Лічма́н1 ’ордэн’, ’медальён’ (Ян., Растарг.), лічба́н ’манета ў прывесках на каралях’ (Нас.). Укр. личма́н ’старэйшы пастух авечак’, ’буйная металічная аздоба, якую жанчыны носяць на шыі’, рус. новарас. ли́чман ’старэйшы пастух авечак’, перм. ’чалавек з крупным тварам’, бран. ’жэтон’, зах.-бран. ’ордэны, медалі’, курок., арханг. ’вельмі дробная манета’. Фасмер (4, 242–243) мяркуе, што ўкр. і рус. лексемы запазычаны з польск. liczman ’металічная бляха, пры дапамозе якой лічылі’, ’металічная бляшка, якая замяняе капейкі ў гульні’, ст.-польск. ’рахункавод’ — а гэта (ад liczyć ’лічыць’) можа быць частковай калькай лац. calculus ’каменьчык для лічэння’. Да лічы́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ман гл. Сцяцко (Афікс. наз., 54). Трубачоў (Эт. сл., 15, 85) прасл. ličьmanъ выводзіць з likъ, ličiti > лічы́ць (гл.). Суфікс ‑man‑ да і.-е. *‑men‑.

Лічма́н2 ’чалавек з тварам у высыпцы і струпах’ (М. Шаховіч, в. Сакі (бельск., ПНР) // Наша ніва. № 16. 1978. С. 4) — у выніку пераносу семантыкі лічма́н1 ’круглыя металічныя манеты, якія падобны да струпоў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыга́на, прыга́нка ’недахоп; загана’ (ТСБМ, Дзмітр., Нас., Нас. Доп., Янк. БП). Відаць, сюды ж фальклорнае прыга́нка з няясным значэннем (Шн. 1, з паметай “Прынёманне”): “А соро́чки, як прыданки, /скачуць каля лаўки: // Бедна наша голо́венька, /не маем прыганки”. Вядомае ўжо ў ст.-бел. пригана ’загана’, параўн.: “Несть въ речахъ твоихъ ни единое приганы” (Сл. Скарыны); параўн. таксама аналагічныя фармальна і семантычна укр. прига́на ’ганьба, знеслаўленне, папрок; недахоп, загана’, польск. przygana ’абгавор’, чэш. příhana ’дакор’, славац. príhana ’тс’. Усё гэта дае падставы рэканструяваць прасл. дыял. *prigana, прэфіксальнае ўтварэнне ад *gana > якое, у сваю чаргу, ад *ganati, суадноснага і роднаснага *ganiti (ЭССЯ, 6, 99–100, з літ-рай), гл. га́ніць. Разам з тым нельга цалкам выключыць і магчымасць старога запазычання з заходнеславянскіх моў, у такім выпадку ст.-бел. пригана — з чэш. (у мове Скарыны), іншыя формы — з польскай, гл. Банькоўскі, 2, 934, дзе адпаведнае слова адзначана з 1399 г. Параўн., аднак, зага́на і нага́на (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагаза́1 ’усе рэчы, што не прылягаюць шчыльна адна да адной’, ’сукаватая палка, ламачына, сук’, ’беспарадак’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), ’рагаццё’ (Юрч.), ’няўмека’ (Сцяшк. Сл.), раго́зіна ’сукаватая палка’ (Сцяшк.), раго́за ’нешта калючае, зачэпістае’, ’сварлівы чалавек’ (КЭС), рагазу́лька ’раскірака’, ’нешта раздвоенае’ (Гарэц.), рагазю́лі: вілакі нейкія, як рагазюлі, стаяць у вачах (Наша слова, 1992, 19 лют.), ст.-бел. рагоза ’дрэнны чалавек’ (Баркулабаўскі летапіс), сюды ж рагазіць ’перашкаджаць’ (Гарэц.), рус. дыял. ра́гоза́ ’раздор’, ’сварлівы чалавек’, ра́гози́ть ’балбатаць, хлусіць, мітусіцца ўпустую’, ст.-рус. рагоза ’сварка’, рагозьнъ ’сварлівы’, рогозити ся ’абурацца’, Фасмер збліжае з серб.-ц.-слав. рогал̑евати ’непакоіць’, славен. regetáti ’квакаць’, ’трашчаць’, лат. rēdzêt ’гневацца’ (Фасмер, 3, 429). Бязлай (3, 144–145) узводзіць да *rag‑, што са змененым вакалізмам выступае ў *rog‑ (рагатаць) і reg‑ (гл. рыгаць). Гл. таксама Сной, 599. Няпэўна; для некаторых слоў нельга выключыць сувязь з рог1 (гл.) на базе метафарычнага пераносу па форме рэаліі.

Рагаза́2 ’рагоз’ (Мат. Гом.), ragozá (Арх. Федар.). Гл. рагоз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

блудзі́ць, блуджу, блудзіш, блудзіць; незак.

1. Згубіўшы арыенціроўку, хадзіць у пошуках правільнага выйсця. Хто пытае, той не блудзіць. Прыказка.

2. Хадзіць, вандраваць у пошуках чаго‑н.; блукаць. — Вось і ўсё наша жыццё, — сказаў, уздыхнуўшы, старэйшы. — Блудзім па свеце, ходзім па зямлі, ды ўсё не па сваёй. Галавач. Я з вамі, гуслі, блудзіў па свеце, Шукаў я з вамі жыццёвы вырай. Гурло. // Пераходзіць з аднаго на другое (пра вочы, позірк). [Бацька] ляжаў на лаве пры сцяне пад акном, і позірк яго блудзіў па забруджанай мухамі шыбе. Чорны.

