скла́дчына, ‑ы, ж.

Унясенне грошай, прадуктаў і пад. удзельнікамі якой‑н. агульнай справы, а таксама грошы, прадукты і пад., сабраныя такім чынам. На шафе пастукваў будзільнік, што купілі ў складчыну. Даніленка. Праз агароджу, якая ставілася ў складчыну ўсімі гаспадарамі, каб не псаваць выгляду, [дом] пазіраў на вуліцу дзевяццю аднолькавымі вокнамі і гэтым быў падобны на звычайны барак. Ракітны. Калі каго-небудзь пазбаўлялі стыпендыі, усе класы рабілі складчыну і давалі яму неабходныя грошы да таго часу, пакуль ён зноў яе не атрымліваў. Сяргейчык. // Вечарынка, бяседа, якія робяцца на сабраныя такім чынам грошы, прадукты і пад. [Юрка] прымаў удзел у складчынах і, падпіўшы, танцаваў, пакуль хапала сілы. Карпаў. Мачыха гэтак разлютавалася, што нават думаць нельга было, каб папрасіць у яе чаго .. на тую складчыну. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Васіле́ц ’журавель звычайны’ (КЭС). Параўн. таксама веселе́ц, вэсэ́лык ’журавель шэры, Grus grus L.’ (КЭС). Укр. весе́лик ’назва жураўля, якую трэба ўжываць, калі яны прылятаюць вясной, замест жураве́ль, іначай будзеш жури́тися ўвесь год’ (Грынч.). Такім чынам, васіле́ц < веселе́ц; усё да вясёлы (слав. *veselъ). Назва табуістычная па паходжанню.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пастры́гчы, ‑стрыгу, ‑стрыжаш, ‑стрыжэ; ‑стрыжом, ‑стрыжаце, ‑стрыгуць; пр. пастрыг, ‑ла; заг. пастрыжы; зак.

1. што. Абрэзаць, падкараціць, падраўняць. Пастрыгчы газон. // каго-што. Абрэзаць, падкараціць нейкім чынам каму‑н. валасы, поўсць. Пастрыгчы авечку. □ [Люба:] «А я, здаецца, таксама пайшла б у армію. Пастрыгла б валасы, апранула мужчынскае адзенне, ды на каня...» Кучар.

2. каго. Справіць над кім‑н. абрад пострыгу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кро́ква, ‑ы, ж.

Два брусы, верхнімі канцамі злучэння пад вуглом, а ніжнімі прымацаваныя да бэлек або да верхняга вянца падоўжных сцен. // толькі мн. (кро́квы, ‑аў) Аснова для страхі, утвораная з раду злучаных такім чынам брусоў. [Зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зага́та, ‑ы, М ‑гаце, ж.

Абл. Гаць, запруда. Радасна білася сэрца ад таго, што знайшоўся зусім магчымы ратунак. Раскапаць у многіх месцах раўчук уздоўж участка, зрабіць на ім загаты... Сабраную такім чынам ваду пусціць .. на лянок. Кулакоўскі. Вялікія, моцныя зубы бабра.. заядла і ўпарта скобляць альховы камель, пакуль не ляжа на ваду яшчэ адна зялёная загата. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэлю́дыя, ‑і, ж.

1. Уступ да музычнага твора. // перан. Тое, што гаворыцца, робіцца перад чым‑н. галоўным у якасці ўступу. У машыне Бурмакоў распытваў Паўла пра апошнія работы, пра Мінск, дзе акадэміку ніяк не выпадала пабываць. Павел адказваў, разумеючы, што гэта толькі прэлюдыя. Шыцік.

2. Самастойная музычная п’еса, галоўным чынам для фартэпіяна, якая не мае пэўнай формы.

[Ад лац. praelundere — іграць папярэдне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супрацьле́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны насупраць; які ідзе, вядзе ў адваротным кірунку. [Шыпшына] квітнее перад акном, з якога відаць рака і далёкая роўнядзь супрацьлеглага нізкага берага. В. Вольскі. Лабановіч спыніўся, сказаўшы: «Стой!», і зірнуў у супрацьлеглы бок. Колас.

2. Які супярэчыць чаму‑н., карэнным чынам адрозніваецца ад чаго‑н., не сумяшчальны з чым‑н. Самаахвярнасць і карыслівасць — паняцці супрацьлеглыя. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Сцегнавая ці лапатачная частка тушы свінні або барана, адпаведным чынам прыгатаваная для ўжывання. Вепручок рос ладны, ружовы, таму на вялікдзень былі на стале і шынка з мяккім сальцам, і мармуровыя каркавіны, і вэнджаныя кілбасы з пахучым кменам. Рамановіч. У маёнтку князя Абхазава яшчэ не страцілі смаку да вяпровай шынкі. Самуйлёнак.

[Ням. Schinken.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эксперыме́нт, ‑у, М ‑нце, м.

1. Навукова пастаўлены дослед. Ставіць эксперымент. □ Нядаўна вучоныя правялі эксперымент: перасялілі пяць зуброў на ўзбярэжжа Беразіны. «Маладосць».

2. Спроба ажыццявіць што‑н. якім‑н. чынам. Следчы быў задаволены сваім псіхалагічным эксперыментам — не кожнага ж можна ўзяць суровасцю, пагрозамі. Сабаленка. [Кліент:] — Усё рабілася так, быццам праводзілі эксперымент на выпрабаванне маіх не рваў. «Звязда».

[Лац. experimentum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падысці́, падыду́, пады́дзеш, пады́дзе; падышо́ў, -шла́, -ло́; падыдзі́; зак.

1. Ідучы, наблізіцца.

П. да дзвярэй.

Дарога падышла да садоў (перан.).

2. Узяцца за чарговую справу.

П. да вывучэння дробаў.

3. перан. Паставіцца пэўным чынам да каго-, чаго-н., узяцца за што-н., маючы пэўны пункт гледжання.

Ён умее п. да чалавека.

Крытычна п. да меркаванняў аўтара.

4. Аказацца прыдатным, зручным, прымальным для каго-, чаго-н., адпавядаць каму-, чаму-н.

Гэты касцюм мне не падышоў.

Ён не падыдзе на такую работу.

|| незак. падыхо́дзіць, -о́джу, -о́дзіш, -о́дзіць.

|| наз. падыхо́д, -у, М -дзе (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)