жані́х, ‑а, м.

Мужчына, які мае нявесту; будучы муж нявесты; суджаны. Спраўляюцца заручыны Вясельніцы засмучанай З вясёлым жаніхом. Купала. // Мужчына, які ўступае ў шлюб, у час шлюбных абрадаў і ўрачыстасцей. І Вось Жаніх той і Нявеста Сваё ў царкве занялі месца, Каб шлюбны выканаць закон. Крапіва. // Халасты мужчына, які думае жаніцца і шукае нявесту. Да яе колькі жаніхоў сваталася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Рэзкая змена напрамку руху; паварот (у 1 знач.). Вось і канец поля, жняярка робіць тут заварот. Лупсякоў. Ля пад’езда загудзела машына і, зрабіўшы заварот, ірванулася ад штаба. М. Ткачоў.

2. Месца, дзе змяняецца напрамак; паварот. Вось з-за рачных заваротаў выплываюць рыбакі са сваімі снасцямі; сур’ёзныя, павольныя постаці. Колас.

•••

Заварот кішак — непраходнасць кішэчніка, выкліканая перакручваннем кішачных петляў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заво́зна, безас. у знач. вык.

Пра вялікую колькасць прывезенага ў млын збожжа, пра вялікі завоз (у 2 знач.). Завозна каля млына, стаяць калёсы, нагружаныя мяшкамі зерня. Гурскі. Як умалотна, дык і завозна. З нар. // перан. Наогул пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Па Волзе паром самаходны ідзе Насустрач вірлівай настойлівай плыні. Завозна, і вольнага месца нідзе Не адшукаеш на гэтай махіне. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́гарадка і загаро́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Невысокая перагародка, звычайна ўнутры памяшкання. За загарадкаю на свабодна расстаўленых сталах працавала шмат канторшчыкаў. Гартны. Стаеннік злосна грыз зубамі загарадку, неспакойна біў капытоў цагляную падлогу. Васілевіч.

2. Месца, адгароджанае перагародкаю, плотам. Пасярод [хлява] вузкі калідор, а па баках загарадкі для свіннёй, кожнай асобна. Галавач. [Вера] пазаганяла кароў па загародках. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навіга́цыя, ‑і, ж.

1. Суднаходства, мараплаванне.

2. Перыяд года, калі па мясцовых кліматычных умовах магчыма суднаходства. На рацэ яшчэ не закрылася навігацыя, адзін за адным ішлі катэры, цягнучы на буксірах гружаныя баржы. Лупсякоў.

3. Адзін з асноўных раздзелаў навукі аб суднаваджэнні, які вывучае метады прагназавання руху, вызначэння месца знаходжання карабля. Практычная навігацыя. Падручнік па навігацыі.

•••

Паветраная навігацыя — тое, што і аэранавігацыя.

[Лац. navigatio — суднаходства, мараплаванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непадалёку, прысл. і прыназ.

1. прысл. На нязначнай адлегласці; паблізу. Непадалёку, спрабуючы голас, азваўся салавей. Аляхновіч.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «непадалёку» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет ці месца, паблізу якіх хто‑, што‑н. знаходзіцца або што‑н. адбываецца. [Серж з бацькам] былі ўжо непадалёку свайго дома. Чорны. Непадалёку сцішаных Ашмян Загаласіла ўтрапёна дудка — Куды гучней, чым віленскі арган. Дукса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нізі́на, ‑ы, ж.

1. Нізкае месца. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Маўр. Я бачу, як адным сваім краем сяло ўдаецца ў жыты. Другі канец яго ападае ў нізіну. Скрыган.

2. Раўніна, якая знаходзіцца не вышэй 200 м над узроўнем мора. Дождж грымеў над неабсяжнымі прасторамі дрыгвяной калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Палеская нізіна — рэзервуар вільгаці для ўсёй Беларусі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падгуля́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. пр. ад падгуляць. Магутныя дубы абступілі паляну з усіх бакоў, а адзін з іх, самы стары, выйшаў на круг, на самае віднае месца, і быў падобны на падгулялага на вяселлі дзеда. Шашкоў.

2. у знач. прым. Які падгуляў. Гукі музыкі хвалявалі і вабілі, .. клікалі на вуліцу, і падгулялыя бабы ўжо байчэй і паспешлівей звінелі тонкім посудам. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакідны́, ‑ая, ‑ое.

1. Перакінуты цераз што‑н., над чым‑н. Мы ішлі ўжо з ім у густой засені дрэў, перайшлі перакідны масток над глыбозным ровам і, зайшоўшы ў самае бязлюднае месца, паселі на лавачку. Сабаленка.

2. Спец. Навесны. Перакідны агонь.

3. Які перакідваецца з аднаго боку на другі. Перакідны блакнот. □ Кладу кнігу на стол, і тады маю ўвагу прыцягвае перакідны каляндар. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́жыцца, ‑жыцца; незак.

1. Падвяргацца пражанню.

2. Разм. Пячыся на сонцы. Вымушаная раней увесь час пражыцца на санцапёку, .. [Паліна Фёдараўна] цяпер заўсёды знаходзіла вольнае месца пад парусінавым грыбам. Паслядовіч.

3. Зал. да пра́жыць (у 1 знач.).

пражы́цца, ‑жыву́ся, ‑жыве́шся, ‑жыве́цца; ‑жывёмся, ‑жывяце́ся; зак.

Разм. Патраціць на пражытак. Але Бачурка ведаў, што Сашка рызыкне пайсці да бацькі толькі тады, калі яны пражывуцца да апошняй капейкі. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)