ла́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.
1. Праяўляць пяшчотнасць, любоў, ласку. [Чэсік] глядзеў, як пані старшыніха карміла грудзьмі малое дзіця, як яна лашчыла і пяшчотна цалавала Колю. Васілевіч. Бацька націснуў адной рукой на паравозны рычаг, другой лашчыў сына. Лынькоў. // Пяшчотна дакранацца да каго‑, чаго‑н., гладзіць. Мне б сказаць табе той ноччу Нешта шчырае да мукі; Цалаваць да болю вочы, Вусны піць і лашчыць рукі. Панчанка. — Негрусь, мілы мой Негрусь! — казала .. [Ядвіся] і лашчыла сабаку, прытуліўшы да яго сваю шчаку. Колас.
2. перан. Песціць, выклікаць прыемнае адчуванне. Сонца лашчыць твар. □ А калі дарога нырне ў доўгі лес, густое, прыветнае зацішша лашчыць душу, гоіць яе раны... Пестрак.
•••
Лашчыць вока — мець прывабны выгляд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надзе́я, ‑і, ж.
1. Чаканне чаго‑н. добрага, якое спалучаецца з упэўненасцю ў тым, што яно збудзецца. Светлая надзея. Цвёрдая надзея. Страціць надзею. □ Столькі болю і столькі надзеі ў яе [дзяўчынкі] не па ўзросту сталых вачах. Брыль. Надзея выжыць тут, у лагеры смерці, амаль што канчаткова пакінула.. [палонных]. Быкаў.
2. Той або тое, на каго, на што можна спадзявацца, апірацца. Мір — вялікая надзея простых людзей усёй планеты. «Звязда». Бацька і маці выхоўвалі сына. Сын быў уцехай, надзеяй адзінай. Дубоўка. Вось і лес, і стажок сена каля лесу. Гэта іх стажок, іх гордасць і надзея. Колас.
•••
Падаваць надзеі гл. падаваць.
У надзеі — спадзеючыся.
Ускладаць надзеі гл. ускладаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысла́ць 1, прышлю, прышлеш, прышле; прышлём, прышляце; зак., каго-што.
1. Даставіць што‑н. поштай або праз каго‑н. Поштай маці мне прыслала ў інтэрнат пасылку. Лойка. [Цыпрук:] — Прышлю табе праз унука старыя граблі. Бядуля. З другім пісьмом Надзя прыслала Салаўёву фотакартку. Шахавец.
2. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. Сяльчонак абяцаў прыслаць машыну, адвезці Льва Раманавіча ў горад на аэрадром. Асіпенка. Такое не здаралася, відаць, як свет светам: да мужыцкага сына прыслалі сваццю з панскага двара. Брыль.
прысла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; зак., што.
Трохі, няпоўнасцю заслаць, прыкрыць зверху. Сяк-так давалок [мяшок збожжа]. На палаткі ўсцягнуў. Сенам прыслаў. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́яцца, ‑веюся, ‑веешся, ‑ваецца; зак.
1. Разысціся ў розныя бакі ад павеву, подыху ветру. Развеяўся дым, і Мікола ўбачыў, што на вадзе ляжалі яшчэ дзве качкі, забітыя першым стрэлам. Краўчанка. // перан. Знікнуць, прапасці, рассеяцца. — Цьфу, прападзі ты! — мімавольна вырвалася ў Таццяны, і страх яе развеяўся, але рукі і ногі моцна дрыжалі. Колас. Жонкі, якая не магла яму парадзіць ні сына, ні дачкі, .. [Аўгуст Эрнеставіч], аднак, не пакінуў. З гадамі крыўда растварылася, развеялася ў жыццёвых клопатах. Навуменка.
