пяшчо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі ласкавы, поўны ласкі, замілавання, адданасці. Пяшчотная маці. Пяшчотнае сэрца. □ І заўсёды, што б.. [Надзя] ні рабіла, .. у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе ласку, любоў. Смірын узняў вочы на Веру. Перахапіў яе пяшчотны позірк. Алешка. На яе вуснах блукала пяшчотная ўсмешка. Лупсякоў.

2. перан. Мяккі, лагодны; вельмі прыемны. Пяшчотны голас. Пяшчотны ветрык. □ Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Бядуля. Неўзабаве перад намі ўзніклі ў пяшчотнай ранішняй смузе светлыя небаскробы вялікага горада на ўзбярэжжы акіяна. В. Вольскі. // Вельмі далікатны, тонкі. На чарэшнях ужо шалясцелі маладыя пяшчотныя лісткі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. раскопваць — раскапаць (у 1 знач.).

2. звычайна мн. (раско́пкі, ‑пак). Работы па выяўленню чаго‑н. схаванага ў зямлі, звычайна прадметаў старажытнасці. Вакол касцёла, на схілах гары, вядуцца археалагічныя раскопкі фінікійскага Карфагена. В. Вольскі. На старажытных рускіх манетах, якія археолагі і сёння знаходзяць у час раскопак, можна ўбачыць самыя розныя адбіткі. Матрунёнак. // Месца, дзе праводзяцца падобныя работы. Самы пашыраны матэрыял, які захаваўся ў раскопках [г. Навагрудка], — кераміка, абломкі глінянага посуду. «Помнікі». Красуюць скрозь у нас такія кветы, якіх ні ў якіх бы раскопках не знайшоў. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэцэ́пт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Пісьмовае прадпісанне ўрача ў аптэку аб прыгатаванні лякарства з указаннем спосабу яго прымянення. — Дык доктар выпісаў рэцэпт і сказаў, што такія лекі адно ў Навагранах і можна дастаць. Сабаленка.

2. Спосаб прыгатавання чаго‑н. Дацэнт ведаў рэцэпт, як зварыць моцную брагу, такую брагу, што ад трох шклянак чалавек п’яным рабіўся. Колас.

3. перан. Разм. Настаўленне, парада, як дзейнічаць, што рабіць у тым ці іншым выпадку. Можна падумаць, з панскай сям’і; такія рэцэпты ёй піша: не падымай цяжкага, еш больш вітамінаў, будзь асцярожнай. Васілевіч. Ні ў адным падручніку не вычытаеш такіх рэцэптаў, якія табе дае практыка. Паслядовіч.

[Ад лац. receptum — прынятае, узятае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.

Разм.

1. Намагацца. Дый як ні сілілася Лёдзя, ступала яна няўпэўнена, дробнымі крокамі. Карпаў. [Цімох] быў .. нізкарослы і, спяваючы, высока задзіраў галаву. І так сіліўся, што аж жыллё выпіналася на шыі. Ермаловіч. // з інф. Старацца, прабаваць зрабіць што‑н. Антось у цемнаце сіліўся разгледзець брата. Дамашэвіч. Схіліўшы ўніз галаву, дзяўчына сілілася паправіць падбародкам разарваную на грудзях блузку — рукі былі закручаны назад і звязаны. Лынькоў. Мікульскі сіліцца адарваць позірк ад гэтай попельніцы, разглядае дэталёва камендантаў стол. Місько.

2. Мерацца сіламі. [Мужык:] — Сям’я мая галодная, Хаціна мая хіліцца, Ідзі, Зіма нягодная! Не дуж з табою сіліцца. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіндыка́т, ‑а, М ‑каце. м.

1. Адна з форм капіталістычных манаполій, аб’яднанне прадпрыемцаў, якое бярэ на сябе ажыццяўленне ўсёй камерцыйнай дзейнасці (вызначэнне цэн, збыт прадукцыі і пад.) пры захаванні вытворчай і юрыдычнай самастойнасці кожнага з яго прадпрыемстваў. Ні адзін чалавек не пазбаўляецца намі маёмасці без асобага дзяржаўнага закону аб нацыяналізацыі банкаў і сіндыкатаў. Ленін.

2. Назва прафесіянальных саюзаў у Францыі і некаторых іншых краінах. У гмаху, дзе размяшчаецца ўпраўленне французскага хрысціянскага сіндыката, ёсць адзін пакой для эмігранцкага аддзела. Прокша.

3. У СССР на пачатку нэпу — аб’яднанне трэстаў пэўнай галіны прамысловасць якое вяло планавую закупку і збыт прадукцыі.

