тужлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Прасякнуты тугой, поўны тугі. З неба даносяцца тужлівыя крыкі: «Курлы! Курлы!» Даніленка. Толькі ўзняўся .. [Корбут], ля вогнішча стаў. І заспяваў. Тужлівая такая песня. Сумная. Савіцкі. Ціхім жалем веяла ад аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела сваю павабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумёная. Колас. // Які выяўляе тугу. Пастарэла, вельмі пастарэла ты, мама .. У куточках рота назаўсёды ляглі тужлівыя складкі, у вачах — глыбокі смутак. Каршукоў. Погляд .. [Срэбнікава] стаў зусім ужо нясцерпна тужлівы. Быкаў.

2. Які наганяе тугу, выклікае тугу. Была тужлівая цішыня, душная цемра,.. страх сціснуў сэрца дзяўчынкі. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цясні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.

Разм.

1. Размяшчацца ў вялікай колькасці на невялікай прасторы блізка адзін ад аднаго. Потым мы абедалі на кухні, прыляпіўшыся да невялічкага століка. Чаго было так цясніцца, я не разумеў. Місько. Каля сцен вялікага «салона» цясніліся маленькія столікі. Бядуля. // Стаяць на невялікай плошчы цесна, датыкаючыся адзін да аднаго (пра мноства людзей). Ля ўвахода на ўзлётнае поле цясніцца стракаты, маляўнічы натоўп. В. Вольскі. // перан. Перапаўняць каго‑, што‑н. (пра думкі, пачуцці). Думкі цясніліся ў маёй галаве, абганяючы адна другую. Аляхновіч. І тады страх, што цясніўся ў грудзях, набыў рэальнае і канкрэтнае асэнсаванне. Кудравец.

2. Рухацца, станавіцца цясней, вызваляючы вольнае месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дух, -у і -а, м.

1. -у. Свядомасць, мысленне, псіхічныя здольнасці, тое, што прымушае да дзеянняў, дзейнасці; пачатак, што вызначае паводзіны, дзеянні.

У здаровым целе здаровы д.

2. -у. Унутраная маральная сіла.

Высокі баявы д.

Ваяўнічы д.

3. -а, мн. -і, -аў. У рэлігійна-містычных уяўленнях: бесцялесная звышнатуральная істота.

Святы д.

Злы д.

Нячысты д.

4. -у, перан., чаго. Змест, сапраўдны сэнс, адметная адзнака чаго-н.

Па духу закона.

Адчуць д. часу.

5. -у. Тое, што і дыханне (разм.).

Д. займае.

Д. перавесці.

6. -у. Тое, што і паветра (разм.).

Лясны д.

7. -у. Тое, што і пах (разм.).

Цяжкі д.

Выматаць духі (разм.) — давесці да знямогі.

Духу баяцца (разм.) — адчуваць страх пры адным упамінанні каго-н.

Каб і духу чыйго не было (разм.) — аб рашучым патрабаванні чыйго-н. выдалення.

Падаць духам — траціць надзею, адчайвацца.

Святым духам (разм., жарт., іран.) — невядома чым, нічым (жыць, існаваць).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

трэ́сці, трасу́, трасе́ш, трасе́; трасём, трасяце́, трасу́ць; трос, трэ́сла; трасі́; трэ́сены; незак.

1. каго-што. Тузаць, хістаць штуршкамі.

Т. яблыню.

2. безас. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе).

На калдобінах воз трэсла.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым-н.

Т. галавой.

4. што. Перамешваючы, рыхтаваць што-н.

Т. трасянку.

5. каго-што і без дап. Рабіць вобыск (разм.).

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), каго-што. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.).

Ліхаманка трасе.

Хворага трэсла ад высокай тэмпературы (безас.).

7. перан., каго. Непакоіць, пазбаўляць пакою, турбаваць.

8. што. Узмахваючы чым-н., ачышчаць ад чаго-н., выбіваць.

Т. дыван.

Т. кудзелю.

|| зак. вы́трасці, -су, -сеш, -се; -сі; -сены (да 8 знач.).

|| аднакр. трасяну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1, 2, 3, 5 і 8 знач.).

|| наз. трасе́нне, -я, н. (да 1 і 8 знач.) і трасяні́на, -ы, ж. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

апанава́ць, ‑нуе; зак., каго-што.

1. Ахапіць, авалодаць поўнасцю (пра настрой, думкі, пачуцці, а таксама пра фізічны стан чалавека). [Таццяна:] — Сэрца адзінокае апануе сум. Глебка. Толькі ўжо за вёскай.. [Наташу] апанаваў страх. Шамякін. Але ногі чамусьці не слухаліся, вяласць апанавала ўсё цела. Шахавец. // Перамагчы, узяць верх (над настроем, думкамі, пачуццямі і пад.). Але нешта на гэты раз стрымала.. [Сашу], нешта апанавала яго звычайную рашучасць. Мележ.

