сыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Незак. да сысці.

2. перан. Размяшчацца нахільна. Узгорак .. наводдалек .. сыходзіў у лагчыну. Чорны. Канюшына сыходзіла ў нізкі куп’істы поплаў з раскіданым статкам кароў. Лобан.

3. (з адмоўем «не»). Пастаянна знаходзіцца дзе‑н., не пакідаць чаго‑н. (пра чалавека, жывёлу). Дзіця не сыходзіць з рук. // Пастаянна быць, аставацца дзе‑н. (пра прадметы). Хлеб, як бы ні было яго мала, не павінен сыходзіць са стала. Колас. // Пастаянна быць бачным, не знікаць (пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад.). Лёгкая ўсмешка амаль не сыходзіла з .. твару [Ванды]. Марціновіч. Усміхаўся .. [бацька] так прыветна, што хораша станавілася на душы, але і тады ціхі сум не сыходзіў з яго твару. Чарнышэвіч. // Пастаянна быць накіраваным, звернутым на каго‑, што‑н. (пра вочы, погляд). Вочы .. [Рамана] не сыходзяць з бота. Чорны.

•••

Не сыходзіць з языка (думак) — увесь час быць, прысутнічаць у чыіх‑н. думках, упамінацца ў размовах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угна́цца, уганюся, угонішся, угоніцца; пр. угнаўся, угналася; зак., за кім-чым.

1. Пабегчы так, каб дагнаць. Гаспадыня з крыкам выбягала на двор, каб угнацца за хлапчукамі. Лобан. — Угналася [суседава карова] за пашай Лыскай, а яна, ратуючыся, скочыла цераз плот і ўшчаміла нагу. Сабаленка.

2. (звычайна з адмоўем). Не адстаючы, ісці, бегчы за кім‑, чым‑н. або побач з кім‑, чым‑н. — За вамі не ўгнацца, — раптам прамовіў Уладзік, і толькі цяпер Андрыян Цітавіч заўважыў, што сапраўды ён ідзе вельмі шпарка. Марціновіч. Ні адзін конь не мог угнацца за рысаком. Сіняўскі. — Не ляці так. Мне за табою не ўгнацца. — Жонка гаварыла гэта ўжо недзе ззаду. Ваданосаў. // перан. Паспець за кім‑, чым‑н., зраўняцца з кім‑, чым‑н. — Гм! Глядзі, Саўка, ужо [хлопцы] носяць. За імі нідзе не ўгонішся, — заўважыў Шайдоб. Федасеенка. [Максім:] — Чорт яго ведае, як ляціць жыццё. Проста не ўгонішся... Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Вельмі ўважліва, напружана глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; углядацца. Карней Пятровіч прыстаўляе да вачэй руку і ўзіраецца ўдалеч. Даніленка. Час ад часу хлопчык адрываўся ад работы і пільна ўзіраўся ў бок вёскі: ці не ідзе хто чужы да іх. Курто. Усе бедавалі, войкалі, скрыжаваўшы рукі на грудзях, узіраліся ў дзіця. Марціновіч. Пятро Фёдаравіч задумаўся і доўга ўзіраўся на дарогу, выціраючы рукою запацелае шкло. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У будучнасць людзі ўзіраюцца смела. Купала. // Пазіраць за кім‑н., прыглядацца да каго‑н. [Шыковіч] пачаў узірацца ў твары людзей, ён здаўна любіў гэтую гульню: адгадваць прафесію чалавека і чым ён заклапочаны ў той момант. Шамякін.

2. Разглядаць сябе ў чым‑н., глядзецца ў што‑н. Станіслаў праз сілу ўзнімаецца з крэсла, падыходзіць да шафы і, раней чым адчыніць яе, узіраецца ў люстраныя дзверы. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упо́равень, прысл.

Разм.

1. На адной лініі, вышыні, глыбіні і пад. Вада кіпела ўпоравень з бартамі. Арабей. Хвілін праз пяць.. [Раман] падняў упоравень з грудзьмі ляшча і гукнуў: — Во!!! Ляўданскі. [Хатка] такая маленькая і нізкая, што мальвы і сланечнік, якія абступілі яе вакол прызбы, цвітуць упоравень са страхой. Васілевіч. // На аднолькавым узроўні, у роўным становішчы. Літаратура наша вырасла да такой ступені, што зрабілася фактам не толькі нацыянальна-беларускім, а выйшла на ўсесаюзную арэну, стаўшы ўпоравень з лепшымі творамі шматнацыянальных літаратур. Скрыган.

