спыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго і з дадан. сказам. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н.; звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; папытацца. — А чаму ты, Сцёпка, не вучышся далей? — спытала .. [Аленка]: — ты ж гэтакі здольны? Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. [Галіна] міласціва дазволіла мне .. [закурыць] і спытала, чаму я заву гэтую стаянку маёй? Васілевіч. // Апытаць вучня на ўроку. Ішоў урок у гомане і тлуме — Таго спытай, А т[а]му падкажы. Хведаровіч. // (звычайна з адмоўем). Даведацца чыю‑н. думку пра што‑н.; папрасіць дазволу на што‑н. [Клемс:] — Вось намалола, каб табе [жонцы] язык прысох! І чаго ты толькі бурчыш! Зах[а]чу, — пайду і цябе не спытаю. Галавач.
2. што і чаго. Папрасіць што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Некалькі разоў .. [Койфер] хацеў бы[ў] спытаць парады ў Візэнера. Шамякін.
3. перан.; што і чаго. Перажыць, зведаць, зазнаць (гора, турботы і пад.). Хто не спытаў хоць раз трывогі, Жыццю не ведае цаны! Звонак.
4. з каго. Разм. Ускласці на каго‑н. адказнасць за дзеянні, учынкі; спагнаць. Менавіта за ім было апошняе слова і менавіта з яго [Зазыбы] першага маглі спытаць за ўсё як свае, так і фашысты. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́лькі, Р мн. столькіх, займ. і сто́лькі, прысл.
1. займ. і прысл. указальнае. Абазначае іменна такую колькасць чаго‑н.; названая, вызначаная колькасць. — Блакіціна нябесная! — крычыць Шарэйка. — Колькі неба над лугам, столькі і лугу!.. Што значыць волявольная — калгас! Брыль. І хто гэта выдумаў столькі анкет? Панчанка. / у знач. наз. сто́лькі, ‑іх. Зноў столькіх прыйшлося ўгаворваць, упрошваць, дакараць — нібы гэта грэбля не ўсім, а яму [Міканору] аднаму трэба. Мележ. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. На вазе не цягнула столькі, колькі на бязмене. Лобан.
2. займ. і прысл. азначальнае. Абазначае такую вялікую колькасць чаго‑н.; так многа, так доўга. [Петракоў:] Мы заўладалі чыгункай на працягу 10 кіламетраў. Столькі крыві нам каштавала... Кучар. — Дзе ты столькі забавіўся? — папракнула здзіўлена маці. Пальчэўскі. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. Усю зіму возяць .. [на Нёман] калоды і павязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць увесь бераг. Колас.
3. прысл. меры і ступені. У такой ступені, настолькі, так. Столькі .. [Таццяна] перахварэла з-за яго, столькі перажыла!.. Часам і сама яна цвёрда верыла, што Віця — яе сын. Шамякін. Уперадзе таксама ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. Ён столькі ж паважаў яе, колькі любіў.
•••
Не столькі..., колькі... — не так..., як...
Столькі і столькі — ужываецца замест паўтарэння колькасці, разавасці, цаны.
Столькі..., колькі і... — як..., так і...
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стыць і сты́нуць, стыну, стынеш, стыне; пр. стыў, ‑ла; незак.
1. Станавіцца халодным, трацячы, аддаючы цяпло, астываць. Чай стыне. □ [Валя] праверыла юшку, падышла да стала, дзе даўно стыла амаль не кранутая вячэра. Шамякін. Шуміць трава па пояс, Ля рэек стыне шлак. Юнацтва — скоры поезд. А сталасць — таварняк. Гаўрусёў.
2. Мерзнуць, замярзаць на холадзе. Пад кажух забіраўся холад, стылі рукі ў рукавіцах. Лупсякоў. Згорбілася на спіне паддзёўка, і .. [Андрэй] пачуў, што ў яго мокрыя плечы: пачынаюць стыць. Пташнікаў. [Зыбін] заўважыў, што Жэня, у сваёй кароткай ватоўцы, у няцёплай хустцы, стыне на ветры, і стаў так, каб затуліць яе. Мележ. Там ён, абліты вадой ледзяною, К сэрцу рукою білет прыціскаў, Быццам білет пад сцюдзёнай вадою Сэрцу юнацкаму стыць не даваў. Куляшоў. // Траціць на момант здольнасць рухацца, камянець пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Я і цяпер яшчэ ад жаху стыну, Хоць і не ўспомню, у каторы век, Ад зайздрасці разгневаны, дубіну Падняў на чалавека чалавек. Грахоўскі. На вуснах у Якуба Лакоты стыне маркотная балючая ўсмешка. Зарэцкі. Да вачэй фартух падносіць маці, Стыне ў горле і ў мяне сляза. Астрэйка.
