інстыту́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

У дарэвалюцыйнай Расіі — выхаванка жаночага інстытута (у 3 знач.). // Разм. Пра чалавека з рысамі паводзін і характарам выхаванкі падобнай установы (наіўным, неспрактыкаваным і пад.). [Якім:] — Ты [Міхась] здаешся такім кволым, быццам не мужыцкага роду, а якая інстытута. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зе́ўраць, ‑ае; незак.

Разм. Быць бачным, адкрытым (пра адтуліну, яму і пад.). Побач, між нізкага, густога галля, зеўрала ў цяністым поцемку свежая яма з асыпанымі берагамі. Мележ. Там, далёка ўнізе, куды кожную хвіліну вецер мог сарваць і яго, зеўрала бяздонне, зацягнутае радкаватым туманам. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зазірну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Тое, што і заглянуць. Зазірнуць у твар. Зазірнуць у заўтрашні дзень. Зазірнуць пад лаўку. □ Хто яго ведае, па якой прычыне дзядзька не зазірнуў да нас. Дамашэвіч. Пакаштаваўшы радыску, вырваную прама з гладкі, Рыгор зазірнуў за амшанік. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заско́к, ‑у, м.

1. Разм. і спец. Выхад часткі, дэталі якога‑н. механізма з правільнага становішча; перакос, зачэпка. Заскок роліка: Заскок спружыны.

2. перан. Разм. Адхіленне ад нормы ў паводзінах, думках і пад. — Поўная вам дэмакратыя і незалежнасць... Толькі не рабіце заскокаў, не перагінайце. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засмуці́цца, ‑мучуся, ‑муцішся, ‑муціцца; зак., па кім і без дап.

Засумаваць, замаркоціцца. Засмуціцца па родных. Засмуціцца ад гора. // Выразіць смутак, заклапочанасць (аб твары, вачах і пад.). Прыгожы круглы твар Галіны Садоўскай паружавеў, светла-зялёныя вочы засмуціліся, галава яе з роўненькім праборам цяжка панікла. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасмя́глы і пасма́глы, ‑ая, ‑ае.

Перасохлы (пра губы, рот). Пад вачыма ў Андрэя — чорныя кругі, а губы пасмяглыя, з белым налётам па кутках. Новікаў. // Пасохлы ад недахопу вільгаці і ад празмернага сонца. Стаяла засуха. Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што і без дап.

Тасаваць некаторы час; ператасаваць. [Бабка] пайшла ў сваю каморку, выняла з-пад сенніка калоду старых, як і сама яна, карт, патасавала сваім манерам і пачала спаважна раскладваць іх на восем кучак, па тры карты ў кожнай. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́крыў, ‑крыва, м.

Тое, што і покрыва. А ручаіны стараюцца: нясуць жоўтую ваду з поля.., узрываюць ледзяны пакрыў ракі. Лужанін. Затое буйна разросся сад — яблыні і грушы так сашчапіліся голлем, што стварылі суцэльны пакрыў. Навуменка. Пад покрывам зімовай ночы партызаны падкрадаюцца да варожай камендатуры. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пралічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.

Памыліцца ў меркаваннях, падліках. [Старыковіч:] — Стог — пад неба, а сена ў ім па вазе не шмат. Пралічыліся, выходзіць. Асіпенка. Толькі .. [Сенька] пралічыўся — лазняк тут рос вузкай паласой, і не паспеў злодзей прабегчы і метраў з дваццаць, як выскачыў на адкрытае месца. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прачака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.

Доўга пачакаць; стаміцца ад доўгага чакання. Усе прачакаліся дзеда з Петрыкам і рашылі абедаць без іх. Місько. Гнецца пад вясеннім ветрам бэз, Стукаючы ў шыбіны табе, Ты ж чакаеш, прачакалася даўно, Каб, нарэшце, я пастукаў у акно. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)