[Фр. syndicat ад грэч. syndikos — які дзейнічае сумесна.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Зрабіцца кіслым; пракіснуць. Крупеня скісла. // Зрабіцца кіслым (пра малако). — Каня, нябось, не даў, мы на воліку возім, і ў нас малако ні разу не скісла. Шамякін.

2. перан. Разм. Страціць бадзёрасць, упэўненасць, стаць вялым, сумным. [Гэля:] — Што з табою, Адачка? Неяк ты адразу скісла. Пальчэўскі. [Дымар:] — Ды я спакойны, грамадзянін следчы. Я ўжо спакойны, — раптам скіс, згорбіўся арыштаваны, нахіліўся, кранаючыся кепкай падлогі. Шамякін.

•••

Каб (бадай) ты скіс (скісла) — ужываецца як нязлосны праклён. — Андрэй! А бадай-жа ты скіс! — радасна выгукнуў Янка. Колас. — Ах, каб ты скіс! — засмяялася гаспадыня і звярнулася да Карніцкага. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Доўгая фраза, урывак прамовы, асобная шматслоўная рэпліка, якія гаворацца звычайна прыўзнятым тонам. Тырада ветліва-пустая. Ніхто брывом не варухне. — Вы есці будзеце, пытаю? Вы сядзеце абедаць? — Не! Вялюгін. Холад не звяртаў і самай малой увагі на гэтыя ўзнёслыя тырады свайго памочніка, бо лічыў іх вынікам Сашынай маладосці. Васілёнак. — Чакай, Андрэй, не хітруй, — перарваў я яго высокую тыраду. — Ты ж добра ведаеш, што пасля таго, што ты расказаў, ні да якога Кузьмы я не паеду з табой. Краўчанка. // Маналог такога характару ў рамане, п’есе. Тырады Чацкага. □ У «Песні» [М. Гусоўскага] знаходзім такую, непаўторную, здаецца, па сваёй гістарычнай праўдзівасці, тыраду. Майхровіч.

[Фр. tirade.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узабра́цца, узбяруся, узбярэшся, узбярэцца; узбяромся, узберацеся; зак.

Намагаючыся, узысці, падняцца на што‑н., узлезці куды‑н., на верх чаго‑н.; ускарабкацца. Хто б ні прыехаў у горад, ён абавязкова ўзбярэцца на вал — адсюль відаць большая частка горада. Хадкевіч. Вось і дно яра, вось і яго правы адхон. Узабрацца на гэты адхон, і — адразу лес. Курто. Машына Сяргея ўзабралася на цвёрдую камяністую градку. Весялей запрацавалі колы. Астрэйка. / у перан. ужыв. Бывала, як выйдзе [Патапавіч] з хаты на досвітку, не снедаўшы, дык сонейка на поўдзень узбярэцца, пакуль прыйдзе. Кулакоўскі. // Абвіваючыся вакол чаго‑н., узняцца (пра расліны). І на сцяну Ужо ўзабраўся дзікі хмель. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ярлы́к, ‑а, м.

1. Гіст. Грамата ханаў Залатой Арды, у якой выкладаліся распараджэнні хана адносна кіравання асобнымі падуладнымі ёй абласцямі. Ярлык на княжанне.

2. Уст. Пісьмовае распараджэнне на выдачу чаго‑н.

3. Лісток на чым‑н. з указаннем назвы, колькасці, месца вырабу, нумара і пад. Багажны ярлык. □ На многіх таварах не было ярлыкоў з цэнамі. «Звязда».

4. перан. Шаблонная характарыстыка каму‑, чаму‑н.; уласцівасць, якасць, якая прыпісваецца каму‑, чаму‑н. па традыцыі, звычны і пад. «У нас часам, як прыклеяць ярлык заводу ці чалавеку — канец. І як бы ні працаваў потым, нічога не паможа», — сумна падумаў Максім Сцяпанавіч. Карпаў.

•••

Вешаць ярлык гл. вешаць.

[Ад цюрк. ярлэк — загад.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Не скрыты, не сакрэтны; адкрыты. Адсідка ў крэпасці вяла за сабою паліцэйскі нагляд: яўны або патайны. Лужанін. Пасля ўсяго Гані стала зразумела адно: калі ў бойцы вораг быў яўны, адкрыты, узброены, яго бачылі твар у твар, то зараз, у мірную пару, яго цяжка распазнаць, нават з вока на вока. Грамовіч. І ні разу ён [Алесь] не прамінаў, каб дазнацца прычыну тых страхаў. А іх — яўных і ўяўных — хапала тады. Ваданосаў.

2. Зусім відавочны, зразумелы ўсім. Конь выказаў яўныя намеры кінуцца ўперад. Лынькоў. Ад гэтага вее ўжо не чым іншым, як яўным жаданнем некаму спадабацца. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)