3. перан. Сціскацца на момант ад чаго‑н., заміраць (пра сэрца). І стыне сэрца ў горкай скрусе. Адразу дзень цямнейшым стаў. Дайнека. Ад жаху вабнага салодка сэрца стыне Каля віроў і шчупаковых ям. Грачанікаў.
•••
Кроў стыне (у жылах) гл. кроў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суча́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цяперашняга часу, да сваёй эпохі. У сучаснай беларускай мове шмат службовых слоў для ўстанаўлення сувязей паміж членамі сказа. Цікоцкі. Для сучаснага чытача гэта ўжо ў значнай ступені мастацкі дакумент пачуццяў і спраў мінулых дзён. Гіст. бел. сав. літ. Раіса іграла мелодыі сучасных песень, а гэта было зразумела і проста. Шамякін.
2. Які знаходзіцца на ўзроўні свайго веку, адпавядае патрабаванням свайго часу. Дасягненні сучаснай навукі. Сучаснае абсталяванне. Сучасныя хуткасці. □ Калхіду асушыць можна, сучасная тэхніка здолее гэта здзейсніць. Самуйлёнак. Значыць, мы з табой адсталыя, Значыць, несучасныя: Месім гурбы не расталыя Напрадвесні ў лесе часта мы .. І зрываем на праталінах Сонтравы зеанкі зубчастыя... Гэта значыць: не адсталыя, Значыць, мы з табой сучасныя. Жычка. // Важны для цяперашняга моманту; выкліканы патрабаваннямі свайго часу; актуальны. Сучасная тэма.
3. Які адбываецца цяпер, у дадзены час; цяперашні. [Міколка:] — Сучаснае жыццё, яно ў нашых руках! Нікановіч. Сучаснымі крыніцамі жыўлення азёр з’яўляюцца дажджавыя, снегавыя, рачныя і грунтавыя воды. «Прырода Беларусі».
4. у знач. наз. суча́снае, ‑ага, н. Цяперашні час; падзеі, якія адбываюцца цяпер, у дадзены час. Гадае той аб прышласці далёкай, Хто верыць у сучаснае душой. Глебка. [Якаў] расказаў мне пра ўсё сваё мінулае, а тое сучаснае, пра што будзе ісці гаворка далей, адбылося, як кажуць, на маіх вачах. Кулакоўскі.
•••
Сучаснае пяцібор’е гл. пяцібор’е.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схо́вішча, ‑а, н.
1. Памяшканне для захоўвання, зберагання чаго‑н. Гэта ямы — сховішчы бульбы на зіму. Тут ніколі нішто не расло. Пташнікаў. [Будка] проста служыць сховішчам для рознага пуцейскага інструменту. Навуменка. // Асобае памяшканне ў архіве, бібліятэцы, музеі для захоўвання рукапісаў, рэдкіх кніг, калекцый і пад.; гэтыя ўстановы як цэнтр сабраных каштоўнасцей. Частку Рыма займае Ватыкан, на тэрыторыі якога ў палацы з тысячы пакояў месціцца багаты музей, вялікае сховішча рэдкіх рукапісаў, карцінная галерэя. Мележ. [Павел] папрасіў бібліятэкарку не заносіць у сховішча падшыўкі. Шыцік.
2. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, схавацца ад каго‑, чаго‑н. Лес вабіў да сябе, абяцаючы прытулак, сховішча і бяспеку. Новікаў. Тут, у непралазных гушчарах, знаходзяць сабе сховішча самыя лютыя і шкодныя драпежнікі. Краўчанка.
3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для ўкрыцця каго‑, чаго‑н.; схованка. Якую цёплую спагаду адчула Міхаліна, узяўшы на дрывотні .. [лётчыка] за руку, каб у цемені правесці ў патаемнае сховішча. Пальчэўскі. Дзед Андрэй зрабіў для палітрука надзейнае сховішча. Федасеенка. А кроках у дваццаці было сховішча зброі. Гурскі.
4. Спецыяльна абсталяванае памяшканне, збудаванне для ўкрыцця ад снарадаў, бомб, атрутных рэчываў і пад. У садзе, пад старой камлюкаватай грушай, было сховішча — такое, якое рабілі амаль усе ў першыя дні вайны па інструкцыі мясцовых улад: глыбокая яма з кароткай траншэяй ад яе. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сэнс, ‑у, м.
1. Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам; значэнне. Сэнс артыкула. Ужыць слова ў пераносным сэнсе. □ Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Як вучоны і разведчык, Андрэй прымушаў сябе разгадваць сэнс кожнай падзеі, нават самай звычайнай. Шамякін.
2. Разумная аснова, прызначэнне, мэта. Са мной маё жыццё, са мной ідзе, І так праз век ад самае калыскі. І ў гэтым руху — сэнс майго жыцця, Майго натхнення і майго быцця. Бялевіч. [Собіч:]. — А найбольш гэта патрэбна, каб вы [Валянціна Андрэеўна] самі ўявілі сэнс сва[ёй] работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Скрыган. // Карысць, толк. Чакаць не было сэнсу: набліжалася ноч, а ісці аставалася яшчэ вельмі многа. Новікаў. [Алесь] разважаў коратка і пераканаўча: які сэнс ад гэтага адзіноцтва і каму яно патрэбна? Васілевіч. Людзі стаялі сабе і глядзелі або мітусіліся без сэнсу. Маўр.
•••
У поўным сэнсе слова — сапраўдны. Гэты [певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крыл[ы] яго адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.
У сэнсе чаго або у якім сэнсе — у якіх‑н. адносінах. Шмат каму з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне .., пашанцавала ў тым сэнсе, што іх захавала, як родных, беларуская вёска. Брыль.
У сэнсе каго-чаго — разумеючы пэўным чынам. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада. Алексютовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбурыцца ад узрыву; разарвецца, разляцецца на часткі. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўзарвалася. Яўген не выцягнуў чаку. Новікаў. Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Шамякін. // Разбурыцца ад напору знутры. На таполях узарваліся клейкія набрынялыя пупышкі, і на налітых цяжкім сокам галінах успыхнулі зеленаватыя іскрынкі. Лукша. / у перан. ужыв. Хто можа паручыцца, што перамір’е не ўзарвецца?.. Васілевіч.
2. перан. Парушыцца (пра цішыню і пад.). У зале на момант стала ціха-ціха. І раптам цішыня ўзарвалася. Шыцік. / у перан. ужыв. Калі ж зал узарвецца громам, Я хвіліну стаю ўтрапёная, Схамянуся — бягу за кулісы, Забываючы зноў пра паклон... Арочка.
3. перан. Разм. Выйсці з сябе, абурыцца, вельмі раззлавацца. Андрэй цярпеў-цярпеў, нарэшце, узарваўся. — Ідзі ты к чорту! — зароў дзікім голасам, павярнуўшыся да Яна. Чарнышэвіч. — Ды ў тваёй жа брыгадзе людзей — як у добрым палку! — зноў узарваўся Баркевіч. Шашкоў.
4. Разм. Усхапіцца, ускочыць. Сурвільчык раптам узарваўся з месца, хапіў з-пад стала збан вады і лінуў на Адася. Чорны. Завішнюк .. будзе доўга так сядзець — як і ўчора. Сядзець і думаць... Пасля ўзарвецца са свайго пня, як утрапёны, і будзе крычаць аж да самага вечара. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фальшы́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўводзіць у зман, мае ў сабе фальш. Фальшывая трывога. □ Сяляне адмаўляліся выконваць панскія павіннасці, заяўляючы, што царскі маніфест з’яўляецца фальшывым. Ларчанка. // Які з’яўляецца падробкай; несапраўдны. Фальшывы пашпарт. □ На фальшывым ваенным білеце была .. фотакартка [Філістовіча]. Паслядовіч. За гэты час здарылася гісторыя з фальшывым касавым ордэрам, пра што як-небудзь я раскажу асобна. Скрыган. Ззялі сапраўдныя і фальшывыя каштоўнасці. Самуйлёнак. Зусім зразумела, што лірычны герой .. [М. Танка] адмаўляе ўсё фальшывае, падробленае пад сапраўднае. Гіст. бел. сав. літ.
2. Які не адпавядае ісціне, праўдзе. [Лічбы] сведчылі аб тым, што «Чырвонаму бору» створана фальшывая слава. Сабаленка. // Памылковы, няверны. Усё ўпала, рушылася; у фальшывай дарозе ішлі першыя маладыя гады. Чорны. // Не ўласцівы прыродзе рэчаў; ненатуральны. Знаходзіцца ў фальшывым становішчы.
