бягу́н, бегуна, м.

1. Той, хто хутка бегае. Першы ў атрадзе бягун. // Спартсмен, які займаецца бегам (у 2 знач.). Бягун на сярэднюю дыстанцыю.

2. Уст. Скоры на хаду конь. Фурман фарсіста ляснуў пугай, Вязе ў парадны ход папоў І, нацягнуўшы лейцы туга, Спыняе пару бегуноў. Колас.

3. толькі мн. (бегуны́, ‑оў). Прыстасаванне для размолвання і змешвання розных матэрыялаў.

4. Уст. Уцякач. Ляснік маўчаў, Ён сам ведаў, што лес напоўнен незнаёмымі людзьмі — бегунамі, якія хаваліся ад польскай улады. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бае́ц, байца, м.

1. Удзельнік баёў; воін. Ідзі, баец, у жорсткі бой, Людзям пакутным памажы ты. Астрэйка. // Змагар за грамадскую справу. Яны байцы вялікай раці, Іх хата там, дзе ёсць прастор. Чарот. Яму [Мінску] сягоння безліч творчых спраў, Бо ён баец на мірным полі ратным. Хведаровіч.

2. Радавы ваеннаслужачы або партызан; салдат. Для пераможнага салюта. Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі, Урал магутны Даўно Руду ў мартэнах плавіць. Танк. [Намыснік Гані:] — Які ж з цябе баец арміі народных мсціўцаў. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́шчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак., да каго і без дап.

З ласкаю гарнуцца да каго‑н.; старацца ласкай выклікаць ласку ў адказ. Сузан хадзіў на працу.. Дома быў негаваркі, агрызаўся нават на дзяцей, калі тыя спрабавалі лашчыцца да яго. Лынькоў. Лыска падскочыў да Грышкі, пачаў лашчыцца і лізаць яму рукі. Чарот. // Паддобрывацца да каго‑н., ласкаю, ліслівасцю старацца выклікаць прыхільнасць да сябе. [Андрэй:] — Людзі ашукваюць адзін другога за вочы, а ў вочы лашчацца адзін да другога, словы добрыя кажуць... Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павады́р, ‑а, м.

1. Той, хто водзіць каго‑н. Павадыр мядзведзя. □ Па дарозе ў вёску Ціхі Бор ішоў сляпы жабрак Мітрафан, трымаючыся рукою за плячо свайго хлопца-павадыра. Чарот. Сляпы сляпому не павадыр. Прыказка. // Той, хто паказвае дарогу; праваднік. Павадыр каравана. □ Ісці было нядоўга, але такімі сцежкамі, што без павадыра загубіўся б тут на першай вярсце. Якімовіч.

2. Разм. Важак, кіраўнік якой‑н. групы. Павадыр атрада. □ Толькі адзін павадыр табара аднавокі Ілка сядзіць .. з малымі пры самым агні. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

партфе́ль, ‑я, м.

1. Чатырохвугольная сумка з засцежкай, у якой носяць кнігі, паперы і пад. Васіль Дзянісавіч надзеў халат, апрануў паліто, глыбей насунуў кепку і ўзяў у рукі партфель. Мележ. Невядома, чым бы ўсё скончылася, каб у гэты час не ўвайшлі незнаёмыя людзі з вялікімі жоўтымі партфелямі... Чарот.

2. Пасада міністра. Размеркаванне партфеляў. // Кіруючая пасада наогул.

3. Сукупнасць рукапісаў, каштоўных папер і пад., якія знаходзяцца ў распараджэнні рэдакцыі, банка і пад. Рэдакцыйны партфель.

•••

Міністр без партфеля гл. міністр.

[Ад фр. portefeuille.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́цца, станецца; зак.

Адбыцца, здарыцца. І тут сталася нечаканае. Без папярэдняга стуку адчыніліся дзверы з сяней, і каля парога з’явіўся сам пан кіраўнік. Брыль. / у безас. ужыв. Вось-вось, думаем, пачнецца бура... Гэтак і сталася. Чарот. // Разм. Зрабіцца, стаць. Ён успомніў Сымона Тургая і запавет Галубовіча. Гэты запавет і стаўся асноваю жыцця і дзейнасці Андрэя Лабановіча ў далейшым вандраванні па новых дарогах. Колас. Памочнік рамшчыка мог стацца начальнікам адказнейшага цэха і раскрыць ва ўсёй шырыні свой арганізатарскі талент. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укруці́цца, укручуся, укруцішся, укруціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Круцячыся, увайсці ў сярэдзіну чаго‑н. Шруба лёгка ўкруцілася. // перан. Разм. Улезці, усунуцца куды‑н. [Маці:] — Ён [Рапецкіх сын] табе, як вуж, усюды ўкруціцца, што хочаш дастане. Карпюк.

2. Захутацца ў што‑н., абматацца чым‑н. Пад альховым кустом, укруціўшыся ў старую дзіравую коўдру, ляжаў .. невялічкага росту чалавек. Чарот. Мы абуліся, адзеліся, укруціліся хусткамі. Лось.

3. Круцячыся, наматацца на што‑н. Лейцы адчапіліся ад лёстак, укруціліся ў пярэдняе кола. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпалі́ць, ‑палкі, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Спаліць частку прадмета. Адпаліць канец бервяна. // Перапаліўшы, аддзяліць. Адпаліць кавалак вяроўкі.

2. Спец. Апрацаваць тэрмічным спосабам метал, шкло, каб надаць ім неабходныя якасці.

3. перан. Зрабіць, сказаць што‑н. нечаканае. [Алесь:] «Ці мала што можа адпаліць вораг у апошнюю хвіліну». Броўка. — А ты чаго з лесу ад мяне ўцякаў? — звярнуўся незнаёмы да Грышкі. — Спужаўся вас, дык і ўцякаў, — адпаліў, не думаючы, Грышка і перавёў свой погляд на бацьку. Чарот.

•••

Адпаліць штуку — зрабіць што‑н. недарэчнае, непатрэбнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аздо́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

Упрыгожыць, надаць прыемны выгляд. Аздобіць сцены мазаікай. □ Даніла Саротнік стаў ля.. [дзяўчат], і хутка яго юнацкі басок аздобіў песню мужчынскім голасам. Чарнышэвіч. Шукаем, творым мы багацце ўпарта на полі, у горах, дзе хто мае змогу, каб ім аздобіць сонечнае заўтра. Дубоўка. Прарэзала неба вясёлка дугой, Аздобіла далі красою сваёй. Журба. // перан. Зрабіць больш поўным, багатым на ўнутраны змест. Казку дзіўную чуў у юнацтве: Некі волат, ці то чарадзей, Стагоддзі правёў у бунтарстве, Каб аздобіць шчасцем людзей. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абла́ва, ‑ы, ж.

Паляванне, пры якім месца, дзе знаходзіцца зверына, акружаецца, ачэпліваецца паляўнічымі і загоншчыкамі. Аблава на ваўкоў. □ Ляснік хутка выйшаў з пакояў, а пан стаў меркаваць, як бы акружыць лес і зрабіць аблаву. Чарот. // Акружэнне якога‑н. месца з мэтай злавіць каго‑н. Акружылі мы прымежны гай, Пачалі на ворагаў аблаву. Панчанка. У часе блакады ў горадзе таксама былі праведзены масавыя аблавы і арышты. Няхай. // Пра асоб, якія робяць аблаву. Даўно аблавай прачасаць пара Аколіцы бароў, глухую гаць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)