сёй-той, сяго-таго, займ. неазн., м.
Разм. Некаторыя (нямногія) людзі. Па бацьку ў нас велічалі толькі настаўніка. Ды і то не мы, а сёй-той са старэйшых. Якімовіч. Сёй-той ведаў аб сакрэце могілак, некаторыя здагадваліся. Лынькоў. // Нехта (каго не жадаюць называць). Гэту простую ісціну не шкодзіла б засвоіць і сяму-таму з нашых сучасных маладых пісьменнікаў. Бугаёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скаварада́, ‑ы́; мн. скаваро́ды (з ліч. 2, 3, 4 скаварады́), ‑ро́д і ‑ро́даў; ж.
Мелкая металічная пасудзіна круглай формы для смажання; патэльня. [Юлька] дастала з.. рукзака кавалак сала, цыбуліну, сырыя яйкі, нарэзала сала на скавараду. Карамазаў. Папрасілі скавараду і пачалі пячы яечню. Кулакоўскі. // Колькасць ежы, якая знаходзіцца ў такой пасудзіне. Тут заходзіць да.. [ксяндзоў] гаспадар са скаварадою яечні. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сма́чна,
1. Прысл. да смачны.
2. безас. у знач. вык. Апетытна, са смакам, з задавальненнем. Смачна было есці ягады з цукрам. // перан. Разм. Прыемна, лёгка, па душы. [Юльцы] вельмі смачна рабіць тое, чаго няможна. Бядуля. А дзеду, бабцы яна [Марынка] удзячна, Што так ласкавымі былі І ім прытулак тут далі. Хоць і самім жыць не так смачна. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спіча́сты, ‑ая, ‑ае.
З вострым верхам або канцом. У зеляніне садоў выдзяляюцца белыя сцены мазанак, з-за высокіх спічастых таполяў выглядае двухпавярховая чырвоная мураванка. С. Александровіч. Вось ён [герой] — на вуліцах Вільні, і я ўжо бачу старыя камяніцы са спічастымі гатычнымі дахамі, званіцы, масіўныя вастрабрамскія парталы. Арочка. На галаве спічастая шапка-будзёнаўка з вялікай чырвонай зоркай. П. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссуту́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ссутуліць.
2. у знач. прым. Згорблены, сагнуты (ад старасці, хваробы і пад.). Бацька выйшаў са двара і рушыў цераз вуліцу. Сняжынкі адразу забялілі чырвоны верх яго папахі, пагоны на плячах, шэры шынель на ссутуленай спіне. Шамякін. — Не шкада і лапцей, — разважаў Гашэнка, ідучы за высокім, ссутуленым Кавалёвым. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стажо́к, ‑жка, м.
1. Памянш. да стог. Журдовіч выйшаў за сядзібныя будынкі, трымаючы кірунак на гароды. Каля самага прыгумення пачуў, як нехта шастае саломай, скубучы яе са стажка. Дуброўскі.
2. перан. Вялікая колькасць, кучка складзеных разам прадметаў. Само свята пачынаецца, вядома, не тады, як убачыш на стале стажок бліноў, латушку смятаны і чарку-другую гарэлкі. Рылько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Ручная каляска на адным коле, якую возяць, трымаючы за ручкі і штурхаючы перад сабою. Скінуўшы пінжак і берэт, .. [таможнік] у момант пагрузіў чамадан на багажную тачку і выкаціў яе на вуліцу. Лынькоў. На другі дзень [Пеця] прыйшоў са школы позна, прыкаціў на двор тачку — лёгенькую, на адным жалезным коле. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уніка́льны, ‑ая, ‑ае.
Вельмі рэдкі, адзіны ў сваім родзе; выключны. Унікальная знаходка. Унікальны рукапіс. □ Аднак гэта песня з-за сцяны ўзрушыла мяне, давяла да нейкай унікальнай хваробы, якую ніякі доктар не адгадае і не вылечыць. Дуброўскі. Гаспадар пазнаёміў нас са сваёй сям’ёй і паказаў ўласную бібліятэку, якая здзівіла багаццем унікальных кніг па гісторыі развіцця грузінскай культуры і мастацтва. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уразбро́д, прысл.
У беспарадку, паасобку, нядружна. Курсанты павярнуліся ўразброд. Новікаў. Птушкі выбраліся скора, Чарадою і ўразброд. Глебка. Некаторыя [дзяўчаты] спужаныя ад нечаканасці, другія са здзіўленнем адарваліся ад працы, паспешна разагнуліся, прывіталіся ўразброд... Васілевіч. // перан. Без лагічнай паслядоўнасці (пра думкі, словы і пад.). Людзі перагаворваліся вяла, за няшчырымі ўразброд словамі хаваліся нейкія важныя думкі, а можа, і справы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак.
Разм.
1. каго. Падняць вельмі рана. [Волька:] — Дзяўчыну без пары ўскруціў. Калі яшчэ ў школу, хай бы спала. Пташнікаў.
2. звычайна безас. каго. Узбударажыць, вывесці са спакою. [Жонка:] — То чаго гэта цябе ўскруціла? Якое ліха яшчэ, чаго ты? Галавач.
3. што. Закруціць, узняць (пыл, пясок і пад.). Часам вецер засвішча, Ускруціць і попел і чад. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)