2. Разм. Адысці ад якіх‑н. думак, перажыванняў. — А можа, і старая, слухаючы радыё, крыху развеецца і не будзе так бурчаць. Краўчанка. Удзень Міхась хадзіў на работу. Хадзіў, каб паслухаць людзей, развеяцца ад хатняй нясцерпнай тугі. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сарамаці́ць, ‑мачу́, ‑маці́ш, ‑маці́ць; незак., каго.
1. Дакараць, выклікаючы пачуццё сораму. А настаўнік, нічога не ведаючы, думае, што Ганька падглядвае, і сарамаціць яе... Васілевіч. Калі хто спрабаваў сарамаціць, ушчуваць вырадка — біць яго цяпер, вядома, баяліся, — Пэпік апраўдваўся. Сачанка. Маці заступілася за сына, яна схапіла Хведара за руку і пачала сарамаціць. Пальчэўскі.
2. Ганьбіць, няславіць. Першай, мабыць, даведалася Халімоніха, прынесла вестку ад некага з суседак, зразу ж стала сарамаціць, клясці Ганну. Мележ. [Дзімін:] — Вам, Кашын, трэба праспацца. Я пазваню зараз, каб падрыхтавалі пасцель. Не сарамаціце бацьку. Карпаў. Пражыў ты [Бамбал] хораша век, дык пасядзі і хораша адпачні, не дзяцінься, не сарамаці сябе. Скрыган.
3. Прыводзяць у замяшанне, бянтэжыць, канфузіць. Сарамаціць вучня заўвагамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
часць, ‑і, ж.
1. Асобная самастойная вайсковая адзінка. Танкавыя часці. Пяхотныя часці. □ Вайсковая часць.. атрымлівае заданне: выбіць фашыстаў з умацаванняў. «Звязда».
2. Доля, пай, якія належаць каму‑н. [Богушу] ўжо не да твару калупацца ў зямлі, ён прадае сваю часць і едзе ў свет. Скрыган.
3. з азначэннем. Разм. Галіна якой‑н. дзейнасці; спецыяльнасць. Пайсці па слясарнай часці. □ [Дзед:] — Праўда, на сына мала было надзеі: ударожыўся ён па лясной часці. Якімовіч. // Круг, сфера чыіх‑н. абавязкаў, інтарэсаў, дзейнасці. — А ты замест таго, каб тытунём сабе галаву тлуміць, пацешыўся б во прыродай! — кінуў Наркевічу.. Севасцьянаў. — Ну, гэта па тваёй часці, — засмяяўся Наркевіч, — ты ж паэт, а не я. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.
1. што. Прымацаваць, прырабіць што‑н. да чаго‑н.; прыбудаваць. Прыладзіць аглоблі да саней. □ Габрыня падышла да музычнай скрыначкі, выбрала металічны кружок, прыладзіла яго да скрыначкі, завяла і пусціла. Колас. — Калі будзеш дома жыць, дык хоць сенцы якія прыладзім з дошчак ці другое што... Цесна... Галавач. // каго-што. Пакласці, размясціць што‑н. дзе‑н. звычайна зручна, ёмка. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін. Вулей прыладзілі на козлы, у ногі палажылі пляскаты камень. Колас. Таццяна прыладзіла свае начоўкі і ўзялася за бялізну. Зарэцкі.
2. што. Зрабіць прыгодным для выкарыстання ў якіх‑н. мэтах. Я пачысціў рыбу, а стары прыладзіў сошкі і падвесіў над агнём кацялок. Ляўданскі. Дома [Патапчык] сапраўды прыладзіў прэнт на завалу ў конскі хлеў, і гэта яму спадабалася. Чарнышэвіч. // Падрыхтаваць. [Лявон:] Вы тут пасядзіце, а я пайду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Купала.
3. што. Зрабіць адпаведным па памерах, падагнаць. Жанчыны прымералі, падправілі, прыладзілі яго [адзенне]. Маўр.
