пахо́дня, ‑і, ж.

Уст. Пераносная свяцільня ў выглядзе ліхтара на доўгай палцы або наматанага на канец палкі прасмоленага пакулля; факел. На двары, у падмёрзлым снезе, пераступалі капытамі коні. Рыпелі палазы. Асветленыя ліхтарамі і паходнямі, сноўдалі сюды-туды людзі. Караткевіч. Людзі распалілі вогнішчы, бегалі вакол іх з паходнямі, шумелі, крычалі, стралялі ў паветра, пускалі ў вячэрняе неба ракеты, каб напалохаць іх [зуброў] і разагнаць, але ўсё было дарэмна. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераба́віць 1, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., чаго.

Разм. Дабавіць чаго‑н. больш, чым патрэбна; перадаць лішняе. Перабавіць солі ў суп.

пераба́віць 2, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., каго-што.

Разм. Пераадольваючы цяжкасці, пераправіць каго‑, што‑н. у іншае месца. Перабавіць абоз цераз брод. □ — Віктар застаўся там, у бараку, — адказаў, падумаўшы, Тарасюк. — Добра было б і яго сюды перабавіць. Тады ўсе былі б у зборы. Трэба пагаварыць з доктарам... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.

1. што. Кусаючы, раздзяліць напалам, на часткі. Перакусіць нітку. Перакусіць саломінку. // Перарэзаць шчыпцамі, кусачкамі. Перакусіць дрот. // Пракусіць наскрозь. Воўк перакусіў горла каню.

2. чаго і без дап. З’есці чаго‑н. нямнога, паесці збольшага, наспех; закусіць. Хадакі прыселі на лаўцы каля плота, дасталі з торбы хлеб і па скрыліку сала, каб перакусіць з дарогі. Пальчэўскі. Абедаць не было калі. Селі перакусіць перад тым як класці вазы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагусці́, ‑гуду, ‑гудзеш, ‑гудзе; ‑гудзём, ‑гудзяце, ‑гудуць; пр. прагуў, ‑гула, ‑гуло; заг. прагудзі; зак.

1. Утварыць працяжны, нізкі гук, гул. Ды каманда: «Станавіся!» — Прагула, як гром. Астрэйка. / Пра гудкі паравоза, машыны і пад. Недзе недалёка прарэзліва прагуў паравоз. Кавалёў.

2. Праляцець, прайсці з гудзеннем. Недзе ў баку прагулі самалёты — іх не відаць было за хмаркамі, што ўсплывалі на паўдні, але гул аддаляўся ў напрамку фронту. Хадкевіч.

3. Гусці некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Стойка перажыць, перанесці што‑н.; вытрываць. У выглядзе высокага бялявага маўчуна амаль зусім не было нічога семіцкага, і ён вось пратрываў ужо блізу два гады ў палоне. Брыль.

2. Прадоўжыць сваё дзеянне, не спыняючыся. Халады пратрываюць да красавіка.

3. Захавацца, праіснаваць нейкі час. Тут нават калі зрабіць высокі насып, і то ён доўга не пратрывае, яго зараз жа размые, знясе паводка. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Прывыкнуць да якога‑н. паху. Ад смуроду нельга было прадыхнуць, нягледзячы на сцюдзёную пару. Гэта варылі касцяную муку.. А людзі ўжо прынюхаліся, пахла ім талеркаю смачнага супу. Гарэцкі.

2. Старанна, уважліва панюхаць, імкнучыся распазнаць які‑н. пах. Пахла смажанай цыбуляй, гарачым салам і, калі добра прынюхацца, нават і рыбай. Брыль. — Прынюхайся. Ты нічога не чуеш? — запытаўся ў Васіля, які вадзіў коней. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

п’я́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм.

1. Гулянка, дзе многа п’юць спіртных напіткаў. [Хлопцы] думалі, што казакі перад адыходам у Ванькоўшчыне п’янку спраўляюць, аж было мірна і ціха. Лобан. — Выпі, дачка, тут не п’янка, а сяброўская вячэра. За нашу перамогу грэх не выпіць каліва... Машара.

2. Тое, што і п’янства. Аналізуючы прычыны прагулаў і парушэнняў дысцыпліны працы, прыходзіш да высновы, што пераважная большасць іх звязана з п’янкай. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; пр. разгроб, ‑грэбла і ‑грабла, ‑грэбла і ‑грабло; зак., што.

Адгрэбці ў розныя бакі, раскідаць што‑н. сыпкае, рыхлае. Дзеці разграблі салому і трэскі, нарысавалі кіёчкам «класы». Брыль. Гэта было зімою, сястра Настася разгрэбла снег і дастала барвенак. Хведаровіч. // Расчысціць ад чаго‑н. сыпкага, рыхлага і пад. Разгрэбці дарогу. □ Мірон разгроб пару шырэй, глыбей, так, каб агонь быў пад верхнім пластом зямлі. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разду́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздуць.

2. у знач. прым. Разм. Павялічаны ў аб’ёме, уздуты. Зброі ў .. [Жэнькі] не было бачна, але Таццяна звярнула ўвагу на адтапыранае крысо кажуха і на раздутыя кішэні. Шамякін. Піліп — наш сусед, і ў яго сапраўды быў вол, шэры, худы, з раздутым, пераплеценым жыламі жыватом. Ваданосаў.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Непамерна павялічаны, неапраўдана вялікі. — У нашым цэху празмерна раздутае сярэдняе звяно. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разла́дзіцца, ‑ладзіцца; зак.

1. Прыйсці ў няспраўнасць. Тады нешта разладзіўся ляжак і нельга было выпаліць у печы, каб не напусціць поўную хату дыму. Сачанка.

2. Расстроіцца, парушыцца, перастаць ладзіцца. Дружба разладзілася. □ Але вяселле ўжо разладзілася, госці паўставалі з-за стала і пачалі разыходзіцца. Сабаленка. [Галіна:] — [Пісаў], што ніколі не забудзе тых дзён... Пісаў, што ўспамінае, — таксама... Але хутка перапіска разладзілася. Мележ.

3. Страціць свой строй, лад. Станок разладзіўся.

4. Расстроіцца, сапсавацца (пра здароўе).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)