прыгрэ́бнік, ‑а, м.
Прыбудоўка перад уваходам у пограб, склеп. Тут былі такія будынкі: хаты з чырвонымі комінамі, клуні, хлевушкі, свіронкі і прыгрэбнікі з нізенькімі, да самае зямлі, стрэхамі. Колас. Чарнушка ўнёс з прыгрэбніка мех бульбы, уладаваў у задку. Мележ. А калі нарэшце [Валодзя] расплюшчыў вочы, дык убачыў над сабой трухлявую страху прыгрэбніка. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прышчамі́ць, ‑шчамлю, ‑шчэміш, ‑шчэміць; зак., каго-што.
Заціснуць, зашчаміць паміж кім‑, чым‑н. Немачка здзіўлена прышчаміла зубамі румяную ніжнюю губку і змоўкла. Брыль. Зноў сунуў руку пад вечка, ды якраз у гэты момант жанчына села на кашолку і балюча прышчаміла Сцёпку руку. Хомчанка.
•••
Прышчаміць хвост каму — паставіць каго‑н. у цяжкае, безвыходнае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпа́ліна, ‑ы, ж.
1. Разм. Крыху абпаленае месца. Падпаліна на шынялі.
2. Рыжавата-жоўтая пляма другога колеру (на валасах, футры і пад.). У дзяўчыны светлыя з рыжымі падпалінамі валасы, чорныя бровы і чорныя вочы. Асіпенка. Бярозавы гай, куды нырнула сцежка, быў увесь пранізаны сонечным святлом, у кронах бяроз ужо гарэлі залатыя падпаліны. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Назва аднаго з відаў электрычных засцерагальнікаў. Перапаліць пробкі.
2. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., якая перашкаджае руху, цячэнню; затор. На пераправе ўтварылася пробка. Дзесяткі машын, танкаў; фурманак збіліся ў кучу ля берага. Хомчанка. Кожны імкнуўся хутчэй прабрацца, стварылася пробка, узмацніліся крыкі. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
унутры́, прысл. і прыназ.
1. прысл. У сярэдзіне, у межах. [Маёр:] У мяне ўсё кіпіць унутры. І я ледзьве стрымліваюся... Кучар. Валодзя асцярожна заглянуў у адтуліну, але ўнутры было чорна і нічога не відаць. Арабей.
2. прыназ. з Р. У сярэдзіне, у межах чаго‑н. Доўга яшчэ гудзелі трубным гулам басы ўнутры раяля. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́мачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш.-ласк. да яма (у 1 знач.), ямка.
2. Невялікая ўпадзіна на шчацэ, падбародку і пад. У Зосі вочы крыху расплюшчаны, на шчоках ямачкі, на вуснах здзіўленая ўсмешка. Хомчанка. Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лу́чнік, ‑а, м.
Гіст. Воін, узброены лукам.
лучні́к, ‑а, м.
Даўнейшае прыстасаванне для асвятлення хаты, у якім гарэла лучына. Як сведак прадзедаўскіх дзён, Лучнік звісае нібы звон, І тоіць нейкі сум зацяты. Колас. — Ты прастудзіўся, — сказала маці і, каб пацешыць сына, дастала з куфра кнігу, падала яму на печ і вышэй падняла лучнік. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аско́ма, ‑ы, ж.
Непрыемнае вяжучае адчуванне ў роце, абвостранае адчуванне на зубах ад чаго‑н. кіслага. У Сяргейкі ад аскомы нават рот пачало зводзіць. Хомчанка. // перан. Непрыемнае адчуванне ад чаго‑н., што вельмі надакучыла. Што ім [маладым] славы аскома? Ім адна ўзнагарода — Ведаць, верыць, што шчасце не здрадзіць народу. Грачанікаў.
•••
Аскому нагнаць (набіць) гл. нагнаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заво́шта, прысл.
Разм.
1. пытальнае. За што? Па якой прычыне? — За што мяне катуеш, пане? Завошта чыніш здзек такі? Колас.
2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова; у даданых дапаўняльных сказах адпавядае па значэнню словам: «па якой прычыне», «чаму». Віця маўчаў, бо яму прыйшлося б доўга расказваць, чаму ён сёння такі і завошта дзякуе. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрэ́цца, стрэ́нуся, стрэ́нешся, стрэ́нецца; зак.
Разм. Тое, што і сустрэцца. Часта бачу, Трывожная, у сне, Як праводзіць мяне ён Дадому. А не знаю, Ці прыйдзецца мне Стрэцца з другам сваім невядомым. Дзеружынскі. Ужо за парогам Цімошка азірнуўся, стрэўся вачыма з Зосяй. Хомчанка. Лепей з воўкам у лесе стрэцца, як на панскай печы грэцца. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)