4. перан.; каго. Разм. Уладзіць каго‑н. на якое‑н. месца, на якую‑н. пасаду. Працуючы на заводзе, прыладзіў туды і сына, але цераз тры гады, навучыўшы сына рамяслу, пастаяў, каб падаўся сын у студэнты. Галавач. «Куды б яго прыладзіць, у ездавыя — там таксама патрэбна паваротлівасць, а больш, куды можна перавесці ва ўзводзе?» Мележ. Старэйшы сын Белавуса.. забраў брата Аляксея ў Пецярбург і недзе там прыладзіў у афіцэрскую школу. Скрыпка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аддзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.
1. Вылучыць з агульнай адзінай масы што‑н. або адасобіць тое, што знаходзіцца ў злучэнні з чым‑н. Аддзяліць бялок ад жаўтка. □ [Клаўдзя:] — Колькі я табе гаварыла, каб аддзяліць калгасных кароў ад агульнага статка. Шамякін. // Адасобіць, раз’яднаць. Аддзяліць царкву ад дзяржавы.
2. Вылучыць, пазнаць. Аддзяліць істотнае ад выпадковага, галоўнае ад другараднага. Аддзяліць праўду ад хлусні.
3. Раздзяліўшы, засланіўшы, адмежаваць. Новы напор ветру густой заслонай пылу аддзяліў.. [Берднікава] ад групы людзей. Мікуліч.
4. Выдзеліць каму‑н. долю з агульнай гаспадаркі і даць магчымасць весці самастойную гаспадарку. [Данілка:] Дык.. [Сымона і Зоську] аддзяліць трэба, калі ім кепска з намі жыць. Купала. [Мікіту Лазуну] не дае спакою грамадскі выган, дзе ён хацеў бы паставіць другую хату, каб аддзяліць жанатага сына. Хромчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адмаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. Незак. да адмовіць.
2. Выступаць праціўнікам чаго‑н.; не прызнаваць існавання, значэння, мэтазгоднасці чаго‑н. Адмаўляць існаванне бога. □ У процівагу В. Дуніну-Марцінкевічу паэт-грамадзяін Ф. Багушэвіч адмаўляў увесь тагачасны, і дзяржаўны лад. Шкраба. Помніць толькі [Сяргей], што ён нешта нігілістычна адмаўляў, і не столькі ад цвёрдага пераканання, колькі ад простай мужчынскай ўпартасці. Шамякін.
3. Абвяргаць што‑н., не згаджацца з кім‑, чым‑н. Да гэтага часу Скуратовіч прызнаўся, што некалькі разоў бачыўся з Толікам, але адмаўляў удзел сына ў забойствах. Чорны. [Уладзік:] — А таму нам [настаўнікам] трэба дагаварыцца загадзя; як трымацца на допыце, што казаць, а пра што маўчаць або адмаўляць зусім, каб не было супярэчлівых паказанняў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апраўда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Даказаць чыю‑н. невінаватасць. [Шашы] хацелася апраўдаць Максіма. Шамякін. // Вынесці прыгавор, які заключае прызнанне падсуднага невінаватым.
2. Даказаць магчымасць чаго‑н. [Лабановіч:] — Калі за прыродаю пайсці, то можна апраўдаць рознае глупства, асабліва, калі пры гэтым пачнеш яшчэ патураць сабе. Колас. // Паслужыць асновай для апраўдання чаго‑н. Памог выпадак, які паклаў канец ваганням Веры Антонаўны і крыху апраўдаў яе ў вачах Васіля Пятровіча. Карпаў.
3. Праявіць сябе вартым чаго‑н. Умей адважна, друг, змагацца І ворагаў перамагаць, Каб добры гонар сына працы Жыццём і смерцю апраўдаць. Глебка.
4. Кампенсаваць, акупіць. [Осіпава:] — Больш, хоць забі, не дам. А то і ягад сваіх не апраўдаю. Пятніцкі.
5. Афіцыйна пасведчыць дакументамі зробленым выдаткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)