расшы́рыцца, ‑рыцца; зак.
1. Стаць больш шырокім. Вочы расшырыліся. □ І круг расшырыўся, адступілі людзі, прыціснуліся да сцен. Шамякін. [Багдан] пацягнуў яшчэ раз з усёй сілы — шчыліна крыху расшырылася, а далей вароты не ішлі, былі за нешта прывязаны. Кулакоўскі. // Спец. Павялічыцца ў аб’ёме. Газ ад награвання расшырыўся.
2. Павялічыцца колькасна, у аб’ёме; стаць больш моцным, буйным. Завод расшырыўся. Вытворчасць расшырылася.
3. Стаць больш поўным, больш рознабаковым; паглыбіцца. Расшырылася тэматыка газеты. Кругагляд расшырыўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паддзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.
1. Тое, што і пададзець. Анісім пашкадаваў пра сябе, што не паддзеў пад спод ватовай камізэлькі. Сачанка.
2. Падчапіць чым‑н. Большы [зубр] спыніўся каля веласіпеда, абнюхаў яго і, матнуўшы галавой, паддзеў рогам за раму. Хадкевіч.
3. перан. Разм. Задзець субяседніка калючай заўвагай; укалоць. Да мяне ў гэты момант дайшло, што Алёшка не жартуе, хлопец ён, рашучы, ды яшчэ калі паддзенеш яго. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падрадзі́цца, ‑раджуся, ‑радзішся, ‑радзіцца; зак., з інф.
1. Наняцца, абавязаўшыся выканаць што‑н. на пэўных умовах. [Герасім Іванавіч:] — Прыходзіць неяк ранічкаю Ахрэм да мяне і кажа: давай, Гараська, падрадзімся настаўніку хату рубіць. Карамазаў.
2. Даць згоду зрабіць што‑н., узяцца зрабіць якую‑н. работу каму‑н. З вучнямі пятага і шостага класаў [Ніна] яшчэ хадзіла на калгасны ячмень [свірэпу] рваць. Сама падрадзілася. Лобан. Кукарэка, ахвотны да размовы, падрадзіўся ісці і паказаць дом старшыні. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падстаўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які падстаўляюць пад што‑н. або прыстаўляюць да чаго‑н. Падстаўны столік.
2. Падабраны для якой‑н. мэты замест сапраўднага. Яшчэ і цяпер захаваўся ў літоўскіх сёлах звычай, што, пакуль сапраўдныя маладыя рэгіструюцца, іх месца займаюць падстаўныя, звычайна пажылыя людзі. Броўка.
3. Уст. Прызначаны для замены (пра коней). [Кастусь з Алесем] ехалі адны, далёка паперадзе ўсіх астатніх. Логвін з падстаўнымі быў відаць ледзь не за вярсту. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажаўце́ць, ‑жаўцею, ‑жаўцееш, ‑жаўцее; зак.
Стаць жоўтым, жаўцейшым; набыць жаўтаватае адценне. Мармур высачэзных калон.. трошкі пажаўцеў, нагадваючы слановую косць. Караткевіч. // Паспець (пра плады, злакі). Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Дуброўскі. // Страціць зялёную афарбоўку, завяць (пра лісце, траву). Сям-там пажаўцела ўжо лісце. Скрыган. З клёнаў, яшчэ не паспеўшых добра пажаўцець, пасыпалася восеньская пацяруха. Савіцкі. // Набыць нездаровы колер. Твар пажаўцеў. □ Бабініч зусім асалавеў, вочы яго Пажаўцелі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палёгка, ‑і, ДМ ‑гцы; Р мн. ‑гак; ж.
1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. палегчыць.
2. Пачуццё заспакаення, вызвалення ад трывогі, непакою і пад. Лемяшэвіч выцер хусцінкай лоб і ўздыхнуў, адчуўшы раптам такую палёгку — быццам камень з сэрца скаціўся. Шамякін.
3. Поўнае або частковае вызваленне ад выканання ўстаноўленых законам якіх‑н. абавязкаў. Яшчэ пазалетась [Глушак] падзяліў гаспадарку з Яўхімам.. Думаў — галоўнае — падаткі зрэжуць, палёгку нейкую дадуць. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неспазна́ны, ‑ая, ‑ае.
Не перажыты раней, незнаёмы. Мелодыя, як і ўсё на гэтым вечары, вядзе ў іншы свет, прывабны і неспазнаны, сама льецца ў душу. Навуменка. // Разм. Недаследаваны, нявывучаны. [Тацяна] яшчэ так мала ведае. А на свеце ж столькі ўсяго цікавага, неспазнанага. Васілёнак. / у знач. наз. неспазна́нае, ‑ага, н. Дзякуй табе, Манголія, за далеч і шыр, за кветкі і ўсмешкі, за трывогу і перамогу над ёй, за само шчасце — пазнаць неспазнанае! Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паваро́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны лёгка і хутка паварочвацца. Лёгкая і паваротлівая лодка. □ Юзік ... Яго любімы вучань.. Жвавы, паваротлівы, кемлівы і яшчэ па-вучнёўску слухмяны. Дуброўскі. // Які ўсё робіць лёгка і хутка; увішны. Паваротлівая гаспадыня. □ Пераступіўшы парог, прыпыняецца і глядзіць, як Валянціна кідае ў печ сухія дровы. «Спрытная і паваротлівая, нічога не скажаш», — адзначае Глушакоў. Мяжэвіч.
2. перан. Які ўмее добра весці свае справы, выкарыстоўваючы абставіны. Паваротлівы дзялок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.
Даваць павучальныя парады, настаўленні. — На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне, — павучаў.. [Букрэй] дзеда. Колас. Тапурыя ўсё яшчэ павучаў .. [Вано], як трэба сябе трымаць пры старэйшых. Самуйлёнак. // Гаварыць павучанні. — Што ж, рамантыка павінна ўступаць перад рэальнай неабходнасцю, — адчуваючы сваю перавагу, павучаў Беразінец. Броўка. — Абыякавасць — такая загана, якой я не дарую, — Булай і зараз не мог ўстрымацца, каб не навучаць. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
назіра́льнік, ‑а, м.
Той, хто назірае за кім‑, чым‑н. Тонкі назіральнік. □ Усё, што адбылося далей, Алесь ўспрымаў, як старонні назіральнік. Шыцік. // Той, хто па сваім абавязку, прафесіі, прызначэнню назірае за кім‑, чым‑н. І вось там [у лесе] нехта з хлопцаў насцярожна выхіліўся з гушчару і трапіў на вочы варожаму назіральніку. Брыль. [Старшыня сельсавета і Язэп Каліна] сядзелі ў бункеры, з якога нямецкія назіральнікі, мабыць, карэкціравалі агонь сваіх батарэй, — са столі яшчэ і цяпер тырчала стэрэатруба. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)