нава́жыцца, ‑важуся, ‑важышся, ‑важыцца; зак., з інф.

Намерыцца нешта зрабіць. Камендант наважыўся ўласнаручна адабраць сцягі і стаў праціскацца праз натоўп. Пестрак. Усе бачаць, як бусел наважыўся быў ужо сесці на гняздо, але раптам узляцеў угору і доўга лятаў. Лынькоў. // Рашыцца, адважыцца на што‑н. Карызна прыехаў з пэўным рашучым намерам: ён наважыўся, нарэшце, пагаварыць начыста з Рачкоўскім, адкрыць яму ўсе свае сумненні. Зарэцкі. Цымончык перасунуў трохі ногі, адклаў убок беражліва шапку, .. але казаць не наважыўся. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нава́жыць 1, ‑важу, ‑важыш, ‑важыць; зак., чаго.

Узважваючы, нарыхтаваць у якой‑н. колькасці. Наважыць цукру для расфасоўкі.

нава́жыць 2, ‑важу, ‑важыш, ‑важыць; зак., з інф.

Намерыцца што‑н. рабіць або зрабіць. [Паходня] наважыў прасіць, каб яму адтэрмінавалі залікі за першы курс партыйнай школы. Хадкевіч. Малады інжынер наважыў арганізаваць догляд тэхнікі па-новаму. Кухараў. // Рашыць, вырашыць. Вятроў адразу наважыў не страляць: трэба было берагчы патроны. Лупсякоў. Нарэшце .. [Люба] наважыла кінуць работу ў клубе і заняцца толькі хатняю справай. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

1. Качаючы, зрабіць, прыгатаваць нейкую колькасць. Накачаць галушак. □ [Тхорык:] — Пайду, мне трэба яшчэ шроту накачаць. Кулакоўскі.

2. Выгладзіць пры дапамозе качалак у нейкай колькасці (пра бялізну і інш.).

3. перан. Разм. Напаіць зусім п’яным. От я аднаго разу набраў гарэлкі.., накачаў свайго механіка да таго, што не разбярэш, што ён мармыча і чаго галавой матляе. Шынклер.

4. Тое, што і напампаваць. — Хлопцы, — прашу я іх, — памажыце гору, накачайце вады са студні. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намо́ва, ‑ы, ж.

Разм.

1. Дамоўленасць аб чым‑н., угавор. І дзядзька доўга не чакае, Маўчком ён Костусю ківае; А Кастусёк даўно гатовы — У іх раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны. Колас.

2. Падгавор, падбухторванне на якое‑н. дзеянне; указанне. Зрабіць па намове. □ Па намове жонкі.. [Марцін] заехаў у Масева і патрабаваў ад брата ўплаты за сваю частку. Карпюк.

3. Нагавор на каго‑н., паклёп. Пусціць у ход подкуп і намовы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвы́сіць, ‑высіў, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Падняць вышэй. Падвысіць флаг. Падвысіць шлагбаум. // Зрабіць больш высокім у параўнанні з якім‑н. узроўнем. Там, у канцы Грыняў, дзе лесапілка, падвысілі плаціну. Пташнікаў.

2. Перавесці на больш высокую пасаду. Падвысіць у званні. □ [Янкавец] звярнуўся да прыстава: — Скажыце, вас напэўна падвысяць па службе? Колас.

3. Павялічыць, надбавіць (пра цэны, нормы і пад.). [Сегень:] — Няхай жа кожны з нас паставіць перад сабою задачу падвысіць на новы месяц норму свайго вырабу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падга́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Разм.

1. Нарабіць чаго‑н. кепскага, гадкага каму‑н., нашкодзіць. Як бы ні радзіў, абы не падгадзіў. Прыказка.

2. (пераважна з адмоўем «не»). Зрабіць што‑н. не так, як належыць; сапсаваць. — Націскай, Ігнат, націскай! — Не паддавайся, Алеся, наляж!.. — Алеська, не падгадзь! Скрыган.

падгадзі́ць, ‑гаджу́, ‑го́дзіш, ‑го́дзіць; зак.

Разм.

1. Угадзіць, дагадзіць каму‑н.

2. пераважна безас. Стаць, быць спрыяльным (пра надвор’е). [Мароз:] — Падгадзіла з дожджыкам — і ўраджай, не падгадзіла — няма яго. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перайна́чыць, ‑чу, ‑чын, ‑чыць; зак., каго-што.

Змяніўшы, зрабіць іншым; перамяніць. Перайначыць жыццё. Перайначыць характар. □ У гэты момант я зусім яшчэ не думаў, што прыму рашэнне, якое пазней перайначыла ўсе мае меркаванні. Галавач. Усё яму не гэтак, усё хочацца перайначыць, перарабіць па-свойму. Кулакоўскі. // Падаць у іншым выглядзе, змяніць пры пераказе, перадачы і пад. Перайначыць матыў песні. □ Там, у кнізе, гэта было напісана ад трэцяй асобы, я перайначыў у думках усё на першую асобу і — запомніў назаўсёды. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. і з дадан. сказам. Прымусіць паверыць чаму‑н., упэўніць у чым‑н. Словы [Лясніцкага] пераканалі і супакоілі дзяўчыну. Шамякін. Варановіч пераканаў Шлыка, што той можа мець яшчэ і вышэйшую адукацыю, калі .. возьмецца за вучобу. Дуброўскі.

2. з інф. або злучн. «каб». Угаворамі схіліць да чаго‑н., прымусіць зрабіць што‑н. Бастуючым удалося пераканаць рабочых далучыцца да ўсеагульнай забастоўкі. «Полымя». Паспрабуй пераканаць чалавека, каб ён рабіў тое, да чаго ў яго ахвоты няма. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Убачыць наперад, угадаць тое, што павінна адбыцца. Менавіта такую гаворку Антон і прадбачыў: Шыбасаў не будзе віляць, шукаць нейкія адгаворкі, не будзе апраўдвацца. Савіцкі. Я пытаю, ці дома Шайпак. — Як?.. Няма яго дома? Не прадбачыў я гэта ніяк. Куляшоў. // Вывучаючы, аналізуючы факты, даныя і пад., зрабіць правільны вывад аб далейшым развіцці чаго‑н. — Але і самы геніяльны камандуючы не можа ўсё прадбачыць, усё разлічыць, кожны ход ажно да перамогі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак., каго-што.

1. Вынесці прыгавор, назначыць якое‑н. пакаранне. Прыгаварыць да расстрэлу. □ Марціна судзілі ў лютым. Прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўлення волі. Чарнышэвіч.

2. з інф. Разм. Рашыць, вырашыць.

3. Разм. Дамовіцца з кім‑н. аб чым‑н.; угаварыць каго‑н. зрабіць што‑н. Галена дзве гадзіны стаяла на вялікай дарозе, кіламетраў за два ад Пераброддзя. І такі прыгаварыла падарожнага шафёра, што якраз гнаў машыну яшчэ далей за Перавоз. Чорны.

4. Уст. Прываражыць, прывярнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)