2. Аднолькава, на роўных умовах, правах і пад. [Алена Данілаўна] адчула сябе ўпоравень з усімі, з вядомымі ў краіне партыйнымі кіраўнікамі, з наватарамі вытворчасці. Сабаленка. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Навуменка.

3. Поруч, побач. У падраным кажушку бяжыць упоравень з санкамі мужычок — грэецца. Мурашка. Ганна Макараўна ішла ўпоравень з вагонамі. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае лісце ў выглядзе іголак. Дзесяткі парод дрэў, лісцяных і хвойных, разложыстых і вастраверхіх, то шарэнгамі, то купкамі спускаліся па схілах узгоркаў да рэчкі. Хадкевіч.

2. у знач. наз. хво́йныя, ‑ых. Падклас голанасенных дрэў і кустоў, пераважна вечназялёных, у які ўваходзяць сасна, елка, кіпарыс і інш.

3. Які складаецца з раслін, што маюць іголкападобнае ці лускападобнае лісце. А за Глінішчам — пачынаецца лес, не кусты, не алешнік які, а высокі і густы хвойны лес. Марціновіч. // Які належыць хвоі, уласцівы ёй. Хвойная кара. □ Прызвычаеным рухам.. [жанчына] зняла хустку з галавы, .. асцярожна выняла з потнага дзіцячага кулачка каменьчык, прыліпшую да далонькі хвойную ігліцу. Лынькоў. Хай аддае вада балотам І лезе ў вочы хвойны дым, Мы пасля бою ў ахвоту І ў смак харчы свае ядзім. Астрэйка. // Атрыманы з драўніны або ігліцы хвоі. Хвойная мука. // Прыгатаваны з экстрактам хвоі. Хвойнае мыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасі́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. каго-што. Перамагчы сілай у барацьбе; узяць верх. Лерасіліць таварыша і паваліць. Плыўцы перасілілі цячэнне. □ Не думае класціся і ляснік. Быццам згаварыліся хлопчыкі з ім: хто каго перасіліць, хто першы засне. Паўлаў. // што. Атрымаць верх, праявіцца, адчуцца з большай сілай. Міхал ніколі не стане панскім слугой да канца, службовы абавязак не перасіліць у ім чалавека. Навуменка. // што. Заглушыць які‑н. гук, шум больш моцным гукам, шумам. Вася паставіў на дол чамаданчык, сунуў у рот два пальцы і зычна свіснуў, стараючыся перасіліць шум рухавіка. Краўчанка.

2. перан.; каго-што. Пераадолець, заглушыць якое‑н. пачуццё, адчуванне, жаданне і пад. Перасіліць боль. Перасіліць нянавісць. Перасіліць страх. □ Чалавек сам павінен перасіліць гора. Старонняя спагада часам толькі сыпле соль на раны. Сапрыка. Арсеню Андрэевічу захацелася адразу ж вярнуцца, але ён перасіліў сябе, пайшоў далей. Марціновіч.

3. каго. Змучыць, надарваць, прымушаючы празмерна напружвацца. Перасіліць каня работаю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схлы́нуць, ‑не; зак.

1. Сцячы з сілаю; хлынуўшы, збегчы (пра ваду). Снег .. неяк увачавідкі растаў і схлынуў патокамі ў рэчкі і вадаёмы. Сабаленка. Андрыян Цітавіч думаў аб тым, як неўзабаве канал будзе закончаны і па ім схлынуць спрадвечныя гнілыя воды балота. Марціновіч. // перан. Адначасова пайсці аднекуль (пра вялікую масу людзей). Аляксандр пачапіў мяшэчак на адно плячо, перакінуў вінтоўку і, калі схлынуў натоўп, падаўся к выхаду. Грахоўскі. Як схлынуць турысты, прыеду я ў вёску Хатынь У надвечар чысты — пад неба гарачую стынь. Гаўрусёў. // перан. Хутка, адразу знікнуць, аслабнуць (пра стан, пачуццё). Калі першая ўзрушанасць схлынула, хлопцы сталі распытваць Міколу. Навуменка.