3. Разм. Дрэнна паводзіць сябе, распуснічаць. [Кандрат:] — Ці не тая гэта маладзіца, што ўсё лета гаспадара свайго ашуквала ды з Кандратам Парамонавым блудзіла? Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агля́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. аглядацца — агледзецца (у 1–2 знач.), аглянуцца (у 1–2 знач.).

2. Асцярожныя, баязлівыя адносіны ў дзеяннях; асцярога. [Вера:] — У гэтых словах — уся наша Таня, з яе аглядкамі на заўтра. Машара.

•••

Без аглядкі (бегчы, імчацца, дзейнічаць і пад.) — а) бегчы вельмі хутка, з усіх сіл, не аглядваючыся. Алесь без вопраткі і босы Бяжыць у снег, праставалосы, За хлеў ён чэша без аглядкі: — А во яны! а во «начаткі»! Колас; б) рабіць што‑н. рашуча, не вагаючыся; в) рабіць што‑н. бесклапотна, не звяртаючы ўвагі ні на што.

З аглядкай — асцярожна, прадбачліва; прыглядаючыся да другіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што і без дап. Праведаць, наведаць каго‑, што‑н. Яму [Януку Сялібу] хацелася адведаць дом, Зноў паглядзець на роднае гняздо. Танк. [Рыгорыха:] — Прыязджае маці, Глафіра Парфіраўна, адведаць магілу сына, паглядзець наша жыццё. Гурскі. [Панна Рузя:] — Ваша ранейшая настаўніца колькі ўжо часу хварэе, а вы?.. Хоць бы разочак схадзілі адведаць! Ганьба!.. Брыль.

2. чаго. З’еўшы або выпіўшы трохі чаго‑н., вызначыць смак; пакаштаваць. — Просіць садоўнік Наведацца ў сад, Бабка Тадора Адведаць чарніц. Броўка. Пакаштуй, калі хочаш, адведай — Вунь — кубанскія кавуны! Прыходзька.

3. чаго. Спазнаць, зведаць, паспытаць. Гуляюць хмаркі ў небе сінім, І ледзь хвалюецца рака... Так моцна хочацца дзяўчыне Адведаць шчасце рыбака. Іверс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абапе́рціся, ‑пруся, ‑прэшся, ‑прэцца; ‑промся, ‑працеся; пр. абапёрся, ‑перлася; зак.

1. на каго-што. Налегчы на каго‑, што‑н., пераносячы на яго частку цяжару свайго цела. Камбат устаў, уладарна абапёрся рукамі на стол. Кулакоўскі. // аб каго-што. Прыхіліцца да каго‑, чаго‑н., выкарыстаць што‑н. як апору. Ён [Макар] абапёрся спіной аб вушак дзвярэй, закурыў. Асіпенка.

2. перан.; на каго-што. Знайсці падтрымку, апору ў кім‑н. Скуратовіч імкнецца абаперціся на нейкае асяроддзе, асабліва пасля ўяўных няшчасцяў. Барсток. // Пакласці што‑н. у аснову сваіх разважанняў, поглядаў, вывадаў. Было там і пра лядашчую лодачку, і пра марскую хваробу, і што наша каханне не абаперлася на ўстойлівы грунт жыцця. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́сыць, прысл.

1. Столькі, колькі патрэбна; дастаткова, даволі. Чаго жадаць яшчэ? Чаго хацець? Ёсць хлеба досыць. З. Астапенка. [Віктар] мае досыць цвёрдасці, каб выканаць самому ўскладзены на яго партыяй абавязак. Зарэцкі. / безас. у знач. вык. У нас усяго досыць. // безас. у знач. вык. Выражае загад, патрабаванне спыніць што‑н. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Хай грыміць над светам наша слова: — Досыць трэсці бомбамі, паны! Смагаровіч. — Хлопцы, досыць спаць! Нікановіч.

2. (у спалучэнні з прым. або прысл.). Значна, у значнай ступені, даволі. Вёска была досыць вялікая, цягнулася ў адну лінію. Колас. Пасля жахлівага выбуху толавага зараду Антон Сафронавіч трохі недачуваў і з гэтай прычыны гаварыў досыць гучна. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́ўтра, прысл.

1. У наступны дзень пасля сягонняшняга. Сягоння субота, а заўтра нядзеля. З нар. песні. Сёння зробіш — заўтра як знойдзеш. Прыказка. // У недалёкім будучым; хутка. Не гавары, кім быў учора, Скажы, кім заўтра хочаш стаць. Жычка.

2. у знач. наз. за́ўтра, нязм., н. Наступны дзень за сягонняшнім. Адкласці на заўтра. Закончыць работу да заўтра. // Недалёкае будучае. На нашых вачах расце горад камуністычнага заўтра, які праз некалькі год стане прамысловым раёнам старажытнага Полацка. Грахоўскі. Уздымаліся тосты за гаспадароў,.. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.

•••

Да заўтра — а) да наступнага дня; б) прынятая форма развітання: да сустрэчы ў наступны дзень.

Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра гл. сягоння.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памі́ма, прыназ. з Р.

Разм. Спалучэнне з прыназоўнікам «паміма» выражае аб’ектныя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, без ўдзелу якіх ці незалежна ад якіх што‑н. праходзіць, адбываецца; не прымаючы каго‑, што‑н. пад увагу. І раптам адчуў сябе Ігнась адрэзаным, асобным ад усяго, як бы ў другім свеце, на другой зямлі; усё стала як бы па-за яго істотаю: вось робіцца ўсё на свеце паміма яго, далёка ад яго. Чорны. Спачатку слова «наша» ішло неяк паміма яго думак, адскоквала ад сялянскага сэрца, як гарох ад сцяны — нешта нязвычнае, новае. Бядуля. І зноў цэлы рад вобразаў выплывае ў памяці паміма яго [Лабановіча] волі, і сэрца шчыміць болем утраты. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)