Няпэ́ўны ’недабраякасны (пра насенне)’ (Сл. ЦРБ), ’ненадзейны, нявызначаны’ (Касп.), няпе́ўны (непевний) ’неверагодны, ненадзейны’ (Нас., Юрч. НВС), няпеўны, ніпе́ўны ’няякасны (пра расліны і насенне); слабасільны (пра дзіця)’ (Мат. Гом.), ніпеўны ’кволы, хваравіты, слабы; нядобры, няўдалы’ (магіл., Нар. словатв.; глус., парыц., Янк. Мат.). Як і літаратурная няпэ́ўны ’нявызначаны, неакрэслены, ненадзейны’ (ТСБМ), ад пэ́ўны (гл.). Фантастычна Фёдарава (Вопросы диалектологии и истории языка. Душанбе, 1984, 91) — з комі нюп ’пакаты, нізкі (пра плечы)’, нюпусьны ’спасці (пра бакі), падвесці (жывот)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

заўсёднік, ‑а, м.

Разм. Сталы наведвальнік чаго‑н. Варта іншаму скептыку разок-другі наведаць гарадскі клуб турыстаў, пагутарыць з яго заўсёднікамі, як, глядзіш, праз пэўны час і ў яго з’яўляюцца сімптомы дзіўнага «захворвання» — імя якому турызм. «Звязда». Акрамя харыстаў і заўсёднікаў бібліятэкі — хлопцаў і дзяўчат, на голас баяна прыйшлі маладзіцы і пажылыя жанчыны. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрыхто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падрыхтоўваць — падрыхтаваць і падрыхтоўвацца — падрыхтавацца.

2. Пэўны запас ведаў, вопыту, навыкаў, атрыманых у працэсе навучання, практычнай дзейнасці. Прыйсці ў інстытут з добрай падрыхтоўкай.

•••

Артылерыйская падрыхтоўка — інтэнсіўны абстрэл варожых пазіцый з гармат перад наступленнем.

Пазавайсковая падрыхтоўка — ваенная падрыхтоўка, якая праводзіцца не ў ваенных часцях, падраздзяленнях.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слыхавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да слыху (у 1 знач.). Слыхавыя органы. Слыхавое ўспрыманне. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе слыху. Слыхавая сувязь. Слыхавы дыктант. // Які звязан з успрыманнем гучання мастацкага твора. У вершы [М. Танка «Канцэрт у сене»] што ні радок, то пэўны, адметны слыхавы вобраз. Рагойша.

2. Які служыць для слухання, дае магчымасць слухаць. Слыхавы апарат. Слыхавая трубка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяг ​1, ‑у, м. (рэдка).

Бег, рух. Хай бягуць няспынным цягам Дні і ночы, нашы сны. Іверс.

•••

Адным цягам — заложна, без перадышкі, адным намаганнем.

Даць цягу гл. даць.

З цягам часу — праз некаторы час; за пэўны час.

цяг ​2, ‑а, м.

Тое, што і цяж. Ціха дзынкнулі правады. Чалавек зачапіўся, відаць, за цягі блакіроўкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́йка², -і, ДМ -йцы, мн. -і, рэ́ек, ж.

1. На чыгуначным пуці: вузкі стальны брус, па якім коцяцца колы цягніка.

Мацаванне рэек да шпал.

2. перан. У некаторых спалучэннях: напрамак, шлях.

Стаць на новыя рэйкі.

На рэйках інтэнсіфікацыі.

◊

На рэйкі чаго, у знач. прыназ. з Р — на які-н. шлях, на пэўны напрамак.

Перавесці вытворчасць на рэйкі аўтаматызацыі.

|| прым. рэ́йкавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Рэйкавая дарога (чыгунка). Рэйкавая вайна (у гады Вялікай Айчыннай вайны: дзеянні партызан, якія падрывалі варожыя цягнікі).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адму́чыцца, ‑мучуся, ‑мучышся, ‑мучыцца; зак.

Прамучыцца пэўны час. [Дзед:] — Я і так буду ўсё жыццё локці сабе кусаць — гэта ж праз мяне ты амаль цэлы год у канцлагеры адмучыўся, ледзь жывы астаўся. Сачанка. // Скончыць, перастаць мучыцца. // Памерці; смерцю пазбавіцца ад мук. — Гарыць увесь [пра закатаванага фашыстамі да непрытомнасці хлопчыка] ... Дзе толькі сілы бяруцца! Тут і мужык не вытрымае ... Той, што сувязны быў, памёр. Адмучыўся бедалага. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́седзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. без дап. Прасядзець, прабыць дзе‑н. пэўны час. Выседзець да канца спектакля. Выседзець пры хворым цэлыя суткі.

2. каго. Седзячы на яйцах, вывесці птушанят. Галубы ў старым, дзіравым кошыку, падвязаным пад лацінай, выседзелі галубянят... Брыль.

3. перан.; што. Разм. Дасягнуць чаго‑н. доўгім сядзеннем. [Старац:] — Нічога, пані гаспадыня, тут не выседзіш. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адара́ць ​1, ‑ару́, ‑арэш, ‑арэ; ‑аро́м, ‑араце́; зак., што.

1. Папрацаваць пэўны час на ворыве. Адараў цэлы дзень.

2. Узараць нанава поле, на якім загінулі пасевы. Адараць лён.

3. Папрацаваць на ворыве для разліку за што‑н. Адараць за доўг.

адара́ць ​2, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да адарыць. Вольная праца нас адарае Песняю радасных дзён. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; заг. падладзь; зак., што.

1. Падрамантаваць. Давай лепш падладзім крыху гэтую хату, што нам далі, а то разваліцца. Кулакоўскі. Падладзіць.. [бляхар], скажам, вядро — яно і паслужыць гаспадару яшчэ які год. П. Ткачоў. // Разм. Прывесці ў парадак; паправіць. Падладзіў [Клім] гаспадарку, як кажуць, стаў на ногі. Шахавец.

2. Разм. Настроіць музычны інструмент на пэўны лад. Падладзіць балалайку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)