3. Няшчыры, прытворны. [Міхась] сам добра ведаў, якія былі між імі [Мураўскім і Якімам] адносіны, і таму прыкра было слухаць гэты спознены фальшывы жаль, запраўлены хлуснёй. Машара. Апошняя сцэна.. [Людзе] ніяк не ўдавалася. Фальшывыя пакуты, пафас і — ніякага пачуцця. Шамякін. Сябар з фальшываю ласкаю — Камень трымае за пазухай. Дзяргай. // Які характарызуецца такімі паводзінамі (пра чалавека). Фальшывых людзей, буржуазныя перажыткі пісьменнік высмейваў з пазіцый савецкай маралі. Казека. // Які выказвае няшчырасць, крывадушша, прытворства. Сёмка састроіў фальшывую міну, ухмыльнуўся і схлусіў. Гартны. — Ды... — скончыў.. [дакладчык] сваё выступленне тэатральна фальшывым тонам. Карпюк.
4. Які скажаецца пры вакальным, музычным выкананні (пра мелодыю і пад.). Бравурны марш месцамі быў фальшывы. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвараві́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які часта хварэе; схільны да захворвання. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. // Які з’явіўся ў выніку хваробы; які суправаджае хваробу. У хваравітай, гарачкавай дрымоце, дзе сон і ява блыталіся, ледзь не штоночы лезла ў галаву назольнае, страшнае відовішча. Мележ. Потым хлапец з крактаннем і хваравітай кволасцю павярнуўся на бок і глянуў на падаконнік. Кулакоўскі. // Які сведчыць аб хваробе, нездаровым стане. — Хто там? — пачуўся слабы, хваравіты голас, і толькі тады ў паўзмроку я разгледзеў на падушцы знясілены худы твар жанчыны. Радкевіч. // перан. Пашкоджаны хваробамі; чахлы, кволы. Востраў гэты не быў падобны на звычайную балотную выспу, пакрытую нізкарослым, хваравітым ад лішку вільгаці лесу. Шамякін. Пачалі ратаваць кволую, хваравітую кукурузу. Бялевіч.
2. Выкліканы болем, які сведчыць пра боль. Хваравіты стогн. □ Па .. твары [Акаловіча] пайшла хваравітая грымаса. Чорны.
3. перан. Перабольшаны, празмерны, ненармальны. Вышэйшым ідэалам пана Вашамірскага ў гэту вясну і было — мець коней лепшых, чымся ва ўсіх суседзяў ваколіцы. Гэта ў яго раптам вырасла ў манію, у хваравітую цягу. Бядуля. Яе часамі ахоплівала нейкая хваравітая рэўнасць. Надзя без прычыны накідвалася на Рамана нават тады, калі яму прыходзілася пазней вярнуцца з работы. Чарнышэвіч. // Нездаровы, непажаданы. [Нарыновіч:] — Калі што бытуе хваравітае сярод моладзі, мы, дарослыя, ва ўсім вінаваты. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрыбе́т, ‑бта, М ‑бце, м.
1. Пазваночнік чалавека, жывёлы або рыбы. Поўсць на высокім хрыбце непрыгожа ўскудлачаная, брудна-бурая, а пад шыяй вісіць клоччам, як бывае вясной, калі звер ліняе. Шамякін. Абодва бакі жэраха пакрыты бліскучай серабрыстабелай луской, якая на самым хрыбце афарбавана ў шэры і нават цёмны колер. Матрунёнак. [Чабаноўскі] абапёрся на яе плячо. Ядзя абхапіла рукой яго спіну, праз тонкі шынель адчувала востры хрыбет. Асіпенка. // перан. Аснова, апора, касцяк. Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч.
2. Разм. Спіна (у чалавека або жывёлы). Пад зялёным хмызам Церлася хрыбтом, Хмыз бязрогім, лысым Кратала ілбом [ласяня]. Калачынскі. [Андрэй:] — А я нагой у хрыбет [вартавога], а рукой на рэгулятар. Лынькоў.
3. перан. Верхні край чаго‑н. (хвалі, страхі і пад.). На страсе, на самым хрыбце, селі два белыя галубкі і сядзяць, нікуды не хочуць ляцець. Пестрак. Вецер грае на прасторы, На хрыбтах імглістых хваль. Бядуля.
4. Рад гор, якія працягнуліся ў адным кірунку; горны ланцуг. Горны хрыбет. □ Раптам шлях засланілі хрыбты Алатау, Ля падножжа — у яблынях Алма-Ата. Панчанка. Унізе зялёная даліна, кветкі, сцюдзёная вада ў шумлівай рачулцы, а ўзнімеш вочы — не верыцца: хоць смаліць сонца, а вунь на хрыбтах снегавыя шапкі. Гроднеў. Над Аюдагам — над Мядзведзь-гарою — Хрыбет увесь імглой завалакло. Караткевіч.
•••
Спінны хрыбет — пазваночнік.
Ламаць хрыбет гл. ламаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)