2. Напасці ў вялікай колькасці, акружыць з усіх бакоў. Калі ж апанавалі ганчакі,.. [воўк] агрызнуўся, шчэрачы клыкі. Танк. Некалькі местачковых балаголаў апанавалі Лабановіча і цягнулі яго кожны на сваю фурманку, вырываючы з рук чамаданы. Колас. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Сястра раней працавала, а цяпер дзеці апанавалі. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіво́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Казачна-дзіўны, незвычайны, фантастычны. Ігнасю сняцца страшныя сны: ён вандруе па рэках і азёрах, пераходзіць кладачкі і масты. Чарнышэвіч. Янук павагаўся і сеў, хоць і страх наганяў на яго гэты пакой, падобны на дзівоснае вядзьмарскае збудаванне. Лупсякоў. Вокны друкарні.. замураваны дзівоснымі ўзорамі дзеда-мароза. Брыль.

2. Цудоўны, незвычайны па хараству, прыгажосці. Дрэвы яшчэ дзе-нідзе стаялі ў сваім дзівосным жоўта-барвовым убранні. Ляўданскі. Усё было нібы ахоплена агнём, дзівосным, невыказна прыгожым, усеабдымным. Мележ.

3. Выдатны, вельмі добры, цудоўны. — Ну ж і стрэльбу здабыў ты сабе, Мартын! — цмакаў дзед Талаш, разглядаючы дзівосную стрэльбу. Колас. Слава аб ім [Талімоне] ішла далёка, і перш за ўсё — за дзівосны голас. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што чым. Палажыць што‑н. цяжкае паверх чаго‑н. Навярнуць камень на дошкі. Навярнуць ламачча бервяном.

2. чаго. Налажыць, накідаць многа чаго‑н.; наваліць. Навярнуць гару камення. □ Здорава фрыцы партызан баяліся — зямлі болей як у два метры навярнулі [да сцяны хаты]. Савіцкі.

3. пераважна безас. чаго. Намесці, нагнаць у вялікай колькасці. За ноч навярнула гурбы снегу.

4. што. Нахіліць, схіліць у які‑н. бок. Навярнуць слупы.

5. перан.; каго на што. Разм. Прыахвоціць да чаго‑н. Навярнуць на рыбалоўства.

6. чаго і без дап. Разм. Нагаварыць на каго‑н. няпраўды; наплесці. [Матка:] — Навярнуў [нехта] такога, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ненажэ́рны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы. [Валя:] — А дзе Пятро Аляксеевіч? [Марына:] — П’юць, чэрці ненажэрныя, трэці дзень без просыпу. Шамякін. Недзе ляпеча асіна, густа шамаціць чарот на возеры. Адтуль нясуцца цяжкія ўсплёскі — не даюць падрамаць рыбам ненажэрныя шчупакі. Місько. // перан. Здольны паглынуць, перапрацаваць, знішчыць і г. д. у вялікай колькасці. Васіль Малюк зноў адчыніў топку і з нейкай упартай метадычнасцю пачаў кідаць у яе ненажэрнае чэрава паліва. Васілёнак. Сухія смалістыя сцены ўвачавідкі злізваліся ненажэрным агнём. Пальчэўскі.

2. перан. Які не можа здаволіцца тым, што мае; прагны. Што ні зробяць.. [працавітыя] людзі — багатыя ўсё сабе заграбуць і яшчэ паглядаюць, ці не засталося што. Да таго ненажэрныя — страх адзін. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пало́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Наводзіць страх, боязь. Сцепуржынскі тупаў нагамі і.. сваім шэптам, каб ніхто не чуў, палохаў Міхала Тварыцкага. Чорны. // Страшыць кім‑, чым‑н. Змалку нас палохалі цыганамі. Зробіш што не так, адразу страшаць: «Вось прыйдуць цыганы, забяруць цябе ў мех». Жычка. // Успуджваць. У гарачыя летнія дні качкі купаліся ў вадзе і спакойна жыравалі. Калі-нікалі іх палохалі паляўнічыя, і тады яны падымаліся з вады. Лупсякоў. // Выклікаць трывогу. Сесія не палохала мяне і не трывожыла: я была ўпэўнена, што добра здам экзамены. Савіцкі. Ёсць людзі, якіх перашкоды не толькі не палохаюць, а выклікаюць яшчэ большы накал і ахвоту да справы. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Раздзяліць што‑н. напалам, на часткі агнём, едкім рэчывам. Перапаліць вяроўку. Перапаліць дроцік.

2. Сапсаваць празмерным абпальваннем, награваннем. Перапаліць цэглу. Перапаліць каву. // Пашкодзіць перагрузкай або кароткім замыканнем (пра электрычныя прыборы). Перапаліць электрычную лямпачку.

3. Спаліць усё, многае. Перапаліць усе дровы. □ [Палашка:] — Учора, што вы думаеце, надумаўся [дзед Аўсей] аладкі пячы: колькі мукі перапсаваў, сала перапаліў... Лынькоў.

4. і чаго. Расходаваць вельмі многа або больш, чым трэба (паліва, гаручага). Не так гэта лёгка — з дня на дзень сляпіцца над чужым шытвом (о, гэты страх ускраіннай краўчыхі, што дзяўчаты-памочніцы перапаляць газы!). Мехаў.

5. Спец. Перапрацаваць што‑н. з дапамогай агню; падвергнуць тэрмічнай апрацоўцы. Перапаліць руду. Перапаліць вапняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)