свяці́льня, ‑і, ж.

1. Асвятляльная прылада ў выглядзе невялікай бляшанай лямпы, лампады, у якую наліваецца масла, тлушч і пад. Замест электрычнасць Сіта, іхняя [Івана і Аляксея] перакладчыца, прынесла медную свяцільню. Б. Стральцоў. // Высокая падстаўка для асвятляльных прылад, свечак. — Толькі ў мяне Машэка жыве, — заўважыў Купала, — у звычайнай бярлозе ў лясным гушчары, а ў вас там — цэлы падземны палац, з дыванамі ды свяцільнямі. Рамановіч. / у паэт. ужыв. Не, сэрца не каменьчык, Абросшы мохам, цвіллю, Яно — нібы агеньчык, Яно — мая свяцільня. Матэвушаў.

2. Вялікая асвятляльная прылада, а таксама арматура да яе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сентымента́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сентыменталізму (у 1 знач.). Сентыментальны раман. □ У «Мёртвых душах» парадзіруецца таксама карамзінскі сентыментальны стыль. «Полымя».

2. Залішне чуллівы, пяшчотны, здольны лёгка расчуліцца. Сентыментальны чалавек. □ Няшчасце з Лёдзяй зрабіла Міхала трохі сентыментальным. Карпаў. // Уласцівы залішне чулліваму чалавеку. [Максім:] — Ну і дурань жа ты, Андрэй. Адкуль у цябе такая сентыментальная схільнасць да самабічавання. Машара. Мяккае сутонне і густая пахучая цеплыня парку неяк абязвольвалі Веру, скіроўвалі думкі на сентыментальны лад. Асіпенка. // Прасякнуты залішняй чуллівасцю; прытарна-саладжавы. Сентыментальная гісторыя. Сентыментальная сцэна.

[Фр. sentimental.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

будзённы, ‑ая, ‑ае.

1. Не святочны, будны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходны прынеслі з Лашыч паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. // Прызначаны на штодзень. На сцяне вісела будзённая вопратка. Гартны. // Штодзённы, звычайны. Колькі радасці можна знайсці ў звычайным будзённым жыцці. Мурашка. А чым мяне сустрэне бераг новы — Будзённым тлумам, навізною спраў? Панчанка.

2. перан. Сумны, аднастайны. [Рыма:] — Ты таксама вершы пішаш? Люблю паэтаў, яны непасрэдныя, шчырыя, не такія, як усе, будзённыя. Сабаленка. Пытанняў.. нарадчыца чуе за дзяжурства дзесяткі, яны — самыя будзённыя, як і адказы на іх. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазахо́дзіцца, ‑ходзіцца; ‑ходзімся, ‑ходзіцеся, ‑ходзяцца; зак.

Разм.

1. Дайсці да самай высокай ступені праяўлення якога‑н. пачуцця, стану і пад. — пра ўсіх, многіх. Колькі ні было моладзі, усе аж пазаходзіліся, смеючыся. Дубоўка. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Анямець — пра ўсё, многае. Пазаходзіліся пальцы ад холаду.

2. Памерці — пра ўсіх, многіх. [Ніна:] — Памучылася маці з .. [дзецьмі] за вайну, як яны там з голаду не пазаходзіліся. Арабей. [Паўлісе] таксама пара на сваю ферму: каб хаця дзяўчаты не забылі паналіваць вады куранятам, а то пазаходзяцца ад смагі — гарачыня такая!.. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапаро́ць, ‑пару, ‑шэрані, ‑пора; зак., каго-што.

1. Пракалоць, праткнуць наскрозь. [Юрка] тады са злосцю поркае прутком у зямлю і чуе, што прапароў свой чаравік, дастаў аж да нагі. Пташнікаў.

2. Панесці глыбокую рану, пракалоць чым‑н. вострым. [Талаш:] — А ведаеш, Саўка не такі ўжо прапашчы чалавек. Вось жа не сказаў Васілю пра нас, хоць злодзей і канакрад. З нажом кінуўся, бок прапароў. Колас. — Я таксама памагаў будаваць ім хату, ды нагу сабе прапароў цвіком. Масарэнка.