2. Хутка прайсці. Перад дажджом крымская прырода страціла фарбы .. Але схлынуў лівень, выбліснула сонца, і вочы зноў захапляе бясконцая, невымерная, невымоўная сінеча. Лужанін. // перан. Мінуцца, скончыцца. Назаўтра, як толькі схлынула навала тэлефонных званкоў, Васіль Пятровіч сам пайшоў у сектар адводу зямель. Карпаў. Крыху пацішэла, першая хваля гаворкі схлынула, узбуджэнне паступова спала. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Раптоўна і хутка загарэцца. Успыхнула запалка. Успыхнуў порах. □ Вось успыхнуў другі танк, сэрца капітана Каржыцкага радуецца. Гурскі. // Ярка засвяціцца. Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем. Колас. Уперадзе, недзе на шашы, успыхнулі агні фар і, нібы спалохаўшыся цемнаты, адразу згаслі. Пташнікаў. // Пачаць ярка блішчаць, ззяць. Ледзь зара ўспыхне над зямлёю, На заводы йдуць працаўнікі. Калачынскі. // Раптоўна пачырванець, расчырванецца. Пані рухава ўсхапілася з крэсла, жоўты твар яе ўспыхнуў. Якімовіч. Твар жанчыны ўспыхнуў чырванню, відаць было, што ёй не да спадобы прыйшлося сказанае Сяргеем Іванавічам. Марціновіч.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. Брыль. — Ну добра, добра, не бубні, я ўжо чула, абедай во, — сказала Лізавета, не жадаючы, каб у час яды ўспыхнула сварка. Ермаловіч.

3. Нечакана расхвалявацца, раззлавацца. Бачачы маю разгубленасць, жонка яшчэ больш успыхнула: — Думаеш, што я дурная, глухая і нічога не бачу, не чую?.. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што.

1. Паставіць меткі, знакі на чым‑н. Намеціць дрэвы для высечкі. Намеціць бялізну.

2. Абазначыць, ставячы меткі, знакі. Намеціць дарогу тычкамі.

3. Лёгкімі штрыхамі, лініямі абазначыць асноўныя контуры чаго‑н. Намеціць пярэдні план карціны. Намеціць фасад будучага дома. // перан. Зрабіць, стварыць у агульных рысах; накідаць. Намеціць схему ўрока.

4. Папярэдне вызначыць каго‑, што‑н. Калі.. трэба было намеціць кандыдатуру сакратара райкома камсамола, Андрыян Цітавіч адразу прыгадаў Валю Красачку. Марціновіч. Рыгор загадзя намеціў дзень, калі ён абавязкова паедзе ў горад. Гартны.

5. Прымеціць, выбраць каго‑, што‑н. з якой‑н. мэтай. [Раечка] намеціла аднаго афіцэра і, прыцікаваўшы, калі ён будзе стаяць адзін, падышла запытаць. Лобан.

6. Задумаць, запланаваць зрабіць што‑н. Зараз .. [краіне] усё пад сілу, і ўсё, што намеціла партыя, будзе выканана. Карпаў. З Сюзанай звязана ўсё самае лепшае, што намеціў .. [Міця] зрабіць у жыцці. Навуменка. Памаўчалі, пасля загаварыў старшыня: — .. Вось што... Ульяна, і вы, Тодар... На вечар мы ўчора намецілі праўленне, не адкладаць жа. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праця́ць, пратну, пратнеш, пратне; пратнём, пратняце; зак., каго-што.

1. Пракалоць, праткнуць чым‑н. колючым наскрозь; прарэзаць. Пакуль салдаты пілі, яна безупынку шчабятала. І ўсё пра свайго мужа нябожчыка Рыкарда. Што, калі б яго не працяў рагамі раз’юшаны бык, Рыкарда таксама абараняў бы рэспубліку. Беразняк. Раменная плётка са свістам працяла паветра і апякла брату цела. Карпюк. // перан. Пільна ўгледзеўшыся, пранікнуць куды‑н. У цыгана быў погляд глыбокі, уедлівы, нібы ён стараўся ім працяць мяне. Чыгрынаў. Зірнула .. [жанчына] на мяне так, нібы хацела позіркам працяць навылёт. Сабаленка.

2. перан. Пранізаць усю істоту (пра вецер, холад, боль і пад.). Бацька пасядзеў на ганку, услухоўваючыся ў наваколле, пакуль яго не працяў перадранішні халадок. Марціновіч. Нешта цяжкое навалілася на плечы, востры боль наскрозь працяў шыю. Шахавец. / у безас. ужыв. Імгненным страхам працяло ўсё цела. Навуменка. // Моцна, раптоўна падзейнічаць, зрабіць глыбокае ўражанне. Маўчанне зацягвалася. Вера не ўмела парушыць яго. Здавалася, тут патрэбны словы, каб працялі чалавека наскрозь. Асіпенка. Хрысціна устрапянулася, нейкая здагадка іскрай радасці працяла яе ўсю. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)