кале́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лецы, Т ‑ай, ж.

Чалавек, які страціў якую‑н. частку цела або здольнасць валодаць ёю ці наогул мае які‑н. фізічны недахоп. Рука яго [Зыгмунта] больш у локці не згіналася, ён астаўся калекам назаўсёды. Чорны. Жыў ён [Сяргей Маеўскі] са сваёй адзінай дачкой-калекай, гарбатай ад нараджэння. Шамякін. // Пра чалавека з пашкоджанай, ненармальнай псіхікай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запэ́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго, у чым і са злучн. «што».

Пераканаць у правільнасці чаго‑н.; паручыцца за што‑н. — Дазвольце запэўніць вас, таварышы, што наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня. Колас. — Прывязу лыжы, прывязу абавязкова, — запэўніў бацька, беражліва апускаючы сына на падлогу. Хадкевіч. Дзядзька Карней запэўніў, што асеннімі пасадкамі займацца яшчэ не позна. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Зварыць, прыгатаваць (пра ежу). [Бабка Наста] шчыльна пазавешвала вокны, разлажыла на прыпечку агонь, каб згатаваць вячэру неспадзяваным гасцям. Колас. Кухары хацелі згатаваць суп, а атрымалася каша. Але ўсё роўна елі са смакам. Жычка. // Закіпяціць (пра ваду). — Кінь, галубок. Мы табе лугавых смолак назбіраем, чаборыку. Вось бабка Вікця нам к вечару на тым чаборыку чаю згатуе. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марко́тна,

1. Прысл. да маркотны. Вакол, ападаючы, шамацела лісце, угары маркотна, цягуча шумеў густы вецер. Мележ.

2. безас. у знач. вык. Аб пачуцці суму, маркоты. [Аляўціна Пятроўна:] — Мо табе, Макарка, што баліць? — Не, нічога не баліць, проста так маркотна, — адказаў я як мага спакайней. Сабаленка. Мне было крыху маркотна, напэўна, таму, што са старонак кнігі паўставала даволі сумная гісторыя таленавітага чалавека. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меню́, нескл., н.

1. Набор страў да абеду, снедання і інш. Люся не стрымалася і запыталася, як там мама. — А што ёй? — адмахнуўся повар. — Хутка сама ля катлоў будзе ўпраўляцца. І меню будзе сама складаць. Даніленка.

2. Лісток, на якім пералічаны стравы (у сталовай, рэстаране, кафэ). Хапіўшы на ляту са стала меню, да чалавека паляцела Люся і здалёк спытала: — Вам што? Карпюк.

[Фр. menu.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

драпіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. драпіраваць і драпіравацца. Скончыць драпіроўку пакоя.

2. Тое, чым задрапіраваны што‑н., хто‑н. Даю дарогу двум .. грацыям у экзатычнай драпіроўцы са светлага шоўку. Брыль.

3. Парцьера, занавеска. Драпіроўка пазбіралася ў пышныя складачкі — на сцяне адкрыўся партрэт. Мурашка. Ускалыхнулася драпіроўка, і на сцэну выйшаў мужык у чырвонай кашулі. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́расць, ‑і, ж.

1. Разумовая абмежаванасць, тупасць. І калі што якое рабіў, то па вялікай сваёй дурасці, а не па злому намыслу. Лынькоў. І заўсёды так здараецца, што са складанага становішча выблытаешся, а па ўласнай дурасці пападзешся. Шахавец.

2. Неабдуманы, бязглузды ўчынак. «Нарвецца дзяўчына», — казалі пра .. [Аўгіню] сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

караву́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што і без дап.

1. Ахоўваць, вартаваць. Каравуліць лес. Каравуліць дабро. □ — Гэта дог наш, не бойся... Ён каравуліць наш сон... Лынькоў.

2. Разм. Падпільноўваць, чакаць каго‑, што‑н. — Я тут, сынок, вечарам пошту атрымаў, — Еўдакім нявесела ўсміхнуўся. — У весніцах запіску знайшоў. Нейкі гад падсунуў. Пагражаюць расквітацца са мной. Дык не сплю вось, каравулю. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак. (у спалучэнні са словамі, якія абазначаюць час).

Разм. Бавіць час так, каб ён праходзіў незаўважна. І жыў ён [Сымон] птушкай пералётнай. Хоць, праўда, ў вырай не лятаў, А больш на печы бестурботна Зімою ночы каратаў. Колас. Прыйшоў працаваць — няма чаго часу каратаць. З нар. // Перажываць час, падзеі і пад. Сумесна гады караталі, Ішлі па дарогах вайны. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жураве́ль 1, ‑раўля, м.

Вялікая балотная пералётная птушка з доўгімі нагамі і шыяй, з доўгай прамой дзюбай. Жураўлі праляталі над полем, Забіраючы лета з сабой. Колас. І вядуцца на балотах Жураўлі ў густых чаротах. Гурло.

жураве́ль 2, ‑раўля, м.

Прыстасаванне пры калодзежы для даставання вады, якое складаецца са стойкі, рычага-вагі і вочапа. Журавель варухнуўся, хутка падаўся вочапам уніз да вады. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)