праваля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Разм.

1. Правесці некаторы час лежачы, валяючыся. Непаваротлівы і ляны,.. [Алесь] цэлы дзень можа праваляцца на мурагу ў цяні. Ваданосаў. // Праляжаць некаторы час хворым. Тыдні два праваляўся ў пасцелі Васіль Бусыга пасля с[у]тычкі з Саўкам Мільгуном. Колас.

2. Праляжаць некаторы час забытага, непатрэбным. Капуста правалялася на базе, мусіць, месяцы са два. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамазу́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прамазуціць.

2. у знач. прым. Насыпаны мазутай; запэцканы, замурзаны. Славік беражліва паклаў лісток паперы ў кішэню прамазучанага камбінезона. Даніленка. Бацька заўсёды намерваўся ўхапіць яго за нос сваёй чорнай прамазучанай рукой. Лынькоў. Увесь прамазучаны трактарыст падсадзіў мяне на свайго сталёвага каня, сеў побач са мною і ўзяўся за рычагі. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што і без дап. Утварыць стук; паведаміць што‑н. умоўным стукам. // без дап. Прайсці, прабегчы са стукам. Па калідоры прастукаў абцасамі суседскі хлопчык. Корбан.

2. каго-што. Даследаваць стан унутраных органаў пры дапамозе лёгкага пастуквання (пальцамі ці малаточкам) па паверхні цела; выстукаць. Прастукаць хвораму грудзі.

3. што і без дап. Стукаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыблі́зна, прысл.

1. Прысл. да прыблізны.

2. (у спалучэнні са словамі, якія абазначаюць колькасць). Трохі менш або трохі больш, трохі раней або трохі пазней. Дзесяць варожых эшалонаў — асабісты рахунак Кастуся. Рахунак брыгады, безумоўна, трохі большы, — прыблізна разоў у дзесяць — пятнаццаць. Брыль. — Заўтра, так прыблізна каля дзвюх гадзін дня, просім мець ласку прыбыць у сяленне Сабакучаво. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкры́цце, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыкрыць, прыкрыцца.

2. Ахова, абарона. — Ваша задача — вывесці з блакады ўсё насельніцтва, хворых і раненых, стварыўшы для гэтай мэты групы прыкрыцця. Шчарбатаў.

3. Прадмет, збудаванне, месца, якое ахоўвае, прыкрывае ад чаго‑н. Стаць пад прыкрыцце. □ Мы са свайго прыкрыцця любаваліся кожным рухам гэтага дужага і прыгожага стварэння. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылі́к, ‑у, м.

У выразе: для (дзеля) прыліку — для выгляду, для стварэння патрэбнага ўражання; дзеля прыстойнасці. Але хлопцы са свайго боку ведалі, што Амяллян Ткач добры, а строгасць напускае толькі для прыліку. Навуменка. Васіль ведаў, што ўся гэта гаворка і Грыбкова цікаўнасць толькі так, для прыліку, і чакаў далейшага. Мележ. Косцю здалося, што .. [Валя] запрашае няшчыра, дзеля прыліку. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыты́м, злучнік далучальны (звычайна ў спалучэнні са злучнікамі і, ды, а).

Да таго ж, акрамя таго. Так у Малінаўцы з’явіўся новы гаспадар, і прытым не абы-які. Чарнышэвіч. [Валодзя:] — Ведаць .. [Кастуся] я ведаю, але думаю, што вопыту ў яго мала. [Максім:] — У Андрэя вопыту не больш, прытым і характарам ён мяккаваты. Машара. Гэта быў стрыманы і дакладны, прытым нешматслоўны субяседнік. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Драўляная пасудзіна ў выглядзе цэбрыка з ручкай, прызначаная для розных гаспадарчыя патрэб (зліваць ваду, даваць корм жывёле). [Леначка] спаласнула ў ражцы рукі і на цыпках .. абыйшла Антона Васільевіча. Паслядовіч. — Хто гэта парсюку ўчора мяшаў? — буркнула старая, глянуўшы ў ражку, у якой на дне было са жменьку .. свіной яды. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассва́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Парваць дружбу, знаёмства з кім‑н.; разлічыцца з кім‑, чым‑н. Ці дасць зямля табе збавенне Ад злога панскага насення? З адным рассватаешся тут, Там у другі залазь хамут. Колас. І камуна з гэтымі «камунарамі» рассваталася, выкінуўшы іх са сваёй сям’і, бо не хацелі яны аддана, як і ўсе, працаваць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́крут, ‑а, М ‑руце, м.

Гіст. У дарэформеннай царскай Расіі — салдат-навабранец. Рэкрут, якога на службу вялі, Выгнаны з хаты нябога, Разам са жменькай бацькоўскай зямлі Браў абразок у дарогу. Лось. За.. час [25‑гадовай службы ў салдатах] бацькі рэкрута паміралі, жонка выходзіла за другога, і калі салдат вяртаўся дадому, яму не было дзе прытуліцца, не было за што рук зачапіць. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)