неакрэ́сленасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць неакрэсленага. Рамэо-Платонаў пераадольваў неакрэсленасць, расплывістасць многіх сваіх папярэднікаў у гэтай ролі. «Полымя». Атмасферы чагосьці важнага, што мае вось-вось адбыцца, вельмі добра адпавядаюць семантычная неакрэсленасць, трывожнасць мовы. Бярозкін.

2. Неакрэсленае становішча. У гэтай неакрэсленасці была і нейкая свая прываблівасць: цікава ж ведаць, чым яно ўсё скончыцца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрабя́знасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць падрабязнага. Падрабязнасць паведамлення.

2. Прыватная дэталь, дробная акалічнасць якой‑н. справы і пад. [Мікола і Таня] абгаварылі ўсе падрабязнасці будучага вяселля: і калі яго пачаць, і каго запрасіць, і як трымацца на людзях. Новікаў. Наведвальнікі паведамлялі ўсё новыя і новыя падрабязнасці пра палёт Цітова, і Зіна толькі і слухала іх. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́дласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць подлага. Валодзя Полаз на поўны голас філасофстваваў аб подласці людзей, якія пішуць ананімныя пісьмы. Шамякін.

2. Подлы ўчынак. [Туравец] думаў пра ўцекача з нянавісцю і пагардай, бо лічыў, што няма большай подласці, чым кінуць у цяжкую хвіліну таварышаў. Мележ. [Шкуранкоў:] Ніякай подласці я яшчэ не зрабіў. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяшчо́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць пяшчотнага. Пяшчотнасць свайго бацькоўскага пачуцця дзед выказваў, як заўсёды, па-свойму. Брыль.

2. Ласкавасць, пяшчота. Матулі роднай вобраз мілы, Пяшчотнасць, любасць да мяне, Яе аб дзецях клопат шчыры Усплываюць часта ў светлым сне. Журба. Дзедам старога называла ўся брыгада, і ў гэтай назве была нейкая пяшчотнасць. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́пасць, ‑і, ж.

Уласцівасць скупога. Не прымаюць гэтыя людзі таго, чым раней думаў [Тварыцкі] ўсё жыццё трымаць, чым думаў ратавацца і ратаваць блізкіх сваіх. Няма хцівасці, няма скупасці, няма ў аднаго да другога нянавісці. Чорны. За стрыманай скупасцю слоў, чорствых, з прымессю іроніі, адчуваецца крык душы — спагадны і гнеўны, чалавечы і грозны. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учэ́пістасць, ‑і, ж.

Уласцівасць учэпістага. Учэпістасць рук. Учэпістасць памяці. Гаспадарская ўчэпістасць. □ Заслугоўваюць сваёй славы непараўнальных верхалазаў нашы мурашкі, вавёркі, куніцы, соні, яноты-паласкуны, а часткова таксама рысі і мядзведзі. Калі птушак ад падзення ўтрымаюць крылы, а павукоў — павуціна, то гэтым лясным акрабатам даводзіцца разлічваць толькі на сваю ўчэпістасць, сілу, дакладнасць і хуткасць. Самусенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапатлі́васць, ‑і, ж.

Абл. Уласцівасць хапатлівага. Апейку нярэдка штурхалі, але ён не злаваў; яму гэта было нават нібы прыемна, — як і сама працоўная клопатнасць, хапатлівасць, што ўсё больш апаноўвалі вуліцу. Мележ. Такое гарэнне непакоіла Зімчука, якога гэта і цешыла і непакоіла. Непакоіла, бо ў хапатлівасці Васіля Пятровіча адчувалася хваравітасць і надрыў. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цесната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

1. Уласцівасць цеснага (у 1 знач.). Цесната памяшкання.

2. Адсутнасць вольнага месца, недахоп патрэбнай плошчы, прасторы. Невялікі з двума вокнамі і балкончыкам пакой быў застаўлены рэчамі — ложкамі, шафай, канапай. Але, нягледзячы на цеснату, тут было чыста і прыбрана. Сапрыка. У цеснаце, ды не ў крыўдзе. Прымаўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціка́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цікаўнага. У .. [Вінгеля] была нейкая падатлівасць, мяккасць, своеасаблівая цікаўнасць да ўсяго. Чорны. Людскую цікаўнасць можна лёгка зразумець: не толькі ў былой палескай глухамані, але наогул ва ўсёй Беларусі такія магутныя земснарады працуюць упершыню. Дадзіёмаў.

2. Жаданне, імкненне ўсё ўведаць, убачыць. Некалькі рабочых з цікаўнасцю пазіралі работу вадалазаў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экстравага́нтнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць экстравагантнага. Гонячыся за рознымі слоўнымі эфектамі і экстравагантнасцю стылю, асобныя паэты падсоўвалі чытачу самую што ні ёсць бяссэнсіцу, фармалістычнае награмаджэнне пустых, звонкіх слоў. Шакун.

2. Экстравагантны ўчынак; незвычайныя паводзіны. — Надзвычайная экстравагантнасць, — вымавіў.. [Захар]. — Не спадзяваўся, скажу шчыра. Але хвалю. Ты не баялася, што я магу цябе не прыняць? Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)