаць [біцца]! — заўважыў нехта. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыцэ́л, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыцэльваць — прыцэліць і прыцэльвацца — прыцэліцца.
2. ‑а. Прыстасаванне на агнястрэльнай зброі для прыцэльвання. Пад рукой ляжала новенькая снайперская вінтоўка з аптычным прыцэлам. Шамякін.
3. ‑у; перан. Разм. Тое, да чаго хто‑н. імкнецца; мэта. Не ведаю, які быў .. план [бацькі з сынам], але, мусіць, такога прыцэлу трымаліся: баржа баржай, а яно нядрэнна будзе хутарок свой мець. Ракітны. Іншы раз яму здаецца, што ў хлопцаў пэўны прыцэл, разлік, а разліку Веньямін не любіць. Навуменка.
•••
Браць (узяць) на прыцэл гл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)