распраста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Зрабіць простым, роўным; разагнуць. Гэта быў зусім змяты і пацёрты заклеены канверт; .. [Люба] распрастала яго рукамі і ўбачыла гатовае, заадрасаванае пісьмо. Чорны. // Напружыўшы мышцы, выпрастаць, расправіць. Дзянісаў устаў і паволі распрастаў плечы. Гамолка. Цяпер ніякая сіла не здольна была распрастаць .. [пальцы]. Новікаў. // Разгарнуць (лісты, кветкі і пад.). Дубкі дазволу не пытаюць: Іх не дарэмна корміць глеба, — Ледзь-ледзь галінкі распрастаюць — Упарта цягнуцца да неба. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Прымусіць хвалявацца, зрабіць бурным (пра возера, раку і пад.). Часам уварвецца і сюды вецер, загудзе, завые, як злоўлены звер, але вузкую стужку вады расхваляваць не зможа. Маўр.

2. Прымусіць моцна хвалявацца, непакоіцца; расстроіць. Відаць, успаміны расхвалявалі .. [Рынальда], і некаторы час ён маўчаў. Краўчанка. Максім, намагаючыся здавацца спакойным, каб не паказаць, што гэтыя «паказанні» расхвалявалі яго, нетаропка паклаў паперы на стол следчага. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэвера́нс, ‑а, м.

Пачцівы паклон з прысяданнем, прыняты ў буржуазна-дваранскім побыце як знак прывітання, падзякі і пад. — Добры дзень, — сказаў Лаўрыновіч, убачыўшы дзяўчынку. Тая адказала і, узяўшы пальчыкамі за спаднічку, зрабіла рэверанс. Лобан. Дзяўчына ў чырвонай хустачцы няўмела прысядала, стараючыся зрабіць рэверанс. Чорны. // перан. Перабольшанае выказванне пачцівасці. Асаблівай апекай заходне-беларускія нацыянал-фашысты атулілі інтэлігенцыю. Робячы рэверансы перад ёй, яны прыпісвалі ёй нават першую ролю ў гістарычных, працэсе. У. Калеснік.

[Фр. révérence.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэстаўры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Зрабіць (рабіць) рэстаўрацыю (у 1 знач.), аднавіць (аднаўляць) што‑н. старое, папсаванае. Рэстаўрыраваць карціну. Рэстаўрыраваць замак. □ Бачыў у Салотчы новую гасцініцу і шэдэўр старога манастыра, які якраз рэстаўрыравалі. Караткевіч. Усе архітэктурныя помнікі, у тым ліку і нядаўна выяўленыя, павінны ўвайсці ў спіс аб’ектаў, якія неабходна рэстаўрыраваць. «Помнікі».

2. Аднавіць (аднаўляць) мінулае, тое, што было адменена, што аджыло. Рэстаўрыраваць старыя парадкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

справа́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Разм. Імкнучыся пазбавіцца ад каго‑н., адправіць куды‑н., выправадзіць. Каб не мучыць доўга брата ў кутку пад палацямі, Параска стараецца хутчэй справадзіць сябровак з хаты або сама бяжыць з імі на двор. Якімовіч. // Збыць што‑н.; пазбавіцца ад чаго‑н. І вось, зашыўшыся на печы, Ён [Алесь] разважае недарэчы: Як тут зрабіць і што парадзіць? Куды б «закон» яму справадзіць? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счарні́ць, счарню, счэрніш, счэрніць; зак.

1. што. Зрабіць чорным (агнём, фарбай і пад.). Узняўся аднойчы раптоўна ўраган, Счарніў увесь дуб перунамі. Ставер.

2. перан.; каго. Разм. Зняславіць, нагаварыць чаго‑н. на каго‑н. Не можа ён [Звадыяш] і дня пражыць, Каб не счарніць каторага. Броўка. [Сямён Парфёнавіч:] [Шыковіч] хоча абяліць таго, хто сам сябе счарніў. Шамякін.

3. каго. Разм. Збіць, адлупцаваць. Хлопца .. Макрыны Рудак [Стэцкі] счарніў бізуном за тое, што карова ўбегла ў яго канюшыну. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уздзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак., на каго-што.

Накіраваць (накіроўваць) дзеянне, зрабіць (рабіць) уплыў. Уздзейнічаць на рост раслін. Уздзейнічаць асабістым прыкладам. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне. Каваленка. [Дырэктар:] — Магчыма, знойдуцца людзі, якім не захочацца саджаць ручкі ў снег, у гразь... Вы павінны ўмець уздзейнічаць, арганізаваць працу... Васілевіч. Рэвалюцыйны рух .. уздзейнічае на масы не толькі праз падзеі, але і праз людзей. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., што.

1. Зрабіць карацейшым, меншым па даўжыні; пакараціць. Укараціць рукаў. Укараціць сукенку. □ [Захарчанка] сам пасадзіў сына ў сядло, укараціў страмёны. Беразняк. Збочыўшы з дарогі, што ішла ўздоўж рэчкі, Андрэйка хацеў укараціць шлях да дзядзькі Марціна. Кавалёў.

2. Скараціць, паменшыць тэрмін, перыяд, час чаго‑н. — Зусім [маці] слабая, — страпянуўся Прыходзька. — Фашысты ёй укарацілі жыццё. Гурскі.

•••

Укараціць (падкараціць) язык каму — прымусіць каго‑н. менш балбатаць, гаварыць, быць менш дзёрзкім.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фармо́вачны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для фармоўкі, звязаны з фармоўкай. Фармовачны прэс. □ [Багданоўскі:] — Трэба пусціць.. канвеер, зрабіць механізаваную землечарпалку, паваротныя фармовачныя машыны. «Беларусь». Ланге трапіў на завод з паўднёвага боку. Праз разбураны бомбамі фармовачны цэх выйшаў на вузкі дворык. Асіпенка.

2. Які выкарыстоўваецца пры фармоўцы, адліўцы вырабаў у формах і пад. Фармовачныя сумесі. □ Каля машын і на пралёце валяліся .. пліты, апокі, скрынкі з-пад стрыжняў, чарнелі кучы фармовачнай зямлі. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фу́кнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Дзьмухнуць. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе. Кулакоўскі.

2. Хутка зрабіць што‑н. — Давайце малаціць, а то есці хочацца, — увайшла Волька. — А, прагаладалася!.. Вось зараз як фукнем, дык і ўсё будзе, — паабяцаў Тодар. Крапіва.

фу́кнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм. Зняць у праціўніка з дошкі шашку пры яго недаглядзе ў гульні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)