3. і без дап. Пароць некаторы час (гл. пароць у 1–3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратрэ́сціся, ‑трасуся, ‑трасешся, ‑трасецца; ‑трасёмся, ‑трасяцеся; пр. пратросся, ‑трэслася і ‑трэслася, ‑трэслася і ‑траслося; зак.

1. Трэсціся некаторы час. Пасля таго як Якавенка пратросся ў машыне суткі, яму здавалася, што і зямля, да якой ён цяпер прыпаў, таксама гайдаецца. Мележ.

2. перан. Разм. Пры дапамозе якіх‑н. рухаў давесці сябе да стану бадзёрасці; размяцца. — Сцёпа, пачакай! — затрымала яго жонка.. — Давай заўтра махнём куды-небудзь у раён! Пратрасёмся, падыхаем свежым паветрам. Корбан.

3. Разм. Прагаладацца (у дарозе). [Андрэй:] — Еш, Пеця, еш, пакуль даедзеш дадому — пратрасешся. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Паштовая картка для адкрытага пісьма; паштовая картка з якім‑н. малюнкам. [Юзік:] Напісаў я табе з дарогі адну паштоўку, ды, мусіць, яна не дайшла да цябе. Крапіва. У пралёце стаялі сталы з раскладзенымі на іх кнігамі, сшыткамі, школьнымі дзённікамі, маляўнічымі паштоўкамі. Карпаў. — Цяпер пабудаваны новы горад. Ды я магу вам паштоўкі паказаць, у мяне акурат ёсць з відамі Мінска. Арабей. // Разм. Фатаграфічная картка такога памеру. [Дошка гонару] была невялікая памерам, і фотакарткі на ёй таксама былі невялікія — звычайныя паштоўкі. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ткну́цца, ткнуся, ткнешся, ткнецца; ткнёмся, ткняцеся; зак.

Разм.

1. Аднакр. да тыкацца ​1.

2. Звярнуцца да каго‑н., куды‑н., паспрабаваць уладкавацца дзе‑н., як‑н., накіравацца да каго‑н., куды‑н. [Кудзянаў:] — Дырэктар сказаў, што нам .. адпушчана паўмільёна.. А вось калі ткнуліся да гаспадарнікаў на заводзе, грошай не аказалася. «Маладосць». — Ткніся [Ганна] толькі туды, у раён! — сінеў Яўхім. — Толькі папробуй,.. пабачыш!.. Мележ. Калі ўжо сабраліся амаль усе выхаванцы, у сталоўку, нібы клубок, укаціўся Барыс. Ткнуўся ў адно месца — няма дзе сесці, у другое — таксама. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уратава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

Разм. Уберагчы ад небяспекі, гібелі, знішчэння; захаваць жывым, выратаваць. Яны [браты] ўратавалі Радзіму ад згубы, Сваю ж маладосць Не змаглі ўберагчы. І. Калеснік. Шкада бацьку расставацца з дзецьмі, але што зробіш: у гэтай завірусе таксама іх не ўратаваць. Шчарбатаў. [Кірыла] ішоў разам з людзьмі, стомлены, але задаволены, што зрабілі важную справу — уратавалі хлеб. Гурскі. // Захаваць, зберагчы, пазбавіць ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. [Лугавец:] — У засушлівыя гады, перакрыўшы шлюзы, мы ўратуем тарфянікі ад перасушкі... Краўчанка. Кемлівасць, вынаходніцтва — вось што ўратавала Зыгмуся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

1. Памянш.-ласк. да шчацінне, шчаціна. Наставіўшы рэдкую шчацінку хібкоў, .. [парасяты] заядла наскоквалі адзін па аднаго. Самуйлёнак. Сталеў, мужнеў Юзік. Прабілася нарэшце і рэдкая мяккая шчацінка на ягонай барадзе. Хадановіч.

2. Разм. Адзін кароткі жорсткі валасок. На .. шыракаватым бялявым твары таксама месцамі тырчалі шчацінкі: дзе пучкамі, дзе па адной. Кулакоўскі.

3. толькі мн. (шчаці́нкі, ‑нак). У батаніцы — жорсткія валасні на паверхні сцябла і лісцяў раслін.

4. толькі мн. (шчаці́нкі, ‑нак). У заалогіі — рухомыя вырасты ў членістаногіх, што служаць органамі дотыку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)